Вы тут

Што змянілася ў Беларусі з 1 лістапада


Штомесячны традыцыйны агляд «Звязды».


Новыя памеры БПМ і МСБ

Фота: era.by

З 1 лістапада 2020 года па 31 студзеня 2021-га ў разліку на месяц бюджэт пражытачнага мінімуму ўстаноўлены ў памеры 258,11 рублёў. Для працаздольнага насельніцтва - Br285,68, пенсіянераў - Br195,15, студэнтаў - Br248,06, дзяцей ва ўзросце да трох гадоў - Br165,18, дзяцей ад 3 да 6 гадоў - Br228,85, дзяцей ад 6 да 18 гадоў - Br278,16.

Таксама ў Беларусі ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў. На аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 лістапада 2020 года па 31 студзеня 2021-га ў разліку на месяц ён складзе 419,78 рублёў. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт маладой сям'і з трох чалавек складзе Br450,43; працаздольнага насельніцтва - Br528,3; пенсіянераў - Br410,1; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br352,55; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br448,14; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br457,49.

Крыху падрастуць пенсіі

У сувязі з ростам БПМ будуць пераразлічаны сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні, даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў.

Так, штомесячная даплата да пенсій непрацуючых пенсіянераў у лістападзе-студзені для людзей ва ўзросце 80 гадоў і старэйшым складзе Br64,53, ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў - Br48,4. Надбаўка для інвалідаў I групы складзе Br64,53, пенсіянераў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, - Br32,27.

Сацыяльныя пенсіі (прызначаюцца пры неатрыманні працоўнай пенсіі) павялічацца наступным чынам: інвалідам I групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, - да Br283,92, інвалідам з дзяцінства II групы - Br245,2, інвалідам II групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля на кожнае дзіця - Br219,39, інвалідам III групы - Br193,58, асобам, старэйшым агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту - Br129,06, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў пры рознай ступені страты здароўя - ад Br206,49 да Br283,92.

Дапамога па доглядзе за інвалідам I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, павялічыцца да Br258,11 (у выпадку клопату пра аднаго такога чалавека) і да Br309,73 (пра двух і больш).

Павышэнне памеру пенсіі чакае і іншыя катэгорыі атрымальнікаў: Герояў Беларусі, Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы, блакаднікаў, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі або калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны (або з наступствамі ваенных дзеянняў ).

Павышаюцца дзіцячыя дапамогі

Рост БПМ у сярэднім на душу насельніцтва цягне і павелічэнне памеру дапамог на дзяцей.

Аднаразовая выплата пры нараджэнні першага дзіцяці зараз складзе 2581,1 рублёў (10 БПМ); пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - 3613,54 рублёў (14 БПМ). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лістапада будзе выплачвацца ў памеры Br258,11, дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (штомесячная) - у памеры Br129,06.

Штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, якія вызначаюцца заканадаўствам, складзе: на дзіця-інваліда - Br180,68, на іншых дзяцей у сям'і - Br129,06. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае Br258,11 (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці трох гадоў) і Br309,73 (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці трох гадоў); штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаванага ВІЧ, - Br180,68.

Абмяжоўваецца ўезд на тэрыторыю Беларусі з 1 лістапада

Фота: gpk.gov.by

Беларусь закрыла мяжу на ўезд для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных станцыях, у рачных партах. Рашэнне прынята Саветам міністраў для прадухілення распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай COVID-19.

Тэрмін дзеяння забароны на ўезд не пазначаны. Абмежаванні не распаўсюджваюцца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь праз нацыянальны аэрапорт Мінск і на некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян. Пра падрабязнасці можна даведацца на сайце Дзяржпагранкамітэта.

Аператары сувязі мяняюць тарыфы

У лістападзе беларускія аператары сувязі пераглядаюць кошт некаторых відаў паслуг.

Так, МТС з 1 лістапада павышае тарыфы на 4%. Падаражэюць у тым ліку абаненцкая плата, галасавыя выклікі, мабільная перадача дадзеных. Разам з тым МТС з 1 лістапада зніжае тарыфы на галасавы роўмінг на тэрыторыі Расіі. Зменіцца кошт уваходных і выходных выклікаў, тады як цэны на SMS і інтэрнэт-трафік застануцца ранейшымі.

Цэны падымае і кампанія А1, праўда, з 4 лістапада. Памер абаненцкіх плат на паслугі сувязі, а таксама кошт выходных выклікаў на нумары беларускіх абанентаў, міжнародных званкоў, мабільнага інтэрнэту звыш уключанага ў абаненцкую плату, SMS і MMS для грамадзян павялічацца ад 3,06% да 4%. Змена кошту закране і іншыя паслугі, у тым ліку роўмінг.

Кампанія life:) таксама зніжае з 1 лістапада тарыфы на галасавы роўмінг у Расіі.

Вырасце цана цыгарэт

Беларускія вытворцы і імпарцёры цыгарэт маюць права штомесяц дэклараваць максімальныя рознічныя цэны на тытунёвыя вырабы, гэта значыць кожны месяц падымаць кошты на сваю прадукцыю. Сваім правам падымаць цэны ў лістападзе скарысталіся Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і кампанія «Беларусьгандаль». Іх прадукцыя стане даражэй на 5-10 капеек.

Сталічныя аўтастаянкі павышаюць цэны

Фота: forum.nashtransport.ru

У Мінску з 1 лістапада павышаюцца тарыфы на паслугі паркоўкі аб'яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі».

‘Так, месячны тарыф па захоўванні транспартнага сродку з дапушчальнай максімальнай масай да 3,5 тоны ўключна (легкавы аўтамабіль, вагон легкавы) для фізічных асоб (за выключэннем аўтастаянак №№ 15 і 92), усталёўваецца ў памеры 40 рублёў.

Месячны тарыф па захоўванні ровараў для грамадзян складзе 5 рублёў.

Пачынае дзейнічаць дамова аб пенсійным забеспячэнні з Малдовай

З 1 лістапада ўступае ў сілу пагадненне аб сацыяльным забеспячэнні, якое заключылі Беларусь і Малдова. Дакумент распаўсюджваецца на грамадзян, якія пражываюць і працуюць (працавалі) на тэрыторыі Беларусі і Малдовы. Дзве краіны дамовіліся прызначаць і выплачваць пенсію за перыяды стажу работы, набытыя на іх тэрыторыі пасля 31 снежня 1991 года. За перыяды стажу работы па 31 снежня 1991 году на тэрыторыі былога СССР, у тым ліку Беларускай ССР і Малдаўскай ССР, пенсію будзе прызначаць і выплачваць дзяржава, на тэрыторыі якой грамадзянін пастаянна пражывае ў момант звароту па пенсію. Пенсія будзе выплачвацца на тэрыторыі краіны, дзе жыве пенсіянер, у валюце гэтай дзяржавы. Наша краіна заключыла дагаворы ў галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння ў тым ліку з Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Расіяй, Чэхіяй, Польшчай, Азербайджанам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».