Вы тут

Пераможніца «Валанцёр года» — 2020: Валанцёрства для мяне — як стыль жыцця


У Мінску падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу БРСМ «Валанцёр года — 2020». Яніна ГАРБАЧЭЎСКАЯ — пераможніца ў намінацыі «Асабісты ўклад» сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, міністэрстваў і ведамстваў. Дваццацісямігадовая дзяўчына — педагог-арганізатар у гомельскай сярэдняй школе № 22. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці «псіхалогія», валанцёрствам займаецца ўжо пяты год. Яна — заснавальніца і кіраўнік валанцёрскага атрада «Млечны шлях», які, дарэчы, два гады таму таксама станавіўся найлепшым у аднайменнай намінацыі таго ж конкурсу Саюза моладзі.


— Перадумовы для валанцёрства былі яшчэ ў дзяцінстве: заўсёды хацелася чымсьці дзяліцца, камусьці дапамагаць. Памятаю, часта аддавала сяброўкам свае лялькі. Ужо ў дарослым узросце пра магчымасць займацца такой справай даведалася ад першага сакратара Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Веранікі Гудковай, асабістым прыкладам яна даказала, што гэта важна. Тады на базе школы мы стварылі валанцёрскі атрад «Млечны шлях», у якім прымаюць удзел школьнікі любога ўзросту, а таксама настаўнікі і выпускнікі, што таксама хочуць быць датычныя да дабрачыннасці.

Акцыя, з якой пачаў сваю дзейнасць атрад, — «Цуды на Каляды». Падчас яе разам з вучнямі Яніна наведала Дом дзіцяці: падарылі яго выхаванцам цацкі і паказалі навагодні спектакль.

— Гэта было цудоўна! І цяпер часта наведваем маладых людзей з інваліднасцю: апранаем касцюмы клоўнаў і ладзім інтэрактыўныя імпрэзы. А яшчэ проста размаўляем з імі, бо іншым разам гэтага не хапае. Увогуле мы пастаянна ўзаемадзейнічаем з дамамі дзіцяці, цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна абласнога цэнтра, дзіцячай абласной клінічнай бальніцай, Улукаўскай дапаможнай школай-інтэрнатам у Гомельскім раёне і іншымі ўстановамі. Удзельнічаем у дабрачынных акцыях, збіраем дзецям падарункі да розных свят. Сёлета на базе школы адкрылі і гурток па навучанні валанцёраў. Асноўныя метады работы ў нашай дзейнасці — гэта казкатэрапія і клоўнатэрапія. Першую ініцыятыву праводзім у асноўным у школах з «цяжкімі» падлеткамі. Такі метад — спосаб перадачы дзіцяці маральных нормаў і правілаў, што закладзены ў казках, паданнях, былінах і прытчах. Казка дапамагае данесці свае перажыванні да іншых і ўсвядоміць уласныя пачуцці праз навакольных. Апошнюю ж ініцыятыву часта выкарыстоўваем у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з імі за апошнія некалькі гадоў правялі вельмі шмат цікавых мерапрыемстваў: вечарыны, трэнінгі і іншыя.

Яніна як валанцёр супрацоўнічае са многімі арганізацыямі: Чырвоным Крыжам, Беларускім дзіцячым фондам, ЮНІСЕФ, БРСМ. Дзяўчына імкнецца не пакідаць па-за ўвагай ні адну іх ініцыятыву.

— Не магу доўга сядзець без справы, не хочацца ўпускаць цікавыя магчымасці. Нядаўна брала ўдзел у расійска-беларускім форуме «Нашчадкі гістарычнай памяці» — там абмяняліся вопытам па яе захаванні з хлопцамі і дзяўчатамі. Каля нашай школы на Ляшчынскіх могілках ёсць брацкія пахаванні. Мы іх заўсёды даглядаем, прыбіраем. Нашы ўдзельнікі атрада любяць наведваць ветэранаў педагагічнай працы, гэта вопыт пакаленняў. Мы ім расказваем аб інфармацыйных тэхналогіях, яны — пра сваё жыццё, каштоўнасці. Валанцёрым і на спартыўных мерапрыемствах. Напрыклад, у 2018 годзе на Маладзёжным чэмпіянаце свету па шашках, які праходзіў у Гомелі, суправаджалі каманду Кітая. Што датычыцца рэспубліканскага конкурсу БРСМ «Валанцёр года — 2020», у ім удзельнічала ўпершыню. На ўзнагароджанні для нас былі падрыхтаваныя трэнінгі па лідарстве, інтэрактыўныя пляцоўкі з выстаўкамі, было здорава!

Суразмоўніца падзялілася, што ў іх з удзельнікамі атрада ёсць традыцыя: пасля любога мерапрыемства садзіцца за круглы стол і абмяркоўваць, як прайшла сустрэча, якія пачуцці ўзнікаюць і гэтак далей.

— Для нас важна быць на пазітыве. Мне здаецца, калі хочаце стаць валанцёрам, пажадана быць цярплівым, добрым, стрэсаўстойлівым, сюды прыходзяць тыя, хто гатовы ахвяраваць сваім часам, эмоцыямі. Заўважыла, што калі хтосьці далучаецца да такой дзейнасці, становіцца больш смелы, гаваркі, спагадлівы. Валанцёрства дапамагае развіць камунікатыўныя навыкі, арганізатарскія здольнасці, адказнасць. Мы аддаём часцінку сябе іншым, але ўзамен атрымліваем нашмат больш. Дарэчы, у маім асяроддзі многія цікавяцца такой дзейнасцю, з ахвотай далучаюцца да яе. Сябры не раз удзельнічалі ў дабрачынных акцыях, яны таксама, як і я, лічаць, што гэта змяніла іх свядомасць, мысленне. Мне здаецца, валанцёрства са мной назаўсёды, яно — як стыль жыцця.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.