21 кастрычніка, серада

Вы тут

Чаму Барбадас стане рэспублікай?


У Бруселі адбыўся чарговы саміт ЕС, сярод галоўных тэм абмеркавання якога — «бясконцы брэксіт». Справа ў тым, што раней планавалася зацвердзіць пагадненне аб новых адносінах паміж Еўрасаюзам і Вялікабрытаніяй. Аднак Брусель і Лондан усё яшчэ дастаткова далёкія ад заключэння гістарычнай здзелкі з-за сур'ёзных рознагалоссяў. Таму на саміце ацэньвалі «ход перагавораў» і спрабавалі знайсці выйсце з чарговага тупіку па brexіt. Між тым, Злучанае Каралеўства таксама змяншаецца. Пра «ўцёкі ад кароны» абвясціў Барбадас. Астраўная дзяржава мае намер стаць паўнаважкай рэспублікай. Навошта гэта курортнай краіне, якую нярэдка называлі «маленькай Англіяй»?


Ром і фікус

Спачатку традыцыйна крыху «навігацыі». 34 кіламетры ў даўжыню і 23 у шырыню — гэта Барбадас, дзяржава ў Вест-Індыі на аднайменным востраве ў групе Малых Антыльскіх астравоў, што на ўсходзе Карыбскага мора. Краіна знаходзіцца непадалёк ад узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі — прыкладна ў 435 кіламетрах ад Венесуэлы. Паводле Праграмы развіцця ААН (ПРААН), Барбадас з'яўляецца адным з лідараў сярод краін, якія развіваюцца, па ўзроўні жыцця і пісьменнасці насельніцтва. Райскі куток карыстаецца вялікай папулярнасцю як турыстычны аб'ект.

«Маленькай Англіяй» востраў называюць невыпадкова. Ад часоў першых брытанскіх пасяленцаў у 1627 годзе і да здабыцця незалежнасці ў 1966-м Барбадас знаходзіўся пад няспынным кантролем Яе Вялікасці каралевы Вялікабрытаніі. Таму тут усё ва ўзорным англійскім парадку: і законы, і дысцыпліна, і традыцыі.

Сталіца Барбадаса Брыджтаўн, дарэчы, адзіны на Карыбах гарадок, дзе ёсць масты (што вынікае і з назвы). Кажуць, што сюды прыязджаў Джордж Вашынгтон і гэта была адзіная паездка першага прэзідэнта ЗША за межы краіны.

У барбадаскай сталіцы нават ёсць свая Трафальгарская плошча з калонай Нэльсана, і «фішка» ў тым, што пастаўлена яна была на трыццаць гадоў раней, чым у... Лондане. Ёсць і старадаўнія будынкі англійскага гарнізона Garrіson Savannah, дзе размяшчаліся каралеўская армія і флот. Яшчэ на Барбадасе рух, зразумела, левабаковы, а таксама вельмі папулярныя гольф і крыкет.

Жывуць на востраве амаль 300 тысяч чалавек. Месцічы называюць сябе «бэйджан», гэтак жа пазначаюць тутэйшы дыялект англійскай мовы. Клімат тут трапічны з пастаяннымі вятрамі-пасатамі з боку акіяна. Паколькі востраў знаходзіцца за межамі штармавога пояса, то і ўраганы далятаюць сюды нячаста, стыхія толькі злёгку кранае яго сваімі крыламі і прыносіць прыемныя свежыя дажджы.

Барбадас знакаміты сваімі пляжамі. На востраве іх 112 кіламетраў, пясок тут каралавага колеру. Яшчэ адна мясцовая адметнасць — барадаты фікус, які, уласна, і даў назву востраву. Тут шмат такіх дрэў, што абвіты падобнымі на бароды паветранымі каранямі. Яны сплятаюцца з галінамі і спускаюцца да зямлі. Першаадкрывальнікі вострава — партугальцы — гэтыя дрэвы назвалі «барбудас» — «барадатыя». Іншыя легенды сцвярджаюць, што назва пайшла ад маляўнічай марской пены, якая з'яўляецца каля рыфаў, быццам лёгкая бародка, і ўпрыгожвае ружовыя пяскі доўгіх пляжаў.

Барбадас — радзіма рому. Тут упершыню ў свеце — на бровары плантацый цукровага трыснягу — у 1703 годзе вырабілі легендарны «пірацкі» напой. Сапраўдны карыбскі ром у свой час ратаваў астраўлян, маракоў і карсараў Карыбскага мора ад «жоўтага Джэка» — жудаснай малярыйнай ліхаманкі трапічных мораў. Найстарэйшы бровар і сам напой называюцца аднолькава — Mount Gay.

