Вы тут

Як жылі раней і жывуць зараз яўрэі ў Беларусі?


На зямлі беларускай дружна жывуць не адно стагоддзе людзі розных нацыянальнасцей. І мы заўсёды цікавыя адно аднаму, з радасцю даведваемся больш пра традыцыі і культуру сваіх суграмадзян.

Сёння ў гасцях «Алесі» намеснік старшыні Бабруйскага іудзейскага рэлігійнага таварыства, краязнаўца і аўтар шэрагу лекцый па яўрэйскай гісторыі Беларусі Алег КРАСНЫ.


Як яўрэі апынуліся на тэрыторыі Беларусі і чаму яны выбралі гандаль?

Як вядома, у Старажытным Ізраілі яўрэі займаліся ўсімі відамі рамёстваў і земляробства. Але калі ім давялося рассяляцца па Цэнтральнай Еўропе, род заняткаў абмежаваўся гарадскімі прафесіямі: прышлым народам зямлю звычайна ва ўласнасць не давалі. Дый проста так нельга было прыйсці ў чужую краіну: спярша трэба было атрымаць запрашэнне. Таму звычайна яўрэі наладжвалі сувязі з мясцовымі князямі ці ваяводамі і пры дамове пераязджалі ўсёй суполкай. Гэта было выгадна і мясцовым жыхарам: з пачаткам актыўнага развіцця рамёстваў і прамысловасці мястэчкі і гарады станавіліся ўсё больш важнымі для росквіту краіны. Туды з задавальненнем пускалі чужынцаў. Па-першае, хтосьці павінен быў заняць нішу гандлю і абслугоўвання — усяго таго, што мы называем службай быту. А па-другое, чужынца можна было выгнаць у любы момант.

Што тычыцца гандлю, то не кожны мог за яго ўзяцца. Гэта павінен быць чалавек, не прывязаны да зямлі, бо землероб з вясны да восені заняты працай, інакш ураджаю не атрымаць. І гэта павінен быў быць хтосьці з грашыма і сувязямі. Тут трэба сказаць, што яўрэйскія суполкі мелі капітал. Акрамя таго, яўрэй мог прыехаць у іншы горад, прыйсці да суродзічаў, даведацца, што добра прадаецца-купляецца. Паколькі беларускія яўрэі — выхадцы з Еўропы, у іх часта заставаліся там роднасныя сувязі, няхай нават вельмі далёкія. Гэта таксама дапамагала.

А наогул, гандляваць было вельмі небяспечна. Ездзіць на закупы і вазіць тавар мог наважыцца толькі чалавек, у якога не мелася іншага спосабу зарабіць на жыццё. Адлегласці даводзілася пераадольваць вялікія, людзі і караваны знікалі ў дарозе: на шляхах было шмат небяспекі і клопатаў.

Дарэчы, у Вялікім Княстве Літоўскім прафесія фурмана доўгі час заставалася яўрэйскай. Гэта звязана з тым, што пры перавозцы грузаў і людзей патрабавалася не проста ўмець кіраваць павозкай, але і быць лагістам. Фурман сам планаваў шлях і месцы прыпынкаў для адпачынку і кармлення коней, ведаў майстравых кавалёў і тых, хто шые і рамантуе збрую. Калі што непрадбачанае здарыцца, фурман ведаў адрасы суполак, дзе ён мог папрасіць дапамогі.

Многія яўрэі трымалі корчмы, таму на прыкмеце ў фурмана заўсёды былі месцы, дзе яму дадуць ежу і начлег. Там ён даведваўся пра апошнія навіны, а пры неабходнасці мог нават узяць грошай у доўг. Таму для выбару яўрэямі такога занятку, як гандаль, знайшлося шмат прычын.

Як выглядаў яўрэйскі дом і дзе можна было будаваць сінагогу?

Дарэвалюцыйны Бабруйск.

