Вы тут

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Інвестыцыі ў дзіцячую літаратуру не меней важныя, чым укладанні ў іншыя віды дзейнасці…


Маладая пісьменніца Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ надзвычай актыўна працуе ў галіне дзіцячай літаратуры. Адна за другой прыходзяць да юнага чытача яе кнігі. Летась Кацярына адзначана прэстыжнай у пісьменніцкім асяроддзі Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Працуе літаратар настаўніцай, што, відавочна, і дапамагае ў дадатак да яе светлага таленту разгледзець дзіцячую душу, знайсці агульную мову з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Наша размова — з пісьменніцай і педагогам Кацярынай Хадасевіч-Лісавой.


— Кацярына, вы працуеце выключна ў галіне дзіцячай літаратуры... Хаця пачыналі, скажам так, як дарослы празаік... Ці можа пісьменнік з пэўным жыццёвым досведам выказаць усё, што пажадае, у творах, якія ён адрасуе юнаму чытачу, дзецям?

— Мой літаратурны дэбют адбыўся ў 1996-м годзе на старонках часопіса «Першацвет». Першай публікацыяй стала аўтарскае паданне «Цірэй і Эйра», адрасаванае падлеткам. Першай кнігай стаў раман для дарослых чытачоў, былі публікацыі для гэтай жа аўдыторыі ў калектыўных зборніках і перыядычным друку. Але для мяне заўсёды роднай была дзіцячая літаратура. А ўсё іншае я лічу творчымі спробамі, каб запэўніцца, пераканацца, што ўсё ж такі бліжэй да майго сэрца. І я зразумела, што менавіта маё — гэта чысты і яркі свет дзяцінства, напоўнены казкамі, марамі, дабрынёй. Для юных чытачоў і буду пісаць, але так, каб не проста пазабаўляць і павесяліць іх, але і абавязкова праз казкі закласці самае галоўнае: духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры.

Дзіця — чысты аркуш паперы, на якім можна запісаць пэўную інфармацыю і яна запомніцца, закладзецца ў аснову асобы, паўплывае на светаўспрыманне, характар, нават жыццё. Вялікая роля ў станаўленні маленькага чалавека належыць кнігам. Таму так важна пісьменніку адчуваць сваю адказнасць за тое, што закладваеш сваімі творамі. І з уласнага вопыту, досведу, разумення свету трэба браць самае светлае, карыснае, добрае. А вось пасябраваць дзецям з кнігамі павінны дапамагчы ў першую чаргу бацькі. Менавіта ў сям’і павінна адбыцца адкрыццё дзівоснага свету чытання. Памятайце, праз сумеснае чытанне кніг выхоўваецца самае неабходнае і важнае. Толькі трэба выбіраць вартыя кнігі, каб накіроўваць дзяцей у правільнае рэчышча і развіваць літаратурны густ.

 — Вашы казачныя героі заваёўваюць усё большую і большую чытацкую прастору. Як бы вы самі ахарактарызавалі Вухуціка і іншых персанажаў? Чаму, на ваш погляд, дзяцей захапілі менавіта яны, чаму яны прыцягваюць шырокую ўвагу?

Згаданыя персанажы новыя, запамінальныя і крэатыўныя. Такімі яны з’явіліся ў маім уяўленні і настойліва патрабавалі пазнаёміць іх з дзецьмі. Таму, хоць гэта і няпроста, але мне даводзіцца трымаць зададзеную імі планку і старацца пісаць пра іх такія ж кнігі. Вухуцік — іншапланетнік, якога, ратуючы ад касмічнай буры, тэлепартавала на Зямлю дзяўчынка Улада. ВасільВася — хлопчык-галаграма, ён трапіў да нас праз Міжпрасторавы партал. Падабайка — сусветнавядомы персанаж, які шмат гадоў жыў у выглядзе сімвалаў у інтэрнэце, а потым нарэшце выйшаў адтуль у рэальнае жыццё праз маю кнігу. Страшныя і адначасова вельмі цікавыя Лёка і Тупцень распавядуць адрэналінава-захапляльныя жахліўчыкі. Класавічкі Асік, Бэсік і Вэсік (персанажы кшталту школьных дамавічкоў) пакажуць школу з зусім іншага і нечаканага боку… Гэта далёка не ўсе мае незвычайныя персанажы. А з такімі героямі, як разумееце, проста павінна адбывацца нешта неверагоднае, таямнічае і прыгодніцкае. Важна! Усе галоўныя дзеі тут, у нашай роднай Беларусі, часта на знаёмых вуліцах і ў нашых гарадах. Цуды побач, казкі жывуць па суседству! Пачытай — і заўважыш! Я актыўна прэзентую кнігі, праводжу творчыя сустрэчы, ладжу літаратурныя імпрэзы, на якіх прадстаўляю юным чытачам сваіх персанажаў. І гэта асабістае знаёмства, дзеці бачаць іх на свае вочы, гуляюць з імі, фатаграфуюцца. Так у маіх казачных герояў з’яўляюцца сябры, якія чытаюць пра іх, любяць іх, пішуць ім у сацыяльных сетках. Можа ў гэтым сакрэт увагі юных чытачоў?

