Вы тут

Што падштурхоўвае людзей на парушэнне закона і як «паспець» за злачынцамі?


Следчыя Шчучынскага раёна — на Гродзеншчыне людзі вядомыя. Найперш, сваёй рэпутацыяй. Яны з лёгкасцю выходзяць на след злачынцаў, разблытваюць складаныя шматэпізодныя крымінальныя справы, даюць справядлівую ацэнку кожнай падзеі, калі яна патрабуе іх умяшання. У праваахоўнікаў практычна не бывае нераскрытых спраў. Невыпадкова на працягу некалькіх гадоў Шчучынскі раённы аддзел Следчага камітэта станавіўся найлепшым следчым падраздзяленнем краіны.


Каб даведацца, у чым сакрэт поспеху, напярэдадні 10-годдзя сілавога ведамства карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з начальнікам Шчучынскага раённага аддзела Следчага камітэта палкоўнікам юстыцыі Аляксандрам КІЗІЛЕВІЧАМ.

— Аляксандр Янавіч, хто гэтыя людзі, якія два разы за дзесяцігадовую гісторыю існавання Следчага камітэта станавіліся найлепшымі ў краіне?

— У нашым аддзеле разам са мной працуе 15 следчых і два мае намеснікі. Нядаўна прыйшлі двое маладых супрацоўнікаў: адзін з іх скончыў следча-экспертны факультэт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта згуртаваны калектыў, дзе адзін за аднаго гарой. Поспех у нашай рабоце залежыць выключна ад гэтых людзей. Следчыя маюць каласальны вопыт, усё жыццё яны працавалі ў гэтым раёне. Знаёмыя з мясцовымі жыхарамі, ведаюць падыход да кожнага. Як правіла, мы маем справу з аднымі і тымі ж людзьмі: большасць злачынцаў атрымлівае паўторныя судзімасці. Ад іх нават даводзілася чуць, што следчым Шчучыншчыны можна давяраць. Таму ніхто ад нашых супрацоўнікаў не бегае. Аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што колькасць падазраваных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, у нас мінімальная.

— Вы ўзначальваеце аддзел са снежня 2014 года. Ваша прызначэнне супала з перыядам станаўлення ведамства. Ці шмат памянялася з таго часу?

— Вялікую лепту ў станаўленне сілавога ведамства ўнёс былы старшыня Следчага камітэта Іван Данілавіч Наскевіч, які добра разумеў, як нам трэба працаваць. Пры гэтым глабальных змен у нашай рабоце не адбылося. Па-ранейшаму нашы галоўныя дакументы, своеасаблівыя арыенціры ў прафесійнай дзейнасці — Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Сёння мы ўжо паўнавартасная структура, якая мае пэўны вопыт. 10 гадоў — гэта ўжо не немаўля. Мы ўпэўнена стаім на нагах. Расследуем шматэпізодныя крымінальныя справы, удзельнічаем у стварэнні і дапрацоўцы нарматыўных актаў заканадаўства. За гэты час унесена нямала змен. Мы ўжо не адцягваем увагу на іншыя мерапрыемствы — на тую ж ахову правапарадку. Памяняліся падыходы і ў рабоце. Калі на месца выязджае следча-аператыўная група, ужо следчы вырашае, у якім кірунку будзем працаваць, менавіта наш чалавек акрэслівае і перспектыву канкрэтных следчых мерапрыемстваў. Раней мы знаходзіліся ў падначаленні органаў унутраных спраў, таму не ўсе нашы рашэнні былі такімі, як мы хацелі.

— Тым не менш узаемадзеянне з іншымі праваахоўнымі органамі наладжана...

— Яно нікуды не дзенецца, бо мы робім адну і тую ж работу. Узаемадзеянне нават стала яшчэ больш моцным. Мы прыслухоўваемся адзін да аднаго, размяркоўваем, хто чым павінен займацца. Адна галава — добра, а дзве лепш. У Шчучынскім раёне ўзаемадзеянне прававых структур наладжана на самым высокім узроўні. Аказваем адзін аднаму садзейнічанне, дапамагаем — як парадай, так і на справе. І кожны зробіць больш, чым ад яго першапачаткова патрабавалася.

— Вы сказалі аб тым, што ў кампетэнцыі ведамства — удзельнічаць і ў заканадаўчым працэсе. Ці часта ўзнікае такая неабходнасць?

