Вы тут

Першыя крокі да святыні. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы


Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Шаркаўшчынскі раён, вёска Лужкі

У траўні 1985 года ў нашай сям’і нарадзілася трэцяе дзіця — сын Аляксандр. Старэйшай Святлане споўнілася шэсць гадоў, Валянціне — пяць, мне — трыццаць, а Людміла, жоначка мая, была зусім маладая і ўжо шматдзетная. Чаму шматдзетнай лічылася толькі яна?


Так мне сказалі ў Першамайскім выканкаме горада Мінска, куды я прыйшоў стаць на асобную кватэрную чаргу для шматдзетных. Мяне строга паўшчувалі, маўляў, трэба ведаць не толькі закон, але і тлумачэнні, і ведамасныя інструкцыі, у якіх даходліва тлумачыцца, што бацька не раджае, значыцца, і шматдзетным не лічыцца. А калі так, то на льготную кватэрную чаргу паставіць права не маюць. З тым і пайшоў...

Зрэшты, кватэра ў нас была службовая, двухпакаёвая, і месца ўсім хапала. Ведалі, савецкая ўлада нас без увагі не пакіне, а цяпер ёсць дзе жыць — і добра!.. Пасмяяліся з майго паходу і вырашылі, што, пэўна, ёсць шматдзетныя сем’і, каму жыллё больш неабходнае, а мы пачакаем...

Расказаў маці, Зінаідзе Арсенцеўне, як хацеў стаць на чаргу на павелічэнне жылплошчы, думаў, што разам пасмяёмся. Маці паслухала і зусім не ў тэму гаворкі запыталася:

— Калі вы думаеце дзяцей хрысціць?

З гэтага самага моманту я і пачаў думаць пра Бога.

У тыя гады, хоць і пайшло паслабленне да прызнаных дзяржавай канфесій, але толькі не для камуністаў, якім быў я. Асноўная маса членаў партыі ўпотайкі дзяцей хрысціла, пачаў дапытвацца і я, як тое зрабіць.

І цяпер не магу зразумець, што падштурхнула на гэты крок, але хрышчэнне дзяцей пачаў лічыць сваім бацькоўскім абавязкам. Даволі хутка знайшліся добрыя людзі і падказалі...

У спрыяльны момант прапанаваў Людміле тайна пахрысціць дзяцей, як тое робяць усе ці амаль усе партыйныя кіроўцы, і нават агучыў план. Адказ жонкі агаломшыў:

— Чаму толькі дзяцей?.. Я таксама нехрышчоная...

Аказалася, што не ва ўсіх сем’ях камуністаў, якімі былі і бацькі Людмілы, дзеці хрышчоныя.

У нашай сям’і старэйшага брата Уладзіміра і мяне пахрысцілі яшчэ маленькімі ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў горадзе Ліда, а малодшага Алеся, які нарадзіўся ў саўгасе Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна, што на Віцебшчыне, тата наўмысна пакінуў нехрышчоным, казаў, што вырасце, і няхай сам прыме рашэнне, трэба яму вера ў Бога ці не.

Ужо даросламу маці і тата неаднойчы пераказвалі, што бабуля Елізавета Парфенаўна наўмысна прыязджала ў Ліду толькі з адной мэтай: унукаў пахрысціць!.. І зноў жа, тайна. Калі тата, афіцэр Савецкай арміі, з сутачнага дзяжурства вярнуўся дадому і, як заўсёды, павітаўся: «Вітаю хрышчоных і нехрышчоных...» — бабуля з запалам і гонарам адказала:

— Няма, дарагі зяцёк, у тваёй сям’і больш нехрысцяў!.. Усе хрышчоныя!..

Меншы брат жыў ў Мурманску, але на той момант, калі планавалася хрышчэнне маёй сям’і, ён з дачушкай Юляй таксама гасцяваў у бацькоў.

Родных мне людзей на святую дзею сабралася ажно шэсць чалавек, заставалася найгалоўнейшае — знайсці бацюшку. Дапамагла маці Зінаіда Арсенцеўна і дзядзька Іосіф Мікалаевіч Мірончык, муж маёй роднай цётачкі Веры Іванаўны, якія жылі ў саўгасе Гарадзец. Ім як самым блізкім родзічам я цалкам даверыўся.

