Вы тут

Жыццё даецца аднойчы...


Алежку хлебам не кармі — пусці на рыбалку. А волю дай — дзень пры дні будзе хадзіць і гадзінамі сядзець!..

Галоўнае, што нічога, бывае, не зловіць — нават кату. І ўсё роўна шчаслівы. Кажа: «Я хоць адпачыў, паветрам чыстым надыхаўся».

...Ён — каля рэчкі ці возера, мы — у лесе, у грыбах. «Лісічкі хіба зрэдку па адной растуць, — расказваем пяцігадовай сваячцы. — Яны больш сем'ямі... І радовачкі таму і радовачкі, што сядзяць радкамі. Так што адну недзе ўбачыш...

— Ёсць! Убачыла! — амаль тут жа святкуе малая і ў роспачы дадае: — Адну. Болей няма...

Вось такія бываюць «радкі»: у дзіцяці — у лесе, у дарослай цёткі — у «пісьме».


Тонкая сувязь

Калі верыць анекдоту, на кожным рагу ў нас стаматалогіі, банкі, цырульні, а народ усё роўна без зубоў, прычосак і грошай... Што яшчэ палова бяды, бо на кожным рагу аптэкі...

«Можа, чаргі не будзе?» — зранку спадзявалася суседка.

І мела рацыю: каля акенца правізара толькі адзін мужчынка стаяў. Што канкрэтна купляў, яна не чула (вока балела... Трымала дыстанцыю...), але ж бачыла, што медычкі падносілі яму нейкія каробачкі, ветліва пыталі: «Што-небудзь яшчэ?» — «Так-так... — згаджаўся пакупнік. — Я ўспомню»...

І сапраўды, хоць не зараз, але ўспамінаў, казаў, што... Яму зноў прыносілі і нарэшце пыталі ўжо: «Гэта ўсё?» — «Не, — цягнуў пакупнік. — Я ўспомню...»

— Можа, ад галавы што-небудзь? — не сцярпела суседка, за якой ужо сабралася чарга.

— Не, ад галавы я лекі прапіў, — не адчуўшы нотак падвоху, адказаў мужчына. — Во... Ад гемарою мне штосьці дайце...

І ад вока суседка такі ўзяла. Хоць яно і амаль не балела.


Высновы за намі

На пачатку пандэміі шмат хто з немцаў смяяўся: гэта ж трэба, усю туалетную паперу з крам размялі...

А цяпер не да смеху: цяпер шмат хто з нашых носіць яе ў кішэнях, крадком адрываюць, з дапамогай паперкі адчыняюць розныя дзверы...

Смялей пачуваюцца (пальчатак не набярэшся). Бо, напэўна ж, ведаюць, што здароўе працэнтаў на 20 залежыць ад генаў, на 20 — ад экалогіі, на 8—10 — ад медыкаў і на 50 (нават з гакам!) ад чалавека самога.

Як той казаў, высновы зрабіце самі.


Хацеў як лягчэй...

Вучыцца Віталь не любіў і не збіраўся. Бацькі ўгаварылі («За спінай жа дыплом не насіць»), згаджаліся плаціць. Ён паслухаў — паступіў, тры гады адвучыўся, а потым...

Справа маладая: сустрэў прыгожую дзяўчыну, закруціўся раман, ажаніўся. Цесць яго на завод узяў. Там добра плацілі, але ж — ад званка да званка... І сама работа брудная, цяжкая...

Ён знайшоў лягчэйшую: прадукты па крамах развозіць, дзе-нідзе яшчэ і разгружаць. Сіла ў хлопца была — розуму, як выглядала, не трэба: скочыў з кузава, зламаў нагу, прычым вельмі няўдала... Пасля такіх пераломаў, сказалі дактары, фізічная праца ўжо не для яго.

На нейкую разумовую без адукацыі не ўладкуешся.

Жонка ў дэкрэтным, цешча з цесцем лішняга едака ўтрымліваць не хочуць, яго бацькі (абодва пенсіянеры) не вельмі і могуць.

...Як той казаў, феніта ля камедыя: прадстаўленне скончана.

Першы акт — дакладна.


Ім не дагодзіш

Раніца. Кухня. Сняданак. За сталом — трое.

