Вы тут

Ваш Юрка — Ежы Плесняровіч


 

Ваш Юрка — Ежы Плесняровіч

«Памятаю, была гэта багатая карэспандэнцыя», — згадвае ў электронным лісце сын польскага паэта Ежы Плесняровіча, прафесар Кшыштаф Плесняровіч, у працяг пытання пра тое, ці захаваліся лісты яго бацькі ў архіве Максіма Танка.

Янка Брыль падпісаў гэты здымак такімі словамі: «Паміж Рагойшам і мною польскі паэт Ежы Плесняровіч». БДАМЛіМ. — Ф. 59. Воп. 4. Спр. 256.

З прафесарам Кшыштафам Плесняровічам, літаратуразнаўцам, намеснікам дэкана факультэта менеджменту і сацыяльнай камунікацыі Ягелонскага ўніверсітэта, я спісалася пасля звароту ў рэдакцыю Вольгі Ляліч-Кравіцкай, полькі-сербкі, паэткі, стваральніцы міжнароднага інтэрнэт-партала славянскіх літаратур і мастацтваў poezija.com.pl. У 2015‑м, дзякуючы Гжэгажу Міхалоўскаму, у той час рэдактару «Падляскага культурнага квартальніка» і да гэтай пары вялікаму сябру падляскіх паэтаў, «Маладосць» друкавала вершы Вольгі ў перакладах Арцёма Кавалеўскага. Чытач, магчыма, памятае яе «хмурынку з усмешкі» або «ідэальны вобраз з рамантычнага слоўніка». А poezija.com.pl — сайт «трохі славянскі, трохі еўрапейскі, трохі Ваш, трохі наш», як напісана ў звароце да наведвальнікаў. Там знойдуцца пераклады твораў польскіх, сербскіх, харвацкіх, македонскіх, беларускіх, украінскіх, рускіх, славенскіх, балгарскіх аўтараў на мовы: рускую, беларускую, славянскую, македонскую, старарускую, украінскую, славацкую...

Але цяпер не пра гэта.

Сёлета Ежы Плесняровічу спаўняецца 100 гадоў. Гэта, уласна, і стала нагодай звярнуцца да нас, у рэдакцыю «М», па-першае, з вершамі названага паэта (Вольга Ляліч-Кравіцкая прапанавала іх да друку ўжо перакладзенымі нашым паэтам Алесем Емяльянавым-Шыловічам), а па-другое, з просьбай знайсці ў Беларусі даследчыка, які б прааналізаваў зробленыя Ежы Плесняровічам пераклады на польскую мову вершаў беларускіх паэтаў. Сярод апошніх асаблівая, выключная ўвага польскага літаратара аддадзена была Максіму Танку. Знайшоўшы патрэбнага даследчыка ў асобе Сержа Мінскевіча, «М»ы друкуем у гэтым нумары яго артыкул «Вершы Максіма Танка ў перакладзе Ежы Плесняровіча» (версія па-польску ўбачыць свет у Жэшуве, дзе Ежы Плесняровіч жыў і працаваў, у матэрыялах канферэнцыі тамтэйшага ўніверсітэта, зладжанай спецыяльна да юбілею), а ў адказ на згадку прафесарам Кшыштафам Плесняровічам пра перапіску паэта з Максімам Танкам прыводзім тут яе самыя кранальныя эпізоды.

Праз вершы можна ўбачыць толькі душу паэта — тонкую, празрыстую частку асобы. Нашмат больш відаць праз лісты…

Храналагічна першы сярод тых, што захоўваюцца ў БДАМЛіМ, датуецца 30 снежня 1975 года. Навагодняе віншаванне і адначасова дзелавая карэспандэнцыя, хоць і сціслая, бо ўмясцілася на паштоўцы. Але не толькі гэтае «два ў адным» звяртае на сябе ўвагу. Ёсць яшчэ прынамсі дзве цікавыя акалічнасці: зварот «Максім Іванавіч» і вялікія літары слоў-пажаданняў.

Высокапаважаны, Дарагі Максім Іванавіч, прашу прыняць Найлепшыя Пажаданні на 1975 год!

