Вы тут

Ежы Плесняровіч. У цемрадзі снежнай


Ежы Плесняровіч

У цемрадзі снежнай

Тое, што быццам мора

Люстэрка бясконцасці
мора рэчаў

Смуглы вятрыска павёў чаўны ў затокі
заходаў дрэвы застылі срэбныя
аблокі бялявыя развітваліся з ветразямі
са старых гравюр
маракі сну

Люстэрка бясконцасці
мора рэчаў

Скалы злоўленыя ў нябесны нерат
статуі ледавікоў
палярная зорка выцінала
імчаліся квадрыгі віху
рмора моршчыла бровы

Люстэрка бясконцасці

 

Матка

Мы мінём —
і ты і я і пёрка ночы
забітыя варожымі крыламі
імжы ў далёкіх лужынах
апошняе світанне

Скінутыя з эшафоту лічбаў
мы мінём
перш чым у соснах адшуміць рэха радзімы
патухнуць сузор’і
забытых імёнаў

На нашы бяздомныя рукі
могілкі кінуць сонную ігліцу
мы мінём
у нашым спусцелым доме
нічога не спытаюць спалоханыя лямпы

Мы мінём —
і ты і я і пёрка ночы
забітыя варожымі крыламі
рокат змроку рагоча
труны з дошак ратунку
труны з дошак ратунку

Ці знойдзе схоў
у матчыным шчырым уздыху
крупінка вечнасці
міф?

 

Песня

У цемрадзі снежнай
іржуць пажары, ствараючы рэха,
борам, лесам, полем, папарам дым.
Зорка лёсу,
берагі паказваеш каменнага горада,
берагі горада са сну
ў цемрадзі снежнай.

Ціша,
ціша без зрэнак.
Сабор, як хмара, схіляе чало,
шэпт шыбаў,
хмурыцца неба, падпёртае ўсімі
крыжамі.

Над магілай якія песні,
якія малітвы
нясуць
птушыныя чароды?

Услухоўваюся ў дасвецце.

Толькі плач,
аднагадовы плач
лапоча крылом
дарэмна.

У цемры снежнай
услухоўваюся
ў дасвецце.

Вось
зорка лёсу,
горад са сну,
плач малюткі,
айчына
у цемрадзі снежнай.

 

Паэма [II]

Праз салдацкую песеньку ўплаў,
каб залпам перасунуць гарызонт,
каб выкрасаць з грукату рубеж.

Кругагляд, заціснуты ў кулаку
памерлага,
большаў датуль,
пакуль з рукі ў руку перакладвалі
безыменную прастору,
безыменнае маўчанне.

Тут, на зямлі, стаптанай аглядальнікамі,
згорбленыя пад цяжарам уяўлення,
пратычкоўваем лінію —
далёкую,
такую блізкую.
Хай значыць столькі, колькі айчына.

 

Песня другая

У цемрадзі снежнай
знікае апошняя зорка
у цемрадзі снежнай
сціхае музыка ля скроні
у цемрадзі снежнай
носяцца чароды птушак
у цемрадзі снежнай
з трывогай лапочуць гадзіннікі
у цемрадзі снежнай
гарады са сну руіны
у цемрадзі снежнай
ціша без зрэнак аблудная

Услухоўваюся ў дасвецце.
а то плача дзіця
лапоча крылом
дарэмна

Зорка лёсу
ты куля
часу
у цемрадзі снежнай
вось айчына горад са сну плач дзіцяці
у цемрадзі снежнай

Пераклад з польскай
Алеся Емяльянава-Шыловіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».