Вы тут

Адкрылася персанальная выстаўка фатаграфіі вядомага майстра Юрыя Іванова


Натхненне, адкрытасць, шчырасць, мудрасць, захапленне... Праз эмоцыі на тварах герояў фатаграфій чытаю эпоху. Побач з партрэтамі вядомых артыстаў, кампазітараў, мастакоў, грамадскіх і палітычных дзеячаў — простыя людзі. Гэтыя спыненыя імгненні дазваляюць вярнуцца назад на дзесяцігоддзі, прычыніцца да значных падзей, больш даведацца пра асоб, якія трапілі ў фотааб'ектыў. Вось вы бачыце магутны Белаз на вуліцах Мінска ці артыста цырка Эміля Кіа з канём, які спыніў дарожны рух, трапляеце на сустрэчу Пятра Машэрава з аднапалчанамі, ці спыняецеся ля фатаграфій з «Песнярамі» і маладымі кампазітарамі Ігарам Лучанком і Аляксандрай Пахмутавай, назіраеце за работай у майстэрні скульптара, які робіць партрэт Аляксандра Мядзведзя, натхняецеся выступленнем акцёраў... У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася персанальная выстаўка фатаграфіі вядомага беларускага майстра Юрыя Іванова «100 ракурсаў часу».


Белаз у Мінску. Фота Юрыя Іванова.

На выстаўцы прадстаўлена сотня работ мастака-дакументаліста, якога сёння называюць летапісцам беларускай гісторыі. Уласна, і падчас адкрыцця выставачнага праекта драматург, заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат дзяржпрэміі СССР Аляксей Дудараў параўнаў Юрыя Іванова з захавальнікам часу: «Вы праз чалавека спыняеце час. Мне ўсё роўна на каго глядзець — на Ігара Міхайлавіча Лучанка ці на звычайнага працаўніка. Я бачу не іх. Я бачу эпоху».

Юрыя Сяргеевіча звязвае сяброўства са многімі вядомымі дзеячамі культуры. І ўсе, хто прыйшоў на адкрыццё выстаўкі, адзначалі незвычайны талент фотамастака, які ўмее вычэпліваць самае галоўнае, раскрываць людзей. Нездарма многія героі яго работ заўважаюць, што такія фатаграфіі ім дапамагаюць у тым ліку і больш даведвацца пра саміх сябе.

— Калі пачынаеш думаць пра тайны фотатворчасці Юрыя Сяргеевіча, мімаволі ўваходзіш углыб прыроды рэчаў і адчуваеш, што чалавецтва з часам страчвае інстынкты, і зрокавыя здольнасці ў тым ліку. Яно ўсё менш менш заўважае, хоць падаецца, што ўсё больш і больш ведае. У сувязі з гэтым мне прыходзіць у галаву, што ўсе вынаходніцтвы на зямлі адбываюцца ў патрэбны момант і не так спантанна, як нам здаецца. Напэўна, трэба было прыдумаць оптыку, фатаграфіі, каб узброіць чалавека дадатковымі сродкамі, каб не ўпусціць відавочнасць, — адзначыў кінематаграфіст Вячаслаў Нікіфараў. — Я толькі гэтым магу патлумачыць натхненне і прызванне, якое адчуў Юрый Сяргеевіч. Сярод гэтых відавочных, але схаваных для нас рэчаў у візульнай сферы першае, што прыходзіць на памяць. — Архітэктура, і чалавек, чалавечыя абліччы. Гэта немагчыма зразумець, калі не далучыць яшчэ адно паняцце — зменлівасць руху, дынамікі. Сёння дом — новы, а з гадамі ён становіцца сімвалам дзяцінства, Радзімы. Вось чаму старыя гарады даюць адчуванне надзейнасці, упэўненасці, ты быццам бы знаходзішся ў коле вечнасці. Тое ж самае адбываецца і з абліччамі. Як умее майстар гэтай выстаўкі адлюстраваць час! Мы яго бачым і адчуваем фізічна. Дзякуючы гэтым здымкам, мы многае разумеем і адкрываем для сябе тую відавочнасць, якая прыводзіць у сябе, выклікае пачуцці. Без гэтых выставак мы, як без вачэй.

Захавальнік часу

Юрый Сяргеевіч нарадзіўся ў 1939 годзе ў Сімферопалі. У Беларусі жыве з 1956 года. Доўгі час ён працаваў фотакарэспандэнтам у розных выданнях, некалькі апошніх гадоў узначальваў аддзел «Фотаілюстрацыі» газеты «Культура».

Сёння Юрый Сяргеевіч — супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і, натуральна, ён не перастае здымаць, ілюструе тое жыццё, якое віруе ў навучальнай установе. Невыпадкова 45 фатаграфій на экспазіцыі прысвечаны менавіта ўніверсітэту культуры — выстаўка прымеркавана да яго 45-годдзя.

Юрый Іваноў з'яўляецца аўтарам шматлікіх альбомаў і выставачных праектаў у Беларусі і за яе межамі. Сярод іх — альбомы «Крэпасць-герой», «Гомель», «Лепель», фотавыстаўкі «Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна», «Творцы», «Гэта было нядаўна, гэта было даўно». Многія з яго работ ужо сталі хрэстаматыйнымі, іх можна пабачыць у школьных падручніках, у энцыклапедыях, спецыяльных выпусках міжнародных выданняў. Ім створаны партрэты Пятра Машэрава, Ігара Лучанка, Яўгена Еўтушэнкі, Андрэя Вазнясенскага, Бэлы Ахмадулінай, акцёраў Купалаўскага тэатра, рэжысёраў, касманаўтаў.

У 1987 годзе Юрый Іваноў увайшоў у 100 найлепшых фатографаў свету, а ў 1990-м яго работа «Лятучка» была прызнана найлепшай фатаграфіяй свету за дзесяцігоддзе (з 1980 да 1990 года). Персанальныя выстаўкі майстра ладзіліся ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі. Юрый Іваноў стаў лаўрэатам прэміі міжнароднага фотаконкурса World Press Photo ў Гаазе.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».