Вы тут

Як далучыць дзіця да праваслаўнай веры?


Усе бацькі хочуць бачыць сваіх дзяцей сумленнымі і адказнымі, здольнымі самастойна прымаць рашэнні і адказваць за іх. Некаторыя перакананы, што шлях да гэтага — у далучэнні да праваслаўнай культуры. Як прывіць дзіцяці любоў да Бога і Царквы? Ці неабходна гэта сучаснаму чалавеку і як зменіць яго жыццё? Вось тэмы, на якія мы размаўляем з настаяцелям прыхода свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святаром Аляксандрам Пальчэўскім.


Не толькі вонкавы бок

— Як далучыць дзіця да праваслаўнай культуры? Ці дастаткова наведваць з ім храм і бываць на богаслужэннях?

— Калі мы ставім перад сабой настолькі глабальную мэту, то адных толькі наведванняў храма, вядома, недастаткова. Гэтага хопіць, калі нас цікавіць толькі вонкавы бок: каб дзіця прыстойна сябе паводзіла сярод іншых людзей і ўмела знешне выконваць маральныя правілы і прадпісанні. Калі ж мы хочам, каб дзіця паўнавартасна развівалася, каб разам з фізічным і інтэлектуальным развіццём атрымала яшчэ і развіццё духоўнае, спатрэбіцца больш намаганняў. Але без духоўнага развіцця жыццё чалавека не будзе паўнавартасным, напоўненым сэнсам і зместам. І, значыць, гэтыя намаганні сябе апраўдваюць. Падыходзіць да пытання далучэння дзіцяці да праваслаўнай веры трэба цэласна. Калі мы будзем толькі прыводзіць дзіця ў храм, яго ўспрыманне веры абмяжуецца знешнімі формамі. Вядома, гэтага мала, бо хрысціянства і праваслаўная вера — значна больш глыбокія і шырокія паняцці. Вернікам трэба быць не толькі ў храме, а заўсёды і ўсюды: у сям’і, у адносінах з людзьмі, у паўсядзённых справах.

— Богаслужэнне ў храме заўсёды нясе глыбокі філасофскі сэнс — ці зможа дзіця зразумець яго?

— Натуральна, дзеці маюць патрэбу ў тым, каб дарослыя тлумачылі ім тыя ці іншыя словы і дзеянні святара. Ёсць практыка дзіцячых літургій. Дзіця можна прыводзіць у канцы богаслужэння, да моманту прычасця. І далей, калі ў дзяцей узнікае цікавасць, ахвотныя ідуць на заняткі са святаром, дзе ён тлумачыць, што сёння адбывалася ў храме. Зразумела, маленькім дзецям практычна немагчыма адстаяць поўную службу ў храме, дзе знаходзіцца шмат людзей. Бацькі павінны дзейнічаць свядома, невялікімі крокамі і не патрабаваць ад сына або дачкі немагчымага. У той жа час ім трэба казаць пра важнасць удзелу ў таінствах і богаслужэннях — без гэтага не могуць выбудоўвацца зносіны чалавека з Богам.

Адукацыя па ўласным жаданні

— Ці дапаможа ў гэтым нядзельная школа? Што яна можа даць дзіцяці, акрамя ведання Святога Пісання?

— Зразумела, нядзельная школа заклікана адкрыць Бога, прынцыпы духоўнага жыцця, даць дзіцяці веды аб веры. Але, акрамя заняткаў, там праводзяцца экскурсіі, дзеці рыхтуюць спектаклі да свят — Вялікадня, Каляд, для вучняў арганізоўваюцца розныя паездкі. І яшчэ гэта выдатная магчымасць для дзяцей мець зносіны ў добразычлівай, пазітыўнай атмасферы, якую ствараюць і падтрымліваюць настаўнікі. Нядзельная школа дае магчымасць кожнаму дзіцяці адчуць, што яго прымаюць з усімі яго сумненнямі і недахопамі. А гэта, пагадзіцеся, у сучасным свеце — вельмі каштоўная магчымасць.

— Праваслаўныя агульнаадукацыйныя школы — колькі іх у Беларусі? Якую адукацыю яны даюць, наколькі гэта карысна для дзіцяці?

— Іх няшмат. Але ёсць выдатныя прыклады ўзаемадзеяння агульнаадукацыйных школ з прыходамі і епархіямі. Існуе пагадненне, падпісанае на ўзроўні Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы, і ў яго рамках рэалізоўваюцца сумесныя праграмы: у шэрагу агульнаадукацыйных школ на пастаяннай аснове праводзяцца факультатывы па вывучэнні асноў праваслаўнай веры, па жаданні дзяцей і бацькоў праходзяць сустрэчы са святарамі і выкладчыкамі духоўных навучальных устаноў. Я сам сустракаўся з дзецьмі і праводзіў такія факультатывы. Паколькі дзеці прыходзяць на іх па ўласным жаданні, заўсёды назіраецца вялікая цікавасць з іх боку. Для школьнікаў гэта добрая магчымасць пагаварыць пра тое, што іх хвалюе, задаць пытанні, якія, можа быць, яны не рашаліся задаць бацькам, паспрачацца адно з адным аб важных рэчах. У маёй практыцы стандартных 45 хвілін не хапала, каб даць выгаварыцца кожнаму дзіцяці, якое прыйшло на такі факультатыў.

