Вы тут

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?


У Гродне рыхтуецца праект па аднаўленні самага велічнага аб'екта замкавага комплексу — рэзідэнцыі Стафана Баторыя

Гэта другая чарга рэстаўрацыі. Работы на комплексе вядуцца амаль тры гады. У выніку выгляд замка цалкам змяніўся — у асноўным за кошт беласнежных вежаў, крапасной сцяны з галерэяй і іншых пабудоў. Звяртаюць на сябе ўвагу купал, флюгер і ўнікальны дэкор з каралеўскай сімволікай. Музейную экспазіцыю тут мяркуюць адкрыць у пачатку чэрвеня. Зараз вядзецца падрыхтоўка да рэстаўрацыі каралеўскага палаца Стафана Баторыя. Свае меркаванні наконт будучага праекта выказалі беларускія эксперты.


Рэстаўрацыя Старога замка вядзецца пад эпоху караля Стафана Баторыя, які падчас праўлення ў XVІ стагоддзі зрабіў у Гродне сваю рэзідэнцыю. Тады ж быў адноўлены і велічны палац. Але за чатыры стагоддзі ад былой раскошы нічога не засталося, і вось цяпер замкавы комплекс зноў павінен атрымаць былы выгляд. Праект аднаўлення даволі складаны і працяглы паводле выканання, работа разлічана на тры чаргі. Але першыя наведвальнікі змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй ужо на першым этапе будаўнічых работ.

— Першы этап ідзе да свайго завяршэння, засталіся нейкія штрыхі, дзесьці дафарбаваць, падправіць, за май усё будзе завершана. Першага наведвальніка тут чакаюць у чэрвені, — паведаміў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. — Пачнуць працаваць чатыры экспазіцыі. Яшчэ столькі ж будзе дабудоўвацца — Алебастравая зала, каралеўская лазня, капліца і жылы пакой каралеўскага чыноўніка.

У бягучы момант рыхтуецца праект па другой чарзе — каралеўскім палацы. Згодна з ім, будзе дабудаваны трэці паверх, з'явіцца вежа, крытая галерэя, брама, парадны ўваход. Сцены будуць аднаўляцца з улікам прызначэння памяшканняў і экспазіцый. Ёсць намер узнавіць багаты інтэр'ер каралеўскіх пакояў, у тым ліку залу прыёмаў, стварыць шэраг музейных экспазіцый з сучасным медыйным абсталяваннем. Прадугледжаны і гасцінічныя нумары для ўдзельнікаў канферэнцый і турыстаў.

Макет замка з палацам.

Каб праектныя рашэнні былі як мага менш спрэчныя, праводзяцца навуковыя і натурныя даследаванні, вядуцца раскопкі. Усё гэта павінна даць больш інфармацыі аб тым, як выглядаў каралеўскі палац Старога замка.

Пэўныя напрацоўкі ўжо ёсць. Яны агучаны падчас навуковай канферэнцыі, якую днямі зладзілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем. Эксперты — удзельнікі канферэнцыі — не адзін год займаюцца вывучэннем Старога замка.

— Падрыхтоўка дакументацыі да будаўнічага праекта другой чаргі — вельмі адказны перыяд. Тут многае трэба ўлічваць, — заўважыла начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч. — Таму мы збіраемся з навукоўцамі, каб высвятліць, на якія пытанні звярнуць увагу. Сам аб'ект маладаследаваны, а тыя звесткі, што дайшлі ў выглядзе планаў і фотаздымкаў, часта абрывачныя. Цяпер важна зафіксаваць тыя гістарычныя звесткі, якія адноўлены, даследаваны, і знайсці правільнае праектнае рашэнне, каб рухацца далей.

Асаблівы клопат выклікае стан старажытнага палаца. Некаторыя часткі сцен патрабуецца ўзмацніць. Дэфекты канструкцыі выявілі пасля 3D-сканіравання аб'екта. Лічбавую мадэль стварылі ў мінулым годзе. Гэта дазваляе «зайсці» ў любы пункт палаца і зрабіць аналіз існуючага стану. Па словах галоўнага архітэктара праекта Алега Шымбарэцкага, ёсць месцы, дзе кладка сцен проста развальваецца, некаторыя старажытныя памяшканні закладзены і патрабуюць ачысткі.

