Вы тут

І няма канца прыгодам…


Яшчэ зусім нядаўна сонейка падоўгу купалася і, як у люстэрку, любавалася сваім адлюстраваннем ў любімай Якубам Коласам рачулцы Талька, што рамантычна цячэ-пятляе між лугоў у Пухавіцкім раёне. А цяпер восенню яно, стомленае, па вечарах імкнецца як мага хутчэй схавацца за гарызонтам.


«Замаркоціўся лясок,

Змоўк птушыны галасок,

Глуха стала ў полі.

Травы, краскі адцвілі,

Ходзіць вецер па зямлі

Ды чагось скаголіць»,

— так пісаў пра памежжа лета і восені Якуб Колас у цудоўнай дзіцячай паэме «Міхасёвы прыгоды».

Вось ужо 85 гадоў беларускія дзеткі з цікавасцю і захапленнем сочаць за вясёлымі прыгодамі гарэзлівага хлопчыка.

Твор выйшаў у Мінску ў 1935 годзе, да гэтага быў надрукаваны ў часопісе «Искры Ильича» ў 1934-м. Налічваецца сем асобных выданняў паэмы: тры з іх выйшлі пры жыцці аўтара, яшчэ столькі ж разоў друкавалі ў зборніках і аднойчы (у 1957-м) яна выйшла ў перакладзе на рускую мову К. Цітовай. Улічваючы, што апошні раз асобнай кнігай твор выдаваўся толькі ў 1994 годзе, выданне чэрвеня 2020-га, якое ініцыіраваў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны му­ зей Якуба Коласа, — сапраўд­ ная падзея ў культурным жыцці краіны.

«У беларускай літаратуры для дзяцей наўрад ці знойдзецца другая такая кніга, якая  б так прыгожа і маляўніча, проста, яскрава і вобразна паказала маленькаму чытачу багацце і  разнастайнасць роднай прыроды»,  — піша ў прадмове да першага ў XXI ст. выдання «Міхасёвых прыгод» праўнучка Песняра, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.

Прыгожымі, аптымістычны­ мі ілюстрацыямі аздобіла кнігу мастачка Алеся Жыткевіч. Ме­ лаваная папера, вялікі фармат, вясёлыя каляровыя малюнкі ў  стылі дзіцячай творчасці — усё гэта робіць выданне вельмі прывабным для маленькіх чы­ тачоў.

Пясняр прысвяціў паэму свай­ му малодшаму сыну Міхасю, і  менавіта ён у сталым узросце марыў аб новым — сучасным — перавыданні твора. Так сталася, што кніга выйшла літараль­ на праз некалькі тыдняў пасля смерці Міхася Канстанцінавіча і прысвечана яго памяці...

У паэме фактычна ўсё грунтуецца на сапраўдным жыццёвым матэрыяле. Яна сталася вынікам назірання Якуба Коласа за пацехамі малого сына «на ўлонні прыроды» — у ягадах-грыбах, на рыбалцы. Ёсць тут і  браты Міхася — Данік і Юрка, маці і  тата, а таксама сябры малога. Амаль нічога Колас не змяніў. Толькі вось не было Цішкі і Грышкі, а Інка, Юлька, Наталь­ ка, Ганулька — гэтыя дзяўчаты епрыдуманыя. Быў і Ванька з будкі чыгуначніка. 

…Так здарылася, што калі Мі­ хаську было гадоў сем, «налучы­ ла зімою Міхася бяда: // Захапіла Міхася хвароб чарада». У выніку «доктар дзіцячы / Лячэнне прызначыў — // Адправіць Міхася на вёску». Менавіта ў  Пухавіцкім раёне, дзе гаючае паветра і такая прыгожая прырода, любіла адпа­ чываць летам сям’я Міцкевічаў. Маленькаму Міхасю заўсёды па­ дабалася быць побач з бацькам, асабліва запомніліся сумесныя паходы ў грыбы, як сядзелі ўдвох каля вогнішча… «Не адзін ён — з  татам, // Дружба іх заўзята;  // Аднаму ж малому // Лёгка заблудзіць», — цытата з «Міхасёвых прыгод».

