Вы тут

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён


Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

«Сакрэт шчасця» — так называўся юбілейны канцэрт спявачкі Ірыны Відавай. Гэта не проста прыгожая назва. Яна сапраўды свяцілася ад шчасця ўсе 26 гадоў сумеснага жыцця з кампазітарам Алегам Молчанам. А калі ён захварэў, не адыходзіла ад мужа ні на крок. Ірына Відава-Молчан расказала пра тое, што цяпер дапамагае ёй жыць.


12 каст­рыч­ні­ка 2006 го­да,  у дзень афі­цый­най  рэ­гіст­ра­цыі шлю­бу.

— Раскажыце, як вы пазнаёміліся з Алегам?

— Я вучылася ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце на музычна-педагагічным факультэце і пачынала сама складаць песні, спяваць. Патрэбна была аранжыроўка для песні. Пыталася ў знаёмых, да каго можна звярнуцца. Мне кажуць, маўляў, у «Песнярах» ёсць Алег Молчан. Шчыра, я здзівілася. «Песняроў» лічыла небажыхарамі, і сітуацыя, што музыкант такога ансамбля выконвае замовы маладых артыстаў, здавалася па меншай меры дзіўнай. Я прыйшла, мы пагаварылі. Алег ужо тады пакарыў мяне сваім абаяннем, усмешкай. Ён вырашыў паказаць мне свае творы і ўключыў запіс песні «Маргарыта». Вось тут я закахалася ў яго і як у музыканта.

— Гэта легенда або праўда, што з дня знаёмства вы не расставаліся?

— Праўда.

— Як бацькі ўспрынялі вашы адносіны?

— Добра. Яны адразу адчулі, што Алег вельмі надзейны чалавек. І не памыліліся.

— Алег Молчан не адразу пачаў пісаць для вас песні. Не было крыўдна?

— Канешне, не. Тое, што мы з Алегам адразу сышліся, гэта былі, перш за ўсё, адносіны мужчыны і жанчыны. І мяне гэта задавальняла, таму што такіх мужчын адзін на мільён. Песні я і сама тады пісала. Кожны з нас быў самадастатковы як творчы чалавек, таму нам і было цікава разам. Але калі Алег падарыў мне першую песню, я ў той жа момант адмовілася ад сваіх кампазітарскіх амбіцый, таму што песні Алега лепшыя. Алег заўсёды ведаў сабе цану і перш чым пачаць пісаць для мяне, прыглядаўся, наколькі я сур'ёзны чалавек, для мяне творчасць — лад жыцця ці так, забаўка. У выніку ў нас атрымаўся выдатны тандэм — Алег пісаў музыку, я — словы да многіх нашых песень.

— У 90-я гады вы выступалі не толькі на канцэртных пляцоўках, але і ў начных клубах Масквы і Мінска. Норавы там былі яшчэ тыя. Не баяліся?

— Ніякіх эксцэсаў, на шчасце, не прыгадаю. Напэўна, таму што Алег заўсёды прысутнічаў на маіх выступленнях. У гэтым ён увесь — заўсёды клапаціўся пра сваіх блізкіх. Нават калі захварэў, задоўга да сакраментальнай фразы прафесара: «Прыводзьце ў парадак свае справы», Алег паклапаціўся аб маёй будучыні, перадаўшы аўтарскія правы на ўсе свае творы.

2019 год.

— Часам вас называюць спявачкай Ірынай Відавай, часам — жонкай Молчана, а бывала і так, што «Алег Молчан — яе муж». А вам як больш падабаецца? І хто быў галоўны ў сям'і?

— Усё мае права на жыццё. Я ганарылася, калі мяне называлі яго жонкай, Алег ганарыўся, калі яго называлі маім мужам. Мне спадабалася, як вы, яшчэ не ведаючы, што ў мяне падвойнае прозвішча, файлы з нашымі агульнымі з Алегам інтэрв'ю падпісвалі «Молчаны». Так больш ніхто нас не называў. Думаю, галоўнага ў сям'і ў нас не было. Мы ўсё разам вырашалі, нават дыхалі ва ўнісон. Кажуць, нельга растварацца ў іншым чалавеку, ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Напэўна, гэта праўда, калі раствараецца толькі хтосьці адзін. А мне здаецца, мы не проста растварыліся адно ў адным, мы сталі адным цэлым. У нас на ўсё супадалі погляды, нам падабалася адно і тое ж. Пры гэтым нам ніколі не было сумна і тым больш нецікава адно з адным.

— Уласна, таму зараз вы і працягваеце тое, што рабіў Алег у галіне абароны аўтарскіх правоў, і з'яўляецеся выконваючай абавязкі старшыні Аўтарскага савета НЦІУ і членам прэзідыума Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў (ЕАКТП)?