А яшчэ Барбейдас, як яго называюць месцічы, знакаміты тым, што тут нарадзілася спявачка Рыяна, якая, паводле ацэнкі Forbes, па выніках мінулага года стала самай багатай жанчынай у свеце музыкі і моды з капіталам у 600 мільёнаў долараў. Цяпер яна пасол культуры Барбадаса.

Прынада для турыстаў

Самым вядомым палітыкам у Барбадасе сярод мясцовага насельніцтва лічыцца Эрал Барау, першы прэм'ер-міністр. Ён двойчы займаў крэсла кіраўніка ўрада. Барау быў паслядоўным прыхільнікам незалежнасці Барбадаса, умацаваў эканамічны суверэнітэт астраўной краіны. Жыхары краіны з павагай называлі яго «шкіперам». Эрал Барау рэзка крытыкаваў палітыку ЗША, прычым не толькі ў Карыбскім рэгіёне, але і ў Канадзе і Вялікабрытаніі. Карыбскіх палітыкаў, арыентаваных на ЗША, Эрал Барау называў людзьмі з «нічыйным менталітэтам». Яго мэтай стала будаўніцтва моцнай і незалежнай рэспублікі Барбадас, здольнай сапернічаць з іншымі малымі дзяржавамі — нават такімі як Сінгапур.

Сучасны Барбадас — краіна турыстаў, цукровай прамысловасці (з трыснягу вырабляюць нават касметыку), інфармацыйных тэхналогій і афшора. Тут імкнуцца развіваць і рыбалоўства. Некалькі гадоў таму ААН падрыхтавала для Барбадаса план па павышэнні эфектыўнасці лоўлі і экспарту тунца. Мяркуецца, што ў выніку рэалізацыі комплексу мер штогадовая выручка мясцовых рыбакоў вырасце з 300 тысяч долараў да 7,5 мільёна. Дапускаецца, што замест сыравіны астраўная дзяржава будзе адпраўляць на экспарт паўфабрыкаты — фасаванае філе тунца. Таксама сярод эфектыўных захадаў — будаўніцтва рыбаперапрацоўчага завода коштам 1,7 мільёна долараў, піша партал Undercurrent News. План таксама ўключае ў сябе павышэнне рэгіянальных стандартаў для правядзення незалежнай сертыфікацыі промыслаў. Такім чынам мяркуецца адкрыць доступ да новых рынкаў. Эксперты ААН спадзяюцца, што развіццё рыбалоўства дапаможа Барбадасу зменшыць залежнасць ад імпарту — больш чым 80 працэнтаў прадуктаў харчавання на востраве замежныя.

Цяпер надзённая задача — каранакрызіс. Вядома, сусветная пандэмія COVІD-19 закранула і райскі Барбадас. Сусветны банк прагназуе, што эканоміка астраўной краіны сёлета скароціцца прыкладна на 11,6 працэнта. Таксама мяркуецца, што да канца гэтага года дзяржаўны доўг Барбадаса можа ўзрасці да 133,6 працэнта аб'ёму валавога нацыянальнага прадукту.

Галоўным чынам страты непасрэдна залежаць ад аб'ектыўнага згортвання турыстычнай дзейнасці. Улады Барбадаса, якія імкнуцца зноў прыцягнуць турыстаў пасля пандэміі, тэсціруюць новую праграму для замежнікаў, якія працуюць дыстанцыйна, паведамляе CNBC.

Паводле слоў прэм'ер-міністра краіны Міі Мотлі, урад дазволіць такім турыстам бязвыезна заставацца на востраве 12 месяцаў, на працягу якіх яны змогуць працаваць выдалена на свае кампаніі. «Вы не абавязаны працаваць у Еўропе, ЗША ці Лацінскай Амерыцы, калі можаце прыехаць сюды і працаваць па некалькі месяцаў запар», — заявіла прэм'ер-міністр. Для прыцягнення турыстаў дзяржаве трэба прапаноўваць ім ўзровень «сусветнага класа», лічыць Мотлі. Тое, што Барбадас прапануе цяпер, адпавядае гэтай планцы, адзначыла прэм'ер-міністр.

Турызм — надзвычай важная галіна для Барбадаса. Гэтая дзейнасць фарміруе каля 40 працэнтаў эканамічнай актыўнасці краіны, як вынікае з дадзеных Барбадаскай асацыяцыі гасцініц і турызму. Акрамя гэтага, турызм — найбуйнейшая крыніца працоўных месцаў у прыватным сектары астраўной дзяржавы.

