Вы тут

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна


Эканомiць на сабе — не самае прыемнае рашэнне. Але, на жаль, адно з тых, якiя нам час ад часу ўсё ж даводзiцца прымаць. З аднаго боку, сёння ўсё дорага, з другога — дзяўчаты i жанчыны па-ранейшаму хочуць быць прыгожыя i модныя. Цi магчыма апранацца стыльна i пры гэтым трацiцца на вопратку па мiнiмуму? У прынцыпе, так. Паспрабуем?


Сама сабе рэвiзор

Пачнём з рэвiзii гардэроба — ёю на гэты раз заменiм шопiнг. Часам у «засеках радзiмы» можна адшукаць добра забытае старое, якое нечакана будзе вельмi i вельмi дарэчы. Мода цыклiчная i развiваецца па спiралi. Калi вы не паправiлiся на пару памераў, то класiчны трэнч, якi вы купiлi на другiм курсе на ўсю стыпендыю, можа выглядаць надзвычай актуальна праз 20 гадоў. А калi прыбраць або дадаць некаторыя акцэнты, многiм старым рэчам можна падарыць другую маладосць.

У першую чаргу звяртаем увагу на:

Белую кашулю ў мужчынскiм стылi. Гэта можа быць i кашуля мужа цi сына. Такiя кашулi — прамыя, з адкладным каўняром i без усялякага дэкору — актуальныя ўжо не першы сезон i адкрываюць неверагодны прастор для стварэння вобразаў. Такiя ж бязмежныя магчымасцi дорыць, дарэчы, i простая прамая белая футболка. Гэтыя рэчы — нiбыта чыстае палатно: хочаш — «малюй» сябе ў вобразе строгай бiзнес-лэдзi, хочаш — ствары спакуслiвы жаноцкi вобраз.

Прамыя джынсы цёмнага колеру. Такiя базавыя джынсы, напэўна, ёсць у вашым гардэробе. У iдэале пасадка ў iх павiнна быць высокая. Але калi вы куплялi iх гадоў пяць таму, яна наўрад цi будзе такая, як трэба. Ну i добра: схаваем неактуальную лiнiю талii пад худзi, талстоўкай або свiтарам (свiтар можна апрануць пад пояс).

Глядзiм на сабраны за гады «запас» непрадузята. Шукаем базавыя прадметы гардэроба, актуальныя ва ўсе часы. Камбiнуем iх з моднымi акцэнтнымi рэчамi — i мы ў трэндзе!

Выходзiм на паляванне

Ставiцца да «сэкандаў» з пагардай — па-першае, не сучасна, а па-другое, дорага: цэны на апошнiя калекцыi кусаюцца, а ў «сэкандах» можна знайсцi брэндавую вопратку за капейкi — часам танней за перакус у кавярнi.

Цi можа адзенне, якое не насiлi, каштаваць настолькi танна? Адказ — так. I вось чаму. Любiмы беларускiмi (i ўсiмi iншымi) моднiцамi брэнд Zara за год пастаўляе ў свае крамы больш за 3 000 000 адзiнак адзення. I прыкладна столькi ж — кожны з iншых папулярных брэндаў мас-маркета. А калi дадаць да гэтай гары адзення яшчэ i тую гару, якую выпускаюць кiтайскiя вытворцы (проста пагартайце Алiэкспрэс!)... Уявiм сiтуацыю: проста зараз фабрыкi адзення па ўсiм свеце зачыняцца. У гэтым выпадку, калi верыць статыстыцы (а чаму б i не паверыць?), новых рэчаў, якiя ўжо ёсць у крамах i буцiках, людзям нашай планеты хопiць на паўстагоддзя! А паколькi мода штогод патрабуе ўсё новых калекцый, горы нераскупленага адзення адпраўляюцца... правiльна, у «сэканды» i стокi. Так што ношаных i не ношаных рэчаў у «сэканд-хэндах» як мiнiмум 50х50. Дарэчы, пра рэчы з «сэкандаў», якiя ўжо насiлi. Па-першае, у крамах «першых рук» рэчы актыўна мераюць, часам дзясяткi разоў на дзень, так што можна меркаваць, яны таксама ношаныя. А па-другое, у «сэкандах» рэчы, якiя ўжо насiлi, адрознiваюцца якасцю, iнакш наўрад цi яны захавалi б таварны выгляд для паўторнага продажу. Ну, а спецыфiчны пах адзення з крамаў «другiх рук» — гэта не праблема: ён знiкае пасля першага мыцця.

Такiм чынам, правiлы куплi рэчаў у «сэканд-хэндах»:

  • Перш за ўсё агледзьце зашпiлькi, кнопкi, маланкi. Яны павiнны працаваць. Адмоўцеся ад куплi рэчаў з любымi дэфектамi, нават дробнымi. Магчыма, лiквiдаваць iх не атрымаецца.
  • Як i пры любым шопiнгу, не бярыце ўпадабаную рэч, калi не можаце ў думках скласцi мiнiмум тры камплекты з наяўнымi ў вашым гардэробе рэчамi. Бо важна не столькi «што надзець», колькi «з чым надзець». Калi гэтага правiла не прытрымлiвацца, ваша шафа будзе заўсёды набiтая, а праблема «няма чаго насiць» так i застанецца нявырашаная.
  • Перад паходам у «сэканд» вызначцеся з тым, што вы шукаеце. Варыянты «Мне патрэбна ўсё!» цi «Не ведаю нават, можа, што-небудзь спадабаецца» для паходаў па «сэкандах» i стоках ну зусiм неразумныя.
  • Будзьце ўважлiвыя: паход у «сэканд» — гэта паляванне. Тут можна знайсцi ўнiкальныя брэндавыя або вiнтажныя рэчы, якiя стануць асновай вашага новага стылю. Калi яны не ўваходзяць у папярэдне складзены спiс, але вы можаце прыдумаць, з чым iх насiць i адчуваеце, што яны «вашы» — прымярайце i купляйце.
  • Правiльна выбiрайце час «палявання». Апынуцца ў «сэкандзе» варта ў днi паступлення тавару. Звычайна нераспраданую вопратку фабрыкi i крамы аддаюць у «сэканды» i стокi ў канцы кожнага сезона. Менавiта тады ёсць магчымасць здзейснiць сапраўды выдатныя пакупкi.

У рэшце рэшт

У еўрапейскiх краiнах моднiцы актыўна папаўняюць гардэроб на распродажах, эканомячы часам каля 80 % першапачатковага кошту адзення. Распродажы звычайна бываюць у канцы сезона, а самыя значныя — зiмовыя i летнiя. I ў гэты перыяд мерчандайзеры актывiзуюцца на сто працэнтаў: усе iх намаганнi накiраваны на тое, каб пакупнiк, а дакладней, пакупнiца, страцiла кантроль. На гэта нацэлены лозунгi: «Дзве рэчы па цане адной!» i «Усё ад 25 рублёў!». I, вядома, на гэта працуюць цэннiкi з перакрэсленай першапачатковай цаной. На самай справе, на вешалках вы знойдзеце рэчы i «ад 25 рублёў», i значна даражэйшыя, а замест таго, каб бяздумна верыць перакрэсленым лiчбам, варта папярэдне зайсцi ў iнтэрнэт, выдаткаваць дзесяць хвiлiн i вывучыць рэальную цэнавую катэгорыю таго тавару, якi вы збiраецеся набыць. У любым выпадку, менавiта на распродажах як нiдзе варта ўключаць здаровы сэнс. Iнакш вы станеце ўладальнiцай кучы зусiм непатрэбных рэчаў (хай i за паўкошту), выкладзеце на касе круглую суму i, прыйшоўшы дадому, не будзеце ведаць, што з усiм гэтым рабiць.

Такiм чынам, законы бяспекi на распродажах:

* Звычайна распрадаюць «рэшткi» — тое, што не прадаецца за сезон. Вiдавочна, што найбольш хадавыя памеры S-M-L на распродажы трапляюць значна радзей, чым вялiкiя цi маленькiя. Нягледзячы на гэта, не варта купляць рэч у надзеi, што вы да яе «дахудзееце», як i рэч на некалькi памераў большую, чым вы носiце. Як паказвае практыка, прадметы гардэроба, набытыя з прыцэлам на тое, што вы iх перашыеце, ушыеце, падкароцiце i г. д., застаюцца на далёкай палiцы ў шафе «на вечным прыколе», як крэйсер «Аўрора».

  • Адмоўцеся ад куплi сiнтэтычных рэчаў, зробленых з прадуктаў нафтаперапрацоўкi. Усе гэтыя танненькiя мiленькiя нейлонавыя кофтачкi i акрылавыя свiтаркi непрыемныя ў нашэннi, ад iх бываюць высыпаннi i раздражненнi, летам у iх горача, зiмой холадна. Лепш купляць рэчы з натуральных тканiн — прынамсi, вам будзе ў iх камфортна.
  • Не варта набываць ультрамодныя рэчы ў канцы сезона. Можа быць, наступным летам або наступнай зiмой яны акажуцца неактуальнымi i вы не захочаце iх насiць. Распродажы — iдэальнае месца для набыцця базавых рэчаў, над якiмi не ўладны час i мода: прамыя цёмныя джынсы без дэкору, штаны класiчнай даўжынi i крою, мiнiмалiстычныя сукенкi i прамыя спаднiцы, аднатонныя футболкi i кашулi, талстоўкi спакойнай каляровай гамы, пiнжакi без лiшняга «оверсайзу», класiчныя мадэлi вопраткi, абутак лаканiчных фасонаў i няяркiх расфарбовак.
  • У канцы яшчэ адно правiла — тое ж, што i пры шопiнгу ў «сэкандзе». На распродажы трапляюць рэчы, «за плячыма» якiх — доўгае «жыццё» ў краме. Iх мералi незлiчоную колькасць разоў. Так што правяраем спраўнасць зашпiлек, наяўнасць дзiрачак i плям ад памады i «таналкi» ўсiх колераў i адценняў. Калi дэфекты ёсць — рэч не вартая нават цаны са знiжкай: цалкам магчыма, што плямы не адмыюцца, а зашпiлькi паправiць не атрымаецца.
  • I, нарэшце, перш чым плацiць за кучу выбраных рэчаў, лепш выдыхнуць, выпiць кубачак кавы, можа быць, патэлефанаваць маме i пагутарыць з ёй пра яе здароўе. Карацей, змянiць кiрунак думкi. I толькi потым вярнуцца да адкладзеных на касе рэчаў i спытаць сябе, што з iх вам сапраўды неабходна — хутчэй за ўсё, палову адзення вы вернеце на крамныя палiцы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».