Вы тут

Ці будзе ў вёсцы хуткасны інтэрнэт? Ці ёсць будучыня ў стацыянарных тэлефонаў?


Калі хуткасны інтэрнэт прыйдзе ў невялікія вёскі, якая служба, акрамя экстранных, працуе кругласутачна і ці ёсць будучыня ў стацыянарных тэлефонаў

«А памятаеце, як у 90-х...» Гэта фраза стала апошнім часам надзвычай папулярнай, калі хочаш сказаць пра дасягненні ў той ці іншай сферы. Прыкладаў для параўнання шмат. А вось пра тое, што яшчэ дваццаць пяць гадоў таму звычайны дамашні тэлефон (дакладней, тэлефонны нумар у карыстанні) быў ледзь не прадметам раскошы, што, каб яго займець, людзі па некалькі гадоў стаялі ў чарзе, чамусьці згадваюць рэдка. Мо таму, што сёння падобныя ўспаміны здаюцца зусім нерэальнымі? Тым не менш такое было. А ў якой аддаленай вёсцы тэлефон увогуле мог быць адзін на ўсіх...

Зрэшты, за чвэрць стагоддзя, што мінула з часу стварэння «Белтэлекама», змянілася многае. «Белтэлекам» сёння — гэта і высакахуткасны інтэрнэт, і тэлебачанне, і іншыя сучасныя высокатэхналагічныя прадукты, а не толькі тэлефанія. Мы раскажам падрабязней аб тым, як дзяржаўнае прадпрыемства развівае сферу электрасувязі і тэлекамунікацый.


Ад правадоў на слупах да оптавалакна

Спецыялісты, якія доўга працуюць у сістэме сувязі, памятаюць паветраныя лініі, ручныя камутатары міжгародняй і міжнароднай сувязі, дэкадна-крокавыя станцыі... «Я хватаюсь за диск телефона — Я набираю вечное ноль семь...» — словы з песні Высоцкага маладое пакаленне і не зразумее зусім. А яшчэ раней міжгародняя служба «07» размяшчалася ў Мінску на Захарава, 55 і налічвала каля сотні камутатараў. Іх абслугоўвала вялізная колькасць людзей. А патэлефанаваць за мяжу, напрыклад, у Прагу, можна было толькі праз Маскву...

У 1990-я гады Беларусь на мэты развіцця камунікацый адной з першых сярод былых савецкіх рэспублік змагла атрымаць ільготны крэдыт у памеры каля 40 млн долараў. Гэта дало магутны імпульс развіццю электрасувязі ў краіне. Пачалося паскоранае будаўніцтва міжгародніх тэлефонных станцый у абласных цэнтрах і валаконна-аптычных ліній са сталіцы ў гэтыя гарады. Былі аператыўна наладжаны прамыя міжаператарскія сувязі. Сёння гэта сотні тысяч каналаў. За чвэрць стагоддзя сфера тэлекамунікацый перажыла каласальныя тэхналагічныя перамены.

На сёння агульная працягласць ліній сувязі ў Беларусі складае каля 650 тысяч кіламетраў, з іх больш за 130 тысяч — валаконна-аптычныя.

Беларусь лідзіруе ў Еўропе па ўкараненні валаконна-аптычных ліній. Пракладка «оптыкі» ў шматпавярховай гарадской забудове завершана. На чарзе — прыватны сектар сталіцы, абласных цэнтраў і яшчэ 11 гарадоў паскоранага развіцця: Баранавічы, Пінск, Наваполацк, Орша, Полацк, Мазыр, Ліда, Барысаў, Салігорск, Маладзечна, Бабруйск.

Ці будзе ў вёсцы хуткасны інтэрнэт?

Так званая лічбавая няроўнасць паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам паступова сыходзіць у мінулае. Працаваць у гэтым кірунку «Белтэлекам» пачынаў у ходзе рэалізацыі Праграмы адраджэння і развіцця вёскі ў 2005—2010 гадах. У сельскай мясцовасці пачалі будаваць такія ж сеткі, як і ў гарадах. Жыхары аграгарадкоў атрымалі магчымасць карыстацца тымі ж тэлекамунікацыйнымі паслугамі, што і мінчане.

Сёння па ўсёй краіне працягваецца маштабная мадэрнізацыя сетак сувязі. «Оптыка» ўжо пракладзена да населеных пунктаў з колькасцю двароў 100 і больш. Там, дзе хатніх гаспадарак менш за сотню, доля такіх сетак склала 56 %. Толькі ў мінулым годзе пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю больш за 5900 кіламетраў оптавалаконных ліній. Да 2025 года павінны быць забяспечаны оптавалакном усе населеныя пункты з колькасцю двароў ад 50 да 100. Вядома, у першую чаргу пракладваецца оптавалакно там, дзе ёсць попыт на высакахуткасныя сэрвісы. «Многія паслугі можна даць і па медным кабелі. Але калі карыстальнікам неабходныя высокія хуткасці і пакеты паслуг, мы пракладваем валаконна-аптычную лінію», — кажуць у «Белтэлекаме».

Шлях да высокіх тэхналогій

У 1999 годзе карыстальнікам прапанавалі камутаваны доступ у інтэрнэт, а ў 2006-м — шырокапалосны. У той перыяд у шэрагу аператараў ужо былі досыць буйныя сеткі, «Белтэлекам» зусім не значыўся ў ліку лідараў.