— У дачыненні да казачнай творчасці, жанру казкі, часта гавораць пра казкавую тэрапію. Вашы творы можна разглядаць як адзін са складнікаў казкатэрапіі?

 — Так і ёсць, казкі ў цэлым і мае ў прыватнасці — дзейсны сродак ад стрэсаў і стомленасці, а яшчэ яны напаўняюць нас пазітыўнай энергіяй, дапамагаюць знаходзіць выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый, даюць надзею на нечаканыя цуды, нагадваюць, што ўсё, што здараецца — да добрага, казкі падтрымліваюць веру ў шчаслівае завяршэнне любых жыццёвых перыпетый. Толькі трэба верыць у казкі, каб тэрапія адбылася. Памятайце, на чалавека любыя, нават самыя моцныя і правераныя лекі дзейнічаюць толькі тады, калі ён верыць у вынік, у свае сілы і настроены на перамогу.

 — Традыцыйна лічыцца, што ў казцы дабро павінна перамагаць зло. Як насамрэч адбываецца ў вашых казках? Ці згодны вы з такім падыходам?

 — Па-іншаму і быць не можа! Заўсёды дабро перамагае зло. І не толькі ў казках! Гэта глыбокая філасофія жыцця. Часам чалавек не можа зразумець і ўсвядоміць, чаму адбываецца тое ці іншае, здараюцца непрыемнасці. Бывае, страчваецца вера, што дабро пераможа. А вельмі важна захаваць шчырую надзею на лепшае, быць упэўненым, што, як у казцы, дабро возьме верх. У рэшце рэшт, кажуць, думкі матэрыялізуюцца. Няхай у нас заўсёды будуць думкі пра добрае, яно абавязкова адолее злое. У маіх казках толькі так.

 — Назавіце тры ўласныя казкі, які б вы рэкамендавалі чытаць дзецям перад сном? І чаму менавіта такі выбар?

 — Калі выбраць тры, то гэта будуць не асобныя аповеды, а кнігі, на старонках якіх жывуць самыя дзівосныя гісторыі… пра дзіцячыя сны! Напрыклад, «Казкі Сіняй падушкі». Гэта дзесяць падарожжаў у Краіну Сноў, дзе можа адбывацца ўсё што заўгодна. Экскурсавод па Краіне Сноў — камячок Пухлік, які жыве ў Сіняй падушцы, пакажа гасцям-чытачам самае цікавае.

«Касмічная адысея хлопчыка Стасіка» — падарожжы ў сне галоўнага героя, які з радасцю возьме ў кампанію юных чытачоў. Найлепш слухаюцца такія казкі ў ложку, дрэс-код — утульная піжама. Гэта кніга перанясе вандроўнікаў у мікракосмас, дзе пазнаёміць з Феяй Краіны Сноў, з зоркамі, запросіць у Аблокавую краіну, накорміць туманнай кашай, нават у Чорную дзірку засмокча… Але не хвалюйцеся, усё скончыцца добра!

«Канікулы з прыгодамі» — працяг касмічнай адысеі, толькі гэтым разам падзеі адбудуцца на Зямлі цёплым сонечным летам. У кнізе ёсць «гісторыя з незвычайным сном», ёсць дэтэктыў, вясёлыя прыгоды, загадкавыя здарэнні, першыя сімпатыі… ну і адно касмічнае падарожжа для разнастайнасці. Кожны чытач знойдзе сваю самую любімую тэму для прыемных сноў.

А ўвогуле, усе мае казкі можна чытаць дзеткам на ноч, таму што пасля іх будуць сніцца толькі прыемныя казачныя сны.

— Што ў свае казкі вы выбіраеце з вопыту ўласнай сям’і, а што — з уласнай педагагічнай практыкі? Што пераважае?

