Вы тут

Простая мова. «...Калі ўсе мы разам ляцім да зор?»


Цуд, які прыгожы дамок узводзіцца ў вёсцы — пры дарозе, на пагорачку! Здалёк відаць — з шырокага бруса, з прасторнай верандай, французскімі вокнамі, з бэлькамі ўжо, з кроквамі. Значыць, хутка...

— Ага, хутка, — хмыкнуўшы, згаджаецца спадарожнік, — абгародзяць гэту прыгажосць трохметровым жалезам, і ніхто яе больш не ўбачыць...

І, вядома ж, не пастукае ў весніцы, не спытае: «Людцы, як вам жывецца ў гэтай клетцы? Ці не хочацца з вокнаў глядзець на дарогу: бачыць, хто едзе і «хто там ідзе», любавацца блізкім полем і лесам, заходамі і ўсходамі — дыхаць свабодай?..

Вы не для гэтага ставілі дом — да таго ж на пагорачку?.. Не для гэтага вашы «вокны ў падлогу» і, галоўнае, вочы?»

Няма адказу.


Фота: pixabay.com

Сарока сароку бачыць здалёку

Аляксееўна — гаспадыня, якіх пашукаць! Увесь час нешта гатуе, мые, прыбірае — хіба спіць без анучкі, як смяецца муж, бо ў хаце ўсё аж блішчыць!

Днямі, праўда, непрыемнасць была: пад ваннай не іначай труба праржавела. Прыйшлося сантэхніка выклікаць, потым з жахам чакаць, колькі ж бруду прынясе ён з вуліцы, а ўжо колькі наробіць сам?!

Аж не, як аказалася, не такі воўк страшны, як яго малююць. Майстар, што вельмі здзівіла, у кватэру зайшоў у бахілах, справу сваю ведаў добра і зрабіў яе хутка — без пылу і шуму, як той казаў...

Не ведаючы, як аддзячыць (ну не бутэлькай жа?!), гаспадыня каробку цукерак яму ўручыла. І праводзіла — спярша да дзвярэй, а потым, стоячы каля акна, — яшчэ і па вуліцы ў бок ЖЭСа. Куды сантэхнік пайшоў у тых самых бахілах.

Усё было...

Маскі мы пачыналі насіць у кішэнях ды сумачках, потым — каб не траціць час на «даставанне» — на вуху альбо падбароддзі. Адносна новы трэнд — на запясці, што, здавалася, найзручней. Ну сапраўды: раніцай колькі штук начапіў (на ўсе выпадкі жыцця) і потым цэлы дзень карыстайся.

Суседка паспрабавала. Збіралася на работу. Адзелася-абулася, апранула паліто. Каля парога ўжо ўспомніла, што трэба ж маскі...

На ўслончыку каля дзвярэй іх не было, на прасавальнай дошцы — таксама, як і ў ванным пакоі, у сумцы, у кішэнях...

Ад злосці аж горача стала! Скінула паліто... Маскі віселі на запясці...

Акуляры на лбе мы знаходзілі раней.

У вас сваё вяселле, у нас — сваё

Міхасёк, апроч асноўнай школкі, ходзіць у музычную, шмат займаецца дома. Надоечы песню развучваў, «Во поле берёзонька стояла...». Бабуля пазірала на яго, слухала, а потым, калі ўнук злажыў акардэон, прызнала:

— Прыгожая песня!.. Мы такія рэдка спявалі.

— А якія часцей? — зацікавіўся ўнук.

— Ну вось паслухай, — прапанавала бабуля і, падняўшыся з крэсла, урачыста завяла: «Ленин всегда живой, Ленин всегда со мной — в горе, в надежде и в радости. Ленин в моей весне, в каждом счастливом дне, Ленин в тебе и во мне...»

Міхасёк ва ўсе вочы глядзеў і спачатку слухаў, а потым як зарагоча!..

Бабуля нават пакрыўдзіцца хацела: ледзь-ледзь устрымалася, бо, падумаўшы, зразумела: вельмі многае з таго, што яе пакаленне ўспрымала ўсур'ёз, за чыстую манету, пакаленню ўнукаў здаецца смешным.

