Вы тут

У Магілёве на дыскусійнай платформе абмеркавалі надзённыя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця


Амаль дзве гадзіны спатрэбіліся кіраўнікам дыскусійных платформ, каб абагульніць усе тыя пытанні, якія былі агучаны на дыялогавых пляцоўках Магілёўскай вобласці з 13 да 23 кастрычніка. Паступіла болей чым 1100 прапаноў па аспектах арганізацыйнай рэформы і іншых актуальных праблемах развіцця краіны і рэгіёнаў.


Фота БЕЛТА.

— Магілёўская вобласць актыўна ўдзельнічала ў абмеркаваннях, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — Прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый і палітычных партый, насельніцтва рэгіёна ўносілі рознага кшталту прапановы па пенсійным заканадаўстве, развіцці прадпрыемстваў, разняволенні дзелавой ініцыятывы, падтрымцы моладзі, па некаторых змяненнях у Канстытуцыю, Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні Рэспублікі Беларусь і гэтак далей. Гэта ўсе тыя жыццёвыя пытанні, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.

Не ўсім падабаецца мір і згода ў Беларусі, імкненне праводзіць нейтральную і незалежную дзяржаўную палітыку. Наступствы гэтага мы бачым сёння. Нам хацелі навязаць сцэнарый «каляровай» рэвалюцыі, які б затармазіў наша развіццё на шмат гадоў, але беларусы такі шлях, на шчасце, не прынялі. Разам з тым мы бачым змены ў грамадстве і жаданне грамадзян удзельнічаць у вызначэнні будучыні краіны. У гэтым і ёсць эвалюцыйны шлях развіцця. Але працэс павінен ісці цывілізавана, з улікам меркаванняў усіх сацыяльных груп, з улікам праблем, якія хвалююць.

Рэктар МДУ імя А. Куляшова Дзяніс Дук, кіраўнік платформы, дзе абмяркоўваліся пытанні канстытуцыйнага рэфармавання і партыйнага будаўніцтва, паведаміў, што калі аб'яднаць у ключавыя блокі тыя прапановы, што паступілі ад працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, то можна выдзеліць тры асноўныя кірункі.

— Па-першае, гэта ўдасканаленне выбарчай сістэмы, пераход да змешанага тыпу, — рэзюмаваў ён. — Па-другое, мараторый на смяротнае пакаранне і ўвядзенне такога інстытута, як упаўнаважаны па правах чалавека, па-трэцяе — механізм прызначэння службовых асоб, у тым ліку судовай сістэмы. Ёсць таксама неабходнасць у рэалізацыі шэрагу іншых вельмі важных ініцыятыў. Напрыклад, па лібералізацыі заканадаўства ў плане змяншэння ролі кантралюючых органаў у бізнес-асяроддзі, рэальным сектары эканомікі, грамадскай сферы.

На дыскусійнай пляцоўцы, прысвечанай эканоміцы, з удзелам экспертаў былі разгледжаны і абмеркаваны пытанні, пачынаючы ад падрыхтоўкі кадраў для рэальнага сектара эканомікі і ўніверсітэцкай навукі і заканчваючы праблемамі ў рабоце буйных прадпрыемстваў, а таксама малога і сярэдняга бізнесу.

— Усе гэтыя кірункі патрабуюць удасканалення заканадаўства, — канстатаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Тыя прававыя дакументы, якія датычацца тэхнічных нарматываў, у асобных выпадках запавольваюць рэалізацыю буйных і дробных інвестыцыйных праектаў. Ёсць неабходнасць удасканалення заканадаўства па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. І самае важнае — гэта разняволенне дзелавой ініцыятывы. Мы пачулі шмат канструктыўных прапаноў ад кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных кампаній, якія нацэлены якраз на змяненне і лібералізацыю заканадаўства.

Сёння ў Беларусі існуе даступная высокапрафесійная медыцына, аднак яна таксама мае патрэбу ў змяненнях.

— У краіне назіраецца высокая смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў, таму гэтыя кірункі павінны фінансавацца ў першаю чаргу, — перакананы начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. — Захворванні павінны выяўляцца на ранніх стадыях, гэта неабходна рабіць у амбулаторных умовах, а не ва ўмовах стацыянара. Фінансаванне клініка-затратных груп, амбулаторнага звяна, развіццё высокіх тэхналогій, якія дазволяць паставіць пацыента на ногі ў мінімальныя тэрміны — гэта тыя пытанні, на якія трэба звярнуць увагу.

З'явілася вялікая патрэба ў павышэнні ролі мясцовага кіравання і самакіравання з праекцыяй на развіццё рэгіёнаў, лічаць народныя абраннікі. Яны прапануюць пашырыць паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў у вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, жыццезабеспячэння рэгіёнаў і зямельнага карыстання. Лічаць неабходным разгледзець магчымасць рэарганізацыі сельсаветаў у сельскія адміністрацыі з выбарам кіраўніка адміністрацыі шляхам галасавання. А таксама прапануюць пашырыць паўнамоцтвы і функцыі органаў мясцовага самакіравання і ўвесці фінансаванне для вырашэння пытанняў мясцовага значэння.

— Неабходна на заканадаўчым узроўні даць адпаведныя паўнамоцтвы мясцовым органам, каб не звяртацца кожны раз па дапамогу ў вышэйстаячыя інстанцыі, — лічыць старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Святлана Язерская. — Значэнне органаў мясцовага самакіравання нельга пераацаніць. Менавіта яны ствараюць умовы для жыццезабеспячэння насельніцтвана адпаведнай тэрыторыі, грамадзяне пастаянна кантактуюць з імі ў паўсядзённым жыцці. Сёння адбываецца павышэнне актыўнасці і ініцыятыўнасцімясцовага насельніцтва, і мы ўсе разумеем неабходнасць больш актыўна праводзіць работу па фарміраванні ў кожнага жыхара адказнасці за развіццё тэрыторыі, усяляк стымуляваць працоўную занятасць і самазанятасць насельніцтва.

Гэтыя і іншыя прапановы па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў, выпрацаваныя падчас абмеркаванняў на дыскусійных пляцоўках, увайшлі ў спіс абласной рэзалюцыі, якая зацверджана на пленарным пасяджэнні «Магілёўскі дыялог». Яна будзе перададзена для далейшага разгляду на рэспубліканскі ўзровень.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Праблемы важныя і актуальныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».