— Томачка, нешта сёння чай не такі? — нясмела пытаецца муж.

— Яшчэ што выдумай! — абураецца жонка. — Чаму гэта ён не такі? Пі давай!

Муж, бедны, моршчыцца, крывіцца, але п'е. Што праўда — не ўвесь, бо ўрэшце ўсё ж адстаўляе кубак, дзякуе за сняданак і вылазіць з-за стала.

Жонка застаецца: сядзіць, дапівае сваю гарбату, каштуе мужаву («Ну вось што яму ў ёй не так?») і тут жа... выплёўвае, бо чай... салёны.

Гэта яна «пасаладзіла», гэта яна прамахнулася лыжачкай. Аднак вінаваты ўсё роўна муж, бо...

— Ну, не мужык ён! Дальбог! — наракае кабета. — Мужык — той салёную гарбату ніколі не піў бы! І не змаўчаў... Ён бы як стукнуў кулаком па стале! А гэты... Цямця-лямця ён... Ну праўда ж?

...Трэці з застольнікаў, які ўсё гэта бачыў, жанчыне сказаў:

— Праўда.

У вочы. А за вочы потым дадаў:

— Ліхая жонка ў хатцы, як скула на...

Не складана здагадацца, дзе.


Гены...

Адно дзіцятка — прычым малое — у сына з нявесткай было. А тут — новая цяжарнасць...

Свякроў, мякка кажучы, ёй не рада была: лічыла, што гэта неразумна, што рана, што цяжка гадаваць...

Думала так, але маўчала, бо што тут казаць?

Не стрывала хіба аднойчы: нявестка тады з радзільні вярнулася, на ложку разгарнула «канверт», паказала дзіця — пухлае, бялявае... «Глянь — ну нічога ў ім ні ад бацькі, ні ад дзеда, — прызнала свякроў. — Не ў нашу пароду. У нашай — ніколі такіх не было!».

Крыўднае прызнанне. А следам — яшчэ і недавер, бо нарадзіўся малы якраз на Пакровы, а за дзевяць месяцаў да іх нявестка (студэнтка завочніца) месяц дома не была: на экзамены ездзіла, сесію здавала. Дык, можа?..

Усё гэта прамаўлялася гады ў рады і смехам, але ж «студэнтцы» ды мужу яе вельмі крыўдна было, пакуль...

Неяк мігам час праляцеў: у дзіцяці таго ўжо сваё дзіцятка, прычым з твару — у тую радню: выліты дзед і прадзед!

Свякроў, паглядзеўшы, рада была б...

Няма свекрыві.


Страшнае слова

Іначка ў 18 замуж пайшла — з'ехала ў Падмаскоўе. Але ж дамоў, у вёску, да маці прыязджае — раз на год, у водпуск. Дапамагае тады і даглядаць агарод, і рыхтаваць «закаткі», і наводзіць парадкі ў старэнькай халоднай хаце...

Сёлета, напрыклад, вокны фарбавала — каля самай вуліцы. І таму з ахвотай з усімі віталася, праз кветнік гаварыла, што вось зноўку прыехала, што, дзякуй богу, не бедная, магла б і да мора... Але ж — «пакуль мама жывая» — едзе сюды, каб пабыць, пабачыцца, каб потым не каяцца: каб ведаць, што рабіла — «ну ўсё, што магла!»...

Тады, калі мама жывая (і пакуль жывая), яно і праўда часам здаецца, што нешта рабіў... Можа, нават і «ўсё»!

Калі раптам мамы не стане, адчуванне адно: не рабіў нічога. І ніколі ўжо не зробіш, бо...

Позна. Страшнае слова.


Як ёсць...

Гэта наша, тутэйшае: пакуль чалавек жыве, усяго яму трэба, а калі памрэ — чатыры дошкі і пяску — трошкі... Пад якім навекі вечныя пахаваюць нажытыя веды і ўменні, таленты, розум, досвед... І ніхто ніколі нічога не адкапае, не скарыстаецца.

Не, відаць, недарэмна могілкі называюць кладамі?


Жыццё даецца аднойчы...

Лёс звёў, лёс развёў: з Пятроўнай — гадоў з дзесяць назад. Тым прыемней цяпер сустрэцца, спытаць: «Ну як вы?»

