Вы тут

Разбурыць нельга сабраць, або Гандалавоз роспачы. Фестываль «ТЭАРТ» здзіўляў оперным серыялам і снабачаннямі класіка


Вось і скончыўся Х, юбілейны, фестываль «ТЭАРТ». Па-ранейшаму — яркая, значная падзея ў нашым культурным жыцці, і асаблівы кантэкст, у якім адбываўся форум, на тую значнасць не паўплываў. Пандэмія, плюс напружаная абстаноўка ў грамадстве... Нездарма форум праходзіў пад слоганам «Тэатр у час узрушэнняў». Але менавіта ў такі час людзі шукаюць адказаў і маральнай падтрымкі ў высокім мастацтве. Дзякуючы арганізатарам, можна было пабачыць дзясяткі найлепшых спектакляў, і замежных, і айчынных, пазнаёміцца з эксперыментамі маладых, папрысутнічаць на дыскусіях... Кожны пункт праграмы заслугоўвае асобнага артыкула і асэнсавання. Што ж, пачнём асэнсоўваць… Пакуль што — некаторыя суб’ектыўныя ўражанні.


ТЭАТР У ФАРМАЦЕ ZOOM

Адзін з артыстаў пазамінулага стагоддзя ў сваіх успамінах прызнаваўся, што найбольш тужыў па паху сасновай вады, якой апырсквалі сцэну.

З раскошай жывой прысутнасці ў эпоху пандэміі даводзіцца збольшага развітвацца. Ніякіх табе пахаў, шоргатаў, гульні ценяў, пылу сцэны і таямнічага закулісся... Міжнародная праграма прайшла ў рэжыме анлайн. А мурашкі па скуры — засталіся?

Пра гэта спрачаліся і на адмысловым круглым стале, у якім удзельнічалі дырэкцыя форуму «ТЭАРТ» і прадстаўнікі рускага тэатра. Вядучы выкладчык «Педагагічнай лабараторыі БДТ» Барыс Паўловіч заявіў: «Я належу да тых дысідэнтаў «анлайну», якія яго прызнаюць як кепскі асяродак для рэпетыцый. Я разумею, як у zoom правесці перамовы, але не знайшоў магчымасці, як такім фарматам замяніць рэпетыцыі ў пакоі». А вось адзін з арганізатараў фестываля «Пункт доступу» Аляксей Платуноў лічыць, што анлайн-спектаклі — «жыватворчае асяроддзе андэграўнду». Бо эксперыментальныя спектаклі «з падвалаў», якія звычайна маюць вузкае кола гледачоў, цяпер паглядзяць тыя, хто сам не прыйшоў бы ў той падвал...

Карацей, меркаванні розныя — але тое, што на анлайн-прагляды прыходзіла столькі людзей, што часам не было дзе сесці, сведчыць: людзі стаміліся без тэатра. І нават калі ты можаш паглядзець той жа спектакль у запісе дома, па камп'ютары, то ў кайф — рабіць гэта побач з такімі ж зацікаўленымі, чуць узрушаныя ўздыхі і смех, тут жа абмеркаваць убачанае, падзяляць эмоцыі... Нават калі нехта, спатыкаючыся ў паўцемры на прыступках, збягае з сюррэалістычных «Свярлійцаў», гэта ж яшчэ эмацыянальней!

А мы ж за эмоцыямі сюды і ходзім, як задаволена пісала дачка Гётэ бацьку: «Хадзілі ў тэатр, удалося паплакаць!»

АСКАЛЁПКІ ЦІ ВІТРАЖЫ

Праўда, узровень «паплакаць» ці «пасмяяцца» для сучаснага тэатра даўно неактуальны.

У мемуарах вучаніцы Станіслаўскага Алісы Коанен ёсць цікавы эпізод: яна, пачаткоўка, атрымала маленькую ролю ў навамодным спектаклі па п'есе Леаніда Андрэева. Роля палягала ў тым, што Алісе даводзілася цягам усяе дзеі сядзець на бутафорскім падаконні і час ад часу пытацца: «Навошта?» Коанен ніяк не магла выбудаваць для сябе гэтую ролю. Пакуль яе нянька, паглядзеўшы спектакль, не сказала: «Вой, шкада мне цябе. Чаго сядзіш, мерзнеш?» Тады Аліса пачала на тым падаконні хутацца ў цёплы шаль — і адразу персанаж вымаляваўся...

