Вы тут

Абазнач сябе — захавай жыццё


З наступленнем восені ў супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі работы дадаецца ў разы. З пачаткам вучэбнага года павялічваецца колькасць удзельнікаў дарожнага руху, ускладняюць абстаноўку на дарогах праліўныя дажджы і першыя замаразкі, накладае свой сумны адбітак і нашмат карацейшы светлавы дзень...


Невыпадкова большасць аварый здараецца менавіта ўвечары або ноччу. Павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і з удзелам пешаходаў. І калі б яны падчас руху (прычым абсалютна не мае значэння — ідуць людзі ўздоўж магістраляў або вясковых дарог) абазначалі сябе святлоадбівальнымі элементамі, колькі трагедый можна было б пазбегнуць!

У тым, што грамадзяне грэбуюць флікерамі, а адпаведна, падвяргаюць сваё жыццё небяспецы, карэспандэнт «Звязды» яшчэ раз упэўнілася, калі на днях напрасілася да супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтаінспекцыі на дзяжурства.

На першы раз — папярэджанне

З экіпажам ДАІ Мінскай вобласці мы выехалі ў рэйд акурат у пятніцу: вечар напярэдадні суботы ды і самі выхадныя традыцыйна лідзіруюць па колькасці аварый. У гэтыя дні ў міліцыянераў найбольш напружаныя змены.

Наш маршрут пралягае па населеных пунктах, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў ад сталіцы. Гэта акурат той выпадак, калі, каб убачыць праблему, далёка ехаць не трэба. І ў Прылуках, і ў Сеніцы, і ў Калодзішчах з Бараўлянамі флікеры насіць не любяць. Але да пары: як у народзе кажуць, пакуль певень смажаны не клюне.

— Некаторыя грамадзяне яшчэ не перастроіліся, што надышоў перыяд, калі трэба насіць святлоадбівальныя элементы, — заўважае старшы інспектар дарожна-патрульнай службы спецыяльнага падраздзялення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху Дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці капітан міліцыі Павел КРУЦЬКО. — Невыпадкова, калі на працягу года мы першы раз спыняем чалавека, які ідзе ўздоўж дарогі без флікера, адміністрацыйны пратакол не складаецца. Мы выносім грамадзяніну папярэджанне, якое фіксуецца ў нашай базе, каб наступны раз, калі пешаход парушыць правілы дарожнага руху, мы добра ведалі: быў ён дагэтуль папярэджаны ці не. Калі ж неабазначаны пешаход трапляе ў поле нашага зроку паўторна на працягу года, яму ўжо выносіцца штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь.

Флікер патрэбны і ў вёсцы, і ў горадзе

Неўзабаве заўважаем маладую пару, якая ідзе па абочыне. А, між іншым, на тым баку дарогі ёсць тратуар.

— Добры вечар! Дзе вашы флікеры? — звяртаецца да пешаходаў інспектар дарожна-патрульнай службы спецыяльнага падраздзялення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху Дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці лейтэнант міліцыі Уладзіслаў РУБАШНЫ.

— У сумцы забылася, а яна дома, — вінавата ўсміхаецца жанчына.

— Чаму не ідзяце па тым баку вуліцы, дзе ёсць тратуар? — цікавіцца міліцыянер.

— Мы нават не ведалі, што яго ўжо там праклалі: забудова новая, таму яшчэ некалькі дзён дагэтуль тратуара там не было, — тлумачыць Алена.

Пакуль супрацоўнік ДАІ правярае па базе, ці былі ў жанчыны і яе мужа, з якім яны акурат і трапілі на вочы міліцыянерам, правапарушэнні, звязаныя з адсутнасцю флікера, маладыя людзі кажуць, што выйшлі на прагулку перад сном. Яшчэ нядаўна жылі ў Мінску, таму такой праблемы, як абазначаць сябе ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі, не мелі. Нядаўна пераехалі за кальцавую, а вось пра бяспеку задумацца пакуль не паспелі.

Высветлілася, што за адсутнасць флікераў пешаходы ніколі да адказнасці не прыцягваліся. І сённяшняе папярэджанне ў іх сапраўды першае. Пакуль запаўняюцца адпаведныя дакументы, пешаход Уладзімір заўважае, што вуліца, па якой яны ідуць, амаль неасветленая (вуліца Міру ў аграгарадку Прылукі. — Заўв. аўт.). «Няма ліхтароў нават каля пешаходнага перахода: калі еду ў гэтым месцы на машыне, заўжды вельмі ўважлівы, — удакладняе мужчына. — Ды і пешаходны пераход тут усяго адзін на вялікі ўчастак дарогі. Не раз заўважаў, як у неўстаноўленым месцы пераходзяць дарогу і мамы з каляскамі, і нават пажылыя людзі».

