Вы тут

Як карыстацца паслугамі з дапамогай ІD-карткі, мабільніка і АС ІФЮА


Стварэнне сістэмы электроннага ўрада, на думку экспертаў лічбавай галіны, дазволіць змяніць жыццё чалавека ў лепшы бок адпаведна з яго жаданнямі і ўзростам. І на гэтым шляху Беларусь імкнецца настолькі пашырыць колькасць сэрвісаў для фізічных асоб, каб у будучым чалавек, не выходзячы з дому, мог атрымліваць максімум паслуг. Надыходу электроннай будучыні, як лічаць спецыялісты, спрыяе сярод іншага і Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб (АС ІФЮА), якая была створана ў межах дзяржпраграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гг. З 17 студзеня 2022-га яна перайшла ў паўнавартасны рэжым работы, і грамадзяне, якія маюць ІD-карткі або электронны лічбавы подпіс, могуць працаваць праз АС ІФЮА з інфармацыйнымі сістэмамі і атрымліваць пэўныя паслугі. Якім чынам працуе сістэма? Што ўмеюць новыя пашпарты? Як падпісаць электронны дакумент з дому ці ў арганізацыі? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «Звязды» знайшла ў Дзяніса Сакратарова, вядучага спецыяліста аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.


Ідэнтыфікацыя і дадатковыя звесткі

Перш чым паглыбляцца ў лічбавыя магчымасці, варта разабрацца з некаторымі паняццямі, каб было прасцей. Электронны лічбавы подпіс (ЭЛП) пад электронным дакументам — гэта аналаг звыклага подпісу на паперы, які мы пакідаем ад рукі, і ў пэўным сэнсе з'яўляецца вынікам дзеяння чалавека. Аднак перш чым падпісаць такі дакумент з дапамогай ЭЛП, трэба выпрацаваць непасрэдна сам электронны подпіс, для чаго выкарыстоўваюцца два ключы: адкрыты і закрыты. Такім чынам з'явіўся тэрмін «ключ электроннага лічбавага подпісу». Менавіта «сертыфікат адкрытага ключа» фізічныя і юрыдычныя асобы і атрымліваюць у рэгістрацыйным цэнтры. Ключ ЭЛП можа быць, па жаданні чалавека, запісаны на спецыяльны носьбіт (флэшку), або сім-карту да тэлефона, растлумачыў спецыяліст:

— Большасць ключоў ЭЛП, якія цяпер набываюць грамадзяне, — сертыфікаты юрыдычных асоб. З іх дапамогай можна атрымліваць электронныя паслугі і ажыццяўляць адміністрацыйныя працэдуры. Аднак асноўная мэта іх выкарыстання цяпер — падпісанне электронных дакументаў, справаздач у падатковую інспекцыю і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У такім сертыфікаце ўказана інфармацыя аб юрыдычнай асобе: назва арганізацыі, імя, імя па бацьку і прозвішча яе работніка, а таксама яго пасада.

Дзякуючы АС ІФЮА дзяржорганы і арганізацыі атрымалі больш магчымасцяў і могуць цяпер ідэнтыфікаваць чалавека, які звярнуўся да іх са сваёй ІD-карткай асабіста ці праз адпаведны сайт арганізацыі, а таксама яго электронны лічбавы подпіс. Акрамя таго, дзяржорганы могуць атрымліваць звесткі, якіх няма на ІD-картцы, у прыватнасці, інфармацыю пра сямейнае становішча, наяўнасць дзяцей і месца рэгістрацыі чалавека. У адзінай сістэме ідэнтыфікацыі запыт такой дадатковай інфармацыі рэалізаваны з атрыманнем згоды чалавека. Сваю згоду грамадзянін падпісвае, выкарыстоўваючы ЭЛП, які знаходзіцца на ІD-картцы.

— Для чалавека АС ІФЮА зручная тым, што яму не трэба мець пры сабе пакет дакументаў, калі ён прыходзіць у пэўную арганізацыю — дастаткова ІD-карткі, каб ідэнтыфікаваць сябе і ажыццявіць юрыдычна значнае дзеянне ў сістэме, а таксама атрымаць больш паслуг. А спецыялісту не трэба дадаткова сканіраваць папяровыя афіцыйныя паперы асобы ці ўручную ўводзіць у сістэму даныя з іх. У будучым колькасць дадатковых сэрвісаў, даступных праз сістэму, будзе павялічвацца, каб пэўны аператар мог атрымліваць і іншыя звесткі, неабходныя для аказання паслугі чалавеку, — мяркуе спецыяліст. — Напрыклад, інфармацыю аб нерухомасці і даведку аб займаных грамадзянінам памяшканнях, калі ён хоча стаць на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Летась у адзінага партала электронных паслуг з'явілася новая версія — АПК «Платформа» (platform.gov.by). Адно з істотных адрозненняў ад папярэдняй версіі партала зводзіцца да магчымасці выкарыстання ІD-карткі для атрымання паслуг. Калі чалавек аўтарызуецца ў ёй, у тым ліку з дапамогай ІD-карткі, ён зможа атрымліваць шэраг даступных там электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур. Сярод агульнадаступных паслуг — магчымасць атрымаць звесткі пра рэгістрацыю, сямейнае становішча, выплаты, на якія работадаўцам налічаны страхавыя ўзносы ў ФСАН.