У ходзе даследавання знойдзены канструкцыі, якія дагэтуль нідзе не апісаны, напрыклад, лесвіца ў склеп, ёсць надзея знайсці на сценах фрэскі. Стан палаца зафіксаваны з вышыні пры дапамозе дрона. Як адзначае архітэктар, новы план рэстаўрацыі адрозніваецца ад свайго «папярэдніка» на 30—40 %.

Дарэчы, спробы рэстаўрацыі замка менавіта пад эпоху караля Стафана Баторыя пачаліся амаль сто гадоў таму, у міжваенны перыяд. Менавіта тады з'явіўся першы навуковы праект па аднаўленні Старога замка. Тады ж праводзіліся і навуковыя даследаванні.

— Аўтарам праекта з'яўляўся вядомы архітэктар і даследчык Яраслаў Вайцяхоўскі. Яго праект хоць і быў даволі маштабны, змяшчаў шмат памылак, якія пераходзілі ў пазнейшыя праекты, напрыклад, у гістарычную даведку 1990-х гадоў. Сёння нам важна расказаць аб новых выніках даследаванняў, як мы сёння бачым працэс і перспектывы аднаўлення Старога замка, — паведаміў загадчык аддзела гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч.

 

На думку навукоўца, некаторыя дэталі канструкцыі каралеўскага палаца патрабуюць дадатковага вывучэння. Напрыклад, трэба ўдакладніць, дзе знаходзіліся выхады, як выглядала паўночная лесвіца, што вяла ў параднае памяшканне. Для экспертаў у дадзенай справе не бывае дробязяў.

Адначасова даследуецца і падземная частка тэрыторыі. Як расказала загадчык аддзела археалогіі музея Наталля Кізюкевіч, раскопкі выявілі рэшткі гатычнай забудовы, на якой і быў узведзены ў XVІ стагоддзі каралеўскі палац. Дзве цагліны адправілі на экспертызу ў Польшчу, каб вызначыць пэўную дату іх абпальвання. Папярэднія вынікі сведчаць аб напластаванні розных эпох — ад ХІІ да ХХ стагоддзяў. Будзе вырашацца пытанне, як максімальна захаваць аўтэнтычнасць гэтай тэрыторыі.

У тым, што замкавы комплекс пастаянна знаходзіўся на стадыі рамонту, упэўнены аўтар «старажытнага» макета Ігар Адасік. Ён з групай творцаў зрабіў драўляны макет Старога замка перыяду ХІІ стагоддзя. Рэшткі таго абарончага збудавання могуць ствараць аснову для больш позняга палаца. Работа над макетам доўжылася амаль паўгода, улічваліся археалагічныя матэрыялы, тэхналагічны ўзровень таго часу, магчымасці будаўнікоў, рэгіянальныя асаблівасці дойлідства і многае іншае. Стваральнікі дэтальна вывучылі кожны канструкцыйны элемент. У прыватнасці, памер байніц на абарончых сценах. Яны павінны быць зручныя для лучнікаў. Аўтары макета прыйшлі да высновы, што ўяўленне аб старажытных крэпасцях у многім памылковае і патрабуе перагляду. А база даных дазволіць падысці да рэстаўрацыі аб'екта комплексна, каб пазбегнуць недасканаласці ў інтэрпрэтацыі даследаванняў.

Пакуль зроблены папярэднія абмеры палаца, часткова — зандажы ці, прасцей кажучы, разведвальныя даследаванні, заключаны дагавор падраду па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі з прадпрыемствам «Інстытут Гродна-грамадзянпраект».

Між тым, працэс рэстаўрацыі раскрыў і шэраг праблем. Нягледзячы на шматлікія даследаванні, аб'ект усё ж недастаткова вывучаны, застаецца нямала таямніц і сюрпрызаў. Таксама ёсць недахоп у некаторых спецыялістах-рэстаўратарах, а вось будаўнікі з работай спраўляюцца паспяхова.

Пра тэрміны казаць пакуль рана. Наперадзе яшчэ даволі вялікі аб'ём работ. Як мінімум, на гэта спатрэбіцца некалькі гадоў. Да канца 2021-га плануецца завяршыць распрацоўку праекта па каралеўскім замку і флігелі. Затым пачнецца трэцяя чарга будаўнічых работ. Яна ўключае ўзвядзеннне вуглавой вежы, гаспадарчых пабудоў і кансервацыю рэшткаў Ніжняй царквы ХІІ стагоддзя. Такім чынам, марафон па рэстаўрацыі Старога замка працягваецца.

Маргарыта Ушкевіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?