Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем цікавыя спартыўныя навіны.


1. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка — пераможніца міжнароднага жаночага турніру катэгорыі «WTA Premіer» J & T Banka Ostrava Open 2020 з прызавым фондам $528,500. Спаборніцтвы вызначыліся беларускім фіналам. У вырашальным матчы Арына Сабаленка сустрэлася з беларускай Вікторыяй Азаранкай. Матч прайшоў з поўнай перавагай Арыны Сабаленкі, якая выйграла ў двух сэтах з вынікам 6:2, 6:2. На гэта ёй спатрэбілася адна гадзіна. Вікторыя Азаранка ў канцы першага сэта адчула недамаганне і не магла працягваць барацьбу ў поўнай меры.

Для 22-гадовай Арыны Сабаленкі гэта сёмы чэмпіёнскі тытул на турнірах пад эгідай WTA. Перамога ў Остраве падняла яе на 11-е месца ў сусветным рэйтынгу. Вікторыя Азаранка таксама паднялася ў рэйтынгу і зараз займае 13-ю пазіцыю.

Пераможнымі гэтыя выхадныя сталі і для мужчынскага тэнісу. Беларус Ілья Івашка перамог на турніры серыі «Чэленджэр» у Стамбуле. У фінальным паядынку ён абыграў славацкага тэнісіста Марціна Кліжана з вынікам 6:1, 6:4. У мужчынскім сусветным рэйтынгу Ілья займае 114-е месца. Найлепшая пазіцыя сярод беларусаў у Ягора Герасімава, ён на 83-м месцы.

2. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» пацярпеў пятае паражэнне запар у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай Хакейнай Лігі. Сумны юбілей «зубры» адзначылі ў матчы з «Северсталлю». Паядынак скончыўся з вынікам 1:2 на карысць хакеістаў з Чарапаўца. На гэтую сустрэчу ўскладалі вялікія надзеі, пасля каранціну на лёд вярнуліся легіянеры. Дагэтуль «зубры» ўступілі аднаклубнікам з Масквы з вынікам — 2:5. Перамагчы гэтага саперніка яны не могуць з кастрычніка 2017 года. Прайгралі беларусы і маскоўскаму ЦСКА з вынікам 1:5.

Цяпер «Дынама-Мінск» займае чацвёртае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі. Наступны матч «зубры» правядуць дома 28 кастрычніка супраць рыжскага «Дынама».

3. На «Чыжоўка-Арэне» прайшоў чэмпіянат Беларусі па фехтаванні. У турніры ўзяло ўдзел каля 250 спартсменаў з Беларусі, Расіі і ЮАР. Для беларусаў гэта першы старт пасля доўгага перапынку, звязанага з пандэміяй каранавіруса. Перамогу ў індывідуальных выступленнях на шпагах святкавалі Кірыл Касьяннік і Кацярына Поршнева. У камандным заліку найлепшымі ў фехтаванні на шпагах сталі мінчане Сяргей Ладошкін, Дзяніс Паўлоўскі, Павел Міхалькоў і Уладзіслаў Шанцаў. Сярод жанчын найлепшымі ў гэтай дысцыпліне таксама стала мінская каманда ў складзе Міхаліны Грынкевіч, Евы Панцялеевай, Настассі Пракапенкі і Ксеніі Тамашэўскай.

У асабістых спаборніцтвах на рапірах першае месяца занялі Аляксандр Шалянкоў і Варвара Шафаростава. У спаборніцтвах камандаў сярод мужчын перамога дасталася прадстаўнікам Брэста Уладзіміру Буценку, Аляксею Крэсціну, Яўгену Цыбулі і Аляксандру Шалянкову. Сярод жанчын найлепшыя — рапірысткі з Гомельскай вобласці Ганна Андрэенка, Яна Андрэенка, Аляксандра Вараб'ёва і Ганна Сцяпанава.

У спаборніцтвах на шаблях перамаглі Арцём Новікаў і Паліна Каспяровіч. У камандных спаборніцтвах на шаблях не было роўных мужчынскай камандзе Магілёўскай вобласці, якую прадстаўлялі Арцём Новікаў, Антон Давыдзенка, Павел Курыла і Данііл Лоскаўнеў. У жаночых спаборніцтвах золата заваявалі прадстаўніцы Мінскай вобласці Паліна Каспяровіч, Паліна Сідаровіч, Аліна Маргалік і Юлія Серыкава.

4. Беларуская велагоншчыца Алена Амялюсік заняла шостае месца на Туры Фландрыі-2020, адной з самых ганаровых аднадзённых гонак у шашэйным веласпорце. На гонцы спартсменка выступала за каманду Canyon-Sram Racіng. Перамогу святкавала спартсменка з Нідэрландаў Шанталь Ван Дэн Брок-Блаак, дыстанцыю ў 135,6 кіламетра яна пераадолела за 3 гадзіны 29 хвілін 57 секундаў. Серабро ў яе суайчынніцы Эмі Пітэрс, бронза — у бельгійкі Лотэ Капецкі. Алена Амялюсік прыехала да фінішу ў асноўнай групе спартсменак разам з Эмі Пітэрс і Лотэ Капецкі, паказаўшы аднолькавы з імі час.

5. Расійскі баец змешанага стылю Хабіб Нурмагамедаў захаваў чэмпіёнскі пояс UFC у лёгкай вазе. У галоўным паядынку турніру UFC 254, які адбыўся на Байцоўскім востраве ў Абу-Дабі, ураджэнец Дагестана перамог амерыканца Джасціна Гэтжы. Для 32-гадовага спартсмена гэта 29-я перамога і трэцяя абарона чэмпіёнскага тытула UFC. У змешаных адзінаборствах у яго няма ніводнага паражэння. Пасля пераможнага бою Хабіб Нурмагамедаў аб'явіў аб заканчэнні спартыўнай кар'еры.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».