Вы тут

Спявак Шыр Чарыеў: Я заўсёды па натуры быў рамантыкам


Пакуль многія «зоркі» падчас пандэміі застаюцца без работы і ўпадаюць у дэпрэсію, ён з зайздроснай хуткасцю выпускае новыя хіты, што скараюць сэрцы многіх слухачоў. Спявак Шыр Чарыеў, які з'ехаў з Туркменістана шмат гадоў таму вучыцца ў Мінск, расказаў, як трапіў у беларускі шоў-бізнес, адкуль бярэ натхненне для сваіх песень і чым займаецца ў няпросты для артыстаў час.


— Як у вашым жыцці з'явілася музыка?

— У мяне вельмі творчая сям'я, таму з музыкай я пазнаёміўся яшчэ ў раннім дзяцінстве. Калі мне было гадоў пяць, а брату сем, бацькі паведамілі нам, што мы будзем вучыцца ігры на музычных інструментах, і далі магчымасць самастойна выбраць: акардэон, фартэпіяна ці скрыпка. Не ведаю, што паўплывала на маё рашэнне ў тым узросце, але я абраў апошняе і асвойваў гэты інструмент з пяці да дзесяці гадоў. Шчыра кажучы, быў лайдаком і зусім не любіў вучыцца, таму скрыпку з часам «закінуў». Пазней самастойна асвоіў гітару і пачаў спяваць дваровыя песні, гэта была мяжа маёй музычнай кар'еры ў той час. Скончыўшы школу, я стаў перад сур'ёзным пытаннем, якое ўзнікае перад кожным чалавекам у такім узросце, — выбарам месца паступлення. Пасля нядоўгіх роздумаў вырашыў прыехаць у Беларусь, вучыцца ў Мінску, абраўшы юрыдычны кірунак. Але працягваў іграць на гітары ў інтэрнаце, пакуль аднойчы не даведаўся, што ў адной музычнай студыі адбываецца набор у групу. Падумаўшы, вырашыў, што, паспрабаваўшы, нічога не страчу. Прыйшоў, мяне праслухалі і сказалі, што возьмуць салістам. Ведаеце, я спачатку нават знерваваўся, бо ішоў на спробы ў групу і не зусім разумеў, хто такі саліст. Але цяпер ні пра што не шкадую.

— А калі адбылося першае прафесійнае выступленне?

— Не ведаю, наколькі яно было прафесійнае, але першае самае яркае і запамінальнае для мяне здарылася, калі вучыўся ў дзявятым класе. На адным з мерапрыемстваў я пазнаё-
міўся з народнай спявачкай Туркменістана Гульшат Гурдавай. Яна пачула, як я спяваю, убачыла, як танцую, ёй спадабаліся мой голас і харэаграфічныя даныя, і яна прапанавала мне выступіць разам з ёй. А крыху пазней нават запрасіла паўдзельнічаць у здымках. Калі казаць пра Беларусь, то першы выхад на вялікую сцэну адбыўся ў 2006 годзе, калі я выпусціў сваю песню «Дэнс пад дажджом» і выступіў з ёй на «Песні года». Пасля пачалі запрашаць у многія тэлевізійныя праекты. З гэтага і пачалася мая кар'ера спевака.

— Атрымліваецца, «Дэнс пад дажджом» — першая кампазіцыя, якую вы напісалі?

— Гэта, хутчэй, мая «ўзлётная», якая адкрыла шлях у свет прафесійнай музыкі. А самая-самая першая песня, якую я склаў, называлася «Вясна». Скажу па сакрэце, яна мая любімая. Я напісаў яе ў студэнцтве для сваёй былой жонкі, але нідзе публічна яна не гучала. Потым была напісана другая — «Прашу, вярніся», яе доўгі час не бралі на радыё з-за дрэннага запісу і няякаснага гуку. Напэўна, тады мне не хапала вопыту, каб усё адразу зрабіць ідэальна, таму прыйшлося доўга з ёй павазіцца, каб кампазіцыю пусцілі ў эфір. Ну а пасля яе выйшла тая, пра якую мы гаварылі ў самым пачатку.

— Усе свае песні ствараеце самастойна?