— Пераважае фантазія, якая апрацоўвае ўбачанае ў звычайным жыцці. З сям’і ў мае казкі перайшло шмат чаго. Прататыпам хлопчыка Стасіка з маіх казак стаў мой сын Станіслаў. Калі ён быў яшчэ маленькім, неяк раз мы з ім самі ўзяліся рабіць яму новую падушку. Ён выбраў сінюю навалачку, напаўняльнік — белыя камячкі файбертэку. Так з’явілася Сіняя падушка, у ёй пасяліўся камячок Пухлік, які ведае сто мільёнаў казак і распавядае іх Стасіку перад сном. І касмічную адысею Стасік паспяхова здзейсніў! Прама са свайго пакоя, у якім мы паклеілі шпалеры ў зорачкі (той самы мікракосмас), а вандраваў ён разам з намаляваным на іх хлопчыкам, якога мы назвалі Зорнічак. Далей казкі прыйшлі самі. Заставалася толькі запісаць.

Педагагічная практыка таксама дае магчымасці сустракаць прататыпаў новых герояў, «пазычаць» у школьнікаў для персанажаў цікавыя рысы характараў, звычкі, знешнасць, адлюстроўваць у творах сітуацыі. Напрыклад, у кнізе «Таямніца незвычайнай школы» шмат імёнаў рэальных дзяцей, некага можна пазнаць па апісанні, чыйсці характар «чытаецца» ў персанажа.

 — Чаму ўсё ж такі вучаць вашы ўласныя казкі?

— Быць добрымі, адказнымі, шчырымі і спагадлівымі, умець цаніць тое, што маеш, любіць і шанаваць сваё роднае, дараваць крыўды, радавацца за іншых, шукаць выйсце са складаных сітуацый, верыць у лепшае, берагчы сяброўства, быць вясёлымі, цаніць пачуццё гумару… Вучаць жыццю, бо казка — яго міні-мадэль.

 — Чым адрозніваюцца казкі, якія чулі, чыталі нашы бабулі, дзядулі, ад тых твораў, якія зараз прыходзяць да нашых дзяцей, унукаў? Ці можна гаварыць пра эвалюцыю казкі як жанру ў апошнія дзесяцігоддзі ці, напрыклад, на працягу апошняй паловы стагоддзя?

 — Добрая казка — вечная каштоўнасць, якая застанецца сапраўдным скарбам і праз тысячагоддзі. Імёны казачнікаў, якія жылі і пісалі цудоўныя гісторыі сто, дзвесце, трыста і нават больш гадоў таму, ведаюць усе. Іх казкі дайшлі да нас і застаюцца любімымі, яны і зараз друкуюцца ў кнігах, па іх чарговыя разы пераздымаюць кіно і ствараюць мультфільмы.

Але свет імкліва мяняецца, тэхналогіі хутка развіваюцца, гэта ўплывае на наша жыццё ва ўсіх сферах. Чаму б сучасным казкам, ну хоць бы для разнастайнасці, не адпавядаць новым і нават будучым тэхналогіям? У якасці прыклада з уласнай творчасці прывяду казку «Знаёмцеся — #Падабай.к@!» Гэта своеасаблівая кніга-гаджэт, што не патрабуе зарадкі, не расходуе трафік, не псуе зрок, не глючыць, а яшчэ дае карысную інфармацыю, вядзе ў свет фантазіі, пашырае слоўнікавы запас і дорыць магчымасць знаёміцца ў Сусветным сеціве з новымі сябрамі… Галоўны герой — віртуальны хлопчык Падабайка, той самы, які ў сацсетках самае адметнае адзначае сімвалам «лайк», «падабаецца». Дзецям цікавыя гісторыі пра яго. І пакуль чытаюць — адпачываюць ад экранаў смартфонаў. Таксама карысна!

Ну ці пра будучыя тэхналогіі. «Палёт на Вухуцію» — гэта кніга-телепорт! Сакрэты адкрываць не буду, бо словамі не распавядзеш. Вазьміце кнігу, націсніце кнопку і тэлепартуйцеся разам з героямі!

Сённяшнія дзеці адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў, разам з гэтым з’яўляюцца новыя фарматы і тэмы казак. Але яны па-ранейшаму будуюцца на асноўных пастулатах, расказваюць пра вечныя каштоўнасці.

 — Ці сочыце вы за развіццём дзіцячай літаратуры ў свеце, іншых краінах?

