Вы тут

Ігумення Параскева: Выбраць гэты шлях мне падказаў Бог...


Ігумення Бабруйскага жаночага манастыра ў гонар Святых Жонак-Міраносіц — пра свой выбар, будаўніцтва храма і стаўленне да балета

Лёс ігуменні Параскевы звычайным не назавеш. У 18 гадоў яна, зусім яшчэ юная Наталля Ельская (яе імя ў міру), атрымлівае дыплом аб заканчэнні харэаграфічнага ліцэя і замест Кішынёўскага тэатра оперы і балета накіроўваецца ў Кіеўскі Свята-Пакроўскі манастыр. Жыццё мяняецца на 180 градусаў, маладая дзяўчына адмаўляецца ад кар'еры артысткі балета і прымае манаскі пострыг. А летась, пасля 23-гадовага служэння ў кіеўскім манастыры, едзе ў Беларусь працягваць будаўніцтва манастыра ў Бабруйску. Хто пасля гэтага скажа, што ў матушкі Параскевы не моцны характар?


Падчас святочнай літургіі ў дамавым храме.

«Заўтрашні дзень сам пра сваё паклапоціцца...»

Так гаворыцца ў Евангеллі ад Матфея. Жаночы манастыр у гонар Святых Жонак-Міраносіц жыве ў адпаведнасці з такой біблейскай прытчай. Гэта велізарная тэрыторыя з паўразбуранымі будынкамі Бабруйскай крэпасці, якія лічацца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Сёстры не баяцца працы, але іх усяго восем. Без дапамогі звонку такую вялікую нерухомасць немагчыма ўтрымліваць. Яна патрабуе вялікіх выдаткаў, але сёстры моляцца, і Бог іх не пакідае.

— Нядаўна мне прыснілася матушка Маргарыта, якая прымала мяне ў Свята-Пакроўскі манастыр у Кіеве, — расказвае ігумення. — Той манастыр быў вельмі вялікі — на 400 чалавек. У сне я ўбачыла нашу велічэзную трапезную і ігуменню за сталом. Я так узрадавалася, што ёсць магчымасць звярнуцца да яе па параду. Але яна да мяне падышла сама і нешта прашаптала на вуха. На жаль, я нічога не зразумела, але прачнулася з прадчуваннем вялікай радасці. Так і адбылося. У гэты дзень нашаму манастыру зрабілі багатае прынашэнне, самае шчодрае за год. Потым адна з прыхаджанак дала адрас кіраўніка хлебапякарні, які стаў раз на тыдзень ахвяраваць нам хлеб. На гэтым сюрпрызы не скончыліся. Сёстры паведамілі, што нехта пералічыў грошы на будаўніцтва нашага сабора. Былі і іншыя нагоды для радасці. А яшчэ ўдзячнасць Богу за тое, што ён паклапаціўся пра нас.

Боршч для патрыярха Кірыла

Адзіная сцэнічная роля, якую сыграла ў часы свайго даманастырскага жыцця суразмоўніца, — Папялушка. Матушка смяецца, што гэта амплуа ў яе захоўваецца па жыцці.

— Калі толькі прыйшла ў Свята-Пакроўскі манастыр у Кіеве, адразу ж трапіла на кухню на паслушэнства, — успамінае яна. — Ацаніла тыя маштабы і зразумела, што ролю Папялушкі прыйдзецца выконваць па-сапраўднаму. Там былі вялікія печы і катлы, трэба было навучыцца выграбаць попел, распальваць дровы, перабіраць горы круп, наразаць вёдры цыбулі, морквы, капусты, бульбы, гадзінамі пячы катлеты. Бо, акрамя нашай вялікай манастырскай сям'і з 400 чалавек, мы кармілі яшчэ і паломнікаў. А іх было вельмі шмат. Такое правіла ўвяла яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя вялікая княгіня Аляксандра Пятроўна з роду Раманавых (у манастве Анастасія), якая заснавала манастыр.

З кіеўскага перыяду жыцця засталося шмат цікавых успамінаў. Калі працавала на кухні, гатавала боршч для самога патрыярха Кірыла і яго спадарожнікаў. Яны прыязджалі ў манастыр з візітам. Усе вельмі хваляваліся, хацелася дагадзіць высокаму госцю. І яму трапеза спадабалася. (Парада тым, хто любіць баршчы насычанага чырвонага колеру. Матушка раіць варыць бурак асобна ў таматным соку і заліваць у агульную каструлю ў апошнюю хвіліну. І не кладзіце зверху накрыўку: боршч можа страціць свой прыгожы колер.)

У манастыр праз балет

У балет яна трапіла ў 10 гадоў. Вучылішча знаходзілася ў старым будынку, дзе для балерын былі па-сапраўднаму спартанскія ўмовы: прыбіральня на вуліцы, агульныя непрыстасаваныя грымёркі, пастаянныя скразнякі.