Жадаю Вам Здароўя і Усялякага Росквіту, Новых Прыгожых паэтычных дасягненняў, прыязні, павагі і дабрыні — заўсёды. Прыемна мне Вам паведаміць, што і да сёння ў Жэшуве трывае жывы водгук Вашага незабыўнага выступлення. А я ўжо атрымаў з выдавецтва ў Лодзі «Выбраныя вершы». Гэтая кніжка прынесла ў наш дом многа радасці. <…> Чакаю цяпер Вашы новыя вершы. Хочацца зноў перакладаць іх. Адчуваю сябе трохі лепш, неяк мне нашы лекі дапамагаюць. Цешуся, што ў студзені прыедзеце ў Лодзь. Можа і мне ўдасца туды выскачыць. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б мог атрымаць нумары «Полымя» з Вашымі творамі.

Наступны па храналогіі дакумент фонда — зноў паштоўка, і зноў навагодняя, адпраўленая праз год, 17 снежня 1975-га. Мяркуючы па запісе ў правым верхнім кутку («Нагадваю свой адрас і тэлефон…»), прамежкавай карэспандэнцыі магло не існаваць. У той жа час у тэксце (віншаванне зноў перацякае ў просты ліст) гаворыцца пра сустрэчы: не толькі ў згаданым раней Жэшуве, але і ў Мінску, Лодзі. Зрэшты, магла быць гаворка пра іх як пра ранейшыя: «Увесь час вяртаюся памяццю да нашых незабыўных спатканняў у Мінску, у Лодзі, у Жэшуве». Сур’ёзнай прычынай перапынку ў перапісцы была, хутчэй за ўсё, хвароба, пра якую, аднак, пішацца не ў першых радках, а ніжэй, значна ніжэй. Спачатку ж паведамляецца пра новаперакладзеныя вершы (больш за дзесяць), агучванне некаторых з іх на радыё, апублікаванне трох у лістападаўскім нумары часопіса Prоpile, прысвечаным польска-савецкаму сяброўству («Далучаю выцінак»)...

…Янка Брыль прыслаў мне нумар «Полымя» — жнівень 1975, што зрабіла магчымым выступленне з праектам выдання ў нас новага выбранага з Вашай паэзіі ў 1977 годзе — да 60-годдзя Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі. Мне толькі не хапае матэрыялу для паўнаты. Таму горача прашу прыслаць мне як мага хутчэй падборку «Дарога, закалыханая жытам» — «Полымя» № 9 за 1973 і № 9 1974. Патрэбен мне і верш «Ленин на броневике», які зацытавалі ў Акадэміі ў Жэшуве. Справа вельмі тэрміновая, паколькі да канца года фарміруецца выдавецкі план серыі «Паэты ХХ стагоддзя» <…> Больш чым паўгода я сур’ёзна хварэў. Але многа радасці прыносіць мне надзея, што ў чэрвені года 1976-га я стану дзедам. Можа, унук ці ўнучка будзе тлумачыць польска-савецкую паэзію, беларускія вершы? Тым часам прашу Вашы творы, а таксама выслаць часопіс «Полымя», які не магу дастаць ні ў Жэшуве, ні ў Варшаве. Усяго найлепшага жадаю Вам, Максім Іванавіч, і Вашым Блізкім, і моцна паціскаю Вашу далонь. У сувязі з падрыхтоўкай Вашага выдання ахвотна адведаў бы Вас у Мінску, але хацелася б прыехаць з укладзенай кніжкай — на кансультацыю.

Усе лісты Ежы Плесняровіча да Максіма Танка пісаліся па-польску. Але ёсць арыгінальныя акалічнасці. Напрыклад, віншаванне з Новым 1976 годам напісана і па-польску, і па-беларуску (зварот «Дарагі дружа!»), і змешана — камбінаваннем слоў у сказе і літар у слове: «Усяго dобрага na Rok 1976! Dобрага Вам zдароўя!», «Da спаткання! Ваш ЮркаJerzy Pleśniarowicz».