І зноў пра асабісты прыклад

— Такім чынам, ключавыя словы тут — «добраахвотна», «па ўласным жаданні»? Значыць, дзіця ні ў якім выпадку нельга ў гэтым пытанні прымушаць?

— Цалкам дакладна: прымусу тут месца быць не можа. Але ёсць і іншы момант. Калі ваша дзіця сядзе за стол і не памые перад гэтым рукі, наўрад ці вы будзеце маўчаць, спасылаючыся на яго свабоду выбару. Калі ён адмаўляецца чысціць зубы, не думаю, што вы паціснеце плячыма: «Гэта яго права». Усе мы хочам для сваіх дзяцей самай лепшай будучыні. Дык ці можна пазбаўляць іх паўнавартаснага духоўнага развіцця? Прымушаць нельга, але важна пераконваць. І лепш за ўсё — асабістым прыкладам. Ёсць сем’і, дзе ўцягнутасць у праваслаўную культуру — гэта звычайны і натуральны стан. Вернік распавядаў, як увечары ён заходзіць у свой пакой і чытае малітву, а дзецям цікава, што робіць тата: яны садзяцца побач і слухаюць. І гэта — найлепшы спосаб далучэння да веры. Дзеці бачаць перад сабой прыклад, разумеюць, што бацькі прызнаюць і прымаюць хрысціянства, і арганічна становяцца часткай гэтай культуры. Але ёсць і іншыя прыклады: я ўжо распавядаў пра бацькоў, якія адпраўляюць сваіх дзяцей па выхадных у царкву, але самі застаюцца дома. Выхаваць дзіця ў хрысціянскай веры можна толькі ўласным прыкладам. Душа чалавека па прыродзе хрысціянка, бо ў кожным чалавеку ад нараджэння ёсць голас сумлення, унутраны духоўны закон. Як я ўжо казаў, з дзецьмі хрысціянскае выхаванне трэба пачынаць з размовы аб універсальных каштоўнасцях, якія ёсць і акрамя хрысціянства. І так, невялікімі крокамі, мы прыходзім да больш высокіх хрысціянскіх паняццяў. У дачыненні да далучэння дзяцей да веры часта чую меркаванне: «Вырасце — сам вырашыць, ці хадзіць яму ў царкву». Але калі ў дзяцінстве мы не паказалі юнаму чалавеку прыклад, не далі зразумець, наколькі гэта важна для нас, дарослых — быць з Богам, наведваць храм, ён, сталеючы, не будзе адчуваць важнасць усяго гэтага.

— У Евангеллі ёсць цытата. Гасподзь, звяртаючыся да нас, дарослых, кажа: «...пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае». А як дарослыя могуць перашкодзіць? І як гэтага пазбегнуць?

— Гэтая фраза з Евангелля — канкрэтны прыклад з жыцця Хрыста, але можна разумець яе і ў больш шырокім сэнсе. Ёсць выпадкі, калі дзеці праяўляюць цікавасць да вучэння Царквы, але ў сям’і гэта не падтрымліваецца. Бываюць і выпадкі, калі дзеці прыводзяць бацькоў у храм, і паступова бацькі далучаюцца да царкоўнага жыцця. Галоўнае, пра што хацелася б сказаць: бацькі на павінны ўспрымаць Царкву як арганізацыю, якая зможа за іх выхаваць іх дзяцей, вырасціць іх сумленнымі і годнымі членамі грамадства. Гэта пад сілу царкве, але толькі гэтым яна не абмяжоўваецца. Сутнасць праваслаўнай веры распаўсюджваецца на ўвесь светапогляд чалавека, ахоплівае ўсё яго жыццё. Гэта не проста звод правіл паводзін, царква ніколі на гэтым не спыняецца. А значыць, калі хто-небудзь хоча далучыць сваё дзіця да веры, ён у першую чаргу павінен далучыцца сам. Гэта не позна зрабіць у любым узросце. Часам бацькі аддаюць сваіх дзяцей у праваслаўны клас і застаюцца ўбаку. Яны думаюць: цяпер пытанне з маральным выхаваннем вырашана. Але калі ў школе дзіцяці кажуць адно, а дома ён бачыць іншае — атрымліваецца разлад, і выніку не будзе. Гэта павінна быць сумесная праца бацькоў і царквы.

— Ці можна сказаць, што чалавек здабудзе свайго роду «духоўны імунітэт»? Устойлівасць да складаных сітуацый? Яму будзе прасцей выходзіць з нейкіх крызісаў, пераадольваць стрэсы?

— Безумоўна. Хрысціянства разглядае агульначалавечыя законы, веданне якіх умацуе чалавека і раскрые яго лепшыя бакі. Яму будзе прасцей жыць, прымаць правільныя рашэнні і пазбягаць памылак.

Дзіяна РОНІНА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».