— Для многіх гэта быў сюрпрыз. Некаторыя людзі чамусьці думалі, што я з Молчанам проста так, для прыгажосці. На самай справе, мы ўсё абмяркоўвалі, я дапамагала Алегу. Неяк адразу так атрымалася, што на міжнародных канферэнцыях па аўтарскім праве мы выступалі кожны са сваёй тэмай і там мяне сапраўды ніхто не ўспрымаў як жонку, якая прыехала за кампанію з мужам. Алег зрабіў вельмі шмат для абароны аўтарскіх правоў кампазітараў, і я не хачу, каб уся гэтая тытанічная праца знікла з яго адыходам з жыцця, таму працягваю яго справу.

— Калісьці Алег казаў мне, што цяжка знайсці жанчыну, гатовую на тое, каб частку заробленых грошай інвеставаць у творчасць, а вы пагадзіліся.

— Таму што я — артыстка і выдатна разумею, якія ў нас выдаткі. Мы ў чымсьці, і часам нават шмат у чым, сабе адмаўлялі, усе грошы ўкладвалі ў творчасць. З часам у нас з'явілася свая студыя, спачатку прасцейшая, а потым абсталяваная па апошнім слове тэхнікі.

— Ірына, а як вы спраўляліся з бытавымі клопатамі? Чула, быццам бы Алег быў вельмі пераборлівы ў ежы.

— Неяк лёгка ў нас атрымлівалася. А што датычыцца ежы, то, па-першае, ён любіў добрую кухню, па-другое, для яго была важная эстэтыка. Незадоўга да яго сыходу я зразумела, у чым справа. Аказваецца, па лініі бацькі яго прадзед — граф. А даведаліся мы пра гэта ад сваячкі Алега, якая працуе ў РНПЦ анкалогіі і радыяцыйнай медыцыны імя Аляксандрава. Яна знайшла ў сямейным архіве старыя дакументы.

— Не раз чула, як музыканты казалі, што «Молчан умее знайсці грошы». І нават зайздрослівую фразу: «Молчан — вельмі багаты чалавек».

— Алег умеў зарабляць. Умеў знаходзіць партнёраў для правядзення канцэртаў. Але калі ў 90-я бізнесмены лёгка зараблялі і некаторыя лёгка расставаліся з грашыма, то ўжо даўно ўсё не так. «Вельмі багаты» — гэта гледзячы з кім і з чым параўноўваць. Наша сям'я добра забяспечаная, у тым ліку таму, што мы абодва працавалі. І ведаеце, Алег заўсёды з задавальненнем траціў грошы, не быў прагным чалавекам. Адносна фінансаў у нас такая філасофія: чым лягчэй выдаткоўваеш, тым больш зарабляеш.

— Упершыню анкапацыентам Алег стаў у 2009 годзе. Як вы рэагавалі на дыягназ?

— Мы не вельмі разумелі, наколькі ўсё гэта сур'ёзна, таму што ніхто даступна не растлумачыў, як гэта небяспечна. Больш за тое, у 2012 годзе Алега знялі з уліку. Праз чатыры гады хвароба вярнулася, амаль тры гады Алег змог пратрымацца дзякуючы таргетным прэпаратам. Молчан вельмі дзейны чалавек, ён актыўна і дысцыплінавана лячыўся, не ўпаў у роспач. Прызнаюся, што і горшыя сцэнарыі мы абмяркоўвалі, але не хацелі ў іх верыць. Менавіта за гэтыя, як аказалася, апошнія гады ён правёў свае аўтарскія канцэрты, напісаў цудоўныя песні. Нават вясной мінулага года, калі хвароба ўчапілася ў яго мёртвай хваткай, ён не здаваўся.

У Жэ­не­ве на пра­гул­цы. Каст­рыч­нік 2019-га.

— Апошнія пяць месяцаў жыцця мужа вы былі з ім неадлучна. Палата ў Бараўлянах стала вашым вымушаным домам, які Алег называў жартам піянерскім лагерам.

— Не ўяўляю, як можна было па-іншаму. Упэўнена, калі чалавек хварэе, яму важна, каб побач былі самыя блізкія. І мне так было спакайней. За гэты час я ні разу не засталася начаваць дома, старалася не адлучацца нават па нейкіх справах.

— Не ўсе людзі могуць прыняць такую хваробу, жыць годна, не раззлаваўшыся на ўвесь свет: чаму гэта са мной адбываецца. Алег жа проста бездакорна прайшоў гэты шлях.

— Ён годна прайшоў усё жыццё. Гэта чалавек, які ніколі не шукаў, хто вінаваты, а рабіў сваю справу, падтрымліваў тых, хто слабейшы. У Бараўляны да нас пастаянна прыходзілі сябры, калегі. І нават знаходзячыся там, ён папросту мог удакладніць у кагосьці, ці патрэбна дапамога.

— Як вам удалося выехаць на лячэнне ў Жэневу?

— Гэта было няпроста, і да сённяшняга дня мне здаецца, што мы спазніліся. Людзі памыляюцца, калі думаюць: ёсць грошы, можна ехаць лячыцца за мяжу. Замежныя лекары вельмі ўважліва вывучаюць медыцынскую дакументацыю, якую ім рыхтуюць нашы спецыялісты. Усё лета мы не маглі з'ехаць менавіта таму, што замежнікаў не задавальнялі вынікі абследаванняў, аналізаў. А грошы былі: усе выдаткі ўзяла на сябе ЕАКТП.

