Вы тут

Чым вольнаўская царква прыцягвае кінематаграфістаў?


Аграгарадок з прыгожай назвай Вольна, што ў Баранавіцкім раёне, — каб патрапіць туды, трэба звярнуць з трасы праз шэсць кіламетраў пасля таго, як праедзеце Зубра, — любяць кінематаграфісты. Тут Міхаіл Пташук у 1985 годзе здымаў «Знак бяды». Паводле мясцовай легенды — ды і не легенда гэта зусім, старажылы вёскі могуць пацвердзіць — самая першая прэм'ера знакамітага фільма, яшчэ да сталічных паказаў, прайшла менавіта тут, у Вольнаўскім доме культуры, які і сёння знаходзіцца ў тым жа самым рэстаўраваным старадаўнім панскім доме. Так вялікі рэжысёр аддзячыў жыхарам вёскі за дапамогу ў стварэнні фільма.


Да храма ад брамы вядзе даволі доўгая дарога. Яна сімвалізуе доўгі шлях да духоўнай дасканаласці.

У Вольне здымалася экранізацыя Пушкінскай «Завеі». І зусім нядаўна сюды зноў прыязджала здымачная група — вольнаўскія наваколлі сталі «дэкарацыямі» да некаторых сцэн новага гісторыка-прыгодніцкага фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча». Стваральнікаў карціны прыцягнула ў Вольна царква Святой Жыццепачатнай Тройцы, пабудаваная ў 1632 годзе.

— Нам расказалі, што храм, які падышоў бы да неабходнай «карцінкі» на экране, здымачная група шукала па ўсёй Беларусі і знайшла толькі ў нас, — кажа старшыня Вольнаўскага сельвыканкама Наталля Ібрагімава. — У Вольнаўскай царкве ўсё захавалася так, як было першапачаткова. І хоць дзесьці будынак падфарбавалі, падбялілі, але мы прынцыпова не выкарыстоўвалі сучасных матэрыялаў — пластыку, металачарапіцы.

Вольнаўская царква ўнікальная па многіх параметрах. У прыватнасці, тым, што, напэўна, з моманту пабудовы тут не было заменена ні аконнай шыбы, ні дзвярэй, ні нават дзвярной ручкі. Ва ўсякім выпадку, не было зменена ў апошняе стагоддзе. Ніякіх «навадзелаў». Яе Вялікасць Гісторыя — у чыстым, неразбаўленым выглядзе...

Трыста гадоў без рамонту

У першай палове XVІІ стагоддзя, дакладней, у 1632 годзе, Навагрудскі падстолі Хрыстафор Каменскі разам з жонкай Аленай Друцкай-Горскай фінансавалі будаўніцтва на сваіх землях уніяцкай царквы. З тых часоў храм паспеў пабываць і каталіцкім (у 1768 годзе распараджэннем гаспадара маёнтка Міхала Дамыслоўскага царква была перададзена каталіцкай парафіі, а яе інтэр'еры — трохі змененыя паводле каталіцкіх традыцый), і праваслаўным (у 1895-м храм пераасвячаецца ў праваслаўны, і ў яго інтэр'ер дадаецца іканастас). Але ні разу тут не было ні глабальнай рэканструкцыі, ні нават капітальнага рамонту. Тым не менш храм стаіць дагэтуль, і па-ранейшаму, як і амаль тры сотні гадоў, тут пастаянна праводзяцца службы. Здаецца, што Вольнаўскі храм аберагае Бог, на якой бы мове ў гэтым будынку да Яго ні звярталіся людзі. Ніводная вайна, якая пракацілася па гэтай зямлі, аказалася не ў сілах яго разбурыць. Зрэшты, можна падумаць, што наваколлі Вольна наогул знаходзяцца пад абаронай нябесных заступнікаў. Тут непадалёк, у вёсцы Ішкалдзь, да сёння стаіць Траецкі касцёл, будынак якога захаваў сваё аблічча з моманту пабудовы — аж з 1472 года: самы старадаўні з неперабудаваных касцёлаў Беларусі. Тут жа, у вёсцы Чэрніхава, адчыняе дзверы для вернікаў драўляная Свята-Параскева-Пятніцкая царква XІX стагоддзя. Здавалася б, дрэва — матэрыял дужа нетрывалы. А вось царква не згарэла ні ў Першую, ні ў Другую сусветныя. І на пагорку над вёскай здалёк выглядае яна, як быццам пабудавалі яе гадоў дзесяць таму...

Ну, а Вольнаўскі храм унікальны яшчэ і тым, што адносіцца ён да аднаго з самых цікавых стыляў у гісторыі беларускай архітэктуры — віленскага барока. Даследчыкі называюць гэты стыль таксама беларускім барока, базыльянскім барока, а заходнія гісторыкі архітэктуры аддаюць перавагу тэрміну «ракако». Гэта сінтэз візантыйскага і заходнееўрапейскага мастацтва, і штуршок развіццю гэтага стылю на тэрыторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі дала Брэсцкая царкоўная унія. Архітэктура ўніяцкіх храмаў — на аснове традыцый мясцовага дойлідства, з улікам усходніх і заходніх мастацкіх уплываў — выглядае вельмі ўражальна. Вольнаўскую царкву даследчыкі называюць адным з найбольш дасканалых узораў віленскага барока — вытанчанасць і вертыкалізм прапорцый, скульптурная пластычнасць фасадаў, стройнасць сілуэта, нягледзячы на ажурныя вежы, фігурныя франтоны і «хвалістыя» фасады. Усё гэта разам стварае адчуванне лёгкасці і свабоды. Будынак вялікі, але зусім не грувасткі — наадварот, здаецца, што храм вось проста зараз, на нашых вачах, павольна ўзляціць у ярка-сіняе, бясхмарнае неба беларускай восені.