Тронная прамова

Час, зразумела, няпросты, аднак менавіта цяпер Барбадас абвясціў пра свой намер зрушыць каралеву Вялікабрытаніі з пасады кіраўніка дзяржавы і стаць рэспублікай. Адметна, што пра гэта заявіла генерал-губернатар краіны (прадстаўнік Лізаветы ІІ) Сандра Мэйсан у сваёй троннай прамове перад адкрыццём сесіі парламента. «Прыйшоў час пазбавіцца ад нашага каланіяльнага мінулага. Жыхары Барбадаса жадаюць, каб кіраўніком дзяржавы быў барбадасец. Барбадас зробіць наступны лагічны крок на шляху да поўнага суверэнітэту і стане рэспублікай да таго часу, калі мы будзем адзначаць нашу 55-ю гадавіну незалежнасці», — заявіла генерал-губернатар.

Урачыстая падзея адбудзецца ў лістападзе 2021-га. Букінгемскі палац ужо заявіў, што імкненне да рэспубліканскай формы кіравання — унутраная справа ўрада і народа Барбадаса. Карпарацыя «Бі-бі-сі» са спасылкай на крыніцу ў палацы паведаміла, што заява Сандры Мэйсан не стала нечаканасцю для Лондана, гэтая тэма неаднаразова абмяркоўвалася бакамі.

Тэма адмовы ад манархіі не ў першы раз узнімаецца ў краіне. Аб гэтым казаў яшчэ першы прэм'ер-міністр Барбадаса. Дарэчы, у сваім выступленні Сандра Мэйсан нават працытавала словы Барау пра тое, што Барбадасу не варта чапляцца за каланіяльнае мінулае. «Гэта папярэджанне сёння настолькі ж актуальнае, як і ў 1966 годзе, — заўважыла генерал-губернатар. — Дасягнуўшы незалежнасці больш за паўстагоддзя таму, наша краіна не можа сумнявацца ў сваёй здольнасці да самакіравання». У 1998 годзе камісія па пераглядзе канстытуцыі рэкамендавала Барбадасу стаць рэспублікай. Папярэдні прэм'ер-міністр Фрэйндаль Сцюарт таксама выступаў за пераход ад манархічнай сістэмы да рэспубліканскай формы кіравання.

Аднак час для абвяшчэння свайго намеру Барбадасам абраны ўсё ж не проста так. Невыпадкова Сандра Мэйсан заклікала пазбавіца ад каланіяльнага мінулага краіны. Яе заява прагучала на фоне пратэстаў Black Lіves Matter. Удзельнікі пратэснага руху ў ЗША і Еўропе масава зносілі манументы таго самага «каланіяльнага мінулага». Намер Барбадаса адмовіцца ад прызнання кіраўніком дзяржавы каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ — гэта натуральнае развіццё краіны, заяўленае прадстаўніком дзяржавы ў Карыбскай супольнасці (CARІCOM) Дэвідам Камішнгам. «Гэта частка нашай эстэтычнай эвалюцыі», — заявіў ён РІА «Навіны». У сваю чаргу генсек Карыбскага руху за мір і інтэграцыю (CMP) Дэвід Дэні высока ацаніў намер уладаў Барбадоса перайсці да рэспублікі: «Гэта вельмі прагрэсіўны крок». Акрамя таго, Камішнг расказаў, што барбадаскае кіраўніцтва хоча перанесці ў музей помнік Гарацыа Нэльсану. «Да яго будзем ставіцца як да гістарычнага артэфакта», — адзначыў прадстаўнік у CARІCOM.

Барбадас стане не першай колішняй брытанскай калоніяй у Карыбскім басейне, якая стане рэспублікай. Гаяна здзейсніла гэты крок у 1970 годзе, менш чым праз чатыры гады пасля атрымання незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Трынідад і Табага ўзялі яе прыклад у 1976 годзе, а Дамініка — у 1978-м. Усе тры краіны застаюцца членамі Садружнасці нацый — добраахвотнага міждзяржаўнага аб'яднання 54 суверэнных дзяржаў, у якое ўваходзяць Вялікабрытанія і амаль усе яе былыя дамініёны, калоніі і пратэктараты. Барбадас таксама застанецца часткай Садружнасці нацый.

Як лічаць эксперты, прыклад Барбадаса ў кантэксце руху Black Lіves Matter можа стаць заразлівым для іншых краін Карыбскага басейна, якія па-ранейшаму прызнаюць каралеву Лізавету ІІ — Антыгуа і Барбуда, Бяліза, Грэнады, Сент-Вінса і Грэнадыны, Сент-Кітса і Нэвіса, Сент-Люсіі, а таксама Ямайкі. Так што «ўцёкі ад кароны» ў перспектыве могуць пашырацца.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: «Барадаты востраў» без кароны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.