Вы тут

Эфектны і эфектыўны ўрок. Ці можна паміж імі паставіць знак роўнасці?


Па самых прыблізных падліках, за час сваёй вучобы ў школе дзіця наведвае больш як 10 тысяч самых розных урокаў. Як гэтым бясцэнным патэнцыялам распараджаюцца настаўнікі?


Не здзівіць, а навучыць!

Мікалай ЗАПРУДСКІ: «Я больш як 30 гадоў выкладаў у школе фізіку, больш за 40 гадоў працую ў АПА. І самай цікавай тэмай для мяне заўсёды быў урок. Усё, чым я займаюся ў акадэміі, такім або іншым чынам звязана менавіта з ім».

Ёсць тры блізкія абазначэнні ўрока: эфектны, выніковы і эфектыўны. Ці ёсць паміж імі розніца?

— Эфектны — той, які кідаецца ў вочы, запамінаецца. Але на такім занятку акцэнты перамяшчаюцца на знешні антураж, — разважае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Запрудскі. — Чаму некаторыя аўтары адкрытых урокаў аддаюць перавагу эфектнасці? Па-першае, фармалізм — характэрная асаблівасць паводзін і дзейнасці многіх людзей. Па-другое, ёсць у настаўнікаў натуральнае жаданне падабацца знешнім экспертам: адміністрацыі, калегам, членам журы ці экзаменацыйнай камісіі. Яны лічаць, што тыя хочуць убачыць менавіта эфектнасць, і таму можна разлічваць на высокія балы. Па-трэцяе, сапраўды сустракаюцца такія ацэншчыкі, для якіх бачнасць кіпучай дзейнасці настаўніка больш важная за работу вучняў. Я з'яўляюся членам журы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» з 1990-х гадоў і заўважаю, што для некаторых маіх калег важна, каб настаўнік на ўроку дамінаваў, але з кожным годам такіх членаў журы становіцца менш, бо на ўроку важна не здзівіць інавацыйнымі прыёмамі і сродкамі навучання, а навучыць!

А які ўрок можна назваць выніковым? Па логіцы, той, які забяспечвае добры вынік. Урок, на якім дасягнута мэта (па магчымасці, усімі навучэнцамі), можна лічыць выніковым. Але далёка не любы выніковы ўрок з'яўляецца эфектыўным. Калі на яго падрыхтоўку і правядзенне выдаткавана зашмат рэсурсаў, нерваў, часу, матэрыялаў, ён можа быць выніковым, але не будзе эфектыўным.

Мая знаёмая настаўніца працавала вельмі вынікова, калі ацэньваць яе дасягненні па пэўных маркерах: яе выхаванцы перамагалі на розных алімпіядах і інтэлектуальных спаборніцтвах, мелі добрыя вынікі на ЦТ, але ўвесь свой час яна прысвячала рабоце. І калі выйшла на пенсію, сям'і ў яе не было. А ў педагога абавязкова павінен заставацца час на асабістае жыццё, на хобі і падарожжы, у процілеглым выпадку ён працуе неэфектыўна. Дык ці сінонімы словы «эфектыўны» і «выніковы»? — звярнуўся да ўдзельнікаў EdCamp Belarus Мікалай Запрудскі.

Вера ў поспех

— Адкрыты ўрок, на падрыхтоўку да якога настаўнік выдаткаваў вельмі шмат рэсурсаў, выніковы, але ён неэфектыўны. Таму што выніковасць — толькі адзін з крытэрыяў эфектыўнасці. Калі мяне запрашаюць на ўрок, на што я звычайна звяртаю ўвагу? Ці працавалі вучні актыўна. Ці ўсе былі ўцягнутыя ў работу. Ці ўяўляе з сябе ўрок сістэму. Ці створана спрыяльнае асяроддзе і псіхалагічны камфорт для дзяцей. Ці забяспечана моцная зваротная сувязь. Магчыма, ёсць і іншыя крытэрыі эфектыўнага ўрока, але гэтыя — галоўныя. Для актыўнай работы вучня на ўроку павінна быць матывацыя, а матывацыя можа з'явіцца, калі дзіця разумее свае патрэбы. Бацька кажа сыну: «Калі ты скончыш чвэрць з адзнакамі не ніжэй за «6», я куплю табе смартфон». Паверце, што стымуляцыя адзнакай працуе зусім нядоўга. А вось матыў, які абапіраецца на патрэбы дзяцей, больш устойлівы.