Яшчэ мякка кажучы.

Дарэчы, адзін з нашых класікаў неяк спытаў у дачкі, каго праз сто гадоў будуць успамінаць часцей — Леніна ці Гагарына? Малая нават пакрыўдзілася: «Падумаеш, касманаўт... Ну, вядома ж, Леніна!»

І памылілася.

Дзень

Даў жа бог прозвішчы — аднаму Голад, другому Холад, а потым яшчэ і разам звёў — у адной арганізацыі, у адной камандзіроўцы...

У дзень прыезду яны ў райвыканкам зайшлі, прадставіліся. Гаспадар кабінета, як расказвалі, уважліва паглядзеў на іх, пачытаў службовыя пасведчанні, сказаў: «Добра, што прыехалі, але ж хай бы хоць па чарзе».

...У той дзень чаргі не атрымалася: холад даймаў зранку, голад — у другой палове дня, бо папалуднаваць не паспелі, а тым часам насунуўся вечар. Добра, што трамвая хоць не чакалі. Значыць, зараз сядзем, паедзем і хвілін праз 30...

Не, не з нашым шчасцем, як той казаў, бо хвілін праз пяць у салоне загучала кароткае: «Наперадзе аварыя. Машына далей не ідзе».

Выходзіць, трэба нам спачатку з трамвая, а потым пешкі, амаль упоцемках, і, што крыўдна, аднолькава далёка і да аўтобуса, і да метро.

— Сядайце, я вас падвязу, — гучыць раптам з машыны, што тармозіць побач.

— ?!

(Няўжо праўда, што Бог, калі хоча падмагчы, некага падсылае?.. Нам — прыгожую жанчынку.)

— Бачу, трамваі стаяць, — гаворыць яна ўжо ў адкрытыя дзверцы, — людзі ідуць... Дык чаму б каго не падвезці? Дадому, прабачце, не змагу, а вось да метро, — калі ласка!

...Рэдкі выдаўся дзень: з холадам і з «голадам», якія, вядома ж, не ў навіну і якія назаўтра забыліся б, калі б не... цяпло нарэшце.

Новы паварот...

Гэты госць да цёткі Зіны прыязджае рэдка, на дзянёчак-другі і, вядома ж, зусім не для таго, каб там працаваць. Але ёй напярэдадні прывезлі дровы, яна дамовілася з чалавекам парэзаць... Ну як тут не падмагчы?..

Падрадзіўся і таму раней звычайнага ўлёгся спаць. Гаспадыня ж клопату мела: са старой пасажнай шафы выцягнула ці не такія ж старыя сынавы джынсы ды латкі на падбіўку — села штабнаваць.

— На, надзень, — загадала госцю ранічкай. — Добра будзе дровы падаваць.

— У гэтым?! Вы што?! — абалдзела зацягнуў госць, уважліва разглядаючы джынсы. — Ды гэта ж сапраўдныя рэзанкі! Сама тое цяпер! Круцізна... Я іх на працу буду насіць, — сказаў хлапец, прымяраючы новае старое і разглядаючы яго ў люстэрка. — Можа, у вас яшчэ што такое ж ёсць?

— А як жа! Джынсаў, здаецца, трое... Толькі прашараваныя — і на каленях, і ў клінах...

— А зашыць іх можна? Вось гэтак?

— Золатка, чаму ж не...

Госць — абнадзеены — добрага паўдня рэзаў ды сек на падворку дровы.

Гаспадыня ў гэты ж час сядзела за швейнай машынкай і... радавалася, што жыццё змалку прывучыла берагчы капейку — не купляць гатовага, новага (лепш самой пашыць ці звязаць), не выкідаць старога, калі можна зацыраваць і падлатаць...