Падзякаваўшы Алене і Уладзіміру за заўвагі і пажадаўшы добрага вечара, развітваемся. З гэтага часу, перш чым выйсці прагуляцца, яны абавязкова надзенуць флікеры. Тым больш што іх супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі пешаходам тут жа ўручылі.

На дарозе — дзеці!

Разам з экіпажам рухаемся далей. Пакуль едзем, супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы ўдакладняюць, што і ў горадзе шмат выпадкаў, калі без святлоадбівальных элементаў не абысціся. Нават у сталіцы ёсць участкі дарог, дзе адсутнічаюць тратуары.

— Строгіх правілаў, як насіць флікеры, няма: галоўнае, каб чалавека было відаць і спераду, і ззаду, — акцэнтуе ўвагу Павел Круцько. — Лепш за ўсё, калі пешаход будзе апрануты ў адзенне з ушытымі святлоадбівальнымі элементамі. Калі гэта нарукаўная павязка, дастаткова яе павесіць на перадплечча, і чалавек будзе прагледжвацца з абодвух бакоў. Флікер на сумцы — не выхад: ён лёгка закрываецца, таму не заўсёды эфектыўны.

Заўважаем на дарозе падлеткаў. Хлопец едзе на веласіпедзе, дзяўчаты ідуць побач з ім. Ні ў кога з дзяцей няма флікераў! Навокал — цемра, дзесьці ўдалечыні «сумуе» адзінокі ліхтар. Гэта машына супрацоўнікаў ДАІ рухаецца на мінімальнай хуткасці, а калі б на дарозе з'явіўся кіроўца, які едзе дазволеныя 60 кіламетраў у гадзіну. А калі б увогуле ліхач!

Школьнікі, мяркуючы па размове, наступствы сваіх вечаровых прагулак мала разумеюць. Пра флікеры яны, вядома, чулі. І не раз. Аднак чаму святлоадбівальных элементаў не аказалася на іх, патлумачыць не змаглі.

— А дзе катафоты на тваім веласіпедзе? — з надзеяй на больш-менш прыстойны адказ звяртаецца да хлопца Уладзіслаў Рубашны.

Аднак і тут — маўчанне. Правёўшы прафілактычную гутарку, уручыўшы кожнаму па флікеры, а таксама атрымаўшы абяцанне больш ніколі ў цёмны час неабазначанымі не хадзіць, падлеткаў адпусцілі дамоў.

Інспектары ДПС адзначаюць: дзеці без флікераў на дарозе — рэдкасць. Сённяшняя сітуацыя — з разраду выключэнняў. Праваахоўнікі кажуць, што дзеці ў гэтым плане больш свядомыя, чым дарослыя. Тлумачыцца такая адказнасць прафілактычнымі мерапрыемствамі, якія супрацоўнікі міліцыі рэгулярна праводзяць ва ўстановах адукацыі.

Ліхтарык — не выйсце

За вечар нашага сумеснага дзяжурства яшчэ давялося спыніць некалькіх неабазначаных пешаходаў. Усіх папярэдзілі аб адказнасці, кожны атрымаў ад супрацоўнікаў ДАІ па флікеры.

— Тыповы загінулы пешаход на тэрыторыі Мінскай вобласці — мужчына 30—40, які ішоў уздоўж праезнай часткі або па самой дарозе без святлоадбівальнага элемента, акрамя таго, у нецвярозым стане, — заўважае капітан міліцыі Павел Круцько.

Калі ўжо так выйшла, што вы выправіліся ў дарогу і не ўзялі з сабой флікер (хоць цяпер яго можна набыць у любой краме), каб абазначыць сябе ў цемры, можна ўключыць на тэлефоне ліхтарык. Аднак, як падкрэсліваюць прадстаўнікі дзяржаўтаінспекцыі, гэта не выхад: маленькі агенчык на тэлефоне будзе складана заўважыць кіроўцу. Святлоадбівальны ж элемент бачны здалёк, прычым ён не мае батарэйкі: адзін раз яго адзень, і ён будзе служыць табе ў любы час дня і ночы. І тады дакладна — за сваю бяспеку на дарозе можна не хвалявацца.

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».