Я, на жаль, быў на ўроках, дзе настаўнік рабіў усё насуперак патрэбам вучняў. У дзяцей ёсць патрэба ва ўзаемадзеянні, у пошуку, а не ў атрыманні гатовых ведаў, таму пры падрыхтоўцы да ўрока педагог павінен прадумаць, як ён будзе задавальняць патрэбы сваіх вучняў. Эфектыўны ўрок мае сістэмны характар, і калі мы ставім мэту на ўрок, то павінны прадумаць, якімі метадамі і сродкамі яна будзе дасягнута. Таксама на ўроку павінна быць створана асяроддзе, якое спрыяе навучанню школьнікаў.

Я ўпэўнены, што найлепшы падарунак, якім мы можам падзяліцца з блізкімі, — гэта вера ў яго поспех. Каштуе мала, але дорага цэніцца. Упэўнены, што маладыя настаўнікі сыходзяць са школы пасля двух гадоў работы па размеркаванні не толькі з-за невысокіх заробкаў, адсутнасці перспектыў з жыллём, а ў тым ліку з-за таго, што не адчуваюць падтрымкі. Ім не кажуць: «Я веру у твой поспех!» ці «У цябе абавязкова будзе дысцыпліна на ўроках». Кіраўнікі павінны натхняць сваіх педагогаў, а тыя — сваіх вучняў. Эфектыўны настаўнік ставіцца да выхаванцаў з цеплынёй, падтрымлівае вачыма і ўсмешкай, дае магчымасць для выбару, прымае іх ідэі, арганізуе на ўроку супрацоўніцтва, знаёміць вучняў з крытэрыямі, па якіх будзе правярацца іх работа. Я ў кожнай школе ў настаўніцкай размясціў бы «Пазітыўны слоўнік настаўніка» — словы і фразы, якія стымулююць: «Паспрабуй, я ўпэўнены, што ў цябе атрымаецца», «Я ведаю, ты гэта можаш...», «Хутчэй бы ўбачыць, што ў цябе атрымалася!», «Ты на правільным шляху», «Гэта заслужаны поспех, ты добра папрацаваў», «У цябе зноў атрымалася! Здорава!», «Гэта ідэя нам вельмі дапаможа», «Я бачу, як ты стараешся», «Я давяраю табе гэтую справу» і іншыя. Ці трыццаць фраз, якія хочуць чуць дзеці ад сваіх бацькоў і настаўнікаў: «Ты асаблівы (унікальны)», «Будзь сабой!», «Я табе дапамагу», «Я ганаруся табой», «Не здавайся», «У цябе атрымалася», «Я ў цябе веру», «Я паважаю тваё рашэнне», «Ты зможаш!», «Ты частка каманды», «Табе ёсць чым ганарыцца»... Навучанне не будзе эфектыўным, калі пазбавіць дзіця нават шанцу на поспех. І зусім іншая справа, калі поспехі прызнаюцца і ацэньваюцца: у гэтым выпадку і да абгрунтаванай і канструктыўнай крытыкі навучэнцы паставяцца хутчэй як да карыснай...

«Не дабяжым, дык хоць сагрэемся»

Здараецца, што на перапынку падыходзяць вучні і цікавяцца ў настаўніка: «А пра што вы будзеце пытацца?» ці «Што будзе ў нас на кантрольнай?»