А яшчэ яна разважала пра моду. Хто ж думаў, што яна, гэтая капрызная дама, раптам павернецца ў бок... парванага, што надоўга затрымаецца ў ім і зноў жа раптам — адродзіць яе ўмельства, верне ва ўжытак спрадвечныя, але добра забытыя словы накшталт «лата» (кавалак тканіны, скуры, якім залатана дзірка ў адзенні, абутку), «падбіўка» (тое, чым падбіта, падшыта што-небудзь знізу, з адваротнага боку), «штабнаваць» (шыць, прашываць, прастрочваць што-небудзь — звычайна машынкай).

Тут нам не там

...Сасна была не проста высокая, а найвышэйшая, кажучы па-нашаму — над увесь лес — недзе там, у далёкай Англіі. Дзесяцігоддзямі, відаць, расла, а потым...

Зрэдку, але ж бывае, наляцела страшная бура, зламала ў сасны верхавіну.

Тое, што засталося, збіраліся спілаваць і, вядома ж, спілавалі б, калі б не знайшоўся мастак, які з гіганцкага ляснога абломка і той самай бензапілой выразаў 15-метровую руку. Яна стала сімвалам — апошняй спробай сасны дацягнуцца да неба.

...Цікавая выйшла скульптура, зноў жа, кажучы па-нашаму, помнік прыроды і... сімвал бяды, бо ўсе, каму паказвалі фотаздымкі, бачылі на іх не што іншае, як sos — крык аб дапамозе.

Позна

...Знешне гэта была сям'я як сям'я: муж, жонка, сын — адзіны, любімы. Ён добра вучыўся — і ў школе, і ў інстытуце. Не дзіва, што пасля яго хацеў зарабляць, пажадана шмат і адразу. Але ў тыя часы падобнае тут свяціла нямногім. Таму хлопец апынуўся за межамі. Як казалі бацькі, нядрэнна ўладкаваўся: мае работу, жытло...

Званіў ім, калі-нікалі з'яўляўся і ўжо тады адрываўся напоўніцу: сустракаўся з сябрамі, ездзіў па лазнях-рыбалках...

На тое, каб нешта рабіць для бацькоў, часу не хапала. Да таго ж яны і не прасілі: жылі неяк самі — спачатку ўдваіх, потым бацька адзін. Суседзі, праўда, памочніцу яму знайшлі: тая штодня прыходзіла, нешта гатавала, прыбірала ў кватэры, мыла... Ён плаціў...

Сын, прыехаўшы ў госці, вырашыў (і жанчыне сказаў), што яе работа гэткіх грошай не вартая, што бацьку даглядаць будзе сам.

Стары, напэўна ж, паверыў, а сын...

Ці не ў той жа вечар сустрэўся з сябрамі і дамоў не прыйшоў. Не было яго і назаўтра.

На трэці дзень суседзі паклікалі тую жанчыну (у яе заставаўся ключ), адамкнулі кватэру і ўбачылі, што спазніліся.

«Ён добра памёр, — казалі пасля ў пад'ездзе. — Іншыя, бывала, гадамі ляжаць, а ён — два дні ўсяго. Лёгкая смерць».

Так гэта альбо не, чалавек ужо не адкажа.

У бары не да сосен

Унучка расказвала, як нялёгка жыла бабуля: малою асірацела, маладой аўдавела... У вайну з трохгадовым сынком уцякала ад немцаў — подбегам, па балоце, а хлопчык жа цяжкаваты... Замарылася, выбілася з сіл — пасадзіла дзіця на купіну, села пры ім сама і... заснула.

Хутка прачнулася: паставіла дзіця на ножкі, а яно не стаіць — падае...

Доктар у акрузе быў толькі адзін — і таго ў хуткім часе забілі. Хлопчык застаўся кульгавым: не мог, як іншыя дзеці, скакаць ды бегаць, гуляць у футбол, танцаваць... Слабавата вучыўся, не з'ехаў з вёскі, не зрабіў кар'еру...

Што, можа, цікава, інваліднасць яму ніхто не афармляў (маці лічыла сябе ва ўсім вінаватай), пенсію не плаціў: тады сапраўдных калек хапала — франтавікоў.

Гэты быў не сапраўдным?

