Вы тут

Кніжны гасцінец. «Падумаеш — паэт! Усё роўна да нас, у анатамічку, прывязуць!..»


Янка Брыль. Збор твораў. Том 6. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

«Няўжо гэта абавязкова — усаджваючы ў літаратурнае карыта і свой лыч, спачатку кашкануць ім суседа справа ці злева, а то і таго і другога? Хоць карыта гэтае аж надта доўгае, шырокае...

Падумалася так, калі чытаў яшчэ адно маладжавае інтэрв'ю з уступна-недарэчнымі і проста хамскімі «заўвагамі» пра тых, хто піша інакш, чым ён, ці не тое, што ён, прыгрэты першым, больш уяўным поспехам».

Як вам гэты запіс з цыкла «Пошукі слова» народнага пісьменніка Янкі Брыля? Той вызначаўся інтэлігентнасцю, быў майстрам лірычных мініяцюр... Але быў і на язык востры, калі хацеў, а ўжо ў сваіх дзённікавых запісах ды зацемках мог прыпячы любога... Мусіць, недарэмна загадаў, каб пасля смерці яго дзённікі захоўваліся пад замком гадоў пяцьдзясят...

У шосты том збору твораў пісьменніка ўвайшлі дазволеныя да друку запісы і мініяцюры 1945—1992 гадоў — ад тонкіх апісанняў прыроды да з'едлівых каментароў пра вядомых асоб. Васямсот старонак разваг, падстава якіх — падарожжы, сустрэчы, прачытаныя кнігі, успаміны дзяцінства, выпадкова падгледжаныя сцэнкі... Вядома, у тых мініяцюрах, якія выдаваліся ў савецкі час, месцамі адчуваецца прыгладжанасць... Ёсць і «паравозы» — абавязковыя згадкі пра Леніна, партыю, Кастрычнік, якія ў савецкія часы забяспечвалі дазвол да друку... Брыль, аднак, і тут стараецца неяк выйсці на агульначалавечыя тэмы. Чытаючы, вы мімаволі ўступіце ў дыялог з аўтарам. Вось ён у 1976-м крытычна выказваецца пра творчасць Быкава: «Дажыць да світання», «Яго батальён» — ці гэта ўжо стомленасць ад спеву на адзін матыў, ці тут у пэўнай меры агалілася штосьці з таго, з чым я нязгодны?»

У чым аўтар саступіў — часам апускае імёны. «Малады вясковы дурыла ад першага сутыкнення з медыцынай, як студэнт-першакурснік, гаварыў калісьці, нешта хутка пасля вайны: «А што там ваш N? Падумаеш — паэт! Усё роўна да нас, у анатамічку, прывязуць!..» З той самай мудрасцю ён, пераростак, ужо не юнак, а мужчына, пазычыў у мяне даволі ладную суму «на тыдзень, па-зямляцку», каб ніколі, як аказалася, не паказацца ні з грашыма, ні так сабе».

Брылю было пра што пісаць... У ягоным жыцці здарыліся і вайна, і палон, і партызаншчына. Ён выдатны стыліст, адзін з тых, хто назапашваў скарбы беларускай мовы. Вось у наваполацкай гасцініцы пачуў ад дзеда: «А цяпер неціхота такая, дык гэта добра!» — і занатоўвае новае слоўца — «неціхота», шум, галоснасць...

«Або добра, або нічога».

Вядома, правільна, што не для таго я многіх перажыў, каб іх аббрэхваць.

Аднак лепш ужо нічога, чым такое добра, дзе пішацца з тым самым слёзным ці слінявым пафасам пра Авеля і Каіна, пра мастака і графамана».


Владимир Немирович-Данченко. О театре. Выдавецтва «Азбука», Масква, 2019.

«Драматург мог быць желаннейшим в Малом театре, а среди настоящих писателей чувствовал себя конфузно». Менавіта так апісвае Уладзімір Неміровіч-Данчанка становішча тэатральнага жыцця ў Расіі ў канцы пазамінулага стагоддзя. Закаханы ў тэатр, ён не стаў ні матэматыкам, ні юрыстам, хоць вучыўся ва ўніверсітэце на гэтых спецыяльнасцях. Напачатку сцвердзіўся як тэатральны крытык, потым з'явіліся п'есы, апавяданні, аповесці, раманы... Але яго літаратурны набытак сёння забыты. Неміровіч-Данчанка ўвайшоў у гісторыю як паплечнік вялікага Станіслаўскага, разам з ім ствараў МХАТ, працаваў над славутай «сістэмай». А  пачалося ўсё з адной доўгай размовы пра тое, што абодвух не задавальняе...

Калі раззлаваны Неміровіч сказаў кіраўніку тэатраў, што ідзе зараз да Станіслаўскага і хоча прапанаваць яму адкрываць новы тэатр, чыноўнік адказаў:

«Алексеев-Станиславс-кий? Да, знаю. Я бы взял его в заведующие монтировочной частью».

Чэхаў, Горкі, Меерхольд, Ярмолава, Талстой... Шмат падрабязнасцяў, якія мог занатаваць толькі сведка. Напрыклад, як давялося змагацца з пагардлівым стаўленнем публікі да артыста і яго працы, з акцёрамі, якія не разумелі, навошта столькі рэпетыцый. Давялося дамаўляцца пра ўмовы супрацоўніцтва і з уладным Станіслаўскім — «два медведя в одной берлоге не уживутся». Калі Неміровіч прапанаваў увесці правіла — заўсёды гаварыць адзін аднаму праўду ў вочы, Станіслаўскі збянтэжыўся і адмовіўся. Маўляў, у свой адрас ён такога сцярпець не зможа. А вось тэатр прыехаў на гастролі ў Вену, і дзве маладзенькія вучаніцы — Коранева і Коанен — вырашылі вырвацца з-пад апякунства і пасяліцца асобна. Жытла не знайшлі, затое ледзь не трапілі ў бяду, бо іх прымалі за «начных матылькоў», і раніцай, пракалаціўшыся на вакзале, прыгажуні вярнуліся да сваіх настаўнікаў. Неміровічу-Данчанку давялося на пару са Станіслаўскім даваць прачуханца свавольніцам. А мясцовыя антрэпрэнёры ўсё дзівіліся: што за бацькоўскія адносіны да артыстачак? Карацей, аматарам тэатра чытаць абавязкова.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прапанаваныя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?