Вы тут

Парэшткі Змітрака Бядулі перапахаваюць 3 лістапада на Усходніх могілках Мінска


3 лістапада 1941 года на станцыі Уральск з цягніка, на якім ехалі эвакуяваныя з Беларусі, вынеслі нябожчыка... Гэта быў вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля, ён жа — Самуіл Яфімавіч Плаўнік.


Брат другога пісьменніка, Віталя Вольскага, Гаральд, які ехаў у тым жа цягніку, успамінаў, як на станцыі Семіглавы Арол, што ў 12 кіламетрах ад Уральска, пасажыры выскачылі, каб абмяняць рэчы на хоць якую ежу: «Абмен ужо заканчваўся, калі цягнік даў гудок. Змітрок Бядуля захваляўваўся, што цягнік паездзе без яго, і пабег. Мы за ім. Паспелі. А Бядуля любіў пальцамі скручваць махорку... Бядуля скруціў яе, зацягнуўся некалькі разоў — і яму стала дрэнна».

Сэрца не вытрымала... Пахавалі класіка беларускай літаратуры там жа, ва Уральску. Сын пісьменніка Яфім Плаўнік, якому тады было сем год, распавядаў, што многія сем’і беларускіх пісьменнікаў у той дзень выгрузіліся з цягніка і засталіся ва Уральску, хаця мусілі ехаць у Алма-Ату. Бядулю хаваў тэатр БДТ-2 з Віцебска, які там гастраляваў. «Абсталявалі развітанне па-тэатральнаму, труна — на чырвоным узвышэнні. Акцёры чыталі творы бацькі. Мяне падштурхнулі, каб я развітаўся... Раптам зрабілася вельмі холадна, хаця восень была цёплая».

Сваякі Бядулі шэсць разоў спрабавалі здзейсніць перапахаванне яго парэшткаў з Уральску (які цяпер знаходзіцца ў Казахстане) на Беларусь. І ўсё не атрымлівалася...

І вось 26 лютага гэтага года прах Змітрака Бядулі быў нарэшце перавезены на Радзіму. Тады ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, які садзейнічаў рэалізацыі праекта, адбылася прэс-канферэнцыя, на якой журналістам распавялі падрабязнасці. Але дзе і калі адбудзецца перапахаванне, засталося таямніцай.

— Ну, гэта не было таямніцай, проста разглядалася некалькі месцаў, і трэба было ўдакладніць, які варыянт найбольш рэальны, — распавядае дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў. — У якасці апошняга прытулку аўтара «Салаўя» разглядаліся Вайсковыя могілкі, дзе пахаванні Якуба Коласа і Янкі Купалы, альбо Усходнія, дзе пахаваны Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў ды іншыя класікі. Высветлілася, што на Вайсковых могілках новае пахаванне зрабіць складана, яны невялікія, і там проста не аказалася годнага месца. Таму пачалі пільней разглядаць варыянт з Усходнімі могілкамі. І вось маем пацверджанне, што выдзелена месца на 26-м участку, гэта якраз злева ад цэнтральнага ўваходу, дзе магілы выбітных асоб. Збіраемся з Яфімам Самуілавічам Плаўнікам паехаць туды, каб агледзець.

Усходнія могілкі Мінска. Фота: citydog.by

— У які дзень, і як менавіта адбудзецца цырымонія?

— Нядаўна была праведзеная нарада ў Міністэрстве інфармацыі пад кіраўніцтвам міністра Ігара Луцкага, дзе выбралі найбольш зручную дату для пахавання. Гэта 3 лістапада — менавіта ў гэты дзень памёр Змітрок Бядуля. Будзе вельмі сімвалічна, калі б ён быў перапахаваны на радзіме менавіта ў той самы дзень. Перад пахаваннем адбудзецца цырымонія развітання. Мы плануем правесці яе ў філіяле нашага музея па вуліцы Рабкораўскай, 19 — у Беларускай хатцы, дзе Змітрок Бядуля жыў. І гэта таксама сімвалічна: чалавек, які жыў у тым доме, з гэтага дому і выправіцца ў апошні шлях. Як быццам пачынаецца новы круг прысутнасці пісьменніка на радзіме, дзе адраджаецца яго памяць, дзе пра яго выходзяць кнігі, а напісанае ім вывучаюць у школах. У Беларускай хатцы ёсць экспазіцыя пра Змітрака Бядулю, з якой падчас цырымоніі развітання можна азнаёміцца. Там выставім і абломкі надмагільнай пліты з Уральска, якую разам з парэшткамі прывезлі з Казахстана — гэта ўжо экспанат нашага музея. Будзе магчымасць і пасядзець на лаўцы з імем Змітрака Бядулі на Сцяжынцы пісьменнікаў, якая прысвечаная славутым асобам, якія жылі ў гэтым доме. Сцяжынка карыстаецца вялікай папулярнасцю, мы рады, што зноў жыццё віхурыць вакол Беларускай хаткі, як гэта было ў часы, калі там жыў Бядуля. У цырымоніі развітання прымуць удзел тыя самыя асобы, што займаліся праектам вяртання парэшткаў класіка на радзіму. Гэта прадстаўнікі Фонду Марыі-Магдаліны Радзівіл, які ўзначальвае Аляксандр Сапега. На жаль, сам Сапега з-за пандэміі прыехаць не зможа. Партнёрам Фонду з’яўляецца і наш музей, які ўдзельнічае ў праекце ад самага пачатку. Вядома, возьме ўдзел у цырымоніі сын пісьменніка Яфім Плаўнік. Будуць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, якое па даручэнні Савета міністраў займаецца праектам, з удзелам Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкама. Напэўна, далучацца грамадскія, творчыя, навуковыя арганізацыі.

— А ў які час можна жадаючым далучыцца да цырымоніі?
— Парэшткі з бласлаўлення мітрапаліта знаходзяцца ў Ільінскай царкве ў Бабруйску. Плануецца, што яны ў суправаджэнні протаіерэя храма будуць прывезеныя ў Мінск 3 лістапада. З 11.00 да 13.00 мы плануем адкрыць Беларускую хатку для ўсіх, хто захоча аддаць даніну памяці беларускаму пісьменніку. У 14.00 — пахаванне на Усходніх могілках. Там выступяць усе асноўныя ўдзельнікі. Пакуль што на магіле ўсталююць крыж. Потым будзе аб’яўлены конкурс на помнік.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Юрыя Камісарава

Загаловак у газеце: «Салавей» застанецца на радзіме

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.