Вы тут

Электрыфікацыя жылля, стымулюючыя тарыфы і аб'яднаны рынак


Запуск другога энергаблока БелАЭС, які цяпер гатовы на 95 %, плануецца ў 2022 годзе. А да канца бягучага года, як чакаецца, аб'ём ужывання электраэнергіі ў краіне вырасце на 5,6 % і перавысіць 40 млрд кВт·г (летась было 38 млрд кВт·г). Пра перспектыўныя планы і вынікі работы айчынных энергетыкаў расказалі эксперты галіны на прэс-канферэнцыі ў БелТА.


28 млн кВт·г штодня

2021-ы стаў для энергетыкаў юбілейным. Да 90-годдзя галіны яны падышлі з важкімі вынікамі, галоўны з якіх — увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС, расказаў міністр энергетыкі Віктар КАРАНКЕВІЧ:

— Штодня станцыя выпрацоўвае каля 28 млн кВт·г энергіі, што складае 22 % ад агульнай колькасці вырабляемай у краіне. З моманту ўключэння першага энергаблока ў аб'яднаную энергасістэму ў краіне выпрацавана 5,7 млрд кВт·г электраэнергіі. Гэта ў 2,5 раза больш, чым гадавы аб'ём спажывання электраэнергіі ўсяго нафтахімчнага комплексу краіны. Вырабленая на станцыі электраэнергія дазволіла сэканоміць 1,6 млрд м3 газу.

На другім энергаблоку цяпер ідуць работы для атрымання дазволу ад Дзяржатамнагляда на пачатак загрузкі ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара. Мяркуецца, што гэта здарыцца ў найбліжэйшыя дні. Праведзена таксама вялікая работа па інтэграцыі БелАЭС у айчынную энергасістэму праз будаўніцтва новых і мадэрнізацыю існуючых ліній электраперадачы, сістэмастваральных падстанцый, што дазваляе пастаўляць электраэнергію са станцыі ў любы раён краіны.

На 20 энергааб'ектах завершана будаўніцтва электракатлоў сумарнай магутнасцю больш як 916 МВт. Сёлета яны ўжо актыўна выкарыстоўваюцца для ацяплення буйных населеных пунктаў, падкрэсліў міністр.

Блізіцца да завяршэння будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніц (сумарная магутнасць — 800 МВт). У 2024-м яны будуць уведзены на чатырох буйных электрастанцыях аб'яднання «Белэнерга», што забяспечыць надзейнасць функцыянавання энергасістэмы з улікам розных рэжымаў работы АЭС.

Умовы — практычна роўныя, тарыфы — блізкія

Энергетыкі мяркуюць, што з 2024 года запрацуе аб'яднаны рынак электраэнергіі Саюзнай дзяржавы, міждзяржаўны дагавор аб фарміраванні якога ўжо распрацоўваецца. Гэтая работа праходзіць у межах зацверджанага на ўзроўні міністраў энергетыкі дзвюх краін. На ўзроўні профільных арганізацый адпрацоўваюцца рэжымы сумеснай работы, умовы ўзаемадзеяння для прадаўцоў і пакупнікоў электраэнергіі, пытанні развіцця інфраструктуры.

А з 2027-га плануецца пераход да больш глыбокай інтэграцыі, якая дазволіць суб'ектам гаспадарання абедзвюх краін на аднолькавых правах удзельнічаць у агульным рынку электраэнергіі, падкрэсліў міністр:

— Калі будуць фарміравацца правілы работы агульнага рынку электраэнергіі, у іх будуць прапісаны асноўныя ўмовы доступу на рынак, вызначаны перавагі ў адносінах да асобных аб'ектах генерацыі: атамнай энергіі, цеплаэлектрастанцый, аднаўляльных крыніц энергіі. Усе гэтыя правілы і ўмовы будуць увязаны са стварэннем аб'яднаных рынкаў першасных энерганосьбітаў: газу, нафты, нафтапрадуктаў. Гэта дазволіць стварыць роўныя ўмовы гаспадарання для аб'ектаў энергазабяспечвальных арганізацый. Магчымасці пастаўкі электраэнергіі будуць вызначацца зыходзячы з усіх гэтых умоў.

Якія цэны на энерганосьбіт будуць фарміравацца ў гэтыя гады — сказаць пакуль складана, аднак тарыфы на электраэнергію будуць вельмі блізкія, зыходзячы з таго, што мяркуецца стварыць практычна роўныя ўмовы гаспадарання ў дачыненні да першасных энерганосьбітаў (паліва). Пастаўляць і спажываць энергію будуць усе суб'екты гаспадарання, дапушчаныя на гэты рынак, удакладніў ён.

У межах саюзнай праграмы па развіцці энергетыкі ужо падпісана міжурадавае пагадненне аб транспарціроўцы радыеактыўных матэрыялаў. Вядзецца работа па падрыхтоўцы дакумента па дзейнасці з адпрацаваным ядзерным палівам, які, як мяркуюць энергетыкі, будзе гатовы да падпісання да 1 ліпеня 2022 года.

