Вы тут

Як правільна выбраць цацку і на што звярнуць увагу пры яе набыцці?


Сёння на паліцах магазінаў вялікі выбар цацак-бразготак, лялек, машынак, канструктараў, плюшавых звяркоў. Цацкі такія прывабныя, што бацькі адразу ж спяшаюцца іх набыць, каб парадаваць дзіця. Аднак не ўсе ўсведамляюць, што за прыгожай упакоўкай можа хавацца небяспечны тавар. Таму важна ведаць, як правільна выбраць цацку і на што звярнуць увагу пры яе набыцці.


 

Дзяржаўны інспектар аддзела дзяржнагляду інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і г. Мінску Дзяніс Праходскі дэманструе небяспечныя цацкі.

Неабходна ведаць

За 2020 год Дзяржстандарт забараніў увоз і абарот на рынку краіны 140 найменняў небяспечных цацак. На іх адменена дзеянне 45 сертыфікатаў. За студзень — май 2021 года забаронены ўвоз і абарот на рынку рэспублікі 23 найменняў небяспечных цацак і адменена дзеянне 11 сертыфікатаў на іх.

Уся выяўленая небяспечная прадукцыя, у тым ліку і цацкі, уносіцца ў спецыяльны рэестр, які размяшчаецца ў адкрытым доступе на сайце Дзяржстандарту і партале «Качество.бел». Пра тое, якая прадукцыя ў яго ўключаецца, аператыўна можна даведвацца з тэлеграм-канала Дзяржстандарта «Безопасность и качество» (t.me/gosstandartby).

Цацка з сюрпрызам

З галоўным дзяржаўным інспектарам аддзела дзяржнагляду інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і г. Мінску Дзянісам Праходскім накіроўваемся з маніторынгам на адзін з найбуйнейшых сталічных рынкаў — «Экспабел». Выбар невыпадковы: асноўныя пастаўшчыкі рэалізоўваюць свой тавар менавіта тут. Заходзім у першую краму. Асартымент разнастайны: лялькі Барбі, робаты, канструктары, дзіцячая касметыка. Бяром першую цацку, і яна адразу ж выклікае сумненні ў інспектара.

— Адсутнічае маркіроўка тавару на рускай мове, няма назвы тавару, вытворцы, імпарцёра, даты вырабу, умоў эксплуатацыі, а таксама знака «ЕАС», — тлумачыць Дзяніс Праходскі.

Паводле яго слоў, апошнім часам шмат пытанняў узнікае да так званых агучаных цацак: выяўляецца перавышэнне эквівалентнага і максімальнага ўзроўняў гуку. У гэтай жа краме Дзяніс Праходскі заўважае патэнцыйна небяспечную цацку з кідальнымі снарадамі з сіліконавымі наканечнікамі (прысоскамі), якія лёгка аддзяляюцца ад снарадаў. Гэта стварае рызыку траўміравання дзіцяці. Ёсць пытанні да санітарна-хімічнай бяспекі цацак, — дзяржнагляд неаднаразова выяўляў цацкі з перавышэннем узроўню фенолу і фармальдэгіду.

Выклікаюць нараканні таксама цацкі-бразготкі. Тыповым парушэннем з'яўляецца наяўнасць на іх паверхневай афарбоўкі. Цацкі-бразготкі і іх часткі таксама не вытрымлівалі механічных нагрузак, у выніку чаго адбывалася іх разбурэнне з утварэннем дробных дэталяў, што можа прывесці да ўдушша дзіцяці. На паверхні бразготкі меліся налепкі з варсаванага матэрыялу (паперы), што недапушчальна ў цацках для дзяцей да трох гадоў.

Безумоўна, усе гэтыя парушэнні ўяўляюць пагрозу для здароўя дзіцяці.