Вольнаўская ікона

Царква Святой Жыццепачатнай Тройцы цалкам захавала архітэктуру фасадаў. Але гэта яшчэ не ўсё. Вольнаўскі храм — той неверагодна рэдкі выпадак, калі цалкам захаваўся яшчэ і ўніяцкі інтэр'ер. Нягледзячы на тое што каталікі і праваслаўныя дадавалі ў «дызайн» памяшканняў тыя ці іншыя дэталі, у цэлым унутры царква выглядае вельмі арганічна.

Храм у Вольне — той неверагодна рэдкі выпадак, калі цалкам захаваўся ўніяцкі ўнутраны інтэр'ер.

— Такой лепкі і балкончыкаў няма больш ні ў адной праваслаўнай царкве, — праводзіць для мяне экскурсію стараста вёскі Вольна Ганна Карыба.

Ганна Паўлаўна за апошні час стала сапраўдным экскурсаводам: кажа, турысты прыязджаюць пастаянна. Асабліва сёлета, калі з-за пандэміі людзі пачалі «адкрываць для сябе Беларусь».

Неверагодна і тое, што ў вольнаўскай царкве, перажыўшы эпоху ваяўнічага атэізму, захаваліся амаль усе старадаўнія абразы. Сапраўды старадаўнія — не трэба быць мастацтвазнаўцам, каб гэта зразумець. Хочаце паглядзець не ў музеі, а вось так, «ужывую», і нават дакрануцца да абразоў няўяўнай даўніны — вам сюды. Знікла толькі адна ікона — праўда, цудатворная. Бясследна згубілася ці ў Першую сусветную, ці ў час рэвалюцыі. А гісторыя вось якая. У 1630-я гады іераманах Лісоўскі падаў прашэнне аб пераносе абраза Божай Маці з Ляхавіч у Вольна. Уніяцкая царква ў Вольна прыняла святыню, і мястэчка стала рэлігійным цэнтрам для ўсіх навакольных населеных пунктаў. Стварыў абраз Божай Маці Вольнаўскай нясвіжскі мастак Максім Русатай. І была яна непадобная да традыцыйных выяў святых: бясстрасныя лікі, вытанчаныя, не зусім чалавечыя рысы — нічога дзіўнага, на абразах жа і не людзі ў звычайным разуменні гэтага слова. А гэты абраз (цяпер у храме можна ўбачыць дакладную копію той, старадаўняй іконы) — нейкі цёплы, блізкі. Здаецца, так мастак мог бы намаляваць любімую жанчыну з дзіцем — не, не жонку, а, хутчэй, сваю маму з малодшым братам на руках. І Немаўля Ісус на гэтай іконе выглядае звычайным дзіцем — проста хлопчыкам, які верыць у тое, што людзі добрыя і свет вакол поўны любові.

Абраз Маці Божай Вольнаўскай знаходзіўся ў алтарнай нішы, дзе звычайна ў храмах змяшчаюць ікону Уседзяржыцеля. І неўзабаве людзі сталі заўважаць, што абраз гэты цудатворны. У 1868 годзе ўладальніца тутэйшых мясцін з роду Слізняў замовіла для іконы новы ківот на маскоўскай фабрыцы Ягорава. У цудатворнага абраза з'явіліся каштоўныя рыза і рама — магчыма, на іх і паквапіліся тыя, хто ў пачатку XX стагоддзя забраў ікону з храма.

Потым, ужо ў нашы дні, святары Вольнаўскай парафіі шукалі абраз ці хоць бы яго сляды ў музеях і архівах Беларусі і Расіі. Знайшлі толькі фатаграфічны здымак цудатворнай іконы ў архівах Расійскай акадэміі навук, у Санкт-Пецярбургу. Па гэтым здымку і была зроблена дакладная копія, замоўленая колішнім настаяцелем царквы Жыццепачатнай Святой Тройцы айцом Аляксеем Мірановічам. Пісаў яе мастак Юрый Піскун па блаславенні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана. І крыху больш чым тры гады таму Маці Божая зноў заняла сваё законнае месца ў старадаўнім храме. Аб новай іконе мясцовыя жыхары кажуць, што яна таксама валодае цудатворнай сілай.

— Хочаце — верце, хочаце — не, але абраз сапраўды дапамагае людзям. Я на сабе выпрабавала, — усміхаецца Ганна Паўлаўна.

«Прастуджаны» звон

Званы вольнаўскай царквы — таксама «сапраўдныя», старадаўнія, адлітыя ў XVІІ стагоддзі. Пяць трохі меншых званоў прыйшлося нядаўна замовіць — на жаль, час разбурае абсалютна ўсё, як бы беражліва вы ні ставіліся да гістарычнай спадчыны.

— Старадаўнія званы мы стараемся берагчы, — кажа Ганна Паўлаўна. — Бачыце, вунь той — з расколінай. Ужо мы іх «лячылі» шмат разоў. Але ў таго, што трэснуў, «голас» усё роўна «прастуджаны»...

У даўніну да будынка храма прымыкаў базыльянскі мужчынскі манастыр. У пачатку XІX стагоддзя манастыр стаў жаночым і праваслаўным. Будынак гэты да нашых дзён не захаваўся — не засталося нават руін. Можна ўбачыць толькі прысыпаныя зямлёй рэшткі падмурка.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вольнаўская царква, якую трэба ўбачыць хоць бы раз у жыцці

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.