Вы тут

Пілотны сацыяльны праект пад назвай «Сезонны дом» у Вілейскім раёне прайшоў праверку часам


Гісторыя стварэння ў раёне сезоннага дома для адзінокіх пенсіянераў даволі звычайная. Старшыня Вязынскага сельскага Савета Ігар Судніковіч згадвае, як больш 10 гадоў назад яму раённыя ўлады прапанавалі ўзяцца за рэалізацыю пілотнага праекта, аналагаў якому ў Вілейскім раёне яшчэ не было — адкрыццё на зімовы перыяд часовага цёплага і ўтульнага прытулку для адзінокіх пенсіянераў вельмі саліднага ўзросту.


Прытулак цёплы і ўтульны

Бо цудоўна ў вёсцы, як вядома, летам. А вось позняй восенню, зімой ды і ранняю вясной без адпаведнага рэсурсу жыццёвых сіл складана сталым людзям выконваць элементарныя хатнія справы: вады прынесці з калодзежа, печку прапаліць, наведаць краму ці падысці да аўталаўкі ў галалёд. Вось і ўзнікла ў мясцовай улады ідэя наладзіць у адной з вёсак яго сельскага Савета такі сезонны дом. Жыццё падказвала, што пры ўдалым падыходзе можна зрабіць вельмі добрую справу: дапамагчы адзінокім старым перажыць з найменшымі фізічнымі і маральнымі стратамі самы складаны сезон у іх жыцці — зімовы — прыкладна з лістапада да пачатку красавіка. Вось пад гэтыя мэты і было вырашана ў вёсцы Вязынь прыстасаваць будынак, дзе раней месціўся сельсавет, затым школа, а потым бібліятэка.

Пілотны праект пад назвай «Сезонны дом» таму і лічыўся спачатку пілотным, бо праводзіўся у раёне ўпершыню. І трэба было ў рэальных умовах звычайнай вясковай тэрыторыі пераканацца ў яго жыццяздольнасці. Бо эфектыўнасць ідэі магла пацвердзіць толькі практыка. І яна пацвердзіла: сезонны дом пад пільным наглядам старшыні Вязынскага сельскага Савета Ігара Судніковіча прыжыўся. Гэта ідэя яму адразу здалася цікавай і карыснай. Хаця былі моманты, як сам ён прызнаецца, калі яму не асабліва верылася ў станоўчы вынік. Сумнявацца прымушалі асаблівасці псіхалогіі вясковых людзей. Ён ведаў, як, з аднаго боку, няпроста жыць у маленькіх вёсачках адзінокім старым, а з іншага — як невыносна ім пакінуць хоць і часова мілы родны кут. Яны лічылі, што няхай і з цяжкасцямі, але ўсё ж дома жыць лепш. Іх можна зразумець. Пастаянна жыць больш за 80 гадоў на адным месцы ўвесь час у сваім доме і раптам з'ехаць...

Тым не менш невялікай групе сталых жыхароў сельскага Савета зрабілі прапанову, ад якой пры яе аб'ектыўным разглядзе ім цяжка было адмовіцца. А дакладней, на зімовы перыяд пераехаць у сезонны дом і жыць там сумесна з яшчэ некалькімі вяскоўцамі прыкладна такога ж узросту. І галоўнае — у любы момант можна вярнуцца дадому.

Трэба адзначыць, што тады 10 гадоў назад, на этапе станаўлення, ідэя сезоннага дома атрымала адчувальную падтрымку з боку тагачасных старшыні райсавета дэпутатаў Яўгена Ігнатовіча, дырэктара Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Сляпцовай. Сёння яна, дарэчы, дэпутат райсавета і актыўна садзейнічае рэалізацыі іншых сацыяльных праектаў у раёне. Шмат увагі ператварэнню былога, па сутнасці, офіснага будынка ў жыллё для пенсіянераў надалі дэпутаты Вязынскага сельсавета.

