Вы тут

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?


«Зараз модна нешта нарошчваць: валасы, пазногці, вейкі... А я нарасціла сабе крылы. Мушу лётаць увесь год. Аж да наступнай неканферэнцыі. EdCamp стаў неад'емнай часткай нашага прафесійнага росту, нашай жыццёвай неабходнасцю, як харчаванне ці гігіена. Без яго нам ужо не жыць», — падзялілася сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай сярэдняй школы № 54 Юлія НЕКРАШ.

А вось яшчэ адно меркаванне. «Цэлы год педагагічная супольнасць чакала EdCamp, але ён скончыўся так хутка, что не паспелі надыхацца! Што для мяне EdCamp сёння? Месца, дзе я — свая сярод сваіх! Месца, дзе пануюць сяброўскія ўсмешкі! Месца, дзе сканцэнтравана столькі педагагічных знаходак, што галава часта проста не вытрымлівае ад імкнення ўсё ўспрыняць! Месца, дзе імі шчодра дзеляцца! Калі вам шкада сваіх знаходак, бо яны вам даліся так цяжка, што сталі вашай вялізнай таямніцай і дасягненнем толькі вас — вам не на EdCamp! Бо тут усе шчаслівыя абменьвацца, і калі аддаюць, то атрымоўваюць нашмат больш!» — так лічыць настаўніца пачатковых класаў лагойскай сярэдняй школы № 1 Святлана ІВАНЮШЫНА.


Галасаванне нагамі

Юлiя НЕКРАШ: «Я нарасцiла сабе крылы. Мушу лётаць увесь год...»

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны. Трапіць на яе змаглі далёка не ўсе ахвотныя. І зусім не па той прычыне, што кагосьці спыніла пагроза каранавіруса. Як трапна заўважыў хтосьці з настаўнікаў, усе бясконца стаміліся ад зносін у анлайн-прасторы, таму ніякі вірус не мог стаць перашкодай для жывых кантактаў, тым больш што на EdCamp «можна заразіцца толькі прафесіяналізмам, а потым панесці яго да сваіх калег». Проста фізічныя магчымасці клуба «Імагуру» не могуць умясціць усіх жадаючых. Каб паслухаць некаторых спікераў, педагогі размяшчаліся... на падлозе на дыванах, бо ў памяшканні не хапала месца для крэслаў. Але такія нязручнасці нікога не засмучаюць: фармат неканферэнцыі вельмі дэмакратычны...

Educatіon Camp (EdCamp) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў ЗША: менавіта там дзесяць гадоў таму прайшла першая неканферэнцыя настаўнікаў. У 2017 годзе Беларусь стала 26-й краінай свету, на якую пашыралася эдкэмп-супольнасць. Увогуле за дзесяць гадоў на карце EdCamp-руху з'явілася ўжо 50 краін, з іх пяць — на постсавецкай прасторы: акрамя нас далучыліся Украіна, Грузія, Малдова і Арменія.

Мэтай руху EdCamp Belarus з'яўляецца стварэнне кам'юніці, дзе педагогі-аднадумцы ў нефармальнай атмасферы дзеляцца сваім досведам, генерыруюць ідэі, як палепшыць адукацыю ў школе, а таксама вывучаюць досвед замежных калег. Ініцыятары руху хочуць, каб ён ахапіў не толькі буйныя гарады, але і дайшоў да кожнай вёсачкі, дзе настаўніку больш складана атрымаць доступ да інфармацыі, праблематычна быць у курсе апошніх трэндаў і патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да адукацыі і выпускнікоў сучасным светам. Дарэчы, цягам года паміж вялікімі эдкэмпамі прайшло пяць міні-эдкэмпаў у рэгіёнах: педагагічны дэсант сустракалі ў Варапаеве, Століне, Брэсце, Глыбокім і Баранавічах.

Пазначаць на карце Беларусі населеныя пункты, адкуль прыехалі ўдзельнікі неканферэнцыі, стала ўжо традыцыяй. Геаграфія сёлетняга EdCamp акрамя абласных цэнтраў, ахапіла Глыбокае, Паставы, Тураў, Столін, Мсціслаў, Смаргонь, Маладзечна, Глушу, Ушачы, Салігорск, Слонім, Смаргонь, Оршу, Чэрвень, Ліду, Крычаў, Зэльву, Вілейку і іншыя гарады.