— Свет не стаіць на месцы. Часам мы не паспяваем за тым, як мяняюцца спосабы і формы злачыннасці. Узяць хоць бы крадзяжы з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі: сёння ў злачынцаў адна схема выкрадання грашовых сродкаў, заўтра — іншая. У свой час быў вельмі неабходны дэкрэт Прэзідэнта № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». Сітуацыя была настолькі вострай, таму, каб злачынствы ў гэтай сферы пайшлі на спад, трэба было дзейнічаць хутка і жорстка — у выніку ў заканадаўства аператыўна быў унесены пералік усіх наркатычных сродкаў, а таксама іх аналагаў. Сёння зладзеі ўсё часцей здзяйсняюць правапарушэнні ў інтэлектуальнай сферы: павялічваецца колькасць эканамічных злачынстваў, у галіне высокіх тэхналогій. І тут таксама заканадаўства патрабуе ўдасканалення.

— Па якіх злачынствах часцей за ўсё даводзіцца заводзіць крымінальныя справы?

— Большасць злачынстваў здзяйсняюцца з карыслівых мэт. Людзі ва ўсе часы хочуць атрымаць выгаду. Гэтае жаданне і падштурхоўвае іх на парушэнне закона. У асноўным мы займаемся расследаваннем крадзяжоў і ўсіх маёмасных злачынстваў. Ёсць і забойствы (на шчасце, у нашым рэгіёне іх няшмат), іншыя правапарушэнні, у тым ліку здзейсненыя ненаўмысна.

— А ці спраўляюцца з такім аб'ёмам работы вашы супрацоўнікі?

— Спраўляюцца, аднак кадравае пытанне заўсёды ў прыярытэце. Следчы — штучны спецыяліст. Нельга ўзяць чалавека з вуліцы і даручыць яму выконваць нашы абавязкі. Часам і тыя, хто мае адпаведную спецыяльнасць і кваліфікацыю, не вытрымліваюць нагрузкі. Не кожны можа працаваць следчым. Тут патрэбны аналітычны і гнуткі розум, шырокі светапогляд, высокі інтэлект. Немалаважная ўседлівасць. Халерыкам вельмі складана працаваць у нас, бо шмат часу патрабуе складанне працэсуальных дакументаў. Следчы — гэта не герой кінастужкі: прыйшоў, убачыў, перамог. У асноўным мы занятыя карпатлівай, аналітычнай работай. Прыкладна 40 % нашай працы — перанос інфармацыі на электронны і папяровы носьбіты. Мы выпускаем штучны высокаінтэлектуальны прадукт, які называецца крымінальнай справай.

— А яшчэ ў следчага ненармаваны працоўны дзень, часам трэба працаваць без выхадных...

— І гэта часта залежыць ад нашых «работадаўцаў», як я называю падазраваных. Ты запланаваў на сёння следчае дзеянне, а чалавек не прыйшоў. Людзі розныя бываюць. Адны адразу ідуць на кантакт, хтосьці наўмысна цягне час, робячы выгляд, што не разумее, што ад яго хочуць.

— Як правіла, следчыя — улюбёныя ў сваю справу людзі. А як пачынаўся ваш шлях у прафесію?

— Пасля тэрміновай службы ў войску я паступіў у Беларускі інстытут правазнаўства. Вучыўся завочна, працаваў міліцыянерам-канваірам, а затым у ізалятары часовага знаходжання Ленінскага РАУС горада Гродна. У маі 2000 года мяне, яшчэ старшага сяржанта, прызначылі следчым. Следства Ленінскага РАУС у свой час з'яўлялася кузняй кадраў: многія аўтарытэтныя спецыялісты, кіраўнікі ведамасных падраздзяленняў Гродзеншчыны пачыналі сваю прафесійную дзейнасць менавіта там. У 2011 годзе я стаў намеснікам начальніка Слонімскага РАУС. Затым служыў следчым па асабліва важных справах Ленінскага раённага аддзела Следчага камітэта ў Гродне, намеснікам начальніка Гродзенскага міжраённага Следчага камітэта. Са снежня 2014 года я ўзначальваю Шчучынскі аддзел, аб чым ніколькі не шкадую. Тут працуюць людзі, якія не хочуць мяне падвесці. А я, у сваю чаргу, у адказе за іх.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: «Следчы — штучны спецыяліст»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».