Вы тут

Падземныя смеццевыя кантэйнеры з'явіліся ў Брэсце


Спачатку ў раёне вулiц Луцкай, Валгаградскай, Кастрычнiцкай рэвалюцыi з'явiлiся будаўнiкi, абгарадзiлi тэрыторыю i сталi капаць вялiкiя ямы. Потым устанавiлi там загадзя прывезеныя вялiкiя ёмiстасцi. Кожная з iх па аб'ёме не меншая за пяць стандартных кантэйнераў.


Яшчэ летам старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК паведамiў, што ў густанаселеным мiкрараёне будуць ўстаноўлены 23 падземныя кантэйнеры. Да пачатку зiмы гарадская камунальная гаспадарка абяцала прыступiць да эксперымента. Работа актыўна вядзецца, хутка жыхары дамоў на ўказаных i найблiжэйшых вулiцах пачнуць прывыкаць да новага спосабу збору смецця.

Падземныя, цi, як iх iначай называюць, заглыбленыя, кантэйнеры шырока выкарыстоўваюцца ў краiнах Еўропы. Пра гэта расказаў намеснiк дырэктара Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода Сяргей ТАРАСЕВIЧ. Паводле яго слоў, мiкрараён Кавалёва выбраны для старту новай кампанii, таму што шчыльна забудаваны — транспарту камунальнiкаў там цяжка перамяшчацца i лавiраваць. Смеццявозы нярэдка трапляюць у сiтуацыю, калi выехаць, размiнуцца з транспартам грамадзян бывае складана.

Акрамя таго, побач з паглыбленымi кантэйнерамi будуць устаноўлены скрынi для раздзельнага збору смецця. Гэта значыць, што асобна пачне збiрацца шкло, пластык, папера. Як мяркуюць спецыялiсты, створаныя ўмовы для раздзельнага збору бытавых адходаў паспрыяюць паступоваму выхаванню культуры гараджан у гэтым пытаннi. Да таго ж ёсць абавязак грамадзянiна, замацаваны законам «Аб абыходжаннi з адходамi».

I вось ужо пластыкавыя бакi, на дзве трэцi заглыбленыя ў зямлю, паявiлiся побач з дамамi па вулiцы Луцкай, Валгаградскай, вядзецца iх устаноўка каля дома па вулiцы 28 Лiпеня. На паверхнi застаецца трэць кантэйнера, закрытага крышкай. У якасцi пераваг спецыялiсты называюць эстэтыку: такiя кантэйнеры, у адрозненне ад звычайных адкрытых, не псуюць знешнi выгляд тэрыторыi, плюс адбываецца эканомiя сродкаў: смеццявоз падыдзе да аднаго кантэйнера замест пяцi.

Варта сказаць, што падобныя пляцоўкi ёсць у асобных новых мiкрараёнах горада, i яны добра сябе зарэкамендавалi. Гаворка iдзе пра падземныя пляцоўкi для збору бытавых адходаў каля дамоў 9—11 па вулiцы Марозава i 27—29 па вулiцы Вароўскага. Кожная «падземка» абслугоўвае да тысячы чалавек. I жыхары шматкватэрных дамоў ацанiлi такi еўрапейскi падыход да збору смецця.

Пляцоўкi на ўказаных вулiцах аднолькавыя. Кожная з iх складаецца з трох заглыбленых ёмiстасцяў аб'ёмам да трох кубiчных метраў. Дзве з iх вызначаны для змешаных адходаў, адна — для шкла. (Для макулатуры i пластыку недалёка ўстаноўлены еўракантэйнеры.) Паколькi над зямлёй выступае толькi верхняя частка кантэйнераў, куды апускаецца пакет, яны не выглядаюць грувасткiмi, а эфектыўная сiстэма бяспекi не патрабуе агароджы. Такiм чынам смецце не можа быць расцягнута жывёламi альбо птушкамi, практычна не адчуваецца непрыемны пах у летнюю спёку. Падобныя пляцоўкi з'явiлiся ў вынiку мiжнароднага супрацоўнiцтва Брэста з еўрапейскiмi партнёрамi.

Прыйшоў час прымяняць станоўчы вопыт раёнаў новай забудовы i ў старых «спальнiках». Гэта значыць, што ў шматпавярховiках раёна Кавалёва неўзабаве будуць завараныя смеццеправоды, а людзi панясуць пакеты са смеццем на вулiцу.

Наталля Шалуха, якая жыве ў доме па вулiцы Валгаградскай, гаворыць, што ноу-хау толькi вiтае:

— У маёй сям'i даўно сартуюць смецце — гэта, калi хочаце, абавязак любога цывiлiзаванага чалавека, а заадно i яго прыкмета. Няма нiчога складанага ў тым, каб трымаць побач з традыцыйным вядром для адходаў яшчэ два-тры пакеты, куды трэба складваць паперу, пластык, шкло. Вядома, смеццеправод у доме зручны для жыльцоў. Але, вiдаць, прыйшла пара ад яго адмовiцца нават па санiтарных меркаваннях. Тым больш што асобныя суседзi часам усё ж праяўляюць сваю нявыхаванасць, кiдаюць туды габарытныя рэчы i забiваюць праход. А калi чалавек будзе складваць адходы навiдавоку, то ён мусiць паводзiць сябе прыстойна. Як бачым, у новай форме збору смецця прысутнiчае i пэўны элемент выхавання.

Яшчэ нейкi дзясятак гадоў таму ўсе камунальна-бытавыя адходы Брэста вывозiлi на палiгон у Маларыцкi раён, за 40 кiламетраў ад абласнога цэнтра. У 2010-м быў узведзены смеццеперапрацоўчы завод, i сiтуацыя, найперш у экалагiчным плане, стала кардынальна мяняцца. Цяперашняя кампанiя ў мiкрараёне Кавалёва — працяг гэтых пазiтыўных перамен.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: На дзве трэцi пад зямлёй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?