«Калісьці і мне задавалі такія ж пытанні. І сёння мне сорамна за свае адказы, — прызнаецца Мікалай Запрудскі. — Я казаў дзецям: «Вучыце ўсё!» А ўсё вывучыць проста немагчыма. І калі мы так кажам, то навучэнцам прасцей увогуле забыцца пра вучобу. Вось чаму важна ўзброіць вучняў крытэрыямі ацэнкі і растлумачыць ім, чаму мы робім на ўроку тое ці іншае, у той ці іншай паслядоўнасці, чаму задаём менавіта такія дамашнія заданні.

Мікалай Запрудскі канстатуе: часта вучні не ведаюць мэты і не могуць зразумець, што яны робяць на тым ці іншым уроку, а 45 хвілін ужо заканчваюцца. А калі адкрыць дзецям «таямніцу», навошта яны вучацца, давесці да іх мэту ці дапамагчы яе сфармуляваць, то можна зрабіць іх сваімі саюзнікамі.

— Мэта — гэта ўяўленне аб выніках, якіх мы імкнёмся дасягнуць, а не дэкларацыя намераў настаўніка, — падкрэслівае прафесар. — Нікога не трэба пераконваць у тым, што мэта настаўніка і мэта вучня знешне выглядаюць па-рознаму. Але вельмі важна, каб яны ўказвалі на плануемы вынік дзейнасці. Настаўніку трэба «перакласці» мэту на даступную вучню мову. Мэта не можа быць фармальнай! І, канешне, яна павінна быць дасягальнай за 45 хвілін — да моманту, калі празвініць званок. Вельмі ўдалы варыянт — стварэнне праблемнай сітуацыі, калі навучэнцы прыходзяць да высновы, што для яе вырашэння неабходна штосьці ведаць і ўмець. І гэта «штосьці» яны называюць самі. Такім чынам школьнікі самастойна вызначаюць сваю мэту.

Беларускія педагогі вось ужо больш як адзінаццаць гадоў укараняюць на сваіх уроках актыўную ацэнку. (У Еўропе гэта тэхналогія вядомая пад назвай Formatіve Assessment, або дынамічнае, ці фарміруючае ацэньванне).

Аўстралійскі прафесар Джон Хэці распрацаваў своеасаблівы «барометр», які паказвае ўплыў канкрэтных фактараў на навучанне. Чым вышэйшае значэнне паказчыка, тым большы ўплыў на якасць навучання аказвае гэты момант. Высветлілася, напрыклад, што ў найменшай ступені на якасць уплываюць дамашнія заданні, індывідуалізацыя навучання, колькасць вучняў у класе, падзел на групы па здольнасцях і паўторнае навучанне (пакіданне вучня на другі год). А найбольш высока Джон Хэці ацэньвае існаванне зваротнай сувязі паміж настаўнікам і вучнем (толькі разгорнутая зваротная сувязь істотна карэлюе з высокімі дасягненнямі), ну і, вядома, настаўніцкія чаканні. Педагог павінен верыць, што ўсе дзеці могуць вучыцца і развівацца, што навучальныя вынікі любога з іх могуць змяніцца да лепшага, бо не з'яўляюцца раз і назаўсёды зададзенай велічынёй.

Прыхільнікі філасофіі актыўнай ацэнкі выкарыстоўваюць абрэвіятуру «НаШтоБуЗУ» — гэта крытэрыі ацэнкі, інфармацыя для вучняў — «на што настаўнік будзе звяртаць увагу», так бы мовіць, «кантракт» паміж вучнем і педагогам на канкрэтны ўрок.

Калі педагог адразу вызначае крытэрыі поспеху, вучань дакладна ведае, якую работу ён павінен выканаць, якія будуць чаканні настаўніка, а настаўнік не мае праблем з ацэньваннем работы вучня. Бываюць урокі, на якіх дзеці працуюць па прынцыпе «калі не дабяжым, дык хоць сагрэемся» — ці наогул не ведаюць, куды і навошта бегчы. А «НаШтоБуЗУ» — гэта маркеры, каб вызначыцца, ці не збіліся са шляху да мэты, з імі і вучань адчувае сябе на ўроку больш упэўнена.

