Вы тут

На кожную інавацыю — свой попыт


Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум — мерапрыемства, на якім традыцыйна сустракаюцца прадстаўнікі навукі, вытворчай сферы і сумежных з ёй галін. На працягу некалькіх выставачных дзён тут актыўна абмяркоўваюцца пытанні развіцця інжынернай інфраструктуры, укаранення інавацыйных тэхналогій у рэальны сектар эканомікі. Акрамя таго, дэманструюць свае навінкі беларускія прадпрыемствы і госці з іншых краін. У рамках дзелавой праграмы праходзяць сімпозіумы, канферэнцыі, біржы, семінары, якія раскрываюць патэнцыял галін, а таксама накіраваныя на пошук практычных рэкамендацый па стварэнні ўмоў для іх развіцця.


Сёлета маштабнае мерапрыемства традыцыйна, як і раней, прапісалася ў футбольным манежы. На яго пляцоўцы прайшлі першы Міжнародны форум па смартфікацыі рэальнага сектара эканомікі SMART ІNDUSTRY ЕХРО, 23‑я Міжнародная выстава тэхналогій і інавацый у прамысловасці «ТэхИнаПрам». Акрамя таго, тут таксама праходзілі міжнародныя спецыялізаваныя выставы «Хімія. Нафта і газ», «Прафзварка», «Палімеры і кампазіты». Увогуле гэта дазволіла сабраць на адной платформе сотні экспанентаў і ўдзельнікаў форуму.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін падчас цырымоніі адкрыцця форуму заўважыў, што на выставе імкнуліся паказаць лепшыя прамраспрацоўкі, якія ёсць у краіне. У прыватнасці, на стэндзе ДКНТ сабралі больш за сотню экспанатаў сучасных распрацовак навукоўцаў, універсітэтаў, у тым ліку і пераможцаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Дэманстравалі свой патэнцыял прадстаўнікі бізнесу.

Апошнім часам асаблівае месца ў эканоміцы адводзіцца яе цыфравізацыі. Нездарма гэтую тэму вельмі шырока абмяркоўвалі падчас форуму: ужо ў недалёкай будучыні мэтавым паказчыкам паспяховасці працы стане дасягненне ролі лічбавай эканомікі ў ВУП краіны ў памеры не менш як 15 працэнтаў. Дамагчыся гэтага плануецца да 2025 года. Пакуль гэты паказчык — каля 6 працэнтаў. Варта таксама адзначыць, што ў бліжэйшыя дзесяць гадоў развіццё эканомікі ў краіне будзе забяспечваць прамысловасць. Пры гэтым прамсектар павінен будзе працаваць на новым узроўні.

Аляксандр Шумілін звярнуў увагу і на новую прамысловую парадыгму: сёння мала вырабляць тавар і яго рэкламаваць. Важна рабіць прадукцыю пад пэўныя патрэбы рынку, а таксама прагназаваць і ствараць самі рынкі. На форуме гэтае пытанне было адным з тых, што найбольш абмяркоўваюцца.

Асаблівае месца на пляцоўцы выставы займалі тэхнічныя навінкі вядомых айчынных брэндаў. Так, напрыклад, БЕЛАЗ дэманстраваў мадэлі новых самазвалаў маштабам 1:20. Станказавод «Чырвоны барацьбіт» прадставіў новую прадукцыю: круглашліфавальныя і плоскашліфавальныя станкі з сучаснымі прыладамі кіравання. Дырэктар прадпрыемства Віталь Круцько распавёў, што гэта станкі высокага класа дакладнасці, якія адпавядаюць сусветным тэндэнцыям:

— На гэты раз мы паказалі новы настольны свідравальны станок з магчымасцю працы па цыкле. У ім ёсць і частковая аўтаматызацыя для наразання разьбы. Мы можам задаць абароты, глыбіню разьбы. Па датчыку свердзел даходзіць да зададзенай глыбіні, затым ўключае рэверс. Станок просты, але аўтаматызацыя дазваляе выкарыстоўваць менш кваліфікаваны персанал.