— Пры ўзнікненні сумненняў наконт бяспекі і якасці цацкі можна запытаць у прадаўца сертыфікат адпаведнасці тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак», дзе ўказана ўся важная інфармацыя аб тавары. Калі прадавец не прадстаўляе такі дакумент, то гэта павінна насцярожыць, і лепш такую цацку не купляць, — каментуе Дзяніс Праходскі.

Па выніках маніторынгу выдаюцца рэкамендацыі аб прыняцці мер па недапушчэнні выпуску ў абарачэнне і продаж такой прадукцыі, ліквідацыі выяўленых парушэнняў ва ўстаноўлены тэрмін, а таксама забарона на рэалізацыю дадзенай партыі.

Тэст на трываласць

Перш чым цацка атрымае сертыфікат і трапіць у продаж, яна павінна прайсці выпрабаванні ў акрэдытаванай лабараторыі.

Напрыклад, пры нас вядучы інжынер па выпрабаваннях Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі (БелДІМ) Яраслаў Скуматаў правярае, ці няма вострых краёў у цацкі. Для гэтага спецыяліст пад вуглом 45° усталёўвае край на прыбор, падводзіць да стужкі, прыціскае з пэўнай сілай, якая кантралюецца з дапамогай вагаў, і робіць некалькі абаротаў.

— Калі на стужцы застаюцца доўгія разрэзы, значыць, край востры. Ад гладкай паверхні слядоў не застаецца, — адзначае спецыяліст.

Цацку-бразготку правяраюць выпрабаваннем на трываласць. Для гэтага яе кідаюць з вышыні 850 мм на металічную пласціну з палімерным пакрыццём пяць разоў. Цацка-бразготка не павінна разбіцца. Калі ж яна трэснула, то ў ёй не павінна быць дробных элементаў, якія могуць трапіць у рот дзіцяці. Дадаткова бразготка яшчэ павінна прайсці выпрабаванне ўдарам кілаграмовым дыскам.

— Цацкі праходзяць выпрабаванні па фізіка-механічным, санітарна-гігіенічным паказчыках. Пасля таго як цацка прайшла выпрабаванні і атрымала станоўчыя вынікі, эксперт органа па сертыфікацыі афармляе сертыфікат адпаведнасці. Пасля выдачы сертыфіката і ўнясення яго ў Адзіны рэестр выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці і зарэгістраваных дэкларацый аб адпаведнасці заяўнік можа рэалізоўваць гэтую цацку. Абавязковай умовай з'яўляецца таксама нанясенне на кожную адзінку тавару адзінага знака абарачэння прадукцыі — «ЕАС». Гэта сведчыць, што цацка прайшла ўсе неабходныя працэдуры пацвярджэння адпаведнасці і яна бяспечная для дзіцяці, — тлумачыць начальнік аддзела па сертыфікацыі прадукцыі прамысловага і бытавога прызначэння, арганізацыйна-метадычнага забеспячэння працэсаў ацэнкі адпаведнасці БелДІМ Ірына Захаранкава.

Новыя патрабаванні

Дарэчы, цяпер падрыхтавана (адказная арганізацыя-распрацоўшчык — Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі) першая рэдакцыя праекта змянення № 3 у тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак». Праект знаходзіцца на разглядзе членамі рабочай групы. Прадставіць яго ў Еўразійскую эканамічную камісію для магчымага вынясення на публічнае абмеркаванне плануецца ў верасні.

Будуць удакладнены віды прадукцыі, на якую распаўсюджваецца дадзены тэхнічны рэгламент. Гэта дазволіць як выключыць аб'екты, якія падпадаюць пад дзеянне іншых тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, так і дапоўніць патрабаваннямі да новых цацак, якія з'явіліся на рынку, напрыклад, буйнагабарытныя цацкі, настольныя гульні для развіцця нюху, наборы для вырабу парфумерна-касметычнай прадукцыі, для развіцця смакавых навыкаў. Удакладненні таксама датычацца патрабаванняў да агучаных, хімічных цацак, гігіенічнай бяспекі і іншага.

Дар'я ГАСЦІЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Ці ўсе Барбі бяспечныя?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.