Нават калі мы прыехалі, амаль тыдзень жылі ў гатэлі, яшчэ на месцы Алега даабследавалі. Прагноз лекараў быў 50 на 50. Яны казалі, што для свайго стану Алег трымаецца вельмі добра, адзначалі яго моцную прагу да жыцця. У медыцынскай справаздачы швейцарскі доктар падкрэсліў: «Мяне вельмі ўразіў яго добры агульны настрой, нягледзячы на доўгую гісторыю прагрэсуючай меланомы».

А 12 кастрычніка Алег кажа мне: «Ірачка, у нас жа дзень вяселля, паехалі на экскурсію». І мы здзейснілі аўтамабільнае падарожжа па Жэневе. У гэтым горадзе знаходзіцца штаб-кватэра Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, і ў той час там ужо былі дакументы на прадстаўленне Алега да ўзнагароджання залатым медалём САІУ.

У клініцы Алег адразу ўлюбіў у сябе ўвесь персанал. Калі медыкі даведаліся, што месье Молчан — кампазітар, яны знайшлі яго музыку на YouTube. Вельмі рада, што апошнія дні Алег пражыў у такой камфортнай і прыемнай абстаноўцы. У швейцарскіх лекараў мне спадабаліся два «залатыя правілы»: пацыент не павінен адчуваць боль, родных трэба інфармаваць пра ўсё ў максімальна даступнай і далікатнай форме. Таксама доктар у той жа справаздачы адзначыў, што «лячэнне спадара Молчана, несумненна, было палегчана прысутнасцю яго жонкі, якая аказвала яму пастаянную падтрымку. Гэта было вельмі важна для яго апошніх дзён». Мне няцяжка было яго даглядаць. Хвароба ўсё роўна яго не перамагла: за дзень да смерці ён стаяў на трэнажоры, па-ранейшаму жартаваў, абмяркоўваў планы.

— Ірына, як вам удалося так сябе трымаць у руках, самой арганізаваць пахаванне?

— Разумела, што на мне вялікая адказнасць, трэба было годна яго праводзіць. Нягледзячы на тое, што ён памёр у суботу, тэлефанавала з Жэневы, і шмат пытанняў атрымалася ўладзіць дыстанцыйна. Не люблю публічных слёз. Так склалася, што мы з Алегам тры разы развітваліся: у 2009-м, 2016 годзе і незадоўга да смерці. Кожны раз ён казаў пра тое, што нельга ўпадаць у дэпрэсію, у слёзы. Трэба працягваць жыць і працаваць. Для мяне зараз самая важная праца — зрабіць усё для таго, каб людзі памяталі кампазітара Алега Молчана, каб гучала яго цудоўная музыка. Менавіта гэта дапамагае мне жыць, напаўняе сэнсам кожны дзень. А што датычыцца слёз, то не такая ўжо я жалезная. Вядома, плакала. Я магла выйсці на пяць хвілін з палаты, выцерці слёзы і вярнуцца з усмешкай. Ведаю, што Алегу мае слёзы не дапамаглі б, а толькі знервавалі.

— За гэты год вам удалося зрабіць неверагодна шмат. Прайшлі два канцэрты да 55-гадовага юбілею кампазітара, створаны яго сайт. Пра апошнія падзеі раскажыце самі.

— У мінулую нядзелю ў Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт памяці Алега Молчана «Там, высока». Праграму я склала так, каб паказаць усе грані яго таленту: прагучалі не толькі любімыя песні, але і харавыя творы, фартэпіянныя п'есы. У канцэрце адбылося сем прэм'ер! Алег яшчэ ўлетку працаваў, пісаў музыку. І сёння хачу сказаць дзякуй публіцы, якая сабралася, нягледзячы ні на што, ушанавала памяць кампазітара і вельмі цёпла прымала ўсіх артыстаў.

У дзень смерці Алега, 26 кастрычніка, на доме, у якім прайшлі яго дашкольныя гады, адкрылі мемарыяльную дошку. Гэта работа творчага тандэма скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава. Яны вельмі дакладна і далікатна ўвасобілі ў бронзе вобраз Алега Молчана.

— Чаму вы абралі дом, дзе ён нарадзіўся, а не той, дзе жыў апошнія гады?

— Ён вельмі любіў нашу кватэру ў Пакроўскім квартале і ўвесь гэты зручны і камфортны раён. Але я абрала вуліцу Ракаўскую, таму што там фарміраваўся яго характар. Ён наогул любіў тую частку горада, дзе Ракаўская, Траецкае, плошча Свабоды. Да таго ж, гэта цяпер папулярныя турыстычныя месцы, а я хачу, каб Алега памятала як мага больш людзей.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Ірыны Відавай-Молчан

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.