Каб па­слу­хаць не­ка­то­рых спi­ке­раў, пе­да­го­гi раз­мя­шча­лi­ся...  на пад­ло­зе на ды­ва­нах, бо ў па­мяш­кан­нi не ха­па­ла мес­ца для крэс­лаў.  Але та­кiя ня­зруч­нас­цi нi­ко­га не за­сму­ча­юць.

EdCamp па фармаце не падобны да традыцыйных канферэнцый. Неканфэрэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах». Яе ўдзельнікі і ўдзельніцы самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той праблемы, якая цікавая менавіта ім. Праграма фактычна ствараецца разам, зыходзячы з інтарэсаў кожнага. Арганізатары ладзяць шэраг дыскусій і майстар-класаў ад экспертаў, у тым ліку міжнародных, але большасць зместу мерапрыемства прапануюць і вызначаюць самі ўдзельнікі, галасуючы за найбольш упадабаныя тэмы з прапанаваных калегамі. Паралельна на розных пляцоўках праходзяць адразу пяць майстар-класаў, але ніхто не забараняе наведаць усе. Калі тое, пра што расказваюць, для цябе не актуальна, ты проста ідзеш туды, дзе табе насамрэч цікава — што называецца, галасуеш нагамі...

У EdCamp ёсць некалькі важных прынцыпаў. Адзін з іх — гэта даступнасць для ўсіх: і для педагогаў з вялікім досведам, і для тых, хто знаходзіцца яшчэ ў самым пачатку свайго прафесійнага шляху. Дарэчы, сёлета 60 працэнтаў удзельнікаў EdCamp склалі навічкі. Арганізатары рызыкавалі — наколькі цікавы атрымаецца кірмаш педагагічных ідэй? Другі прынцып — дэмакратычнасць: узаеманавучанне праходзіць у асяроддзі, дзе ўсе маюць права выказваць свае думкі, дыскутаваць і адстойваць свае погляды.

Усе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі, галоўны прыныцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш». Ёсць і так званы эфект доўгага хваста, калі пасля EdCamp абмеркаванне сучасных адукацыйных тэндэнцый працягваецца ўжо непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Ідэі ўкараняюцца і ўвасабляюцца на штодзённых занятках. Педагогі не чакаюць спрыяльных умоў, а дзейнічаюць тут і цяпер. Дэвіз EdCamp — «Найлепшыя практыкі ў кожным класе краіны!»

Дзе слабае месца ў школе?

Традыцыйна старт неканферэнцыі дае экспертная сесія. Сёлета ў цэнтры ўвагі яе ўдзельнікаў аказаліся дзве найбольш актуальныя для сістэмы адукацыі падзеі за апошні час — гэта аналіз вынікаў PІSA і арганізацыя настаўнікамі дыстанцыйнага навучання ў чацвёртай вучэбнай чвэрці.

Міжнароднае даследаванне адукацыйных дасягненняў навучэнцаў РІSА (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt) рэалізуе Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) у кансорцыуме з вядучымі міжнароднымі навуковымі арганізацыямі. Раз на тры гады яна тэсціруе 15-гадовых падлеткаў у розных краінах. Такі ўзроставы цэнз абраны не выпадкова. Фактычна паўсюдна менавіта ў гэтым узросце навучэнцы заканчваюць базавы этап адукацыі і вызначаюцца з далейшай жыццёвай і адукацыйнай траекторыяй.

Першы рэйтынг быў складзены ў 2000 годзе, вынікі апошняга агучаны 3 снежня 2019 года. У РІSА-2018 удзельнічала 5830 беларускіх 15-гадовых падлеткаў з 236 устаноў адукацыі. А па ўсім свеце да даследавання далучыліся 79 краін.

Тэсты РІSА, якія доўжацца дзве гадзіны, утрымліваюць тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую адукаванасць (разуменне тэкстаў), матэматычную і прыродазнаўча-навуковую. У іх шмат матэрыялаў, якія трэба ўважліва прачытаць (а для сучасных школьнікаў, якія не любяць вялікія тэксты, гэта, бадай што, самае складанае) і адказаць на шматлікія пытанні, што ідуць групамі, з прывязкай да канкрэтнага тэксту.