Прыкметнай падзеяй у рамках мерапрыемства стаў Міжнародны форум па смартфікацыі рэальнага сектара эканомікі SMART ІNDUSTRY ЕХРО. Тут эксперты краін-лідараў лічбавай трансфармацыі эканомікі дэманстравалі практыкі, тэхналогіі, распрацоўкі і дзяліліся ўласным вопытам. Сярод іх былі прадстаўнікі ЗША, Паўднёвай Карэі, Кітая, Ізраіля і шэрагу краін ЕС. Першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык падчас працы форуму заўважыў, што без лічбавых рашэнняў у эканоміцы нельга прэтэндаваць на годнае месца ў перыяд абвастрэння сусветнай канкурэнцыі:

— Лічбавыя рашэнні павінны прысутнічаць літаральна ва ўсіх напрамках эканомікі. Сюды адносіцца як цяжкая, так і лёгкая прамысловасць, сельская гаспадарка, энергетыка. Цяжка назваць кірунак, дзе не робіцца стаўка на рашэнні ў галіне інфармацыйных тэхналогій. На гэтую тэму мы павінны паглядзець і з пункту гледжання эканамічнасці, каб прадухіліць магчымыя памылкі.

Нездарма ў дзелавую праграму форуму ўвайшлі круглыя сталы і канферэнцыі з удзелам вядучых замежных экспертаў смарт-індустрыі. Некаторыя ўдзельнікі выступалі з дакладамі анлайн. Да дзелавога блоку меў дачыненне і міжнародны саміт «Сусветная эканоміка. Лічбавы вопыт», на якім прагучалі выступы экспертаў з Ізраіля, Германіі, Кітая, ЗША і Беларусі.

Шматаблічныя абрысы будучыні

Несумненна, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспартная галіна як і іншыя сферы пастаянна маюць патрэбу ў тэхналагічных рашэннях. У Беларусі ёсць і высокі навуковы патэнцыял, і наладжаная інавацыйная інфраструктура. Звязаць навуку і вытворчасць, распрацоўшчыка і патэнцыяльнага заказчыка, камерцыялізаваць беларускія праекты і даць старт пачаткоўцам дапамагаюць кірмашы інавацыйных распрацовак. Вось і ў рамках Беларускага прамыслова-інавацыйнага форуму ў Мінску прайшоў кірмаш «Інавацыі ў прамысловасці: тэхналогіі і абсталяванне», які арганізаваў усё той жа Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. І тут прыкладаў сучасных распрацовак таксама было дастаткова. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадставіў на кірмашы толькі новыя і практыка-прыдатныя распрацоўкі.

— Упершыню сёлета выстаўленая распрацоўка НДІ ядзерных праблем БДУ — новыя матэрыялы радыёпаглынальнай серыі. Іх тэрмічная стойкасць у акісляльных асяроддзях да 400–450 градусаў па Цэльсію, малая шчыльнасць і высокая эластычнасць, негаручасць дазваляюць абараняць элементы і блокі лятальных апаратаў ад электрамагнітнага выпраменьвання, — прэзентавала навінкі вядучы спецыяліст галоўнага ўпраўлення навукі БДУ Ларыса Цацура. — Інстытут прыкладных фізічных праблем імя Сеўчанкі распрацаваў модульны комплекс кіравання выдаткам газаў. У верасні на кірмашы ў Санкт-Пецярбургу мы заваявалі сярэбраны медаль. Дасведчаны ўзор ёсць. Спадзяемся, што будзем рабіць комплексы для заказчыкаў.

Таксама навуковая школа з прадстаўнікоў хімічнага факультэта БДУ, НДІ фізіка-хімічных праблем вядзе распрацоўку тэрмаўстойлівых матэрыялаў, якія прымяняюцца ў будаўніцтве, авіяцыі, металургіі. Іх годнасць у працоўных тэмпературах да 1700 градусаў па Цэльсію, што дазваляе выкарыстоўваць матэрыялы ў плавільных печах ў якасці пракладак.