— На жаль, не так, як хацелася б. Стараюся заўважыць самыя яркія і папулярныя кнігі і знаходзіць час на знаёмства з імі. Раней, калі ў нашай сям’і быў юны чытач, больш паспявала, бо яму кнігі прыносіла, разам чыталі. Зараз сыну шаснаццаць, з дзіцячай літаратуры пераключыўся на дарослую. Напрыклад, Кінга чытае. Ну і ўсе мае казкі, яшчэ ў рукапісах.

 — Беларуская дзіцячая літаратура... Як яна выглядае ў садружнасці іншых еўрапейскіх дзіцячых літаратур?

 — Годна. У нас шмат цікавых кніг, адметных аўтараў, наша дзіцячая літаратура ў росквіце. Я люблю роднае, беларускае. А яшчэ вельмі хочацца, каб часцей перакладалі нашых пісьменнікаў, каб з беларускімі казкамі пазнаёміліся чытачы іншых краін. У нас ёсць што прадстаўляць.

 — Чаго сёння не хапае беларускай дзіцячай літаратуры?

 — Хацелася б больш добрай рэкламы, грунтоўнай раскруткі. Менавіта на дзіцячую літаратуру трэба выкарыстоўваць максімум рэсурсаў, рабіць сур’ёзныя ўкладанні. Гэта важныя інвестыцыі ў будучыню нацыі. Любоў і цікавасць да кнігі і чытання закладваецца ў дзяцінстве і застаецца на ўсё жыццё. Падмурак чытацкай самастойнасці, закладзены ў маленстве, будзе трымаць адносіны з кнігай на працягу жыцця чалавека. Стане кніга добрым сябрам — пастаянная яе прысутнасць будзе неабходна чалавеку. Чытачоў трэба гадаваць з калыскі. Яшчэ хочацца, каб беларусы чыталі айчыннае, выбіралі кнігі на роднай мове, адкрывалі для сябе ў беларускай літаратуры імёны сучасных творцаў.

Ну і ніколі не будзе зашмат новых цудоўных кніг і цікавых аўтараў.

Стварыць бы асобную індустрыю дзіцячай кнігі, якая будзе выпускаць і праводзіць выданні ў жыццё, забяспечыўшы кнізе ўсемагчымую падтрымку.

 — А ці патрэбны дарослым казкі? Якую б казку вы адрасавалі менавіта даросламу чытачу?

— Казкі патрэбны ўсім. Гэта ж каштоўнасць, святло, падказка ў жыццёвых сітуацыях. Мяркую, кожны дарослы можа назваць сваю любімую казку. А калі прапанаваць штосьці з маёй творчасці, то назаву кнігу-квэст «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» і казачна-рамантычную аповесць «Зорка нябесная. Зорка зямная».

 — Ці выступаюць прапагандыстамі казкі нашы дзіцячыя масмедыя? Чаго ім, дзіцячым часопісам і газетам, у гэтым плане якраз не стае, не хапае?

 — Выступаюць, наколькі дазваляюць іх магчымасці. Нашы дзіцячыя газеты і часопісы прапаноўваюць дзецям казкі, робяць анонсы і агляды кніжных навінак, прадстаўляюць творчыя пляцоўкі для юных літаратараў, ладзяць конкурсы… Але заўсёды марыцца пра большае. Прапаганды казкі толькі ад друкаваных выданняў мала. Хочацца часцей бачыць рэкламу на тэлебачанні. Было б цудоўна па кнігах ствараць мультфільмы, здымаць казкі, выкарыстоўваць сюжэты і цікавых персанажаў у «Калыханцы». Чаму б маім Вухуціку і Падабайку не завітаць да Топы і Яначкі? Было б цікава!

Ну і хацелася б бачыць рэкламу дзіцячых кніг на тэлебачанні, любавацца банерамі з кнігамі на вуліцах, чытаць пра новыя выданні на яркіх лістоўках у вагонах метро. Буктрэйлеры да дзіцячых кніг запускаць на ўсемагчымых экранах, у інтэрнэце, перад праглядам дзіцячага сеанса ў кіно. А яшчэ персанажам беларускіх казак добра было б з’явіцца на дзіцячым адзенні, заплечніках, пеналах…

Няма мяжы для крэатыву і ўдасканалення. Праца з кнігай ад стварэння да яе самастойнага шчаслівага жыцця няпростая, але надзвычай цікавая. Я займаюся гэтай справай з вялікім задавальненнем. І магу назваць любімую дзейнасць важнай часткай не толькі сваёй творчасці, але і жыцця.

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».