— Тэма ўрока — верш Максіма Багдановіча «Санет» («Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...», — прыводзіць прыклад Мікалай Запрудскі. — НаШтоБуЗУ? На ўменне выразна чытаць верш (з вызначэннем паўз і пастаноўкай націскаў), на веданне відаў лірыкі, на ўменне аналізаваць верш (ведаць тры спосабы стварэння яскравага вобраза крыніцы).

Правіла непадымання рукі

— Не менш важнае мастацтва — уменне працаваць на ўроку з пытаннямі, у прыватнасці ключавымі. Гэта той «кручок», які чапляе ўвагу вучня і не адпускае, пакуль задача не будзе вырашана. Настаўнік павінен быць прыкладам для вучняў у пастаноўцы пытанняў, бо немагчыма стаць паспяховым у жыцці без умення іх задаваць, — падкрэслівае прафесар. — Бізнес таксама пачынаецца з пастаноўкі пытанняў. Трэба ставіць адкрытыя пытанні, без гатовага адказу, яны павінны абуджаць цікавасць, падштурхоўваць да разважанняў, уцягваць і матываваць, ствараць пазнавальную напружанасць на ўроку. І абавязкова трэба даць час на пошук адказаў. Майце на ўвазе, што як толькі хтосьці ў класе падымае руку, усе астатнія тут жа расслабляюцца і перастаюць думаць, таму што выклікаюць таго, хто ўжо ведае адказ. Таму многія з настаўнікаў, якія вучыліся на курсах актыўнай ацэнкі, карыстаюцца правілам непадымання рукі і выклікаюць вучняў да адказаў з дапамогай жэрабя, напрыклад, шляхам выцягвання палосак з прозвішчамі. Правіла непадымання рукі змяншае для вучняў верагоднасць адседзецца, так бы мовіць, у глядзельнай зале, нават калі ідзе работа ў групе.

Ну і самы важны складнік эфектыўнага ўрока, як ужо казалі вышэй, — гэта пісьмовая або вусная зваротная сувязь. Проста сказаць «тут дрэнна, тут дрэнна і тут дрэнна» няправільна. Замест адзнакі ў балах настаўнік каментуе дзейнасць вучня і яе вынікі, што заахвочвае да далейшай работы. Крытэрыяльная (у дапаўненне да бальнай) ацэнка — адзін з асноўных прынцыпаў тэхналогіі актыўнай ацэнкі. «Зваротная сувязь — гэта магчымасць выратаваць і вярнуць у адукацыйны працэс найбольш слабых вучняў, бо дзецям нецікава, калі ў класе адбываецца разбор толькі найбольш тыповых памылак. Кожны хоча чуць найперш пра сябе — пра свае поспехі і няўдачы, — падкрэслівае Мікалай Запрудскі. — Калі выкарыстоўваць зваротную сувязь толькі эпізадычна, то пазітыўнага эфекту чакаць не даводзіцца. А яшчэ трэба распрацаваць стратэгію: дзе мы ставім адзнаку, а дзе забяспечваем вучню зваротную сувязь...»

Добры каментарый павінен быць звязаны з крытэрыямі «НаШтоБуЗУ» і ўключаць чатыры абавязковыя элементы: падкрэсліванне станоўчых бакоў работы вучня, указанне на тое, што павінна быць выпраўлена, над чым трэба папрацаваць дадаткова, падказкі, як гэта можна зрабіць, і парады, у якім кірунку вучань павінен працаваць далей.

«Эфектыўна навучаць можа толькі эфектыўны настаўнік, — кажа Мікалай Запрудскі. — Мушу канстатаваць, што не кожны педагог здольны паставіць у цэнтр урока вучня з яго патрэбамі. Многім цяжка адмовіцца ад стэрэатыпаў, якія складваліся дзесяцігоддзямі. Для таго каб адбыліся змены ў школе, трэба, каб сам настаўнік пажадаў змяніцца. Таму вучыцеся, чытайце, камунікуйце з калегамі, спрабуйце, заваёўвайце аднадумцаў — і поспех абавязкова прыйдзе».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.