Вы тут

Прайшоў круглы стол БСЖ з цыкла «За Беларусь» па тэме «Моцная сям'я — моцная дзяржава»


На мінулым тыдні ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай прайшоў адкрыты круглы стол Беларускага саюза жанчын з цыкла «За Беларусь» па тэме «Моцная сям'я — моцная дзяржава». У мерапрыемстве ўдзельнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб'яднанняў з розных рэгіёнаў. У фармаце адкрытага мікрафона абмяркоўвалі сямейную палітыку Беларусі, прыярытэты заканадаўчага забеспячэння інстытута сям'і, а таксама духоўныя традыцыі.


Намеснік міністра аховы здароўя, старшыня Беларускага саюза жанчын Алена Богдан:

— Мне падабаецца слова «кансалідацыя», «з'яднанне». У гэтым ключы і пачнём цыкл круглых сталоў Беларускага саюза жанчын, грамадскіх і няўрадавых арганізацый і грамадства пра каштоўнасць сям'і, дыялогаў аб нашай духоўнай спадчыне. Сімвалічна, што круглы стол пачаўся з наведвання крыпты памяці храма Усіх Святых. Гэта тое, што абавязаны ведаць і шанаваць нашы дзеці. Падобныя каштоўнасці павінны прывівацца ў сем'ях. Спадзяюся, мы яшчэ збяромся ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны і зможам не столькі абмеркаваць пытанні глабальных змяненняў у жыцці краіны, колькі данесці да грамадства тое станоўчае, што зроблена ў Беларусі.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч:

— Моцная сям'я — сур'ёзная інвестыцыя ў будучыню краіны. Дзяржавай зроблена многае, каб падтрымаць сям'ю, але нельга запавольвацца. Сёння мы ставім задачу падняць ролю бацькі ў сям'і. Нашы мужчыны, таты разумеюць, што іх роля не толькі сфарміраваць матэрыяльную забяспечанасць, але і даць любоў, увагу, клопат жонцы і абавязкова дзецям.

Лічу вельмі важнай інфармацыйную, прапагандысцкую работу па растлумачэнні каштоўнасці сям'і, ролі маці ў сям'і. Бачу, што ў разуменні гэтага ёсць сёння некаторыя праблемы: выклікаюць здзіўленне апошнія падзеі, калі асобныя маці выводзяць сваіх дзяцей на плошчу падчас масавых мерапрыемстваў. Жанчыны якраз тыя, хто павінен несці мір, любоў і дабрыню.

Начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка:

— Сапраўды, вельмі важна павышаць прэстыж бацькоўства. Беларускія таты становяцца ўсё больш прасунутымі ў выхаванні і развіцці дзяцей. Апошнія даследаванні Белстата паказалі, што таты нароўні з мамамі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы дзяцей да школы, баўленні вольнага часу. Мы падтрымліваем такія настроі шляхам развіцця грамадскіх ініцыятыў, розных асветніцкіх, навучальных праграм для бацькоў. Сёння ўся сістэма, якая выбудавана ў інтарэсах сем'яў з дзецьмі — нацыянальны здабытак дзяржавы. Але мы разумеем, што ніякія сацыяльна-эканамічныя меры не дадуць эфекту, калі не будзем думаць пра ўмацаванне інстытута сям'і, калі ў грамадстве не будзе мяняцца стаўленне да сям'і, сямейных каштоўнасцяў. Вядома, тут асаблівую ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі. У сувязі з гэтым у праграму «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на наступны перыяд закладзена значная колькасць мерапрыемстваў па развіцці інфармацыйнай прасторы ў гэтым кірунку. Гаворка ідзе аб павышэнні ў грамадстве прэстыжу сямейнага ладу жыцця, сем'яў з некалькімі дзецьмі. Аб развіцці краіны мяркуюць па становішчы сям'і і стаўленні да яе дзяржавы. У Беларусі сёння, у адрозненне ад многіх іншых краін, увесь перыяд водпуску па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў аплачваецца. На заканадаўчым узроўні дадзена права самой сям'і вызначаць, хто будзе знаходзіцца ў такім водпуску. Гэта права можа быць выкарыстана не толькі мамай, але і бацькам, бабуляй, дзядулем. Больш за тое, заахвочваецца роўнасць бацькоў у выхаванні дзяцей. Прычым на бацьку, калі ён знаходзіцца ў адпачынку, распаўсюджваюцца тыя ж гарантыі і льготы, што і на маці.

Сістэма дзяржаўных дапамог уключае 11 выплат, і іх памер істотны.