Мудрагелісты дом з франтонам, гербамі і багатым фасадам — гэта не яўрэйская традыцыя. Гаспадарлівы рамеснік або гандляр лічыў залішнім любы снабізм і форс. Сціпласць пабудовы — асноўнае правіла; часта планіроўка дома прадугледжвала, што на першым паверсе будуць крама і рамесныя пакоі, а на другім — жытло.

Дамы будавалі такім чынам, каб можна было хутка патрапіць знутры на вуліцу. Кіраваліся найперш бяспекай: калі трэба падняць трывогу, то ты, выскачыўшы з дома, адразу апынаўся сярод людзей. Дый суседзі добра бачаць, калі ў хату заходзіць нехта чужы. А вось калі ўваход знаходзіцца за брамай, то складаней разлічваць на дапамогу і падтрымку суседа, калі што здарыцца.

Іншы бок такога рашэння — схаваць ад чужога вока гаспадарчы двор: госць адразу ступаў на ганак, за якім была гасцёўня. А панадворак з усімі пабудовамі і прыладамі працы знаходзіліся па-за домам. Тут закладзена цікавая мудрасць: калі цябе не пускаюць у двор, то і рабіць табе там няма чаго, там знаходзіцца тое, што гаспадар не хацеў бы паказваць госцю.

Яўрэйскія хаты часцей былі простымі, драўлянымі, і яны не захаваліся да нашых дзён. Уцалелі больш заможныя — з каменя або чырвонай цэглы. На іншых добра бачныя арнаменты і малюнкі. Напрыклад, чаша — сімвал таго, што дом — поўная чаша. Або ружы — дзявочы сімвал. Ёсць у самым цэнтры Бабруйска цагляны дом, на сценах якога выкладзены беларускі арнамент. Калісьці ў гэтай частцы горада жылі багатыя яўрэі. І, мабыць, была сям'я, якая лічыла неабходным паказаць сваю сувязь з культурай нашай краіны.

Сінагогі таксама ў большасці сваёй не адрозніваліся цікавымі архітэктурнымі рашэннямі або элементамі. Гэта былі звычайныя будынкі. Часам іх будавалі ва ўсходнім стылі і неяк упрыгожвалі, але ў асноўным стараліся не вылучацца, бо яўрэі не былі тытульнай нацыяй.

Забаронена было будаваць сінагогі вышэй за царкву ці касцёл. Таксама нельга было размяшчаць іх на адной вуліцы. Храмы маглі стаяць вакол адной плошчы, але назвы вуліц павінны былі быць рознымі. А калі сінагога стаяла на адной плошчы з царквой і касцёлам, то гэта азначала, што яўрэяў у горадзе больш, чым астатніх жыхароў. З-за таго, што нельга было будаваць сінагогу высокай, часта яе «ўтаплівалі»: першы паверх апускалі значна ніжэй за ўзровень зямлі.

Ці гавораць сёння яўрэі на ідышы?

На ідышы сёння амаль не гавораць. Да вайны ў Бабруйску гэтай мовай карысталіся таксама і рускія, беларусы, палякі, украінцы — бо яўрэі складалі да 60% насельніцтва. Мова цяпер выйшла з ужывання — па розных прычынах. Цяпер усё часцей вывучаюць іўрыт — гэта міжнародная яўрэйская мова. Але ёсць выключэнні: некаторыя групы рэлігійных яўрэяў у побыце прынцыпова размаўляюць на ідышы. А іўрыт выкарыстоўваюць для малітваў, і ставяцца да гэтай мовы як да свяшчэннай.