— Балетная школа вельмі моцна мяне дысцыплінавала, навучыла працаваць над сабой, не ленавацца, абмяжоўваць у смачнай ежы, ад якой набіраюць вагу, — успамінае матушка той перыяд. — У 10 гадоў я цалкам забыла, што такое пірожныя і бліны. У меню былі выключна капуста, морква, некаларыйныя кашы, бульба толькі ў печаным выглядзе. І так на працягу васьмі гадоў. Але ніхто не скардзіўся. У нас быў цудоўны дырэктар Юрый Гаршкоў. Ён казаў, што для таго, каб танцаваць на сцэне Вялікага тэатра, патрэбен усяго адзін працэнт таленту і 99 — працы. Так што я загартаваная з дзяцінства.

Нягледзячы на сваё жаданне стаць балерынай, Наталля ўсё ж такі прасіла Бога дапамагчы знайсці свой шлях у жыцці. Нехта падказаў ёй словы кароценькай малітвы, і яна вельмі часта іх паўтарала: «Госпадзі, напраў мае ступні на праведны шлях». Малілася і зусім не ўяўляла, што яе чакае манастыр.

Ці шкадуе яна сёння, што зрабіла такі выбар? У асноўным — не. І ўдзячна Богу за свой балетны перыяд жыцця. Дарэчы, балетная паходка ў яе так і засталася. Успамінае, што, калі яе ўпершыню паставілі ў манастыры мыць посуд, яна трымала спіну перад ракавінай, як каля балетнага станка. Некаторыя думалі, што яна манернічае, рабілі заўвагі. Нават яе ўсмешка не ўсім падабалася. Але маладая паслушніца пакорліва цярпела гэтыя папрокі, бо шчыра верыла ў Бога.

Няма благаславення замуж выходзіць

Ну якая дзяўчына ў 18 гадоў не марыць пра замужжа? Наталля не была выключэннем. Узяць, напрыклад, яе партнёра па танцах Уладзіміра Статнага. Гэта зараз ён заслужаны артыст Малдовы і саліст Адэскага тэатра оперы і балета, а тады быў такі ж пачынаючы танцор, як і сама Наталля. Лічыцца, што партнёр па танцах і ёсць першы «муж» балерыны. Бо без сімпатыі адно да аднаго цяжка перадаваць пачуцці на сцэне. На той перыяд былі нават прапановы выйсці замуж. Яна ж шукала веруючага.

З бацькамі і хроснай Тамарай.

— Незадоўга да заканчэння харэаграфічнай установы я пабывала ў Адэскім Свята-Успенскім манастыры, дзе пазнаёмілася са старцам архімандрытам Іонам (Ігнаценкам). — кажа яна. — Ён неяк агульна сказаў, што «апошнім часам няма благаславення замуж выходзіць». Тады я не зразумела, ці датычылася гэта мяне, цяпер дакладна ведаю, каго ён меў на ўвазе.

Калі Наталля ўпершыню прыехала ў Свята-Пакроўскі манастыр, каб вызначыцца, чаму прысвяціць сваё жыццё, яна зноў прасіла Бога адкрыць ёй яе шлях. І вось падчас службы на Дзень адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля яе быццам бы агнём апякла думка, што святы загінуў з-за танцоўшчыцы. З таго часу тэма балета для яе была закрытая. А потым прысніўся танцуючы Марыс Ліепа. Ён круціў фуэтэ, а яна думала: як такое магчыма, ён жа памёр?! Падышла да яго бліжэй і спыталася: дык гэта праўда, што ў Бога ўсе жывыя? Ён прыпыніўся, перахрысціўся і сказаў: «Так, у Бога ўсе жывыя».

Гісторыя ў фота

Матушка дастае фота, і мы разам з ёй паглыбляемся ва ўспаміны. На адным з іх яна зусім яшчэ дзіця ў акружэнні хроснай Тамары і бацькоў. «Маці і тата пазнаёміліся ў Кішынёве 8 лістапада, у дзень памяці Дзмітрыя Салунскага, — удакладняе яна. — Гэта заступнік манахаў. Я тады яшчэ не разумела, як важна звяртаць увагу на імёны. Трэба ведаць сваіх нябесных апекуноў, каб да іх звяртацца. Яны ж нашы першыя абаронцы. Дык вось, мой бацька быў падпалкоўнікам юстыцыі, а калі выйшаў у адстаўку, стаў свяшчэннікам. Зараз служыць у храме ў гонар Усецарыцы ў Магілёве». Дарэчы, сваякі па бацькоўскай лініі жывуць у вёсцы Вялікі Мяжнік Шклоўскага раёна, там жа і дом бабулі ігуменні — Зоі Васільеўны Ельскай. На вочы трапляе фота з дзяўчынай у вяночку з дзьмухаўцоў. «Гэта я ў бабуліным садзе, — усміхаецца гераіня здымка. — Я тады толькі паступіла ў манастыр і на некалькі тыдняў прыехала да яе ў госці. Для бабулі маё рашэнне прыняць пострыг стала вялікім узрушэннем, мне трэба было яе супакоіць». Яшчэ адно фота захавала эпізод з далёкага дзяцінства, калі Наталля рабіла першыя поспехі ў танцавальным калектыве. А вось яна з сябрамі па сцэне, бацькамі, сёстрамі Свята-Пакроўскага манастыра, нават з экраннымі героямі. Напрыклад, з Сяргеем Макавецкім на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе несла паслушэнства. Запомнілася таксама сустрэча з Радзівонам Нахапетавым, які прыязджаў у Кіеў з Амерыкі разам са сваёй жонкай Наталляй.