У рэйтынгу чытацкай адукаванасці беларускія падлеткі апынуліся на 36-й пазіцыі, у матэматычнай — на 38-й, а ў прыродазнаўчанавуковай — на 37-й.

73 % беларускіх навучэнцаў паказалі базавы і сярэдні вынікі па чытанні (па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі гэты паказчык склаў 63 %). У той жа час паспяховасць беларускіх навучэнцаў крыху адстае ад сярэдняй па АЭСР і Еўрапейскім саюзе. Па колькасці навучэнцаў, якія справіліся з заданнямі пятага і шостага ўзроўняў, Беларусь таксама адстае ад краін АЭСР.

— Але мы лічым важным не тое, якое месца заняла тая ці іншая краіна, а як гэтыя вынікі будуць у далейшым выкарыстаныя і ці прынясуць яны карысць, — падкрэслівае прадстаўнік Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь, які займаецца праектамі ў сферы адукацыі і аховы здароўя, Павел ФУНЦІКАЎ. — А з негатыўных тэндэнцый, якія нечакана высвеціла PІSA ў Беларусі, варта звярнуць увагу на істотны разрыў у выніках школьнікаў зыходзячы з іх сацыяльна-эканамічнага становішча (гэта высвятлялася з дапамогай дадатковага анкетавання. — Аўт.).

Найлепшыя вынікі паказваюць дзеці з заможных сем'яў, а дзеці з сем'яў з невысокім даходам адстаюць ад іх на 111 (!!!) пунктаў, што эквівалентна тром гадам навучання ў школе. Несумненна, гэта сур'ёзна адаб'ецца на іх далейшых магчымасцях у жыцці. Таксама 46 % навучэнцаў з сем'яў з самым нізкім даходам і 40 % сельскіх навучэнцаў паказваюць вынік, ніжэйшы за базавы ўзровень, — гэта значыць, што яны з'яўляюцца функцыянальна непісьменнымі.

— У PІSA важна не столькі даведацца сваю пазіцыю ў агульным рэйтынгу, колькі атрымаць інфармацыю, якая дынаміка адбылася за апошнія тры гады, таму мы пакуль што маем толькі кропку адліку, бо ўдзельнічалі ў PІSA ўпершыню, — разважае дырэктар прыватнай школы «Стэмбрыдж» Наталля ІСКАРЦАВА. — З ёй і будзем потым параўноўваць нашы дасягненні. Але ёсць насамрэч цікавая інфармацыя. Удзельнікам анкетавання была прапанаваная наступная думка: «Твой інтэлект — гэта тое, што ты не можаш істотна змяніць». З ёй можна было не пагадзіцца. Дык вось, 45 % беларускіх навучэнцаў не вераць, што яны могуць паўплываць на свой інтэлект, карціну свету ці спосаб мыслення. І гэта — 15-гадовыя падлеткі! Што ж яны тады могуць змяніць, калі вырастуць? І хто, калі не яны?

Пе­да­го­гi мо­гуць пра­га­ла­са­ваць сты­ке­ра­мi толь­кi за тры з агу­ча­ных пра­па­ноў.

Каб зразумець, у якім свеце сёння растуць нашы дзеці, Наталля Іскарцава прывяла красамоўны прыклад. Для таго каб выпусціць першы мільярд веласіпедаў, спатрэбілася 200 гадоў. Каб вырабіць 1 мільярд аўтамабіляў — 120 гадоў. «Фэйсбуку», каб набраць мільярд карыстальнікаў, спатрэбілася 8,5 года, і за 5,5 года быў здзейснены першы мільярд паездак на таксі Uber.

— Толькі ўявіце сабе, з якімі хуткасцямі мы зараз сутыкаемся, — разважае яна. — Калі ў пачатку ХХ стагоддзя аб'ём інфармацыі падвойваўся недзе раз у 100 гадоў, то ў 2015 годзе — з хуткасцю раз у год. І ёсць прагнозы, што гэта будзе адбывацца двойчы за суткі. Вельмі часта мы чуем ад сваіх вучняў пытанне: «Навошта мне гэта вучыць, калі ўсё можна знайсці ў Google?» Але 80 % сусветнай інфармацыі не індэксуюцца пошукавымі сістэмамі, астатнія 20 працэнтаў яшчэ трэба ўмець знайсці. Таму трэба сур'ёзна думаць, чаму і як вучыць нашых вучняў?