Разам не засумуеш

У сезонным доме жывуць на прынцыпах камуны. Насельнікі дома на перыяд знаходжання ў складчыну частку пенсій ахвяруюць на сацыяльныя і камунальныя паслугі, набыццё прадуктаў харчавання, дроў, іншыя выдаткі. Заўважце, пражыванне ў доме бясплатнае. Як і забеспячэнне камплектамі пасцельнай бялізны, яе мыццё ў пральні. Сёлета тут плануецца ўладкаваць стацыянарную пральную машыну, якой кіраваць будзе сацыяльны работнік. Дробныя рамонты плота, тэлевізара, падтрыманне парадку вакол дома, скажам, траву скасіць, іншыя бытавыя клопаты бярэ на сабе сельсавет, як і трансфер, кажучы па-сучаснаму, насельнікаў ад сезоннага дома і дамоў у вёску пасля зімы.

Не сказаць, што жыццё віруе ў гэтым доме, але тое, што людзі моцна не сумуюць тут, дык гэта факт. Каб яны не заставаліся сам-насам з цяжкімі думкамі, не адчувалі сабе кінутымі, іх рэгулярна наведваюць валанцёры з ліку тутэйшых жыхароў. У святочныя дні работнікі мясцовага Дома культуры разам з прадстаўнікамі мясцовай школы ладзяць невялічкія імпрэзы і канцэрты, што моцна ўздымае настрой і, натуральна, самаадчуванне камунараў. Дырэктар Дома культуры Наталля Чарток, яна ж і дэпутат сельсавета, завадатар шэфскай работы з сезонным домам. Паводле слоў Ігара Студніковіча, трымае з яго насельнікамі пастаянную сувязь. А дэпутат райсавета Рыгор Кулеш, ён жа работнік Вілейскага доследнага лясгаса Вязынскага лясніцтва, сочыць за тым, каб дом своечасова забяспечваўся дровамі.

А ўлетку «Сацыяльная дача»

З часам цікавы працяг і развіццё атрымала ідэя сезоннага дома. Праз некалькі гадоў на яго базе пачалі рэалізоўваць новы праект пад назвай «Сацыяльная дача». Каб улетку дом не прастойваў зачыненым, вырашылі там на летні сезон за пэўную плату сяліць на два-тры тыдні сталых людзей з інваліднасцю для аздараўлення і змены звыклай хатняй абстаноўкі, што таксама карысна ўплывае на самаадчуванне. Бо мясціны вакол і прыгожыя і экалагічна чыстыя: возера, лес.

— Гэта дача неабавязкова толькі для патрэб насельнікаў Вязынскага сельсавета. Тут ужо правялі частку лета жыхары з Маладзечна, Полацка, Мінска і іншых гарадоў. І такіх адпачывальнікаў на прыродзе ўжо не адзін дзясятак, гаворыць дырэктар «Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Вольга Буслаўская.

Паводле яе слоў, у раёне, на жаль, назіраецца старэнне насельніцтва. Сёння ўжо 29 працэнтаў яго жыхароў — пенсіянеры. Для параўнання: у Мінскай вобласці гэты паказчык складае 15 працэнтаў. Узрастае нагрузка на сацыяльную службу раёна. Не хапае сацыяльных работнікаў. Асабліва складана абслугоўваць адзінокіх жыхароў маленькіх аддаленых вёсак. Таму работнікі цэнтра імкнуцца выкарыстоўваць розныя формы сацыяльных паслуг. Добра, напрыклад, сабе зарэкамендавалі мабільныя брыгады. Яны дазваляюць цэнтру пастаянна быць у курсе спраў іх падапечных, аператыўна рэагаваць на іх праблемы. Сёння працуюць дзве такія брыгады. Зараз плануецца арганізаваць яшчэ адну.

Дапамагае супрацоўнікам цэнтра цеснае ўзаемадзеянне з мясцовай уладай на вёсцы. Бо без сельскіх Саветаў, без іх непасрэднага ўдзелу і дапамогі ў вырашэнні розных праблем пенсіянераў ніяк не абысціся. Кантакт з Саветамі ідзе ў пастаянным рэжыме, напрыклад, у такой важнай узімку для бяспекі сталых людзей справе, як рамонт грубкі. Ён, дарэчы, праводзіцца за кошт цэнтра. З кожным сельсаветам удакладняюцца адрасы такіх хацін.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота з архіва Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Загаловак у газеце: Вязынскія камунары

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.