Хобі матушкі Параскевы

У пакоі, дзе мы сядзім, вельмі светла і ўтульна. На стале ціха мігціць лампадка, на канапе дрэмле кот па мянушцы Грэй. Ён вельмі вялікі і сярдзіты на выгляд. Але матушка Параскева яго вельмі любіць і жартам называе архіерэйскім. Яна частуе мяне манастырскімі стравамі, і мне здаецца, што нічога на свеце няма смачней за гэты посны баршч і марынаваныя грыбочкі. А яшчэ сухарыкі. Іх тут нарыхтавалі на некалькі месяцаў наперад.

Пасля ўзвядзення ў сан ігуменні (з посахам, побач з епіскапам) епіскапам Серафімам Бабруйскім і Быхаўскім (з правага краю бацька ігуменні).

Матушка яшчэ і вялікая рукадзельніца. Любіць вышываць, рабіць закладкі для кніг. Успамінае, што ўсяму гэтаму навучылася падчас свайго апошняга паслушэнства ў кіеўскім манастыры. Удзельнічала нават у рэстаўрацыі старадаўняй плашчаніцы канца ХІХ стагоддзя. А да гэтага вышыла некалькі пар тапачак на мошчы прападобных Кіева-Пячэрскіх старцаў Маісея Угрына і пустэльніка Лаўрэнція, епіскапа Тураўскага.

А яшчэ яна любіць фатаграфаваць, музіцыраваць, пісаць вершы. Адзін прысвяціла гадавіне свайго падзвіжніцтва ў бабруйскім манастыры: «У жизни нет черновиков, // Рисуя каждую страницу, // Мы выбираем тишину // Или кипучую столицу».

— Дзякую Богу за тое, што ён прывёў мяне да сябе, — кажа яна. — Менавіта ў царкве я адчула абароненасць. Я ў бацькоў адзінае дзіця і вельмі часта не ведала, з кім падзяліцца патаемным. Не ўсё ж можна бацькам расказаць. А ў царкве ўсё мудра наладжана. Ёсць духоўны айцец, з якім можна адкрыта пагутарыць і пра ўсё спытацца. Адна манашка мне сказала, і я з ёй цалкам згодная: Богу ад нас патрэбна толькі Падзяка. І болей нічога — у яго і так усё ёсць, увесь сусвет.

Пад заступніцтвам святога Аляксандра

Імя Аляксандр вельмі сімвалічнае ў лёсе матушкі Параскевы. Па-першае, так завуць яе бацьку. Па-другое, на дзень памяці святога князя Аляксандра Неўскага — 12 верасня — нарадзілася яе бабуля. Гэта яшчэ і дзень анёла яе таты. Па-трэцяе, у дзявоцтве яна марыла, што такое імя будзе ў яе мужа або ў сына. Але нават і ў сне не магла ўявіць, што ёй прыйдзецца будаваць сабор у гонар Аляксандра Неўскага на тэрыторыі бабруйскага манастыра.

Яго пачала ўзводзіць — на месцы калісьці разбуранага — яшчэ яе папярэдніца, ігумення Раіса. Яна дабілася дазволу, каб манастыру дапамаглі сілавыя ведамствы. На гэтым шляху яе змяніла матушка Параскева. Сёлета яна пабывала на прыёме ў Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, якая вельмі цёпла прыняла і пасадзейнічала сустрэчы з міністрамі абароны і ўнутраных спраў.

— Міністр абароны сказаў, што яны мараць пра храм узброеных сіл і для іх за гонар дапамагаць у будаўніцтве сабора Аляксандра Неўскага, — кажа матушка Параскева. — З дапамогай Божай і нашых дабрадзеяў спадзяёмся налета асвяціць храм. Наогул, робім усё, каб наш манастыр стаў вядомы. Развіваем сястрыцтва пры манастыры. З гэтай нагоды ў нас створаны Саюз праваслаўных бабруйчанак. Пра нас не забывае Беларускі саюз жанчын, сёлета ў гасцях пабываў яго прэзідыум на чале са старшынёй Аленай Богдан. Падтрымліваем добрыя адносіны з суседзямі — 147-й зенітнай ракетнай брыгадай. Яны заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Да нас прыязджаюць дэпутаты, прыходзіць шмат паломнікаў. Наш бацюшка Аляксандр вельмі цярплівы, вытрыманы. У манастыр цягнуцца рупліўцы набожнасці, аматары вялікіх службаў, якія любяць, каб усё вычытвалася і нічога не скарачалася. Мы з сёстрамі рады, што манастыр становіцца цэнтрам прыцягнення прыхільнікаў праваслаўнай веры. Для нас васьмярых хапіла б і дамавой царквы, але сабор, які мы адраджаем, патрэбны гораду, краіне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва матушкі Параскевы

г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.