Вы тут

Упершыню ў «Анімаёўцы» прыме ўдзел фільм з Эквадора


Сёння ў Магілёве стартаваў XХIII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў.


Нягледзячы на тое, што працягласць фестывалю ў сувязі з эпідабстаноўкай скарацілася да двух дзён, праграма болей чым насычаная. Гледачоў чакаюць творчыя сустрэчы, прэзентацыі фільмаў, канцэрты, паказы конкурсных і пазаконкурсных праграм для дзяцей і дарослых, разлічаныя на глядацкую аўдыторыю ад 6+ да 18+ , а таксама майстар-класы як у рэжыме анлайн, так і непасрэдна ў кіназалах.

Усяго на фестываль было заяўлена 283 фільма з 45 краін свету, упершыню ў вялікім анімацыйным свяце ўзяў удзел Эквадор. Міжнародная экспертная камісія на чале з заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігарам Волчакам адабрала для конкурсу анімацыйных фільмаў 57 работ і 51 — для конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці. На дзіцячы конкурс выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці сёлета прынята 350 работ з Беларусі, Расіі і Казахстана.

«Тое, што эпідабстаноўка крыху паўплывала на фармат фестывалю, ніякім чынам не адбілася на яго якасці, — запэўніла дырэктар магілёўскага абласнога “Кінавідэапраката” Ірына Дарафеева. — Проста прыйшлося дадаткова тэхнічна ўзброіцца і частку сустрэч перанесці ў рэжым анлайн. Міжнародныя эксперты дамаўляліся і ў пэўны час абмяркоўвалі ў фармаце відэаканферэнцыі адгледжаны матэрыял».

Упершыню ў складзе міжнароднага журы конкурсу анімацыйных фільмаў, якое па традыцыі ўзначальвае вядомы савецкі і расійскі рэжысёр-мультыплікатар Леанід Носараў, ёсць прадстаўнік Кітая — выкладчык кінаакадэміі КНР Чэнь Фі.

Ад традыцыйных адкрыцця і закрыцця фестывалю прыйшлося адмовіцца, але ўрачыстая цырымонія аб’яўлення пераможцаў конкурсаў і ўладальніка Гран-Пры абавязкова адбудзецца, абяцаюць арганізатары. Іх імёны агучаць 28 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма». І, як паведамілі ў «Кінавідэапракаце», фільмы-пераможцы фестывалю «Анімаёўка-2020», праграма «Анімаёўка-kids», рэтраспектыва фестывальных фільмаў «Залатая калекцыя фестывалю “Анімаёўка”» будуць дэманстравацца ў кінатэатрах да 17 снежня — Дня беларускага кіно.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв’ю: saratov24.tv

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?