Вы тут

Школу трэба перажыць. Нататкі шматдзетнага таткі


Збіраемся з малодшымі ў школу. Кажу ім:

— Шапкі можаце не надзяваць, сёння цёпла, як летам.

Вера:

— А давай тады ў школу не пойдзем!

— У сэнсе?

— Ну летам жа мы ў школу не ходзім.

— Я ж сказаў «як летам», гэта азначае цёпла, як быццам лета.

Поля па-змоўніцку:

— А давай як быццам пойдзем у школу?

Ідэя, канешне, нядрэнная, пытанняў няма, але, каб мне з імі пайсці «як быццам у школу», самому давядзецца ісці «быццам на работу», а ў канцы месяца мне заплацяць быццам зарплату і... далей усё будзе як быццам добра. Адсочваю лагічны ланцужок да канца і кажу:

— Так, хутка ўсе надзелі шапкі і марш у школу!

— Ты ж сказаў, што там цёпла.

— Якое цёпла, сярэдзіна кастрычніка!

У выніку сышліся на сярэдзіне: Поля пайшла ў шапцы, Вера без яе. На зваротным шляху памяняюцца.


Старэйшая дачка просіць праверыць сачыненне па англійскай мове. Чытаю загаловак: «Як я аднойчы аслепла на адно вока». Далей не чытаю, з жахам крычу:

— Марта, што гэта???

— Нам проста сказалі напісаць такое сачыненне, каб усе былі ў шоку. Ты ў шоку?

Блін, я не проста ў шоку, я ў ах...

Ах, які загаловак!

P.S. І гэта я яшчэ само сачыненне не чытаў.


Двайняткі паскардзіліся:

— Мы на фізкультуры ўвесь час гуляем з хлопчыкамі ў піянер-бол і заўсёды прайграём. Сёння нас было шэсць, а хлопчыкаў толькі два, і мы ўсё роўна прайгралі.

Жонка:

— Напэўна, вас было вельмі многа і вы адна адной перашкаджалі?

Поля:

— Не, проста хлопчыкі вельмі высока кідалі мяч, а мы баяліся, што ён стукне нас па галаве, і разбягаліся.

Р.S. Ну вось, зараз вы таксама ведаеце, як перамагчы дзяўчынак у піянер-боле.


Забіраю двайнятак з англійскай мовы і бачу, што яны нечым засмучаныя:

— Прызнавайцеся, чаго такія кіслыя. Стаміліся?

Вера сумным голасам:

— Проста ў нас сёння быў конкурс, і наша з Поляй каманда прайграла.

— А колькі ўсяго каманд было?

— Дзве.

— Дык вы б падзяліліся: адна дакладна зараз была б вясёлая.

— Настаўніца таксама прапаноўвала нам пайсці ў розныя каманды, але мы адмовіліся, — заўважыла Вера.

— Чаму?

— У мінулы раз мы падзяліліся, і мая каманда выйграла. Поля тады на мяне вельмі доўга крыўдзілася. Таму мы з таго часу вырашылі заўсёды быць у адной камандзе.

Р.S. На мой погляд, добрае рашэнне. Поспех, канешне, рэч немалаважная, але часам больш важна быць у адной камандзе з тымі, хто нам дарагі.


Заходжу на кухню і назіраю наступны малюнак: двайняткі ядуць суп, старэйшая сястра сядзіць насупраць і кажа важным голасам:

— Запомніце, дзяўчаткі, школа — гэта такая рэч, якую трэба проста перажыць. Проста пе-ра-жыць, разумееце?

Двайняткі ў знак згоды ківаюць. А я падумаў: як усё ж цудоўна, калі ў чалавека ёсць старэйшыя брат ці сястра, бо бацькі ніколі яму не скажуць праўды, хоць самі гэтак жа думаюць.

А школьныя настаўнікі хіба ў пачатку года не думаюць, што «школа — гэта такая рэч, якую трэба проста перажыць»? Адназначна думаюць.

Нават дырэктар школы, упэўнены, перыядычна прачынаецца ў халодным поце з крыкам: «Мама, я не хачу ў школу!»

І толькі мудрая старэйшая сястра скажа ім праўду ў вочы.

P.S. І тым самым яшчэ больш умацуе свой аўтарытэт.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?