Не праблемы, а магчымасці

Але, безумоўна, цэнтральнай і самай цікавай падзеяй стаў кірмаш педагагічных ідэй. На спіч педагогам адводзілася ўсяго 90 секунд. Ідэю трэба ўмець «прадаць», каб за яе прагаласавалі, а для гэтага неабходна «загарнуць» яе ў яркую ўпакоўку, прыдумаць маркетынгавы ход, заінтрыгаваць... «Ці верыце вы, што пры дапамозе звычайнай шкарпэткі можна стаць лаўрэатам Нобелеўскай прэміі?» — пацікавілася ў прысутных настаўнік беларускай мовы і літаратуры з гімназіі № 2 Пінска Маргарыта САЎЧУК, запрашаючы ўсіх ахвотных на свой майстар-клас «Як прапампаваць творчыя мышцы вучняў?» «Фізіка — гуманітарная навука, прыходзьце да мяне — я вам гэта дакажу», — заклікала Аксана АКУНЕВІЧ, стваральніца праекта «Чалавечая фізіка». Настаўнік гісторыі з Ушацкай сярэдняй школы Уладзімір ХАМЁНАК змясціў у яблык з сада Рыгора Барадуліна ўсю сусветную гісторыю. Яго майстар-клас быў прысвечаны канструяванню вобразаў і падзей мінулага для павышэння ўзроўню пазнавальнай актыўнасці школьнікаў. Увогуле гісторыкі традыцыйна адны з самых актыўных на EdCamp. Андрэй КУЗЬМІН з крычаўскай сярэдняй школы № 1 дзяліўся з калегамі пачуццёвым метадам вывучэння гісторыі ў школе. Тамара ХРАПАВІЦКАЯ, настаўнік сярэдняй школы № 4 з Пастаў, прапанавала расказаць, як яна выкарыстоўвае на ўроках гісторыі гульню для фарміравання вобразных уяўленняў у навучэнцаў.

Аксана АКУНЕВIЧ: «Фiзiка — гуманiтарная навука...»

Чым яшчэ гатовы былі дзяліцца з калегамі педагогі? Як стварыць з вучняў каманду пры дапамозе кнігі без слоў, як фарміраваць медыяпісьменнасць, не нашкодзіўшы зместу ўроку, як выкарыстоўваць адукацыйны блог для змешанага і дыстанцыйнага навучання, а таксама асновамі геймдызайну і стварэння гульняў, прыёмамі развіцця крытычнага мыслення на ўроках англійскай мовы, візуалізацыі на ўроках геаграфіі, вопытам арганізацыі дыстанцыйнага навучання ва ўмовах пандэміі, выкарыстаннем у адукацыі чат-ботаў, камандаўтварэннем праз прызму EduScrum і многім іншымі сваімі знаходкамі.

«Сярод прысутных няма непрафесіяналаў і абыякавых людзей. Мы павінны памятаць, што настаўнік — гэта гонар і годнасць, і гэтая думка павінна надаваць нам сіл на салідарнасць і кансалідацыю, — падзялілася сваімі думкамі падчас «свабоднага мікрафона» дырэктар столінскай сярэдняй школы № 2 Ала ЛАЗІЦКАЯ. — Я бачу вялікі сэнс у гуртаванні, і мая душа спявае і радуецца, што сярод настаўніцтва нараджаюцца такія класныя ініцыятывы, як EdCamp, праекты Таварыства беларускай школы, праект «Настаўнік для Беларусі», дыстанцыйны курс «Гатовы да дыстанцыйнага навучання», які стаў сапраўдным адкрыццём гэтага года. Мы шмат зможам, калі будзем думаць, што перад намі не праблемы, а магчымасці. І мы здольныя на многае, таму што мы — класныя! Мы — найлепшыя! І ў нас ёсць патэнцыял, пра які мы самі не заўсёды здагадваемся».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота арганізатараў EdCamp Belarus — 2020

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».