Бацюшка Генадзій, у міры Генадзій Аляксандравіч Ананька, пагадзіўся нас пахрысціць. На той час ён быў настаяцелем прыхода царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў мястэчку Лужкі ў саўгасе «Гарадзец».

Хочацца адзначыць, што царква ў Лужках — з даўняй гісторыяй. Пабудавана ў 1794 годзе, фінансаваў будаўніцтва полацкі ваявода Валерыян Жаба. Царква не зачынялася і ў савецкі перыяд. Як сведчаць энцыклапедыі, гэта помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. У 1831 і 1885 гг. храм быў пашкоджаны пажарам. У 1934-м прыбудаваны прытвор з двух’яруснай чатырохграннай званіцай. Адметная царква і абразамі 17–18 ст., сярод якіх «Ражджаство Хрыстова», «Ісус Хрыстос, які бласлаўляе дзяцей», «Маці Божая Адзігітрыя», «Святы Мікалай» (залачоная рыза выканана ў 1794 г. лужкоўскім злотнікам Янам Жыгелем). Ёсць легенда, што калісьці знаходзіўся ў царкве абраз работы славутага Андрэя Рублёва.

Немалаважны факт, што доўгі час настаяцелем царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў мястэчку Лужкі служыў протаіерэй Іван Цітовіч, бацька народнага артыста СССР Генадзія Іванавіча Цітовіча, стваральніка Дзяржаўнага народнага хору БССР.

Сёння хор, які стварыў Генадзь Іванавіч, носіць імя свайго стваральніка і вядомы далёка за межамі нашай краіны.

Протаіерэй Генадзій (Г. А. Ананька) і Іосіф Мікалаевіч Мірончык былі даўнімі сябрамі, яшчэ з дзяцінства. У пасляваенныя гады вучыліся ў школе і да прыняцця бацюшкам царкоўнага сану разам працавалі ў саўгасе.

Каб у царкве правесці хрышчэнне такой колькасці людзей, ніхто нават і размовы не вёў. Усе, у тым ліку і я, афіцэр савецкай міліцыі, баяліся пераследавання з боку партыйных чыноўнікаў, а яны яшчэ даволі грозна і нецярпіма адносіліся і да свяшчэннікаў, і да вернікаў, асабліва калі ў правядзенні культавых абрадаў былі заў-
важаныя камуністы. Месцам для хрышчэння цётачка Вера прапанавала свой дом.

Заўважу, што Лужкі і Гарадзец да 1939 года ўваходзілі ў склад Польшчы. Калі наша сям’я ў 1957 годзе, услед за татам пасля яго звальнення з арміі, прыехала на месца яго новай работы, у нас з’явіліся не толькі сябры, але і сваякі.

Іосіф Мікалаевіч Мірончык быў тутэйшы, з вёскі Жарсцвянка, а мая цётачка, Вера Іванаўна Дубінчык, прыехала да нас у госці з Асіповіцкага раёна, з вёскі Карытнае. Яны пакахалі адно аднаго, і цётачка засталася, пажаніліся, нарадзіліся дзеці Валянціна, Людміла і Васіль. Мы жылі весела, дружна, адной сям’ёй.

У жніўні 1988 года ў саўгасе Гарадзец, у доме па вуліцы Маладзёжнай, глыбокім вечарам тайнае хрышчэнне адбылося.

Спярша бацюшка хрысціў старэйшых: Людмілу, маю жонку, і брата Аляксандра. Хроснымі былі Іосіф Мікалаевіч і Тамара, нявестка гаспадароў. Дзяцей, Святлану, Валянціну і Аляксандра, хрысцілі пазней, хроснымі былі мой брат Аляксандр, які толькі што прыняў праваслаўную веру, і Людміла Мірончык, мая стрыечная сястра.

Гэтую гісторыю цяпер я, дзядуля, і бабуля Люда часта пераказваем нашым унукам. Яны паверыць не могуць, што свята хрышчэння некалі было забаронена і іх бацькі ахрышчаны тайна.

З вялікім задавальненнем мы заўсёды прыязджаем у аграгарадок Гарадзец да сястры, цёткі і бабулі Валянціны — на тую самую вуліцу Маладзёжную, бываю і ў Лужках.

Віктар ПРАЎДЗІН

Загаловак у газеце: Першыя крокі да святыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».