Вы тут

Падтрымка мацярынства і дзяцінства — нацыянальны прыярытэт Беларусі


Кожны год сістэма дапамогі сем’ям з дзецьмі ўдасканальваецца. Так, напрыклад, пашыраны існуючыя напрамкі датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу, з’явіліся новыя катэгорыі сем’яў, якім паслуга няні прадстаўляюцца бясплатна і шмат іншага. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі, што яшчэ новага было зроблена ў гэтым годзе для падтрымкі сем’яў з дзецьмі.


У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 — 2025 гады вызначаны прыярытэт — шчаслівая сям’я. Ён накіраваны на ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, заснаваных на фізічным і духоўным дабрабыце чалавека, выхаванні дзяцей і моладзі, клопаце аб старэйшым пакаленні.

Асноўныя мерапрыемствы закладзены ў падпраграме «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021 — 2025 гады.

Сістэма падтрымкі мацярынства, сем’яў увесь час развіваецца і толькі за апошні год прыняты шэраг новых мер.

Так, з 1 студзеня бягучага года пашыраны пенсіённыя льготы для шматдзетных маці: павялічана працягласць перыядаў догляду за дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, што ўключаюцца ў агульны стаж і ўлічваюцца пры вылічэнні памеру пенсіі, з 9 да 12 гадоў. Таксама да 10 гадоў паніжаны патрабаванні для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце страхавой стаж маці, якія нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей (для мам, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых дзяцей, яго патрабаваная працягласць складае 5 гадоў).

Узмоцнена сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі з акцэнтам на шматдзетныя сем’і — павялічаны перыяд прадстаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі (з 6 да 12 месяцаў уключна) і крытэрый патрэбнасці (са 100 да 115% БПМ у сярэднім на душу насельніцтва).

У выніку ў студзені — чэрвені 2021 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць шматдзетных сем’яў, якія атрымалі штомесячную сацыяльную дапамогу, павялічылася на 44 %, а сума дапамогі павялічылася амаль у 3 разы.
Развіваюцца праграмы сацыяльнага абслугоўвання. У 146 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знаходзяцца на ўліку больш за 257 тысяч сем’яў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

Са студзеня 2021 года у 2 разы павышаны нарматыў забяспечанасці паслугай сацыяльнай перадышкі (з 28 да 56 дзён у годзе). 

Пашыраны і катэгорыі сем’яў, якім паслуга няні прадстаўляецца бясплатна (усе сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, пры ўмове навучання дзіцяці дома, а таксама сем’і, у якіх адзіны або абодва бацькі з’яўляюцца інвалідамі I або II групы і выхоўваюць дзіця да 6 гадоў).

Павялічаны з 4 да 10 гадзін у тыдзень перыяд кароткачасовага вызвалення бацькоў ад доглядзе дзіцяці-інваліда пры прадстаўленні паслугі няні і павялічаны перыяд аказання паслугі няні сем’ям, у якіх бацькі з’яўляюцца інвалідамі I ці II групы, да спаўнення дзіцяці 6 гадоў (раней паслуга няні такім сем’ям прадстаўлялася да спаўнення дзіцяці 4 гадоў). 
Так, у бягучым годзе выдаткі толькі на выплату дапамогі на дзяцей складуць каля 2,5 мільярда рублёў паведамілі ў Міністэрстве. Дапамога выплачваецца на 440 тысяч дзяцей або кожнага чацвёртага дзіцяці ў краіне. 

Сам перыяд догляду за дзіцем залічваецца ў агульны стаж для вылічэння пенсіі. Для бацькоў, якія знаходзяцца ў адпачынку за дзіцем, і што вярнуліся да працы, прадугледжана падаўжэнне тэрміну кантракта — не менш як да дасягнення дзіцем узросту 5 гадоў.

Таксама ў перыяд догляду за дзіцем можна бясплатна прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку або павысіць кваліфікацыю з атрыманнем стыпендыі за кошт сродкаў пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

У Міністэрстве адзначылі, што асаблівая ўвага надаецца шматдзетным маці. Вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Ордэнам маці ўжо ўзнагароджана амаль 12 тысяч жанчын. Да Ордэну маці прадугледжаны грашовая выплата 5 бюджэтаў пражытковага мінімуму (з 1 жніўня гэта 1,4 тысяч рублёў).

У верасні завершана падрыхтоўчая кампанія да новага навучальнага года. У адпаведнасці з падпраграмай «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» кожнай шматдзетнай сям’і прызначана аднаразовая матэрыяльная дапамога.

У бягучым годзе такую дапамогу атрымалі больш за 110 тысяч шматдзетных сем’яў на 220 тысяч дзяцей-школьнікаў на суму амаль 16 мільёнаў рублёў.

Усяго рознага кшталту дапамогі сем’ям на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года аказана на суму 27,6 мільёнаў рублёў.
Працягвае развівацца праграма сямейнага капіталу, якая з’яўляецца адной з найбольш папулярных мер.

За перыяд рэалізацыі праграмы з 2015 года дэпазітныя рахункі адкрылі амаль 105 тысяч шматдзетных сем’яў, на якія залічана 824,5 мільёнаў долараў ЗША і 512 мільёнаў рублёў.

У 2020 годзе праграма мадэрнізаваная і дазволена датэрмінова расходаваць сродкі сямейнага капіталу, але на самае важнае: жыллё, медыцыну, адукацыю. З 2020 года прынята 41,5 тысячы рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, з іх 88 % — на паляпшэнне жыллёвых умоў, 6,6 % на атрыманне медыцынскіх паслуг, 5,8 % на атрыманне адукацыі.

З улікам прапаноў шматдзетных сем’яў прыняты Указ ад 12 кастрычніка 2021 г. № 389 «Аб выкарыстанні сямейнага капіталу». Пашыраны існуючыя напрамкі датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу (жыллё, адукацыя, медыцына), а таксама ўведзены новы напрамак — набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства інвалідаў, дзяцей-інвалідаў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарата.

Па стане на 1 кастрычніка ў краіне пражывае 116 тысяч шматдзетных сем’яў, з іх больш за 80 працентаў — гэта сем’і з трыма дзецьмі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».