Вы тут

VI Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва праводзіцца пры падтрымцы ўрада


VІ Тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць у нашай краіне з 19 да 25 красавіка. Ён уключаны ў Дзяржаўную праграму развіцця малога і сярэдняга бізнесу на 2021—2025 гады. Пра гэта паведаміў старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Андрэй Капыток.


Фота: pixabay.com

Тыдзень прымеркаваны да 30-годдзя пачатку фарміравання прыватнага сектара эканомікі Беларусі і 30-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце краіны. Паводле слоў кіраўніка Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, арганізатары перакананы ў яго пазітыўнай ролі як самай значнай і маштабнай дыялогавай пляцоўкі для абмеркавання праблем і перспектыў прадпрымальніцтва. Акрамя таго, ён будзе спрыяць павышэнню канструктыўнай ролі бізнесу ў росце эканамічнага патэнцыялу развіцця Беларусі і рэгіёнаў, сацыяльнай адказнасці.

Дыялог паміж бізнесам і ўладай у Беларусі павінен стаць больш інтэнсіўным. Такое пажаданне выказалі больш за палову прадпрымальнікаў, якія ўзялі ўдзел у апытанні па ацэнцы індэкса дзелавога аптымізму.

Сёлета апытанне было самае маштабнае на пытанні адказалі прадстаўнікі звыш 21 тысячы прадпрыемстваў і кампаній. Адна з галоўных тэм — работа бізнесу ў пандэмію, калі граніцы партнёраў у суседніх краінах закрыты. Падчас Тыдня прадпрымальніцтва дадзеную тэму абмеркавалі на ўсіх пляцоўках.

Асноўнай падзеяй стаў ІІІ Рэспубліканскі дзелавы форум «Развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі: Стратэгія. Прыярытэт. Перспектывы кансалідацыі».

Падчас форуму таксама адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу Беларусі — 2020». Імі сталі рэгіёны краіны з найбольш развітой дзелавой актыўнасцю і самымі спрыяльнымі ўмовамі для развіцця прадпрымальніцтва. У конкурсе ўдзельнічаў 141 рэгіён.

Андрэй Капыток звярнуў увагу на тое, што прыватны сектар эканомікі краіны зараз здольны сфарміраваць новыя пункты эканамічнага росту. На 1 студзеня гэтага года, паводле звестак Белстата і МПЗ, сваю дзейнасць ажыццяўляла 373 тысячы суб'ектаў гаспадарання, што больш, чым на аналагічную дату 2020 года, практычна на 10 тысяч суб'ектаў. Гэтая станоўчая дынаміка характэрна на фоне негатыўных з'яў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй.

У сваю чаргу, старшыня Саюза некамерцыйных арганізацый «Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў» Анатоль Харлап адзначыў, што пачаўся працэс змены структуры прыватнага бізнесу і рух прыватнага капіталу ў бок прамысловага сектара. А генеральны дырэктар Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Пётр Арушаньянц падкрэсліў, што тэма вытворчай кааперацыі бізнесу сёння становіцца адным з найбольш цікавых пытанняў.

— Выключна дзякуючы вытворчай кааперацыі прыватнага і дзяржаўнага бізнесу можна зрабіць больш танны і канкурэнтаздольны прадукт з пункту гледжання тэхнічнага і экспартнага патэнцыялу. Аднак гэтая магчымасць не выкарыстоўваецца сёння так, як магла б. Беларускі фонд фінансавай падтрымкі далучыўся да праграмы імпартазамяшчэння. Праз тыдзень пройдзе першая кантактна-кааперацыйная біржа, звязаная з пытаннямі імпартазамяшчэння, дзе будзе магчымасць для прыватнага бізнесу абмеркаваць пастаўкі на буйныя вытворчыя прадпрыемствы МАЗ, МТЗ, — заявіў кіраўнік фонду.

Падчас форуму першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко нагадаў, што за мінулы год сфарміраваліся нечаканыя выклікі перад бюджэтам, эканомікай і прадпрымальніцтвам. Адзін з іх — пандэмія, якая закранула кожнага ўдзельніка эканамічных адносін.

У сваю чаргу, намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Скрыннікаў паведаміў, што ў МПЗ працягнуць ствараць празрыстыя і простыя ўмовы для выканання падатковых абавязацельстваў.

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч на форуме падкрэсліў, што дзяржава на працягу многіх гадоў прытрымліваецца курсу на стварэнне ўмоў для актывізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы і зацікаўлена ў тым, каб уклад бізнесу ў развіццё эканомікі ўзрастаў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Самая маштабная пляцоўка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.