Вы тут

У Коханава адбылося ўрачыстае адкрыццё мадэрнізаванага прадпрыемства «Амкадор-КЭЗ»


У гарадскім пасёлку Коханава, што ў Талачынскім раёне, адбылося ўрачыстае адкрыццё мадэрнізаванага прадпрыемства «Амкадор-КЭЗ», якое ўваходзіць у склад холдынга «Амкадор». Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, дыпламаты.


Ра­ман Га­лоў­чан­ка ў ка­бі­не но­вай ма­шы­ны.

Вытворчая лінейка «Амкадор-КЭЗ» уключае сёння 11 найменняў. Прадпрыемства заснавана ў 1974 годзе, першапачаткова яно спецыялізавалася на абслугоўванні і рамонце экскаватараў, а цяпер гэта сучасны завод, які выпускае машыны будучыні. З 2013-га прадпрыемства ўвайшло ў склад холдынга «Амкадор». І з таго моманту планамерна праводзілася яго мадэрнізацыя. Тут былі распрацаваныя і прынятыя да вытворчасці запатрабаваныя на рынку мадэлі сучаснай тэхнікі. «Амкадор-КЭЗ» з'яўляецца адзіным у краіне вытворцам меліярацыйных машын і аднакаўшовых гідраўлічных экскаватараў на гусенічным і колавым хаду, траншэекапальнікаў, гусенічных бульдозераў і іншых спецыялізаваных машын. Тэхніка коханаўскага завода здольная працаваць у балоцістай мясцовасці і на слабых грунтах.

Прэм'ер-міністр азнаёміўся з навінкамі вытворчасці, у тым ліку з тымі, што сышлі з канвеера ўжо сёлета ў чэрвені, распытаў спецыялістаў прадпрыемства аб перавагах тэхнікі і яе прадукцыйнасці. Трэба адзначыць, што аналагаў некаторым беларускім мадэлям у свеце няма.

Прэм'ер-міністр на ўласным вопыце даведаўся, наколькі камфортна адчуваюць сябе вадзіцелі такіх машын. Раман Галоўчанка пратэсціраваў і першы ў Беларусі гусенічны экскаватар з каўшом аб'ёмам 1 куб. м. Гэтая машына сышла з канвеера зусім нядаўна, у час дэманстрацыйнага паказу на прадпрыемстве адбыўся яе дэбют. Машына будзе выкарыстоўвацца ў прамысловым, жыллёвым і дарожным будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, а таксама пры правядзенні меліярацыйных работ. Новы экскаватар можа распрацоўваць мёрзлы грунт, а таксама папярэдне разрыхленыя мёрзлыя і скальныя пароды. Магутныя бульдозеры, зробленыя ў Коханаве, могуць
быць задзейнічаны як у будаўніцтве, так і на тушэнні пажараў. Работу гэтых машын паказалі на выпрабавальным палігоне прадпрыемства. Майстэрства кіроўцаў-выпрабавальнікаў неаднойчы выклікала апладысменты.

Адразу па заканчэнні паказу генеральны дырэктар ДУ «Аб'яднанне Мінскмеліяводгас» Дзмітрый Мірчук і генеральны дырэктар ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» Аляксандр Яфімаў падпісалі пагадненне аб пастаўцы тэхнікі меліярацыйным прадпрыемствам Мінскай вобласці.

— Наш холдынг падзяліўся на пяць дывізіёнаў, сфарміраваны пяць асобных кірункаў дзейнасці: будаўнічыя машыны, машыны для лясной галіны, сельскагаспадарчыя машыны, тэхніка для камунальнай гаспадаркі, а таксама вытворчасць кампанентнай базы для ўсіх відаў тэхнікі, — паведаміў журналістам пасля заканчэння мерапрыемства генеральны дырэктар ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» Аляксандр Яфімаў. — Мы ствараем не проста машыны, а цэлыя вытворчыя комплексы. Напрыклад, у складзе дарожнабудаўнічай тэхнікі ў нас ёсць увесь рад дарожных машын, за выключэннем асфальтаўкладчыкаў. Мы пашыраем вытворчасць разнастайнай тэхнікі не толькі па вытворчых плошчах, але і па навукова-тэхнічным патэнцыяле. Напрацоўваем новыя кампетэнцыі. Наша галоўная мэта — замясціць большасць імпартнага абсталявання сучаснымі, надзейнымі, інавацыйнымі, высокапрадукцыйнымі машынамі на сусветным узроўні, якія адказваюць усім сучасным патрабаванням. Яны павінны быць даступныя як па цане, так і па кошце абслугоўвання. Сваім спажыўцам мы ствараем найлепшыя ўмовы выкарыстання.

Мы не стаім на месцы, а ўвесь час развіваемся. Але галоўная наша мэта — гэта, безумоўна, імпартазамяшчэнне. Нагадаю, што сёння тэхніка «Амкадора» забяспечана сваімі вузламі як мінімум на 75 %. А на некаторых машынах узровень лакалізацыі складае больш за 90 %. Гэта — заслуга ўсяго нашага працоўнага калектыву, чым мы ўсе ганарымся. Мы здольныя паспяхова канкурыраваць з найлепшымі замежнымі мадэлямі.

Сёння была прадстаўлена шырокая лінейка навінак нашага холдынга. Унікальнасць гэтай сучаснай тэхнікі ў тым, што яна ніяк не адрозніваецца ад тэхнікі вядомых замежных вытворцаў. Такія мадэлі не выпускае ніводная з постсавецкіх краін. Мы, можна сказаць, напоўнілі рынак ЕАЭС, абмежавалі замежны імпарт, захавалі валюту ў краіне.

— У мадэрнізацыю нашага прадпрыемства холдынг уклаў больш за 25 мільёнаў беларускіх рублёў, — падкрэсліў дырэктар «Амкадор-КЭЗ» Аляксандр Казлоў. — Але галоўнае, што кіраўніцтва холдынга ў нас паверыла. Цяпер вытворчыя памяшканні адрамантаваныя, тут працуе новае тэхналагічнае абсталяванне. А гэта — высокая прадукцыйнасць, новыя рабочыя месцы, добрая зарплата і гэтак далей. Але самая галоўная праблема нашага пасёлка, ды і ўсяго Талачынскага раёна, — высокакваліфікаваныя працоўныя кадры. На жаль, застацца ў глыбінцы моладзь у асноўным не рашаецца.

А мы гатовыя вучыць маладых людзей прафесіям непасрэдна на прадпрыемстве, накіроўваць іх у спецыялізаваныя навучальныя ўстановы, забяспечваць добрыя ўмовы працы і высокі заробак. Паспрабуем зацікавіць іх і іншым чынам, у прыватнасці жыллём. Дэфіцыт кадраў пакуль не дазваляе нам павялічыць вытворчасць прадукцыі. А ў нас на самыя новыя мадэлі тэхнікі, нават перадсерыйныя, ужо ёсць заказчыкі. Каб павялічыць вытворчасць прадукцыі, мы гатовыя працаваць у тры працоўныя змены. У нашага прадпрыемства вялікі патэнцыял, таму мы глядзім у будучыню з аптымізмам.

Сяргей Ручанаў

Фота аўтара

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Стаўка на імпартазамяшчэнне

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.