Доктар гістарычных навук, прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Калачова:

— Нягледзячы на тое што дзяржавай зроблена нямала для падтрымкі сям'і, мы назіраем за тым, што адбываецца ў краіне, з вялікай трывогай. Як старэйшае пакаленне, адчуваем велізарную недапрацоўку стасункаў з моладдзю. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі апярэдзілі нас, жывых носьбітаў ведаў, майстэрства, вопыту, і ў гэтым ёсць наш болевы пункт. Сям'я — гэта апора і база, тое месца, куды чалавек вяртаецца зноў і зноў. Таму і прыярытэты павінны быць вызначаны ў нашай краіне адпаведныя. Мы сёння шмат гаворым пра тое, што зрабілі для ўмацавання інстытута сям'і і яе каштоўнасцяў. Гэта ўсё правільна. Але ж трэба мець нейкую больш дакладную стратэгію. Якія пасылы сёння ў інфармацыйнай прасторы? Гэта шматдзетныя сем'і. Я кожны дзень сустракаюся са студэнтамі і разумею, што гэты пасыл ім не падабаецца. Ім не хочацца мець шмат дзяцей і заводзіць сур'ёзныя адносіны, я ўжо не кажу пра заключэнні шлюбу. Моладзь нацэлена на атрыманне адукацыі і пошук свайго месца ў свеце. Але наша задача прыдумаць, што мы можам даць маладым такое, каб яны засталіся тут, у краіне, хацелі ў Беларусі развівацца, ствараць сем'і і нараджаць дзяцей, каб палюбілі сваю радзіму. Сёння кіраўніцка-адміністрацыйныя рэсурсы, эканамічная, псіхалагічная і сацыяльная падтрымка дзяржавы павінны быць накіраваны на шырокую праслойку мэтавых груп жыхароў нашай краіны. Аналіз работы з сям'ёй паказвае, што прыярытэт дзяржавы і дзяржаўных рэсурсаў сканцэнтраваны на сем'ях, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, зоне асацыяльных праяў. Але ж калі добрая сям'я распадаецца, і мама адна гадуе дзіця — гэта ж таксама зона рызыкі. Таму варта сфакусавацца на дапамозе нармальным і добрым сем'ям. Я маю на ўвазе маладыя сем'і на этапе фарміравання сямейнай ідэнтычнасці, на этапе нараджэння першага дзіцяці і наступных дзяцей, на этапе сталення дзяцей і пакідання імі бацькоўскага дому і на этапе жыцця пажылой сямейнай пары. У такіх сем'ях ёсць унутраны рэсурс для засваення аказваемай ім дапамогі і стварэння грамадска карыснага прадукту — а менавіта выхавання адукаваных людзей з высокім узроўнем здароўя. Гэта ўнясе істотны ўклад у грамадскае развіццё і развіццё нашай дзяржавы.

Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Мінска протаіерэй Фёдар Поўны:

— Вянцом прыроды робіць нас не фізіялогія, якая вяртаецца ў зямлю, а дух, які па прыродзе адзіны з духам Бога. Наяўнасць гэтага духу ў чалавеку дае яму годнасць і фарміруе асобу. Чалавек закліканы ствараць, а не руйнаваць. Таму нам яшчэ нашы продкі заўсёды казалі пра тое, што важна ўмець захаваць сям'ю — і не толькі таму, што гэта напісана ў Евангеллі, але таму, што яны ўмелі шанаваць цэласнасць, і цэлае ў іх было заўсёды ў прыярытэце над прыватным. Яны разумелі, што для таго, каб жыццё на зямлі працягвалася, трэба захоўваць матрыцу, сістэму. Гэта робіць і прырода, і калі мы парушаем яе раўнавагу, то здараецца катаклізм. Сям'я — гэта таксама матрыца, якая дае базу для развіцця індывідуальнасці. Сем'і забяспечваюць наша грамадства індывідуальнасцямі ў сілу непаўторнасці кожнага роду. Неабходнай чысціні, вернасці, захаванню сямейнай сістэмы і яе каштоўнасцяў вучыць сям'я. І калі яна гэтага не дала, то разумення прыярытэту цэлага над прыватным чалавек не ўсведамляе і ніколі не будзе ведаць, навошта яму дзяржава — ён проста не здолее любіць радзіму. Сёння мы назіраем трагедыю разводаў і сацыяльнага сіроцтва ў нашай дзяржаве, якая набыла нацыянальныя маштабы. Забараняць разводы і аборты неэфектыўна. Значна больш эфектыўна вучыць людзей захоўваць чысціню і вернасць. Але як гэта зрабіць? Трэба вярнуць духоўнасць у выхаванне дзяцей, гэта лягчэй чым выпраўляць плады амаральнасці. Школа ўжо даўно не выхоўвае, а толькі аказвае адукацыйныя паслугі. Бачу выйсце ў прывіванні каштоўнасцяў і традыцый людзям з дзяцінства. Наша нацыя заснавана на хрысціянскіх каштоўнасцях, любові адно да аднаго, міласэрнасці, павазе да старэйшых, дапамозе малодшым, працы і самадысцыпліне. Таму без залішняй талерантнасці трэба вярнуць у школы вывучэнне Евангелля — як кнігі маральных асноў продкаў. Тады ў нашага народа будзе правільнае разуменне хрысціянскага жыцця, будуць правільна расстаўлены прыярытэты.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Сям'я — тое месца, куды чалавек вяртаецца зноў і зноў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».