— Актыўна ў гэтым кірунку мы працуем з Кітаем. Вядзем сумесныя навуковыя праекты па распрацоўцы пэўных складаў. Сёлета падпісалі кантракт з Пекінскім інстытутам авіяцыйных матэрыялаў. Праект добры тым, што арганізаваць сумесную вытворчасць можна ў Кітаі ці Манголіі. Пры гэтым з мінімальнымі выдаткамі і хуткай акупляльнасцю, — адзначала Ларыса Цацура.

Непадалёк ад стэнда БДУ дэманстраваліся тэхналагічныя прадукты рэзідэнтаў Брэсцкага тэхнапарка. Разумныя будынкі, сістэма дыспетчарызацыі, кандыцыянавання, вентыляцыі, якія дазваляюць скараціць выдаткі на абслугоўванне, — распрацоўкі прадпрыемства «Віпсеці» ўкаранёны не толькі на ўнутраным рынку, але і ў некаторых краінах Еўропы, у ЗША. Нядаўна завершаны праект у Бранску з заводам па вырабе малочнай прадукцыі. Дырэктар Аляксандр Джыга падкрэслівае, што аўтаматызацыя дазваляе эканоміць і спрашчаць вытворчыя працэсы.

— Адзін чалавек можа сачыць за ўсёй сістэмай з дапамогай адмысловай праграмы, — Аляксандр паказваў на камп’ютары будынкі медыцынскага цэнтра, школы і бізнес-цэнтра ў Амерыцы. — Цяпер там ноч, але мы можам назіраць, што адбываецца з абсталяваннем. Дапусцім, у бізнес-цэнтры стаіць вялікая халадзільная ўстаноўка, праграма пастаянна абнаўляе інфармацыю аб яе стане і параметрах: тэмпературы, ціску, магутнасці. Адпаведна, любая памылка ў яе працы імгненна адлюструецца ў праграме, і можна хутка прыняць рашэнне.

Сёлета прадпрыемства працуе над новым праектам — займаецца сістэмай для камфортнага размяшчэння кандыцыянераў у будынку data-цэнтраў, серверных, офісах.

Тым не менш старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін адзначыў, што ўжо праз дзесяць гадоў Беларусь можа страціць канкурэнтаздольнасць, калі не будзе займацца ўкараненнем лічбавых рашэнняў:

— Таму адным з прыярытэтаў навукова-тэхналагічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку стане развіццё інфармацыйных тэхналогій. У Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве трэба будзе рэалізаваць праекты, якія прадугледжваюць аптымізацыю існуючых бізнес-працэсаў і іх трансфармацыю на аснове новых форм узаемадзеяння ўдзельнікаў эканомікі. У тым ліку размова ідзе і аб рэалізацыі платформенных бізнес-мадэляў, якія дазваляюць розным бакам ўзаемадзейнічаць анлайн.

Таксама ён звярнуў увагу, што ў краіне плануюць правесці значную мадэрнізацыю вытворчага сектара за кошт шырокага выкарыстання праграмнага забеспячэння і абсталявання на аснове тэхналогій штучнага інтэлекту, 3D-друку, робататэхнічных комплексаў. Гэта дазволіць укараніць у прамысловасць міжгаліновую парадыгму новага тыпу — смарт-індустрыю.

— Менавіта яна стане ключавым фактарам росту канкурэнтаздольнасці, — адзначыў Аляксандр Шумілін. — Напрыклад, будзе развіваць дакладнае земляробства, якое дазволіць скараціць выдаткі сельскай гаспадаркі на 15–20 працэнтаў. Больш шырокае распаўсюджванне атрымае і інтэрнэт-гандаль.

Уладзімір Веліхаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў забіты ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.