Акуратныя, без нахілу, акруглыя, «адборныя» літаркі. Почырказнаўцы пра такія гавораць, што належаць яны асобе стрыманай і разважлівай, з прыемным характарам, уласцівыя чалавеку, з якім лёгка, у якім рацыянальнае і эмацыйнае збалансавана, у якога ёсць прынцыповыя меркаванні, адрозныя ад «агульнапрынятых»…

Асобныя лісты маюць падкрэсліванні слоў і частак сказаў. Некаторыя такімі падкрэсліваннямі проста спярэшчаны. І ўвесь час адчуваецца настойлівае жаданне перакладаць. Не кожны можа гэта зразумець, але перакладанне — праца шчаслівая. Можа быць, нават шчаслівейшая за ўласную творчасць. Адна з вельмі нямногіх спраў, што робяць чалавека дарэшты прыміраным з сабою і светам... Гэта, аднак, адступленне. Вяртаймася да лістоў.

Шаноўны, Дарагі Максім Іванавіч!

Ад усяго сэрца дзякую Вам за прыгожыя і ўзнёслыя доказы Вашай добрай памяці. Дзякую за ліст і пажаданні. Дзякую за прысланае: як жа важна мне атрымаць Вашы творы.

Прашу прабачэння, што адпісваю са спазненнем. На гэта ёсць дзве прычыны. Па-першае, як суаўтар Анталогіі ўкраінскай паэзіі… да гэтай пары надзвычай сціпла рэпрэзентаваны ў гэтым выданні перакладамі, меў прыемны абавязак уключыцца ў апошнюю рэдакцыйную фазу. Шмат часу ў мяне адабралі бібліятэчныя росшукі, асабліва што датычыцца найстарэйшых перакладаў фальклору на чале з такім блізкім нашым народам Янам Чачотам!

Па-другое, вельмі стараўся, каб, атрымаўшы згоду Народнага Выдавецтва (Рэдакцыі класічнай літаратуры), дамагчыся, каб Ваш новы зборнік вершаў не чакаў у чарзе. І вось высілкі разам са шчаслівым збегам акалічнасцей зрабілі так, што магу Вам пераказаць арыгінал ліста, які атрымаў цяпер, у Варшаве — ужо пасля папярэдняй размовы з нашым Прыяцелем — Янкай Брылём.

І далей, наступным аркушам, з поўнай перадачай адраса ідзе перапісаны ад рукі зварот кіраўніка рэдакцыі класічнай літаратуры Ядвігі Бандроўскай-Урублеўскай да Ежы Плесняровіча, у якім выказваецца просьба перанесці тэрмін укладання кнігі з верасня на канец мая, бо пажадана выдаць яе ў студзені або лютым 1977 года. І вельмі важна, маўляў, каб уступ належаў пяру Максіма Танка, бо, згодна з правіламі серыі, «жывыя паэты самі пішуць пра свой шлях да паэзіі». Кіраўнік рэдакцыі просіць даць адказ як мага хутчэй.

Так што ўсё, як мы і планавалі, — канкрэтна, а што яшчэ важней, у тэмпе найноўшага савецкага звышгукавога самалёта!

Гэты галавакружны тэмп патрабуе пэўных намаганняў. Я ўсё іншае адклаў убок, адмовіўся ад прапановы перакладання двух штук для нашага міністэрства — і, завяршаючы паслязаўтра працу над анталогіяй, Фларыяна і маёй, абвяшчаю Год Максіма Танка на маім пісьмовым стале адкрытым.

Першага красавіка 1976 года Ежы Плесняровіч піша Максіму Танку не з Жэшува: першымі словамі выводзіць у левым верхнім куточку «Івоніч-Здруй».

Шаноўны, Дарагі Максім Іванавіч, перапрашаю, што пішу толькі цяпер, але з-за неспадзяванай і сур’ёзнай хваробы я змог толькі выслаць з бальніцы тэлеграму ў Маскву з нагоды 25-га з’езда КПСС, з вітаннямі. З-за цукровага дыябету і перанапружання пільнымі працамі ў снежні і студзені 8 лютага я атрымаў праблемы з левай рукой і часткова левай паловай цела. Было і кровазліянне, на шчасце, невялікае. Пасля шпіталя ў Жэшуве, кансультацый спецыялістаў — дацэнтаў з Кракава і Любліна — з 2 сакавіка знаходжуся ў санаторыі ў Івонічы, абкладзены слоўнікамі і ўсёй даступнай мне творчасцю Максіма Танка. Выбіраю, складаю, перакладаю. І дзейнічаю «арганізацыйна», каб своечасова выйшаў Ваш новы (трэці па чарзе) зборнік паэзіі.

