Вы тут

​На 86-м годзе жыцця не стала цудоўнага беларускага паэта і празаіка Уладзіміра Паўлава


Толькі-толькі адзначыў сваё 85-годдзе, мала дзе і кім заўважанае. У «Звяздзе» ў юбілейныя дні надрукаваў сваё цёплае слова пра земляка руплівы дзеяч культуры, асветніцтва з Любаншчыны Васіль КАТКАВЕЦ.


А між тым за плячыма ва Уладзіміра Паўлава, які нарадзіўся 25 кастрычніка 1935 года ў вёсцы Замошша Любанскага раёна, — вялікае літаратурнае жыццё. Друкавацца пачаў яшчэ ў 1954 годзе. Ламалася, крышылася, лічы, эпоха, яшчэ гарэла перад вачыма Вялікая Айчынная... Сыходзілі са светлай явы сталінскія прыдумкі, сталінскія ўяўленні пра адзіна магчымае савецкае шчасце. І на фоне гэтых грамадскіх змен у літаратуру, у паэзію і прозу ўваходзіў таленавіты летапісец унутраных і агульначалавечых перажыванняў, творца, уважлівы найперш да добра знаёмага яму вясковага жыцця. Уладзімір Паўлаў творчую працу сумяшчаў з журналісцкім досведам. І першыя крокі ў гэтым рэчышчы былі здзейснены ў любанскай раённай газеце «Кліч Радзімы», рэспубліканскай «Чырвонай змене», кінабюлетэні «На экранах Беларусі». Пасля доўгія гады працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» і Саюзе пісьменнікаў. Быў намеснікам старшыні творчага саюза.

Адна за другой выходзілі кнігі таленавітага пісьменніка: «Узлётная паласа», «Светацені», «Начная балада», «Сонца купаецца», «Сляза на вейцы», «Гадавое кальцо», «Што было на Беларусі», «Годы нашы — птушкі», «Ад агню і мяча», «Пажарніца», «Радзімкі», «Чуж-чужаніца»... І кожнае з выданняў паэзіі, прозы знаходзіла свайго чытача. Адна з кніг Уладзіміра Паўлава — «Гадавое кальцо» — адкрывалася вершам, у якім заключнымі сталі наступныя радкі: «Печ ахалодала. Выстыла ў хаце. / — Дзеці, уставайце, я ўжо ад суседзяў. / Воран няпужаным доўга не ўседзеў, — / Радасна мовіць, зыходзячы маці./ Светлы світанак са скібачкай хлеба,/ З белай іскрынкай забытае солі./ ... Нельга прывыкнуць да нізкае столі,/ Нельга адвыкнуць ад роднага неба». У гэтым вершы — і пра вайну, і пра вёску, нястомнае сялянскае жыццё. І пра роднае назаўжды неба... І гэты верш ён як быццам напамін пра нашу ўсеагульную беларускую вясковасць, якая стагоддзямі крынічыла, насычала чалавека і грамадства духоўнасцю. І страта якой ужо фізічна, рашуча трушчыць спрадвечныя каштоўнасці. Ці знойдзем мы іх яшчэ ў мітусні і марафоне да лепшай долі?!

... Шмат працаваў Уладзімір Паўлаў у беларускай літаратуры і як перакладчык. Пераўвасобіў на беларускую мову раман рускага пісьменніка Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны». Выдаў асобную кнігу паэтычных перакладаў — «Поціск рукі». Дзе знайшлося месца і вершам паэтаў з розных нацыянальных літаратур. Згадваючы Уладзіміра Паўлава, развітваючыся з ім перад апошняй дарогай у вечнасць, як напамін гучаць і даўнія яго радкі, пэўна ж, выкладзеныя ад імя ўсяго пакалення дзяцей, якое спакутавана прайшло праз Вялікую Айчынную: «У балатах — даўно не навіна! — / Народ не ўсіх палеглых пахаваў.../ Вялікая Айчынная вайна./ На жаль, для многіх — скарачэнне ВАВ». Нашчадкі — у вялікім даўгу перад гэтым пакаленнем...

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Загаловак у газеце: Кальцо жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».