Дарэчы, можна так сказаць, што сучасны іўрыт — беларускага паходжання. Адрадзіў яго наш суайчыннік Эліэзер Бэн-Егуда з Глыбокага. Раней іўрыт быў мёртвай мовай, як і латынь. Але Эліэзер настойваў, што яўрэі павінны гаварыць на ім. Ён не толькі вывучаў забытыя словы, але і прыдумляў новыя: за 2000 год, пакуль мова не была ва ўжытку, з'явілася шмат новых паняццяў. Навуковец пачынаў сваю працу, калі іўрыт налічваў 5000 слоў. За 15 гадоў дзякуючы яго намаганням мова папоўнілася на 11500 слоў. Адзін чалавек заразіў сваёй марай цэлы народ! Гэта прыклад таго, што можна адрадзіць мову практычна з нуля. Калі кажуць, што з беларускай праблемы, трэба ўспомніць гэты выпадак.

Якія рэлігійныя правілы ёсць у сям'і?

Найперш, паводзіць сябе стрымана. Яўрэйскі мужчына павінен быць спакойным, удумлівым і сціплым. Нават калі ён вельмі заможны. У Талмудзе ёсць такое правіла: муж абавязаны ўтрымліваць сябе ніжэй за свае магчымасці, дзяцей — нароўні са сваімі магчымасцямі, а жонку — вышэй за свае магчымасці. Але рэлігійная яўрэйка не абвешвае сябе каштоўнасцямі, якой бы заможнай яна ні была (досыць адной-дзвюх), і апранаецца сціпла, з годнасцю. Пры тым яе сукенка можа быць з заморскага кітайскага шоўку, які каштуе даражэй за сабалёвае футра.

Хто ў сям'і галоўны і чаму столькі жартаў пра «яўрэйскую маму»?

У яўрэйскай традыцыі няма гендарнай роўнасці, ёсць «жаночыя абавязкі» і ёсць «мужчынскія». Гэта не значыць, што мужчына не памые посуд, а жанчына не мае права ўладкавацца на працу. Але ёсць такі закон: мужчына — гаспадар у сям'і, а жанчына — гаспадыня ў доме. Рэлігійны яўрэй ніколі не спытае ў сваёй жонкі, чаму шторкі на кухні ружовыя. Яна вырашыла: ружовыя — значыць, ружовыя! Ён не будзе пытацца: «Чаму ты прыгатавала сёння рыбны суп?» Таму што жонка так вырашыла. Можна, вядома, папрасіць: «Вельмі хочацца дранікаў», — але жонка можа адказаць: «Дранікі ў мяне па плане праз два тыдні».

Задача мужа — зарабляць, утрымліваць сям'ю, даваць дзецям адукацыю, вучыць іх маліцца і чытаць Тору. Задача жанчыны — утрымліваць дом, дапамагаць свайму мужу выхоўваць дзяцей. Калі хлопчык раптам праявіў сябе невукам, яго маці ніхто і слова не скажа, прэтэнзіі будуць да бацькі. Але вось калі хлопчык без павагі паставіўся да старэйшага ці дрэнна паводзіў сябе на вуліцы, маці даведаецца першай.

Шмат з гэтага захавалася ў рэлігійных яўрэйскіх сем’ях і па сёння. Муж можа быць вялікім начальнікам, але дома ён падпарадкоўваецца правілам жонкі. Вядома, на людзях яна не стане рабіць заўвагі. Аднак дома — як у тым анекдоце: «Мне ўсё роўна, на якім баку ў цябе цюбецейка!» І яўрэйскі муж не стане спрачацца з жонкай. На самой справе, тут закладзена велізарная мудрасць. Мужчына не бачыць дом у тым разрэзе, як жанчына, таму не трэба лезці ў яе гаспадарчыя справы. Хатняя гаспадыня — вельмі паважанае пасада ў яўрэяў.

Яшчэ ў яўрэйскай сям'і высока ставяць шанаванне старэйшых. Але асабліва моцна — шанаванне маці. Ёсць такі жарт: «Самае вялікае глупства, якое можа зрабіць яўрэйская жонка, — гэта спаборнічаць з яўрэйскай маці». І, вядома, вы чулі жарты накшталт: «Яўрэйская мама так любіць сваё дзіця, што ў яе абдымках можна задыхнуцца». Або: «Чым адрозніваецца яўрэйская мама ад тэрарыста? З ім хаця б можна дамовіцца...»

