Вы тут

Сучасная энергія і гістарычнае адраджэнне з'ядналіся ў Ашмянскім краі на шляху да будучыні


Гальшанскі замак, валун «Нявесцін камень», заказнік «Сухадолы», Дуга Струвэ, мноства таленавітых культурных і гістарычных дзеячаў — зямля Ашмянскага раёна багатая сваёй гісторыка-культурнай спадчынай. Нездарма лінгвісты лічаць, што назва горада пайшла ад літоўскага «ашмянес» — вастрыё, якім была Ашмянская крэпасць, што здаўна спыняла іншаземных захопнікаў. У сучасным свеце ашмянскае вастрыё скіравана на захаванне спадчыны продкаў, актыўнае інавацыйнае развіццё і добрасуседскія адносіны, якія рэалізуюцца ў межах трох праектаў праграм трансгранічнага супрацоўніцтва «Супрацоўніцтва-дзейнасць-будучыня». Чым жыве раён сёння і чаго дасягнуў за апошнія гады, расказала Наталля СТАНКЕВІЧ, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама па пытаннях адукацыі, культуры, медыцынскага абслугоўвання і сацыяльных пытаннях.


Разумнае святло і энергаэфектыўныя садкі

У раёне актыўна праводзіцца работа па энергазберажэнні. Ашмяны сталі адным з чатырох пілотных аб'ектаў Беларусі, якія ўключаны ў праект па Праграме развіцця ААН (ПРААН) «Энергаэфектыўнасць у школах». У 2016-м дзякуючы гэтай праграме старэнькі яслі-сад № 6, створаны яшчэ ў 1986 годзе, атрымаў акрамя сучаснага рамонту геліякалектары, мадэрнізаваны басейн, індукцыйную пліту і параканвектамат. А сёлета ўвосень у межах праекта «Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці з мэтай устойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі» рэканструявалі ашмянскі яслі-сад № 3, у якім для энергазберажэння рэалізавалі цэлы комплекс прылад: сонечны калектар, фотаэлектрычную сістэму і сістэму рэкуперацыі цяпла.

У 2012 годзе Ашмяны далучыліся да Пагаднення мэраў у Беларусі па клімаце і энергіі, узяўшы абавязак скараціць выкіды парніковых газаў на 20 % да 2020-га. На трэцяй канферэнцыі Пагаднення мэраў, якая прайшла вясной 2019-га, горад прадстаўляў экалагічныя праекты для самых маленькіх, дзе праз экаказкі, велапрабегі і віктарыны расказвалася пра раздзельнае сартаванне смецця і энергаэфектыўныя тэхналогіі.

У красавіку 2020-га ў горадзе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, пачалася ініцыятыва «Павышэнне энергаэфектыўнасці і экалагічнасці сістэмы вулічнага асвятлення г. Ашмяны». Адна з задач экаініцыятывы — замена старых лямпачак вулічнага асвятлення святлодыёднымі і арганізацыя дыстанцыйнага кіравання ўсёй сістэмай праз камп'ютар, устаноўлены ў дыспетчарскай мясцовай ЖКГ.

— Сёння вуліцы Ашмян асвятляюць 1442 свяцільнікі з энергазатратнымі газаразраднымі лямпамі, запоўненымі ртутнымі парамі. Яны спажываюць 530 тысяч кВт·г у год. У межах ініцыятывы заменяць яшчэ 1316 неэфектыўных свяцільнікаў, што дапаможа сэканоміць 379 тысяч кВт·г у год, — засяродзіла ўвагу Наталля Станкевіч. — Гэта дасць значны экалагічны эфект: зніжэнне парніковых газаў на 161 т СО2.

Ме­та­дыст Ашмян­ска­га ра­ён­на­га цэнт­ра куль­ту­ры  Сяр­гей ЖЫ­ЛІК дэманструе «Ня­вес­цін ка­мень». Фота Яна ХВЕДЧЫНА.

Візуалізацыя спадчыны

За апошнія тры гады Ашмяны шмат зрабілі для развіцця турызму. Распрацаваны і ўстаноўлены інфармацыйныя таблічкі з гістарычнымі назвамі на галоўных вуліцах горада. Для павелічэння турыстычнай прывабнасці Ашмян у горадзе ўстанавілі два навігацыйныя слупы з указаннем напрамкаў вуліц і аб'ектаў, а таксама інфармацыйную тумбу, на якой размешчаны звесткі пра гісторыка-культурныя аб'екты і гістарычных асоб, паказана карта Ашмянскага раёна з указаннем месцаў размяшчэння і харчавання.

— Штуршком у развіцці Ашмянскага рэгіёна ў цэлым стане адкрыццё музея ў Гальшанкім замку, паколькі побач з ім узводзіцца візіт-цэнтр, супрацоўнікі якога будуць прэзентаваць не толькі спадчыну замка, але і расказваць пра ўсю ашмянскую зямлю, — упэўнена намеснік старшыні. — У нас распрацаваны комплексны план развіцця турызму на наступны год. Зроблена пэўная работа на месцы гарадзішча, там установяць інфармацыйныя шчыты.

Для візуалізацыі гісторыі на камені, што знаходзіцца на тэрыторыі Жупранскага сельсавета, і дзе, як кажуць, праходзіў Напалеон, плануюць зрабіць адбітак яго следу (40-га памеру). У кожным сельсавеце абраны пэўныя аб'екты, якія плануецца напоўніць легендамі для прыцягнення турыстаў.

— Мы канцэптуальна будзем падыходзіць да таго, як выканаць след, а яшчэ стараемся адшукаць подпіс Напалеона, каб таксама ўвасобіць яго, — удакладніла Наталля Станкевіч. — Такія дробязі вельмі прыцягальныя.

Актыўна будуецца жыллё, нядаўна здалі 50-кватэрны дом па вуліцы Барунская і 59-кватэрны дома па вуліцы Заходняя. У чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — крыху больш за 950 чалавек, што для горада, які актыўна расце, не лічба. А калі ёсць, дзе жыць, то і рукі прыкласці месца знойдзецца.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.