«Дзякую... Добра!» — хваліцца жанчына і адразу ж выдае «расшыфроўку». Маўляў, добра, што служыць пакуль здароўе, што пры доме — кавалачак зямлі, а на падворку — хай сціплая, але ж гаспадарка, добра, што плацяць пенсію, што прыязджаюць дзеці. А найлепш, што добра, як быццам, і ў іх: абедзве дачкі з адукацыяй, з работай па спецыяльнасці. Абедзве замужам, абедзве гадуюць дзяцей. «Так што грэх нам з мужам скардзіцца, грэх нечага хацець, — завяршае кабета».

Але ж час яшчэ ёсць, пытанні таксама, мы няспешна гамонім далей.

«Праўда, з першым сваім Лідка развялася, — працягвае Пятроўна. — Выйсця не было: рабіць ён нічога не хацеў — абы гарэлку піць. На работу недзе ўладкуецца, — праз месяц-другі прагоняць. Ён іншае месца шукае... Вось дачка нагаравалася ды і плюнула: лепш, сказала, адной, чым з такім жываедам. Хлопчык ад яго застаўся. А зарплата ж невялікая, аліментаў часам ніякіх... Так што Лідка мая пакруцілася ды за іншага пайшла. Ён са школы за ёю лётаў. І замуж зваў. Тады не захацела, а цяпер... Не, ён не п'е, зарабляе. Але ж, ведаеш, яно і з каханым мужам бывае ўсяго, а тут — некаханы. Цяжка... Хлопчык школу канчае, на хірурга хацеў вучыцца. Айчым як адрэзаў: «Бач, на карак паселі... Усё жыццё вас буду цягнуць?! Аўтаслесарам будзеш. Там грошай больш... Малодшай дачцэ іх таксама бракуе. Будаваліся, пераязджалі, крэдытаў набралі... Так што зараз можаш не можаш — ніхто не пытаецца: плаці... І дзіцятка другое хочацца...

А як яго гадаваць, на якія шышы? Мы ж нічым не дапаможам. Вось такое жыццё».

...Яно, як вучылі некалі ў школе, чалавеку даецца аднойчы, і пражыць яго трэба...

Часам (і досыць часта, на жаль) зусім не так, як хочацца, а так, як выпадае.


Прыклад, варты пераймання?

...Што-што, а ўгаворваць турагенты могуць!

Пасля гутаркі з імі Надзя, напрыклад, у Дамінікану рванула. Гэта, вядома ж, далёка (дзесяць гадзін самалётам). Але ж там і сапраўды круглы год лета, вада ў моры-акіяне плюс 25, а ўжо людзі!.. Ніхто ні на кога не крыўдзіцца-не сварыцца-не злуецца, усе спакойныя, добразычлівыя. А на нейкую неспадзяванку ў іх адзін адказ: «Так бог захацеў».

Прыклад? Калі ласка: група адпачывальнікаў на экскурсію сабралася. Аўтобуса няма — ён спазняецца, прычым не на дзесяць хвілін і нават не на дваццаць...

Турысты нервуюцца, гід — спакойны, як той удаў, — кажа: «Ды не бойцеся: усё вам будзе: і аўтобус, і экскурсія... А што пазней крыху — не бяды: так бог захацеў!»

Тое ж самае недзе праз гадзінку ім кіроўца сказаў — заспаны-заспаны... Турысты вушам не паверылі: хоць бы прыдумаў што, а то ж усмешка — проста рот да вушэй — і шчыра, як на духу: «Я праспаў! Не паверыце?!»... І далей (вочы ў неба): «Так бог захацеў!».

...Ці не з яго (?!) высознай «падачы» тая экскурсія прайшла на «ўра»! Надзін водпуск — таксама!

Пра яго, вярнуўшыся дамоў, жанчына ўсім раструбіла. Казала нават, што добра было б пераехаць у тую рэспубліку.

...Тры гады прайшло. Працуе, жыве, гадуе дачку. Пераязджаць, як быццам, не збіраецца — крылатым «Так бог захацеў» кіруецца тут. Кажа, лягчэй з ім пераносіць нягоды.

Мо паспрабуем?

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.