Бумеранг заўсёды вяртаецца

У тры гадкі дзіця мала што помніць... Праўда, гледзячы якое... І гледзячы што канкрэтна яму падкідае жыццё.

Вось гэтаму, Ванечку, — вайну і немца, які ўварваўся ў двор, стаў насіцца-бегаць за курамі. А далей — справа імгненняў: адну з іх — бяляначку, Ваневу любімую — хутка злавіў, паклаў на калодку, адсек галаву...

І тут малы не вытрымаў: кінуўся на немца — укусіў за нагу.

Сказаць, што кат раззлаваўся — значыць прамаўчаць. Ён схапіў дзіця за каршэнь, паднёс да той самай калодкі і, як выглядала, зрабіў бы тое ж, што і з белай курыцай, калі б не бабуля, якая ўмаліла-такі дараваць — пашкадаваць малога...

Ён вырас, як ні цяжка было сіраце, ды пасля вайны атрымаў адукацыю, ажаніўся, выгадаваў дзяцей і нават унукаў...

Шмат чаго перажыў. І пра многае з гадамі забыўся, пра немца — чамусьці не: усё жыццё ўспамінаў і ўспамінае, думаў і думае, ці выжыў той на вайне, ці вярнуўся дамоў? Ці ажаніўся, калі быў не жанаты? Ці гадаваў дзяцей і ўнукаў? Ці ўспамінаў хоць калі, гуляючы з імі, сваімі малымі, яго, чужога і цудам незабітага? Іншых дзяцей і людзей, якіх, напэўна ж, забіваў... Бо гэта заканамерна: была вайна. Не ён яе распачаў... Ён проста выконваў загады, рабіў, як іншыя?

І потым, магчыма, жыў: калі-нікалі зайздросцячы мёртвым.

«...Калі ўсе мы разам ляцім да зор?»

Было сказана. Помніце:

«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім да зор?»

Гэта — Максім Багдановіч.

Ці не пра тое ж Амар Хаям, прозай. «Ты прыйшоў у жыццё голым — і голым сыдзеш, ты нарадзіўся без сілы — і памрэш гэткім жа слабым, з'явіўся на свет без грошай і рэчаў — без іх свет пакінеш, першы душ быў — калі нехта цябе абмываў-адзяваў і апошні будзе такім жа. Вось гэта чалавек!.. Дык чаму ж столькі прагнасці, столькі гонару, столькі злосці і зайздрасці, столькі нянавісці, крыўды, эгаізму? Час нашага жыцця кароткі, і трэба ўважліва сачыць за тым, на што і як мы яго трацім. Вось пра што трэба помніць».

Было сказана.

А калі б яшчэ і пачута...

Кожны выбірае па сабе.

Хатка была невялічкая, старэнькая...

Мусіць, таму пасля смерці бацькоў прадаваць яе дзеці не сталі: пакінулі сабе, у якасці прыстанку — на той выпадак, калі з'едуцца, напрыклад, на могілкі альбо калі нехта захоча прыехаць у вёску — пахадзіць у грыбы...

Меркавалася так. Атрымалася трохі іначай. Аўдавеўшы, адзін з сыноў здаў кватарантам гарадскую кватэру і вярнуўся дамоў — у бацькоўскую хату. Памяняў там гнілыя падрубы, абшыў вагонкаю сцены, абрэзаў сад, завёў курэй і ката з сабакам...

У Мінску зрэдку бывае: раз на месяц, каб з кватарантаў грошы ўзяць.

Вось і надоечы прыязджаў. У двары былыя дружбакі спынілі. Угаворвалі выпіць, пагаманіць, як некалі, памянуць яго Людку, а потым мо і застацца — тут, у горадзе, у камфорце, ну хаця б на зіму...

— Не і яшчэ раз не, — сказаў удавец, — бо тут, з вамі, я праз месяц-другі загнуся. А там, дасць бог, яшчэ пажыву — падыхаю лесам, пахаджу па зямлі, сабаку свайго пагладжу.

Гэта і сапраўды стакроць лепш, чым парыць зямлю (а тым больш заўчасна), але ж...

Кожны выбірае па сабе.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».