Перавагі АС ІФЮА ў перыяд доследнай эксплуатацыі ўжо ацаніў шэраг арганізацый, сярод якіх Белтэлекам, А1, Інстытут прыкладных праграмных сістэм (ІППС), «Статусбанк», Віцебскаблгаз, Мінсувязі, інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінфіна.

Як стварыць ЭЛП з дапамогай ІD-карткі ў арганізацыі і дома

З верасня 2021-га ў Беларусі пачалася масавая выдача ІD-картак, дзе ўказаны прозвішча, імя і імя па бацьку ўладальніка, яго ідэнтыфікацыйны нумар, а таксама запісаны асабісты ключ ЭЛП для фізічнай асобы. Такім чынам уладальнікам новых пашпартоў не трэба дадаткова звяртацца па атрыманне ключа. Яны могуць падпісваць электронныя дакументы сваім ЭЛП з дапамогай уласнай ІD-карткі і спецыяльнай прылады для яе счытвання. І гэтыя дзеянні будуць мець юрыдычную сілу.

— Разам з новым пашпартам чалавек атрымлівае і два пін-коды да ІD-карткі. Выкарыстоўваючы першы пін-код, ён з дапамогай АС ІФЮА ідэнтыфікуецца ў інфармацыйнай сістэме дзяржоргана ці арганізацыі, а ўводзячы другі — выпрацоўвае ЭЛП і падпісвае дакумент, — удакладніў Дзяніс Сакратароў. — Калі чалавек звяртаецца да аператара (у пэўную арганізацыю), ён прыкладае сваю ІD-картку да счытвальніка, каб сістэма яго убачыла. А вось каб даць ёй доступ да асабістых даных на ІD-картцы (трапіць у асабісты кабінет карыстальніка), чалавеку трэба ўвесці першы пін-код, то-бок прайсці аўтэнтыфікацыю. Каб пацвердзіць дазвол на атрыманне арганізацыяй дадатковай інфармацыі пра сябе, грамадзянін уводзіць у сістэме другі пін-код — такім чынам ён падпісвае згоду на гэта. І ўжо пасля таго чалавек можа атрымаць электронны сэрвіс, па які ён прыйшоў.

Калі грамадзянін хоча атрымліваць нейкую інфармацыю аб сабе, электронныя паслугі або падпісваць дакументы з дапамогай сваёй ІD-карткі з дому, яму прыйдзецца абзавесціся ўласным счытвальнікам карткі. На сайце Мінсувязі ўказаны пералік патэнцыяльных арганізацый-пастаўшчыкоў счытвальнікаў, прадукцыя якіх лічыцца гарантавана паўнавартаснай (кошт іх ад 80 да 200 рублёў). А можна купіць на іншых інтэрнэт-рэсурсах за 20-30 рублёў, аднак гарантыі на іх карэктную работу з персанальным кам'ютарам будуць пад пытаннем.

Як стварыць ЭЛП на мабільным тэлефоне

Падпісваць дакументы, якія будуць мець юрыдычную сілу, непасрэдна са свайго мабільніка, пэўна ж, зручна. Каб зрабіць гэта, патрэбная адмысловая сім-картка для тэлефона, якая падтрымлівае электронны лічбавы подпіс. Акрамя звыклага пін-коду ад тэлефона, у яе закладзены яшчэ два пін-коды, неабходныя для доступу да дадатку, з дапамогай якога будзе выпрацаваны ЭЛП. Першы пін-код указваюць, каб ідэнтыфікаваць карыстальніка, то-бок, каб чалавек пацвердзіў сістэме, што ён — гэта ён. А другі пін-код выкарыстоўваюць, каб выпрацаваць ЭЛП, расказаў спецыяліст:

— Спецыяльна нейкі дадатак на тэлефон устанаўліваць не трэба. Ён ужо ўключаны ў пакет праграм, які мабільныя аператары ў нашай краіне прапануюць для карыстальнікаў іх паслуг. У гэтым дадатку, дарэчы, можна ўбачыць даныя свайго ключа, напрыклад, нумар і тэрмін яго дзеяння. А каб паставіць свой ЭЛП, на тэлефоне ці любой іншай прыладзе трэба ўвайсці ў сістэму, дзе вы хочаце падпісаць дакумент. Можна ўвайсці ў гэтую сістэму з дапамогай першага пін-кода, адкрыць у ёй свой дакумент і націснуць кнопку «падпісаць». На экране з'явіцца акенца з нумарам транзакцыі, а на тэлефон прыйдзе СМС-паведамленне, што вы намагаецеся падпісаць дакумент у пэўнай сістэме з указаннем нумара транзакцыі. Вы пацвярджаеце сваю згоду, указаўшы другі пін-код. У гэты момант выпрацоўваецца ЭЛП і дакумент падпісваецца. Прыклад работы такой сістэмы — сэрвіс дастаўкі электронных дакументаў МDoc, які распрацаваны Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.