Вы тут

Першы жылы дом з аўтаномнай электракацельняй у хуткім часе з'явіцца ў Гомельскай вобласці


У канцы гэтага месяца ў рабочым пасёлку Бальшавік плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 60-кватэрны жылы дом з аўтаномнай электракацельняй. У адрозненні ад традыцыйных «панэлек» у ім для ацяплення кватэр, падагрэву вады і прыгатавання ежы будзе выкарыстоўвацца толькі электрычнасць.


— Жылы дом з аўтаномнай электракацельняй у Бальшавіку стане першым шматкватэрным жыллём у такім выкананні ў Гомельскай вобласці, — адзначыў дырэктар УКБ Гомельскага раёна Вячаслаў Такарэўскі. — У падвальным памяшканні панэльнага дома ўстаноўлены два катлы для ацяплення і адзін — для падагрэву вады. Гэта дазволіла пры будаўніцтве пазбавіцца неабходнасці ўстаноўкі ў кожнай кватэры электракатлоў і бойлераў. Акрамя таго, на кожнай кухні размешчаны электрапліты.

Па словах спецыяліста, відавочны плюс дамоў такога тыпу заключаецца ў тым, што да іх не трэба пракладваць цеплатрасы і газаправод. Трансфарматарная падстанцыя знаходзіцца непасрэдна ў двары новабудоўлі, а да яе падведзена лінія электраперадачы, адкуль ідзе разводка да электрашчыткоў.

Як вядома, будаўніцтва падобных жылых дамоў вядзецца з мэтай выкарыстання рэсурсаў беларускай атамнай электрастанцыі. З уводам БелАЭС і павелічэннем выпрацоўкі электраэнергіі ў рэгіёне таксама плануецца пашырыць колькасць жыллёвых аб'ектаў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, якія цалкам абслугоўваюцца з дапамогай электрычнасці.

— Гэты кірунак адназначна будзе развівацца. У найбліжэйшых планах нашага прадпрыемства — будаўніцтва мікрараёна жылой забудовы на тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета, — дадаў Вячаслаў Такарэўскі. — Так, у населеным пункце Сеўрукі праз два гады пачнецца маштабнае ўзвядзенне дзвюх шматкватэрных забудоў агульнай жылой плошчай больш як 55 тысяч квадратных метраў. А гэта дзве з паловай тысячы кватэр з выкарыстаннем электрычнай энергіі.

Сёння на месцы будучага мікрараёна вядуцца падрыхтоўчыя работы. Акрамя таго, прадпрыемства «Гомельэнерга» распрацоўвае праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва падстанцыі «Паўднёвая», з якой у мікрараён будзе падавацца электраэнергія.

Між тым, налета ў пасёлку Бальшавік пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго жылога дома з электракацельняй. Гэта будзе будынак з цэглы на 40 кватэр.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Марыны Васільевай

Загаловак у газеце: Пілотная «панэлька»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».