Вы тут

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?


Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю час ад часу прыпыняе работу магазінаў. Так, нядаўна ў Брэсце закрылі расійскі дыскаўнтар «Святлафор», а ў Гродне — магазін сеткі «Марцін». Прычынамі такой меры паслужылі пратэрмінаваны тавар на паліцах магазінаў, невыкананне асартыментнага пераліку тавараў і парушэнні фарміравання цэн. Увогуле, міністэрства пільна сочыць за выкананнем заканадаўства аб гандлі ў аб'ектах усіх фарматаў. Карэспандэнт газеты «Звязда» даведалася, з якімі праверкамі прыходзілі ў гандлёвыя пункты наглядныя органы, і разабралася, па якіх прычынах у магазінах могуць вырасці цэны.


Ацэнка парушэнняў — у балах

Толькі ў мінулым годзе МАРГ правяло кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы больш чым у 5 тысячах аб'ектах. У тым ліку маніторылі выкананне заканадаўства аб гандлі, грамадскім харчаванні і бытавым абслугоўванні насельніцтва, а таксама наяўнасць у крамах тавараў айчыннай вытворчасці ў 1119 аб'ектах.

Асноўнай тэматыкай кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў стала даследаванне цэнавай сітуацыі на спажывецкім рынку. Тут кантроль ажыццявілі больш чым у 4 тысячах аб'ектаў. Таксама сачылі за тым, каб на паліцах магазінаў быў шырокі асартымент тавараў і не ўзнікала яго дэфіцыту. Але асаблівую ўвагу ўдзялілі наяўнасці сацыяльна значных тавараў і абследавалі ў гэтым кірунку звыш 1,1 тысячы аб'ектаў.

З пачаткам пандэміі міністэрства пільна сачыла і за аптэкамі. Так, у фокусе яго ўвагі аказалася звыш 2 тысяч аптэк, у якіх праверылі наяўнасць медыцынскіх масак і антысептычных сродкаў, а таксама ўзровень цэн на іх.

Маніторылі гандлёвыя аб'екты і на прадмет захавання рэкамендацый МАРГ і патрабаванняў санітарных норм і правілаў, якія датычацца прафілактыкі COVІD-19.

Па выніках маніторынгаў суб'ектам гаспадарання, якія парушылі заканадаўства, выдадзена 740 рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, 170 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Па фактах парушэнняў, устаноўленых у ходзе паўторных маніторынгаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 72 вінаватыя асобы, сума штрафных санкцый склала 5,4 тысячы рублёў (што ў 1,9 раза больш, чым у 2019 годзе).

У мінулым годзе прызначылі 80 праверак суб'ектаў гаспадарання, 11 з іх былі выбарачныя, а 69 — запланаваныя. У выніку праверак МАРГ прыпыніў работу 35 гандлёвых аб'ектаў.

«Існуе Палажэнне аб парадку прыпынення работы гандлёвага аб'екта ці аб'екта грамадскага харчавання, у аснову якога пакладзена бальная сістэма ацэнкі парушэнняў, устаноўленых у ходзе праверкі, — тлумачыць начальнік аддзела каардынацыі кантрольнай дзейнасці Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Кірыл СЛАБКО. — Вызначаны канкрэтны пералік парушэнняў, кожнаму з якіх прысвоены адпаведны бал. Вядома, асаблівая ўвага — парушэнням, звязаным з цэнаўтварэннем, захаваннем асартыментных пералікаў тавараў, а таксама патрабаванням да бяспекі тавараў. Устаноўлена парогавае значэнне: яго перавышэнне ў выніку падсумоўвання ўсіх балаў, выяўленых у ходзе праверкі, з'яўляецца ўмовай прыпынення работы аб'екта».

Але часцей за ўсё магазіны за парушэнні проста штрафуюць. Так, да адміністрацыйнай адказнасці па розных напрамках кантрольнай дзейнасці службовымі асобамі МАРГа прыцягнуты 923 вінаватыя асобы.

Што датычыцца кантролю цэн, то 199 фактаў невыканання патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць гэтыя пытанні, устаноўлена МАРГам у 2020 годзе.

«Замарожаныя» цэннікі

З-за сусветнай пандэміі і няпростай сітуацыі ў краіне цэны ў магазінах пачалі паўзці ўверх. Каб забяспечыць беларусаў неабходнымі прадуктамі і лекамі, урад прыняў рашэнне замарозіць цэннікі з 24 лютага. А з сакавіка жорсткі кантроль — рост не болей за 0,2 % у месяц (пастанова Савета Міністраў ад 23 лютага 2021 г. № 100). МАРГ, у сваю чаргу, узмацніў у краіне цэнавы маніторынг.

У фокусе асаблівай увагі сёння сацыяльна значныя тавары, тыя, што мы купляем практычна кожны дзень. І калі ад пакупнікоў падаецца сігнал, што завышана цана ў той ці іншай краме, міністэрства пачынае праверку.