Сёння той шаль з герояў здзіраюць. А глядач, наадварот, настойліва шукае — так ужо створаны чалавек, што свядомасці трэба за штосьці зачапіцца, знайсці асацыяцыі, якія ўсталююць сістэму каардынат...

«Маніфест фундаментальнага інфантылізму», як называюць оперны серыял Барыса Юхананава «Свярлійцы», паслядоўна разбурае ўсе спробы прывязкі. Гэта ўвогуле «лакмусавая паперка» на сумяшчальнасць з сучасным тэатрам. Хоць бы таму, гэта пяць частак па гадзіне. Музыку да кожнай пісаў іншы кампазітар. Серыял атрымаў шматлікія ўзнагароды, толькі на Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі ён быў прадстаўлены ў дзевяці намінацыях. Нейкі шкілет сэнсу ёсць: дзеянне адбываецца ў фантастычнай Сверліі, якая «гіне, гінула і будзе гінуць», там жывуць русалкі, кентаўры, а галоўнае, «лядзішчы» і «прасцігоспадзі» — істоты надзвычай цікаўныя і нахабныя. Галоўны сакральны прадмет Сверліі — свярдзёлак, галоўны рытуал — свідраванне, галоўны персанаж — Свядроныш... Але ўсё гэта, як вы разумееце, вельмі ўмоўна. Маштабнае дзейства нагадвае тэатр пачатку мінулага стагоддзя, толькі на фоне постындустрыяльнай эпохі. Час нанатэхналогій, калі інфармацыя засвойваецца адначасова глабальна і вельмі фрагментарна, павярхоўна. Калі ад сусветнай культуры ў свядомасці індывідуума застаюцца асобныя маркеры, умоўныя знакі. Калі нават сама мова разбураецца, словы трацяць сэнс. Мы пазнаём знакі: гандола, дакладней, «гандалавоз», гандальер у шортах — прывязка да Венецыі, вось намёкі на старажытных грэкаў і асірыйцаў, біблейскія матывы... Шланг ад душа на шыях артыстаў, які сярод іншага сімвалізуе трубы Іерыхона, што разбуралі любыя сцены... Зноў жа — намёк на Вавілон, у які ператварылася цывілізацыя. Звычайная постмадэрнісцкая практыка: разбіць, перамяшаць і з цытат зрабіць штосьці новае. Напрыклад, у адной з арый адчуваецца водгулле «Паэмы без героя» Ганны Ахматавай. У аснову спектакля Электратэатра «Станіслаўскі» пакладзены раман Юхананава, стылізаваны пад гістарычныя хронікі. І аўтар не даў скараціць тэкст ні на кропачку. Эклектычнае велічэзнае збудаванне нечым нагадвае знакаміты сабор Гаўдзі, якому знаёмы мецэнат даў магчымасць працаваць як заўгодна... Прынамсі, у оперным серыяле можна ўявіць Алісу Коанен, загорнутую ў поліэтыленавы шаль, яна сядзіць на гандалавозе і час ад часу паўтарае «Навошта?».

Адказ, праўда, усе аматары сучаснага тэатра ведаюць.

КЛАСІК У СНАХ

З вялікай цікавасцю публіка сабралася на анлайн-прагляд спектакля Нацыянальнага тэатра Латвіі «Сны Райніса». Па-першае, вельмі цікава было паглядзець, як суседзі папулярызуюць сваіх класікаў на мове сучаснага мастацтва — у нас гэты працэс яшчэ толькі пачаўся, нават першы біяграфічны фільм «Купала» яшчэ не выйшаў на вялікія экраны з-за розных прычын. А латышы, пажадаўшы мець спектакль да 150-годдзя нацыянальнага паэта-адраджэнца Яна Райніса, запрасілі аднаго з самых модных (і скандальных) сучасных рэжысёраў, Кірыла Сярэбраннікава. Вядома, уплыў заказчыка адчуваецца — абавязковыя адсылкі да нацыянальнай культуры, сімвалы яе адраджэння... Але спектакль атрымаўся нестандартны, яркі, самадастатковы — не дапаможнік па вывучэнні школьнай праграмы. Напачатку мы ўвогуле бачым велізарны бюст Яна Райніса, упісаны ў кантэкст сучаснага горада: да яго прыносяць кветкі, прызначаюць спатканні, гарлаюць вулічныя музыкі, турыст прымае помнік паэту за «дзядулю Леніна», стылізаваная варона спраўляе на галаву класіка свае адвечныя патрэбы... Потым будзе космас. Прычым нават у літаральным сэнсе: паэт ляціць між зор. Будзе гульня падсвядомасці, пераплеценая з гістарычнымі падзеямі, бо рэжысёр узяў для пастаноўкі не мастацкія творы, а лісты, вершы, а найперш запісы пра снабачанні. З неверагодных уцялесненняў тых снабачанняў, начных жахаў — а гэта можа быць паяданне хлопчыкаў, голыя мужыкі з паходнямі, выпушчаныя вантробы каханай, зубы, якія падаюць у вядро, — вымалёўваецца асоба. Не кананічная — а жывы чалавек са сваімі слабасцямі, з жаданнем «стаць Райнісам Вялікім».

