Вы тут

Віртуальны шпацыр па закутках сталіцы


Радыёканал «Культура» запусціў новы праект «Мінскія гісторыі», і мы настойліва раім звярнуць на яго ўвагу. Аўтарам і вядучым перадачы стаў малады супрацоўнік радыёстанцыі Данііл Шэйка, сам не мінчанін, але да горада зусім неабыякавы. Праграма прапануе слухачам штотыднёвыя ўяўныя экскурсіі па прыкметных мясцінах сталіцы. Радыёгід правядзе вас па ўсіх мінскіх славутасцях: прыпынкамі на гэтым доўгім шляху стануць Траецкае прадмесце, плошча Перамогі, парк Горкага, Грушаўка ды многія іншыя лакацыі. Знакамітыя мінчане і цікавыя гарадскія легенды дадаюцца.


Касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Фота з сайта planetabelarus.by

У першым выпуску вядучы шчыра прызнаецца, што да ліку карэнных жыхароў ён не адносіцца. Але гэтая акалічнасць, мусіць, і вылучае праграму сярод падобных. Данііл не грэбуе магчымасцю ўставіць у аповед уласныя заўвагі і назіранні як чалавека прыезджага, адкрывальніка. Гэтакі пункт гледжання з боку часам спараджае вельмі цікавыя асацыяцыі. Скажам, у выпуску «Старая Грушаўка» вядучы параўноўвае тутэйшыя рытмы з вясковым (ці хутчэй местачковым) ладам жыцця, пра які ведае не па чутках. Аўтар прыслухоўваецца да ўласных перажыванняў, знаходзячы ў кожным месцы штосьці блізкае самому сабе. Прыслухоўваемся (у літаральным сэнсе) да іх і мы.

Расповед падмацоўваецца цытатамі знакамітых гасцей сталіцы. Яны нярэдка дзяліліся сваімі ўражаннямі ў дзённіках або ў творах. Уладзіслаў Сыракомля, Пятрусь Макаль і іншыя голасам Данііла распавядаюць нам пра сваё знаёмства з Мінскам, прычым Мінскам розных эпох. Трэба сказаць, што матывы «трапляння» селяніна ў абсурдны вялікі «поліс» ды супрацьпастаўлення вёскі гораду вельмі распаўсюджаныя ў беларускім прыгожым пісьменстве. Спрабуючы асэнсаваць убачанае ў паэтычным рэчышчы, праз прызму погляду нетутэйшага, вядучы праграмы несвядома прылічвае і сябе да гэтай багатай традыцыі ў айчыннай літаратуры. Зараз патлумачым, што маецца на ўвазе.

У мінулым стагоддзі, у час хуткай урбанізацыі і росту колькасці гараджан, вясковая па сваёй сутнасці краіна паступова мяняла «састарэлае», «правінцыйнае» аблічча на «сучаснае» і «цывілізаванае». Абавязковай умовай для атрымання такога статусу з’яўляецца наяўнасць у краіне цэнтраў вялікай шчыльнасці насельніцтва. Спрадвеку творцы імкнуліся ў такія цэнтры па веды і аднадумцаў. Выключэннем не сталі і многія беларускія пісьменнікі, народжаныя ў вёсцы. Іх назіранні, уражанні ад першай сустрэчы з буйным і шумлівым горадам часцяком увасабляліся ў творах. Успомніце «Сена на асфальце» Міхася Стральцова або «Дзядзьку ў Вільні», гумарыстычны раздзел з паэмы «Новая зямля».

Дазволім сабе зрабіць адступленне. З вышэйапісанымі працэсамі цесна звязана распаўсюджанае ў СМІ паняцце «мінскага феномену». У 2016 годзе на беларускай мове выйшла кніга нямецкага гісторыка і тэарэтыка ўрбанізму Томаса Бона «“Мінскі феномен”. Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 года». «Мінскім феноменам» аўтар называе з’яву надзвычайнага прыросту насельніцтва савецкага Мінска: менш чым за сорак пасляваенных гадоў колькасць мінчан вырасла ў 27 разоў. У асноўным такі прырост быў абумоўлены якраз унутранай міграцыяй, калі ў горад перасяляліся вяскоўцы.

Май Данцыг «Мінск. Плошча Перамогі», 1972 г.

Іншымі словамі, калі верыць даследчыку, большасць усіх жыхароў сталіцы БССР — прыезджыя сяляне, а значыць, сучасныя «карэнныя» мінчане — гэта пераважна іх нашчадкі. Натуральна, з такімі высокімі тэмпамі росту горад не паспяваў своечасова задавольваць патрэбы ўсіх сваіх карыстальнікаў. Гэта станавілася прычынай для шматлікіх крызісаў: ад лакальных успышак эпідэмій вірусных захворванняў у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе да крытычнага недахопу жыллёвага фонду. Але цікава іншае: гэткая дэмаграфія, канешне ж, не магла не адбіцца на арганізацыі гарадской прасторы. У немалой ступені яна паўплывала і на асаблівасці мясцовай архітэктуры.