«Сам працэс маніторынгу крыху расцягнуты па часе, таму што аналізуецца ўся інфармацыя, якая паступае і якая звязана з цэнамі, — расказвае Кірыл Слабко. — Даведацца аб тым, з-за чаго цэны на тавары на паліцах крамы павялічыліся, адразу ў прынцыпе немагчыма».

Каб разумець, чаму так адбываецца, трэба ведаць сам працэс фарміравання цаны. Рознічная цана складаецца з цаны пастаўшчыка, а гэта можа быць вытворца або імпарцёр, далей сваю прыбытковасць дадае гандаль, а гэта надбаўка і падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ) — апошні элемент рознічнай цаны. Гандлёвыя надбаўкі на прадукты харчавання абмежаваны не больш чым ад 15 да 30 %, калі браць малочныя прадукты, крупы або мяса. Але гэтыя надбаўкі — не проста тое, што гандаль зарабіў і паклаў сабе ў кішэню. Гэта яшчэ і ўсе яго выдаткі на перавозку, захоўванне, фасоўку, зарплаты работнікам і арэнду памяшкання. Сёння ўсе выдаткі, вядома, трэба перагледзець. Але каб быў вынік і цэны не паўзлі ўверх, рамкі патрэбны не толькі аб'ектам рознічнага гандлю, таму прынята рашэнне абмежаваць і гандлёвую надбаўку, і рэнтабельнасць імпарцёраў і вытворцаў.

Галоўнай мэтай такіх абмежаванняў застаецца падтрыманне цэнавай стабільнасці і даступнасці тавараў. Аднак ёсць такія, што беларусы ахвотна купляюць, але ў нашай краіне не вырошчваюць, напрыклад рыс, бананы, цытрусавыя... Альбо вырошчваюць не тымі аб'ёмамі як грэчка, або не ўвесь сезон, як памідоры і агуркі. Вядома, зімой нешта даражэй, чым летам. У мінулым і гэтым гадах на цэнах імпарту адбіваецца сусветнае павышэнне цэн, таму і ў магазінах бачым адпаведныя «кусачыя» лічбы.

«Але, нягледзячы на гэта, мы бачым, што меры міністэрства, меры ўрада даюць вынік, — упэўнены начальнік аддзела зводнага аналізу і прагназавання аналітычнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Зубовіч. — Бачым па лічбах. Калі мы кажам, што ў лютым усе цэны выраслі практычна на 9 %, то, па ацэнцы МАРГ, інфляцыя на сацыяльна значныя тавары склала каля 7 %, гэта значыць, практычна на 2 % менш».

Дарэчы, пасля прынятых мер у лютым па падтрыманні цэнавай стабільнасці на сацыяльна значныя тавары парушэння заканадаўства па росце цэн пакуль няма. Рэгулятар маніторыць усе гандлёвыя сеткі і адпускныя цэны перапрацоўкі. Свайго, беларускага, на паліцах магазінаў большасць. Аб'ёмы вытворчасці сацыяльна значных тавараў перавышаюць патрэбу ўнутранага рынку, таму пакуль гаворкі пра дэфіцыт не будзе.

«Апошнім часам мы назіраем значную актывізацыю экспартных паставак на знешнія рынкі, у тым ліку і сацыяльна значных тавараў, — гаворыць начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Міхаіл ЖЫГАЛА. — Напрыклад, па яйках курыных экспарт у лютым у параўнанні са студзенем павялічыўся ў паўтара раза, а ў дачыненні да сярэднямесячных паказчыкаў 2020 года — на 26 %. З аднаго боку, можна зразумець нашых айчынных вытворцаў, бо экспарт — гэта валютная выручка і дадатковы прыбытак. Але мы мяркуем, што айчынныя вытворцы павінны несці і ўсведамляць сацыяльную адказнасць перад грамадствам і дзяржавай і забяспечваць пастаўкі на ўнутраны спажывецкі рынак у прыярытэтным парадку».

Абарона нас, пакупнікоў, — гэта і абавязковы асартыментны пералік для гандлю. Дарэчы, яшчэ прынятыя меры ўплываюць і на насычэнне спажывецкага рынку неабходнымі таварамі.

У пералік сацыяльна значных тавараў згодна з пастановай № 100 урада ўвайшлі 62 пазіцыі, сярод якіх рыс, грэчкавая, манная, пярловая, прасяная крупы, куры, малако, кефір, смятана, тварог, яйкі, запалкі і іншае. У пераліку лекавых сродкаў 50 найменняў.

Цэны на гэтыя тавары могуць быць вышэйшыя за ўстаноўленую мяжу толькі па ўзгадненні з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў, а за неабгрунтаваныя перакосы ў цэнах будуць штрафаваць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Цэны, асартымент і бяспека тавараў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.