Электраацяпленне, ежа, гарачая вада

У краіне вызначаны патэнцыял росту электраспажывання рэальным сектарам эканомікі і павелічэнне ўжывання электраэнергіі ў краіне да 2025 года. Мяркуецца, што да 2026 года прырост складзе 2,7 млрд кВт·г, што будзе дасягнута за кошт мадэрнізацыі існуючых вытворчасцяў і шляхам стварэння новых. У гэтым напрамку назіраецца станоўчая дынаміка — за 11 месяцаў прырост склаў 1,2 млрд за кошт уводу новых прамысловасцяў і павелічэння загрузкі магутнасцяў прадпрыемстваў, дадаў Віктар Каранкевіч.

Працягнецца таксама электрыфікацыя жылля згодна з праграмай павелічэння электраспажывання на патрэбы ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы на 2021—2025 гг.

— Дакумент мае тры асноўныя мэты. Будаўніцтва новага электрыфікаванага жылля, дзе электраэнергія будзе выкарыстоўвацца для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Перавод шматкватэрнага жылля з выкарыстання цвёрдага паліва на электраэнергію. Перавод на электраэнергію існуючага індывідуальнага жылля, — пералічыў міністр. — Для насельніцтва зацверджаны стымулюючыя ўзроўні тарыфаў на гэтыя мэты. Указам Прэзідэнта № 127 вызначаны механізм пакрыцця часткі расходаў грамадзянам на электразабеспячэнне свайго жылля. Як вынік — за 11 месяцаў сёлета ўжыванне электраэнергіі жыхарамі вырасла ў 3,3 раза і павялічылася ў параўнанні з леташнім аб'ёмам з 68,7 млн кВт·г да 224,9 млн.

У энергазабяспечвальныя арганізацыі сёлета паступіла 24,4 тысячы зваротаў ад жыхароў аб выдачы тэхнічных умоў на павелічэнне электрамагутнасці для выкарыстання электраэнергіі ў сваіх дамах для ацяплення, гатавання ежы і падагрэву вады. 82 % з іх задаволеныя.

Стратэгічны выкапень, актываваны вугаль і ўгнаенне

Мяркуецца, што за найбліжэйшае пяцігоддзе ў паліўна-энергетычны баланс краіны будзе ўцягнута каля 3,3 млн т. у. п. тарфяной паліўнай прадукцыі, на што накіруюць каля 250 млн рублёў. За гэты час плануецца здабыць каля 11 млн тон торфу, з якога вырабіць 6,5 млн тон прадукцыі, а таксама асвоіць 3,7 тысячы гектараў тарфяных палёў.

Ужыванне мясцовых відаў паліва (МВП), у тым ліку торфу, каторы год з'яўляецца адной з прыярытэтных задач энергакомплексу краіны. У Беларусі працягваецца мадэрнізацыя асноўных вытворчых фондаў торфапрадпрыемстваў з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і тэхналогій, уводзяцца новыя метады распрацоўкі тарфяных палёў, пашыраюцца асартымент выпускаемай прадукцыі і рынкі яе збыту. За апошнія 12 гадоў на развіццё тарфяной прамысловасці накіравана больш за 320 млн рублёў, нагадаў Віктар Каранкевіч:

— Па аб'ёмам здабычы торфу Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце, а па вытворчасці брыкетаў — першае. Торф жа — каля 15 % у агульным аб'ёме выкарыстання МВП. Штогод у краіне здабываюць каля 2 млн тон торфу, з якога вырабляюць 1,2 млн тон торфапрадукцыі. 20 % яе ідзе на экспарт, 80 % — застаецца ў краіне, гэта дазваляе штогод замяшчаць 450 м3 газу. Перспектыўныя напрамкі павелічэння збыту торфапрадукцыі — перавод кацельных ЖКГ з газу на фрэзерны торф і выкарыстанне торфу на цэментных заводах.

На Міншчыне да канца 2025-га плануецца стварыць новую торфавытворчасць — цэх па прасаванні торфу на базе таварыства «Туршоўка». Яго магутнасць складзе 32,5 тысячы тон прадукцыі ў год. Энергетыкі адзначаюць, што гэта будзе сучасная вытворчасць з высокім узроўнем аўтаматызацыі. Запуск цэха дазволіць пашырыць асартымент тарфяной прадукцыі, у тым ліку арыентаванай на экспарт.

Спецыялісты галіны сумесна з вучонымі разважаюць і пра магчымасць стварэння ў краіне вытворчасці актываванага вугалю. Ужо падрыхтаваны адпаведны бізнес-план і разглядаецца пытанне выпуску доследнай партыі гэтага прадукту. Яшчэ адзін перспектыўны праект энергетыкаў і НАН — выпуск комплексных грануляваных угнаенняў з выкарыстаннем торфу. Плануецца, што налета новую прадукцыю ўжо апрабуюць на адной з сельскагаспадарчых.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.