Чым славіцца традыцыйная яўрэйская кухня?

Галкі

Трэба разумець, што традыцыйная яўрэйская кухня — гэта ў большасці страў ежа выгнаннікаў і беднякоў. Зрабіць пры абмежаванні прадуктаў добры стол — яшчэ як трэба пастарацца!

Адна з самых знакамітых страў яўрэйскай кухні — фаршмак. Як ён з'явіўся? Цэлы селядзец каштаваў дорага, а вось кавалкі рыбіны — нашмат танней. Таму куплялі кавалачкі ці рыбу самай нізкай якасці, вымочвалі ў малочнай вадзе, дадавалі скарынкі сухога хлеба і інш.

Фаршыраваная рыба з'явілася дзякуючы рэлігійным традыцыям: захаванню яўрэямі суботы. Гэта асаблівы дзень, калі «нельга аддзяляць непатрэбнае ад патрэбнага», у тым ліку выбіраць косткі з рыбы. Таму прыдумалі, як гатаваць рыбу без костак. У пятніцу яе разразаюць, здымаюць шкуру, дастаюць і перамолваюць мяса: атрымліваецца рыбная катлета, якую кладуць потым унутр знятай раней з рыбіны шкуры.

Вынаходлівасць яўрэйскіх кухараў дазваляла выкарыстоўваць адзін прадукт для падрыхтоўкі некалькіх страў. Так, з адной курынай тушкі рыхтавалі булён; шкурка і трыбухі ішлі для фаршыравання шыйкі або на паштэты; мяса, якое заставалася, станавілася асноўнай стравай. Адной з асаблівасцей яўрэйскай кухні з'яўляецца шырокае выкарыстанне гусінага або курынага тлушчу, які дадаюць у фарш, халодныя закускі, а таксама на ім смажаць цыбулю і моркву.

Многія яўрэйскія стравы падобныя да страў суседзяў. Так, беларусы робяць дранікі, а яўрэі — латкес. Гэта амаль адно і тое ж, толькі ў яўрэяў будзе шмат цыбулі і абавязкова хрумсткая скарыначка.

Рэцэпт у падарунак ад Алега Краснага:

— Галкі я палюбіў яшчэ ў дзяцінстве, калі мая бабуля гатавала іх на святы. Вельмі рэдкая страва, таму што яе трэба доўга варыць.

Галкі — гэта такія шарыкі з мукі, шмальца (гусіны тлушч) і смажанай цыбулі. Іх вараць абавязкова ў курыным булёне, які рыхтуецца асобна. Для галак спачатку стамляюць дробна пакрышаную цыбулю ў шмальцы, потым дадаюць муку, змешваюць і з цеста лепяць маленькія шарыкі. Іх кідаюць ў булён, вараць доўга, пакуль шарыкі не разбухнуть. Некалькі галак — і ты наеўся.

Запісала Віталіна БАНДАРОВІЧ


Расказваючы пра жыццё яўрэяў на Беларусі, нельга не ўспомніць выдатнага мастака, настаўніка многіх майстроў пэндзля Юдэля Пэна. Толькі адзін факт: з нагоды 30-годдзя творчай дзейнасці Пэну было прысуджана міжнароднае званне Заслужанага яўрэйскага мастака. І было за што, бо Пэн — не проста надзвычайны партрэтыст і каларыст, творы яго можна назваць этнаграфічнай паэмай, прысвечанай жыццю і побыту членаў яўрэйскай абшчыны горада Віцебска. На палотнах Юдэля Пэна вы ўбачыце яўрэя-булачніка, майстра па рамонту гадзіннікаў, рабіна, краўца і нават яўрэя-жабрака. З любоўю і павагай да чалавека паказаны іх характары і інтарэсы, іх штодзённы клопат і праца.

Гадзіншчык

 

Стары кравец

Пекар Арон Левін

Дом і каза

Ля апячатанай крамы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».