Вы тут

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам


Ад рэдакцыi. У гiсторыi беларускага мастацтва хапае таямнiц. Колькi вартых iмёнаў застаецца ў ценi, колькi схавана фактаў пра вядомых мастакоў, якiя дазволiлi б па-iншаму зiрнуць на iх творчасць. Некаторыя з гэтых таямнiц раскрые для чытачоў «Звязды» ў сваёй аўтарскай рубрыцы мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнiк Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь Надзея Усава.


«Люда i Света».

У год 75-годдзя Перамогi хочацца ўспомнiць пра мастакоў-радавых вайны, сапраўдных франтавiкоў. Такiх, як Мiхаiл Пiлiпавiч Чэпiк (1925—2000). Прайшло ўжо 20 гадоў з дня яго смерцi, i здаецца, што цяпер яго мала хто памятае, акрамя некалькiх калекцыянераў, што прадбачлiва купляюць яго творы.

Гэтага мастака амаль няма ў iнтэрнэце, адсутнiчаюць кнiгi, альбомы пра яго, яго карцiн не ўбачыць у экспазiцыях музеяў.

Вясковы хлопец, зямляк Васiля Быкава, народжаны ў вёсцы Залессе пад Лепелем на Вiцебшчыне, нечакана апынуўся на ўзроўнi самых наватарскiх пошукаў ХХ стагоддзя. Ён, нават не падазраючы пра aeropittura — аэражывапiс, аб пазнейшых шуканнях i манiфесце другой хвалi iтальянскiх футурыстаў, рабiў, па-сутнасцi, тыя ж адкрыццi ў светабачаннi, колеры i перспектыве.

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi, са шматдзетнай сям'i з непiсьменнай мацi i дэспатычным бацькам здолеў прабiцца ў сталiцу, паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Спачатку сельскi настаўнiк заўважыў, што хлопчык старанна перамалёўвае карцiнкi з буквара, i купiў яму ў горадзе фарбы i алоўкi. А ў 1940 годзе Чэпiк паехаў у Маскву з драўляным, пазбiваным з дошак, чамаданам, у даматканых штанах — старшыня калгаса даў грошай на чыгуначны квiток.

З Масквы адправiлi назад, сказалi памаляваць з натуры: кароў, дамы — усё, што бачыў. Год маляваў — i паступiў. Начаваў у кладоўцы на тапчане ў вартаўнiцы вучылiшча, якая яго пашкадавала. Падпрацоўваў, як мог. Мянушка ў яго была «Мастак», так сябе называў па-беларуску, пакуль не навучыўся гаварыць па-руску. У 1943 годзе быў прызваны ў армiю, ваяваў стралком на 3-м Украiнскiм фронце, браў Будапешт, скончыў вайну пад Венай. Выратавала кантузiя — перавялi ў шпiталь санiтарам, i праз два гады пасля заканчэння вайны ён вярнуўся на радзiму. На трох яго братоў мацi атрымала пахаванкi.

У 1947 годзе ў будынку Опернага тэатра адкрылася Мiнскае мастацкае вучылiшча. Чэпiк быў прыняты без экзаменаў i вучыўся ў выдатных педагогаў Льва Лейтмана i Валянцiна Волкава.

Пра вайну ўспамiнаў часта: шараговым пехацiнцам правёў суткi ў балоце i «зарабiў» на ўсё жыццё хваробу лёгкiх i празмерную нервовасць.

Чэпiк скончыў вучылiшча ў 1951 годзе. Што гэта быў за выпуск, якiя iмёны! Мiхаiл Савiцкi, Леанiд Шчамялёў, Вiктар Грамыка, Мацвей Басаў. Хто ваяваў, хто быў у канцлагеры... Розныя мастакi, i Чэпiк роўны сярод iх. Тады не мог ён ведаць, увайшоўшы ў будынак Опернага тэатра ў 1947 годзе, што той стане яго другiм домам яшчэ на 35 гадоў. Мiхаiл Чэпiк быў прыняты на работу мастаком-дэкаратарам. На фотаздымках ён — з гiтарай, кучаравы i худы, але начыста пазбаўлены ўсялякай багемнасцi.

«Зiма, сыходзь».

Звычайнае знаёмства на вулiцы з простай, мiлай цемнавокай дзяўчынай перарасло ў глыбокае пачуццё, якому ён быў верны ўсё жыццё. Тася, яго выбраннiца, адседзела тры гады ў лагеры ў Прымор'i за тое, што збегла з тэкстыльнага камбiната пад Масквой, дзе былi невыносныя ўмовы. Працавала ў атэлье i выдатна шыла ўручную, без машынкi — як парыжская краўчыха. Бывае, сшые сабе сукенку, апране, актрысы тэатра абступяць яе i вохкаюць. У сям'i Чэпiкаў, як у казцы «Пунсовая кветачка», нарадзiлiся тры дачкi — Валянцiна, Людмiла i Святлана,— якiх мастак песцiў, як мог. Яны таксама пасля сталi мастачкамi, бо ў доме заўсёды пахла фарбамi i ляжалi алоўкi.

Да Опернага тэатра прывязаўся душою. Калектыў мастацкiх майстэрняў быў маленькi i дружны, а Чэпiку падабалася сумесная праца. Толькi вечарамi i ў выхадныя пiсаў для сябе. Вядома, яго шанавалi не ўсе: акадэмiй не сканчаў, а таўро тэатральнага мастака было адзнакай маргiнальнасцi. Ды i ўласна тэатральным мастаком ён не быў, выконваў чужыя эскiзы — дыпламаваных мастакоў Мiкалаева, Масленнiкава, потым Лысiка. Аформiў сам толькi пару спектакляў. Але гэты вясковы ўраджэнец, якi 35 гадоў прапрацаваў у тэатры, мог па двух тактах пазнаць любую оперу i балет, i жонку з яе чатырма класамi адукацыi прывучыў да оперы, арыi з якiх яна ведала на памяць.

Фактычна, у гады сацыялiстычнага рэалiзма, у самы росквiт суровага стылю Чэпiк быў iнтуiтыўны, але перакананы фармалiст — фавiст i футурыст — прыхiльнiк яркага адкрытага колеру i планетарнага бачання (хоць нi разу не лётаў на самалёце). Ён бы так сябе не назваў, вядома. Але для яго было важна не што пiсаць, а як пiсаць. Ён умеў выбраць нечаканы ракурс — часта з вышынi птушынага палёту. Колер быў яго стыхiяй, i мы не можам назваць у ХХ стагоддзi мастака, настолькi арганiчнага ў сваiм каляровым шаленстве. Чэпiк стварыў свой вобраз Мiнска. Рэальная шэрасць цагляных пяцiпавярховак i бетонных панэлек 1960-х ператварылася ў яго ў святочную феерыю Горада-мары. Няўжо гэта савецкi Мiнск? — задаеш сабе пытанне, разглядаючы яго гуашы (ён як тэатральны мастак любiў гэтую тэхнiку).

У апошнiя гады, у суровыя 1990-я, яго мучылi наступствы ваеннай кантузii. Найлепшыя яго карцiны за бесцань скупiлi iтальянскiя галерысты. Даводзiлася нават зарабляць, распiсваючы яйкi i матрошкi. Ён стаў нелюдзiмы i змрочны.

Мастак не дажыў да свайго 75-годдзя i персанальнай выстаўкi ў Палацы мастацтваў. У 2002 годзе, ужо пасля яго смерцi, гэтая выстаўка стала адкрыццём для многiх калег.

Надзея Усава

Загаловак у газеце: Футурыст з Опернага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?