Твор гэты вызначаецца маляўнічымі апісаннямі прыроды, дасціпнасцю і непасрэднасцю, выдатнымі вобразамі, свежымі эпітэтамі («Лёнька тут са стражы хлопчык нехлямяжы», баравік «дзябёлы таўсматы»), смелымі метафарамі («На спаборніцтва з яршамі селі чуйна рыбакі», «баравіковы калгас», «грыбная знаць», «а ячмень, густы, зялёны, адбіваў усім паклоны»), цікавымі параўнаннямі («слабенькі, худзенькі малы Міхасёк, як падкошаны той васілёк», «бераг мяккі, як падушка», «трава, як лава», «дубы, як вежы», «шчупакі, як ваўкі», «хвойнік густы, як шчотка», грыб «сядзіць пры зямлі, як ней­ кі асэсар ці важны прафесар»).

Кранаюць сэрца малюнкі краявідаў. Паэт недакучліва падводзіць дзетак-чытачоў да адчування, што прырода ўзба­ гачае душу кожнага чалавека, і, калі людзі беражліва ставіцца да яе скарбаў, яна ажывае, яшчэ больш прыгажэе і адказвае ўсім узаемнасцю. Твор мае вялікае педагагічнае і выхаваўчае зна­ чэнне — маленькія чытачы, дзякуючы яму, пашыраюць кру­ гагляд, вывучаюць асаблівасці роднай прыроды, развіваюць фантазію.

Падабаюцца прыгоды гарэзы не толькі дзецям, але і іх бацькам, бабулям, дзядулям, настаўнікам. Высока ацэньваюць паэму і вядомыя дзеячы літаратуры. Вось што пісаў, напрыклад, знакаміты паэт Самуіл Маршак у лісце да Якуба Коласа 5 кастрычніка 1935 г.: «Дорогой тов. Колас, от всей души благодарю Вас за присылку мне Вашей прекрасной книги для детей “Михасевы приключения”. Поздравляю тех ребят, которым попадет в руки книга, написанная большим мастером и  подлинным поэтом... Крепко жму Вашу руку. С. Маршак»

Паэме «Міхасёвы прыгоды» ўдзялялі ўвагу і многія літаратуразнаўцы. Варта адзначыць, што ў залежнасці ад года выхаду даследавання погляды на твор крыху змяняліся. Аднак у адным даследчыкі творчасці Якуба Коласа сыходзяцца: кожны аддае належнае таленту Песняра маляўніча і з незвычайнай любоўю апісваць прыгажосць роднай прыроды.

Вядомы беларускі крытык і публіцыст Х.  Дунец у газе­ це «Літаратура і мастацтва» ў 1934 годзе пісаў: «Твор Якуба Коласа “Міхасёвы прыгоды” мае немалаважнае значэнне для вы­ хавання нашай дзетвары. У  гэ­ тым вершаваным апавяданні Колас з уласцівай яму прастатой і вобразнасцю арыентуе дзіця ў прыродзе, даючы ўрок аргані­ заванага адпачынку і разумных забаў на лоне прыроды». 

Дарэчы, на пачатку 1930-х гадоў, калі праблеме развіцця дзіцячай літаратуры надавалася асаблівая ўвага, беларускім дзяржаўным выдавецтвам і Народным камісарыятам асветы БССР быў арганізаваны конкурс на найлепшую кнігу для маленькіх чытачоў. «Міхасёвы прыгоды» былі адзначаны трэцяй прэміяй.

У кожным узросце мы парознаму ўспрымаем творчасць Якуба Коласа. Пясняр пакінуў вялікі след і ў беларускай дзіцячай літаратуры. Таму можна з  упэўненасцю сцвярджаць, што кожны яго твор знаходзіць свайго ўдзячнага чытача і сярод дзетак, і сярод дарослых.

Вольга НАВАЖЫЛАВА, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?