<…>

Учора з Івоніча датэлефанаваўся да сакратара (жанчына) галоўнага выдавецтва. Усё ідзе добра. Уступны план зацверджаны…

 

Ва ўсіх падкрэсленых радках Ежы Плесняровіч піша далей пра тое, што найважнейшай справай з’яўляецца для яго папраўка здароўя — каб мог ён («каб дазволілі лекары») прыехаць у Мінск для кансультавання па кніжцы і перакладах.

18 красавіка я выходжу са свайго санаторыя і ў канцы красавіка або ў пачатку мая мог бы ехаць. Але калі дакладна — гэта залежыць ад Вашага тэрміну і Вашага вольнага часу, Дарагі Максім Іванавіч. Ведаю ад Янкі Брыля, што чакае Вас яшчэ адзін з’езд, а можа яшчэ і далёкі замежны ваяж

Дваццаць першага красавіка ў Мінск з Жэшува высылаецца паштоўка, у якой — адказ на віншаванне («...з аказіі нашага агульнага Першамайскага Свята»). Далей зноў пра справы: піша, што шмат працуе, але і мацуе сілы, каб у Мінску быць абавязкова, што беражліва трымае ў памяці свой першы мінскі візіт — у 1972 годзе.

У адным з лістоў чытаем пра ўнучку: нарадзілася 26 чэрвеня, важыла 3 кілаграмы 400 грамаў, імя — Катажына Ганна. «Мала плача, увесь час хоча есці. Гэта вялікая радасць».

Наступныя лісты поўняцца зноў падзякамі за памяць і выбачэннямі за затрымкі адказаў. Да ўласных праблем са здароўем далучылася хвароба маці. Пра гэта паведамляецца ўжо ў кастрычніцкім лісце, які адрозніваецца ад усёй папярэдняй карэспандэнцыі: пры традыцыйным звароце («Шаноўны, Дарагі Максім Іванавіч») тут не «Вы», «Ваш», а «Ты», «Твой», і подпіс: «Заўсёды Твой». І ўжо праз месяц, у сярэдзіне лістапада, Плесняровіч піша ліст з Варшавы, які пачынаецца словамі «Дарагі Максім» і ў якім з вялікімі падзякамі згадваюцца сустрэчы з Максімам Танкам у Маскве і Мінску. Новыя ўжо, свежыя сустрэчы, «мілыя і плённыя адначасова».

Лісты ад 1977 года вылучаюцца зваротам «Дарагі Максім, дарагая пані Люба» і развітаннем «Бланка, Ежы Плесняровічы».

Кракаў, 25.6.77

Дарагі Максім, у гэтую хвіліну, для нашай сям’і ўрачыстую, мае думкі скіроўваюцца да Цябе, да пані Любы, да Тваіх. Заўтра Касі спаўняецца год, а сёння мой малодшы сын Кшыштаф скончыў магістратуру па польскай літаратуры і тэатразнаўстве з вельмі добрым вынікам і з адзнакай…

Жэшув, 24.7.77

Дарагі Максім, даведаўся сёння, што Польскае Радыё ў перадачы з Варшавы дае Твае вершы ў маім перакладзе. Праграма называецца «Сосны на акопах» і пройдзе 4 верасня… у 10.15. Чытае наш Сябра — Ян Адамскі…

У кароткім паведамленні, напісаным на паштоўцы, Ежы Плесняровіч сярод іншага просіць Максіма Танка прыслаць томік Дануты Бічэль-Загнетавай: «Бо зацікавілі мяне пераклады. Гэта мабыць твая «ШКОЛА». Калі б не хвароба, якая ў самым пачатку 1978 года забрала ў яго жыццё, мы ведалі б і пра гэтыя пераклады…»

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.