Пасля таго як у савецкі час з Райніса рабілі «апявальніка пралетарыяту», зразумела, яго хочуць паказаць як філосафа, інтэлігента, латышскага Фауста, які пакутліва збірае з рассыпаных літар назву сваёй радзімы.

Што ж, «ТЭАРТ» — выдатная магчымасць паглядзець, як па-рознаму можна гаварыць пра культурныя коды. Напрыклад, спектакль «Пермскія багі» Пермскага акадэмічнага Тэатра-Тэатра і Пермскай дзяржаўнай мастацкай галерэі — гэта падарожжа ў музей з нацыянальнымі драўлянымі скульптурамі. Эскіз п'есы Андрэя Саўчанкі «Страта» — гісторыя пра чамадан з нечымі сямейнымі фота, знойдзены на сметніцы. Рэальны чамадан з рэальнымі фота. З чаго аўтар прыдумаў кранальную гісторыю пра рэканструкцыю гістарычнай памяці.

ТОЕ, ШТО БАЛІЦЬ

Тэатр адлюстроўвае настроі грамадства — мы бачым доказы таму штодня. Што адбываецца ў грамадстве, адбываецца ў тэатры. «ТЭАРТ» — гэта заўсёды прапанова пагаварыць на балючыя тэмы. Не дарэмна ён пачаўся з эскіза п'есы Ксеніі Шталянковай «Memorіa nomіnіs Clara», прысвечанай тэме Халакосту. Дзеянне адбываецца ў Мінскім гета, каля Ямы, дзе былі закатаваныя тысячы яўрэяў. І запрашае да роздуму — як сёння ўспрымаць Халакост, як захоўваецца гістарычная памяць увогуле? «Пяць лёгкіх п'ес» Міла Рау — гэта разыграная з дапамогай падлеткаў гісторыя рэальнага маньяка.

Барыс Паўловіч падчас дыскусіі назваў тэатр «бомбай паволенага дзеяння, якая працуе з гледачом на хімічным узроўні. То-бок пасля добрага спектаклю глядач адчувае, што ў ім нешта змянілася, хоць не можа часам сфармуляваць, што менавіта. На хімічным узроўні дзейнічае спектакль, якім завяршыўся фестываль «ТЭАРТ» —
«Мяшчанскае вяселле» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Вытрыманы ў чорна-белых танах, ён спалучае камічнае, клоўнскае дзейства, жарцікі і гэгі на мяжы пошласці — і змрочны, трывожны роздум... Рэжысёр Ігар Казакоў паставіў артыстаў «на мяжу выжывання»: увесьчасны рух, амаль цыркавыя трукі, даведзеная да ўзроўню тэатра масак выразнасць... «Мяшчанскае вяселле» Бертальда Брэхта — п'еса нялёгкая, тэатры адмаўляліся ставіць напісаную маладым драматургам вострую сацыяльную сатыру. Грамадства, заснаванае на мане і знешняй добрапрыстойнасці, мусіць рушыцца. Як рушыцца стылізаваная мэбля, якую ў мэтах эканоміі ўласнаручна зрабіў жаніх. Парваная на шматкі кардонная рыбіна, парваная на шматкі надзея на шчасце нявесты... І стол, ператвораны ў вясельны ложак, нагадвае века труны. Менавіта на труне, у якой пахаваная шматколернасць свету, будуць працягваць свой род мёртвыя душы.

Што ж, тэатр у час узрушэнняў працягвае жыць, дзейства працягваецца, і размова пра тое, што мы паспелі ўбачыць на форуме, працягнецца таксама.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?