Напрыклад, недахоп жылля выклікаў павелічэнне колькасці прадмесцяў і пасёлкаў (прыватных сектараў, як мы назвалі б іх сёння). Яны ўзнікалі хаатычна, абмінаючы планы горадабудаўнікоў, і складаліся пераважна з так званых «самабудаў» і «часовых збудаванняў». Акрамя гэтага, каб «пакрыць» такія вялікія людскія масы, пашыралася плошча горада. У склад Мінска пастаянна ўключаліся новыя тэрыторыі — цэлыя населеныя пункты. Навакольныя вёскі ператвараліся ва ўскраінныя мікрараёны. Яшчэ адзін вынік высокіх тэмпаў росту — недастатковая забяспечанасць насельніцтва месцамі для культурнага адпачынку (кінатэатрамі, тэатрамі і г. д.), так бы мовіць, «свецкімі» інстытутамі.

Зразумела, усё гэта не спрыяла «амінчаньванню» новых людзей, адаптацыі іх да іншага месца жыхарства. У выніку многія з новапрыбыўшых працягвалі свой прывычны вясковы быт, трансліруючы яго на новыя ўмовы. Хаатычнасць забудовы, велічэзныя плошчы пасёлкаў у межах горада, недахоп працоўных месцаў і адначасова альтэрнатыўных спосабаў арганізацыі вольнага часу, а таксама агульнае крызіснае становішча вымушалі людзей вяртацца да працы на зямлі. А чаму б каля дома (пабудаванага ўласнымі рукамі, між іншым!) гарод не развесці? І неўзабаве гароды пачалі з’яўляцца. Новаспечаныя гараджане вырошчвалі пад вокнамі бульбу, зеляніну, цыбулю… ды чаго яны толькі пад вокнамі не вырошчвалі!

Што казаць — нават перасяленцы ў многакватэрныя дамы не пакідалі сваіх звычак. І сёння ў горадзе часам можна сустрэць раскінутыя перад пад’ездамі прыгожыя гародчыкі. Імі займаюцца звычайна тыя, каму пашчасціла атрымаць кватэру на першым паверсе. Усе гэтыя моманты моцна ўплывалі на фарміраванне гарадскога сілуэта, асаблівага каларыту беларускай сталіцы. Можна сказаць, што горад набыў новую ідэнтычнасць — дужа ўрбанізаванага і местачковага адначасова. Дэмакратычнае суіснаванне на вуліцах Мінска пафасу і прастаты, індустрыяльнага і аграрнага, паэзіі і прозы і да гэтага часу адчуваецца ў мясцовым паветры.

Сучасны парк Горкага ў 1906 годзе.

Апісаны няўлоўны стан тутэйшага асяроддзя якраз і спрабуе зафіксаваць Данііл у сваёй праграме «Мінскія гісторыі». Расказвае ён пра ўрачысты ансамбль плошчы Перамогі ці ўтульныя завулкі Грушаўкі, пра цяністыя алеі парку Горкага ці ўзгорыстыя сцежкі Кальварыйскіх могілак, усё адно не прамінае магчымасці звярнуць увагу слухачоў на гэткі дуалізм у вобразе сталіцы. Такім чынам агаляюцца першаасновы, гарадскія «падмуркі». Слухачам нагадваюць аб тым, што сапраўдная гісторыя Мінска-сталіцы не такая ўжо і даўняя, а цяперашні выгляд горада шмат у чым абавязаны вялікім зрухам папярэдняга стагоддзя. Такі ж самы пасыл счытваецца і ў рэпліках «гасцей» праграмы.

Кожны выпуск суправаджаецца каментарыямі датычных асоб. Калі тэма перадачы — таямнічая Кальварыя, дык кампанію слухачам у такім выпадку складае Людміла Рублеўская, якая старыя могілкі выкарыстоўвала нават у якасці месца дзеяння для сваіх твораў. Калі гаворка ідзе пра мінскія адрасы Луцкевічаў, за мікрафон бярэцца адданы справе музейшчык Павел Каралёў, навуковы супрацоўнік літаратурнага музея Янкі Купалы, што стаіць недалёка ад былога прыстанку славутых братоў. А калі шпацыр прыпыніцца ў якім-небудзь жылым раёне (плошча Перамогі, Грушаўка), то такі выпуск, вядома, не абыдзецца без тамашніх старажылаў.

Фонам для каментарыяў становіцца звычайны гарадскі шум. У іншых абставінах ён, хутчэй за ўсё, толькі перашкаджаў бы, але не тут, бо горад, як вы ўжо зразумелі, — паўнавартасны герой праграмы. Больш за тое, кожная новая лакацыя вызначаецца асаблівым характарам, які складаецца не ў апошнюю чаргу дзякуючы навакольным гукам. Двары за легендарнай хлебнай крамай «Каравай» па-птушынаму пяюць, а ўваход на самыя старыя могілкі ў Мінску, напрыклад, шэпча няяўным аўтамабільным гулам. Такія нюансы вельмі спрыяюць паглыбленню ў аповед і атмасферу месца.

Рэдакцыя радыё «Культура» і аўтар праграмы Данііл Шэйка здолелі стварыць цікавы і, галоўнае, карысны праект пра Мінск. Праект, які ўспрымаецца як зварот да тых, хто фармальна з’яўляецца мінчанінам і пастаянна тут пражывае, але фактычна ў горадзе не жыве, да тых, хто карыстаецца ім механічна і абыякава, і да тых, хто, задуменна крочачы праз вуліцу, не падымае галавы і не азіраецца. Нам вельмі патрэбны падобныя ініцыятывы, каб запаўняць гэтае месца сэнсамі, узбагачаць яго міфалогію, «ачалавечваць». Як сказаў неяк адзін вядомы мінчанін: «Мы яшчэ не навучыліся любіць Мінск».

Дык пара навучыцца!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.