На Заслаўскім вадасховішчы заўважылі гагу, у Драздах – нырку-плёсаўку і чырвонаваллёвага гагача.
Выпадкі, калі гагі падчас пералётаў завітваюць у Беларусь, вельмі рэдкія. Упершыню марскую качку зарэгістравалі ў лютым 1983 г. на возеры Лукомльскім. З 1997 г. адзначаліся адзінкавыя сустрэчы з гагамі ў наваколлях Мінска і Жодзіна, заўсёды з лютага па красавік. Зараз гэтая птушка нечакана з’явілася на Заслаўскім вадасховішчы ўвосень.
Звычайная гага – даволі вялікая качка. Яна выводзіць птушанят на ўзбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяна. Зімаваць можа ў Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, краінах былой Югаславіі, Албаніі, Грэцыі, Балгарыі, Турцыі.
Калі мы з арнітолагам Мікалаем Вараб’ём прыехалі на Заслаўскае вадасховішча, гага плавала не надта далёка ад берага. Бачна было, што птушка стамілася на нялёгкім, поўным небяспек шляху ў вырай. Дзьмуў па-зімоваму халодны вецер, гага пагойдвалася на неспакойных хвалях.
Яшчэ на вадзе плавала сям’я лебедзяў-шыпуноў з пяццю шэрымі птушанятамі-падлеткамі. Чорнымі ценямі праляталі бакланы і сядалі на дрэвы. З супрацьлеглага берага ўзняліся тры белых чаплі. У аб’ектыў Мікалая трапіла чарада чубатых ныркоў.
Здавалася, гагу ніколькі не турбавала прысутнасць «суседзяў». Мы мелі магчымасць добра разгледзець яе ў бінокль. У самца гагі пер’е чорна-белае, кантрастнае, а самка менш за яго, і афарбоўка ў яе сціплая – карычневая з чорнымі плямкамі і рысачкамі на пёрах.
На вадасховішчы Дразды зафіксаваны яшчэ два рэдкія ў нашых краях віды вадаплаўных – нырок-плёсаўка (рус. морская чернеть) і чырвонаваллёвы гагач (рус. краснозобая гагара).
Святлана ІШЧАНКА
Фота Мікалая ВАРАБ’Я
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.