«Было прынята стратэгічнае рашэнне аб будаўніцтве валаконна-аптычных ліній. У выніку стварылі магутную інфраструктуру і сталі першымі. Сёння тэхнічную магчымасць падключэння па тэхналогіі GPON маюць больш за 2,7 млн абанентаў», — адзначаў гендырэктар «Белтэлекама» Юрый Петручэня ў адным з інтэрв'ю.

Нельга не ўзгадаць 2009 год, калі «Белтэлекам» прыйшоў на рынак тэлебачання — у зусім новы для сябе від дзейнасці. Увесь Мінск быў ахоплены кабельным тэлебачаннем. Існавала бясплатнае эфірнае ТБ. Каб заняць сваю нішу на гэтым полі, трэба было прапанаваць нешта новае — унікальную тэхналогію ІPTV. Інтэрактыўныя магчымасці і лічбавая якасць гэтай платформы сталі вызначальнымі фактарамі поспеху. Сёння гледачы могут падключыць ІPTV, эфірнае альбо SMART тэлебачанне. Дарэчы, ні адзін еўрапейскі аператар не змог дасягнуць аб'ёмаў «Белтэлекама», калі зыходзіць з ўзроўню пранікнення паслуг да колькасці хатніх гаспадарак. Як пацвярджэнне — тэлебачанне ZALA ведаюць і глядзяць ва ўсіх кутках нашай краіны: на сёння выбар на карысць ZALA зрабілі больш за 2,4 млн абанентаў.

Каму даюць хатні нумар?

Памятаеце, у адным вядомым фільме герой маляваў будучыню, у якой не застанецца ні тэатра, ні кіно — «адно суцэльнае тэлебачанне». Так думалі і аб стацыянарных дамашніх тэлефонах, калі мабільная сувязь стала агульнадаступнай. Аднак лічбы кажуць адваротнае: колькасць абанентаў стацыянарнай сеткі складае сёння больш за чатыры мільёны. Прычын на тое некалькі. Фіксаваная сувязь надзейная і даступная па цане. Набываючы набор паслуг у адным пакеце (тэлебачанне, хатні тэлефон, інтэрнэт), абанент атрымлівае безлімітныя тэлефонныя злучэнні па фіксаванай сетцы «Белтэлекам», гэта значыць, можа тэлефанаваць па ўсёй краіне. Да таго ж цяпер прапрацоўваецца пытанне аб наладжванні ўзаемадзеяння паслуг мабільнай і стацыянарнай сувязі. Такую магчымасць ужо пратэсціравалі ў ходзе выпрабаванняў тэхналогіі 5G.

Ёсць і яшчэ адна прычына. «Чамусьці ўпэўнены, што нумар свайго дамашняга тэлефона вы дасце толькі самаму блізкаму чалавеку, праўда?» — гаворыць гендырэктар «Белтэлекама». І, падумаўшы, кожны дакладна адкажа: «Сапраўды».

Да таго ж, калі ўзнікнуць пытанні ці непаладкі з сувяззю, «хуткую дапамогу» можна выклікаць у любы час: для абанентаў працуе кругласутачная бясплатная служба «123». Па гэтым нумары можна не толькі атрымаць кансультацыю, але і пры неабходнасці выклікаць майстра. У службу «123» за год паступае больш за чатыры мільёны зваротаў. У асноўным людзям патрэбна кансультацыя.

Што патрэбна для лічбавай эканомікі?

Рынак тэлекамунікацый развіваецца вельмі хутка. Лічбавая эканоміка, развіццё якой стала адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, прад'яўляе свае патрабаванні. Гэта сувязь пятага пакалення 5G, інтэрнэт рэчаў, воблачныя вылічэнні, штучны інтэлект.

У студзені «Белтэлекам» завяршыў тэсціраванне сетак сувязі пятага пакалення 5G, прадэманстраваўшы фантастычныя магчымасці гэтай тэхналогіі. Першая тэставая зона была разгорнута ў індустрыяльным парку «Вялікі Камень», другая — у Капыльскім раёне. Спецыялісты вывучалі патэнцыял 5G ва ўмовах гарадской інфраструктуры і сельскай мясцовасці. Сумесна з партнёрамі прадэманстравалі такія лічбавыя рашэнні, як выкарыстанне рабатызаваных прылад, беспілотнага транспарту, тэлебачанне ў якасці 8К. Максімальнае значэнне хуткасці доступу дасягнула 1,235 Гбіт/с. Фактычна ўкараненне сетак пятага пакалення ў нашай краіне — пытанне найбліжэйшага часу.

Цікавы пілотны праект «Белтэлекам» распрацаваў сумесна з Полацкім райвыканкамам. Гэта мабільная праграма «Мой горад» у рамках канцэпцыі «Разумны горад». Напрыклад, з дапамогай гэтай праграмы можна ў адзін клік запісацца на прыём, аплаціць тавары ці замовіць паслугі. Пакуль ёй могуць карыстацца толькі палачане. А ў перспектыве такі ж рэсурс можа з'явіцца і ў іншых рэгіёнах.

Акрамя гэтага, «Белтэлекам» прапануе сваім абанентам паслугі «Разумны дом» і «Відэакантроль». З іх дапамогай вырашаюцца не толькі пытанні камфорту, бяспекі і захаванасці маёмасці, але і эфектыўнай арганізацыі тэхналагічных працэсаў. Новаўвядзенне ўжо ацанілі і арганізацыі, і насельніцтва. А ўвогуле, у актыве прадпрыемства больш за 70 сучасных паслуг.

Такім і трэба быць нацыянальнаму аператару — правадніком інавацый. А карыстальнікі ад гэтага толькі выйграюць.

Аляксей КЛІМАЎ

Загаловак у газеце: Абанент заўсёды даступны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».