— Наогул, раней я пісаў і словы, і музыку цалкам сам, але потым пачаў карыстацца дапамогай прафесіяналаў. На самай справе шмат каму можа падацца, што напісаць песню — справа пяці хвілін, але гэта абсалютна не так. Па-першае, трэба валодаць пэўнымі якасцямі. Возьмем самае банальнае, але, безумоўна, важнае — уменне чакаць. Бо бывае такое, што ты сядаеш пісаць, і ў цябе ўсё выходзіць з першых секунд, але ўсё роўна ты потым перачытваеш, раішся з кімсьці і даводзіш песню да ідэалу. А часам здараецца, што бярэш ручку, аркуш, пішаш круты першы радок, а далей наогул няма натхнення, тады даводзіцца «высмоктваць з пальца». У такіх выпадках я адкладваю гэтую песню на нейкі прамежак часу і, калі прыйдзе натхненне ці патрэбны настрой, бяруся за яе зноў. Калі чалавек не ўмее чакаць, то ён закіне напісанне музыкі адразу ж пасля першай няўдачы. Таксама важна ўмець выкладаць свае думкі і пачуцці на паперы, каб песня несла нейкі сэнс, а не проста рандомны набор слоў у рыфму. Ну і, вядома ж, творчая асоба, якая хоча пісаць песні, павінна сачыць за тым, што актуальна, што слухае аўдыторыя, каб кампазіцыя мела папулярнасць.

— А адкуль чэрпаеце натхненне для творчасці?

— Я вельмі лірычны і нават, магчыма, сентыментальны. Заўсёды па натуры быў рамантыкам, і таму большасць маіх песень мае спакойную накіраванасць. Напісаць вясёлую кампазіцыю заўсёды было для мяне цяжкай задачай. А натхненне, як і многія рамантыкі, чэрпаю са сваіх эмоцый, нейкіх унутраных перажыванняў, якімі хачу падзяліцца з маімі слухачамі.

— Як лічыце, каб стаць артыстам, абавязкова мець музычную адукацыю?

— У жыцці сустракаецца мноства розных таленавітых самародкаў, якія, умоўна кажучы, самастойна навучыліся ігры на фартэпіяна і заваёўваюць сэрцы мільёнаў. Але маё меркаванне такое: кожны прафесійны спявак павінен ведаць хаця б асновы музычнай адукацыі — нотную грамату. Таму я вельмі ўдзячны сваім бацькам, што, нягледзячы на маю ляноту, яны адправілі мяне вучыцца ў дзяцінстве ў музычную школу, і я атрымаў добры пласт ведаў і навыкаў.

— У большасці артыстаў ёсць песні, якія з'яўляюцца іх візітнай карткай. У вас такія ў рэпертуары маюцца?

— Мне здаецца, што кампазіцыя, па якой пазнаюць артыста, крыху непастаянная рэч. Бо творчасць чалавека не стаіць на месцы і з'яўляюцца новыя хіты, якія могуць засланіць старыя і стаць новымі любімымі песнямі ў публікі. У маёй творчасці ёсць адна музычная кампазіцыя, якую мяне вельмі часта просяць выканаць. Гэта кавер на песню «Аіша». Аднойчы я заспяваў яе ў нейкім караоке-клубе, мяне пачулі хлопцы з радыёстанцыі, ім вельмі спадабалася. І яны запісалі песню ў маім выкананні, а потым «круцілі» ў сябе на радыё.

— У пачатку нашай размовы вы расказалі, што хацелі стаць удзельнікам групы, а жаданне спець дуэтам калі-небудзь узнікала?

— Вядома, у мяне ўжо былі дуэты з маімі калегамі, напрыклад, з Інай Афанасьевай мы выконвалі песню «Колькі гадоў». Акрамя таго, зараз я рыхтую сумесны хіт з адным вядомым акцёрам. У яго вельмі шчыльны графік здымак, таму даводзіцца чакаць. Але з якім менавіта, няхай пакуль застаецца сакрэтам.

— Мінулы год быў вельмі складаны для артыстаў з-за пандэміі. Вас гэта закранула?

— Вядома, зменшылася колькасць выступленняў, але я не нерваваўся, а рацыянальна распланаваў свой час, каб ён праходзіў з карысцю. Менавіта таму 2020 год для мяне стаў адным з самых плённых. Па збегу абставін з'ездзіў дадому ў Туркменістан пабачыцца з роднымі і там пазнаёміўся са сваім новым аранжыроўшчыкам. Якраз тады шукаў чалавека, які змог бы дапамагчы «мадэрнізаваць» мае песні, але ўсе вядомыя людзі ў гэтай прафесіі ўжо маюць уласны «почырк». Мне ж хацелася для сваёй творчасці чагосьці новага і незаезджанага. Разам з ім мы напісалі некалькі кампазіцый, якія сталі хітамі. Акрамя таго, я зняў пару кліпаў і збіраюся далей развівацца, пакуль ёсць перапынак паміж выступленнямі. Многія чамусьці забываюць, што час — гэта самае каштоўнае ў нашым жыцці, я аб гэтым памятаю заўсёды і карыстаюся ім з розумам.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота з архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».