Вы тут

Пяць прычын для любові. Чаму сучаснае пяцібор'е вартае ўвагі


Магічнай заўжды была лічба сем. Але для многіх перамогі і поспех прыносіць лічба пяць. Сучаснае пяцібор'е — незаслужана сціплы, але асаблівы від спорту. Не кожная дысцыпліна можа пахваліцца тым, што яе хросны бацька — барон П'ер дэ Кубертэн, пачынальнік сучаснага алімпійскага руху. Менавіта яму прыйшла ідэя аб'яднаць стральбу, фехтаванне, плаванне, верхавую язду і бег у адзін від спорту. На яго думку, такое выпрабаванне павінна было стаць «выдатнай праверкай маральных якасцяў чалавека, яго фізічных магчымасцяў і навыкаў, і даць ідэальнага, рознабаковага атлета».


Афіцыйна пяцібор'е дэбютавала на Алімпійскіх гульнях у 1912 годзе, але яго алімпійская гісторыя пачалася значна раней. У 708 годзе да нашай эры на старажытнагрэчаскіх гульнях праходзілі спаборніцтвы па пенталоне — комплексе шматбор'я, які ўключаў бег, скачкі ў даўжыню, кіданне дыска і барацьбу. Перамога ў гэтым відзе лічылася адной з самых ганаровых. Такім чынам, пяцібор'е адносіцца да старэйшага пакалення алімпійскай спартыўнай сям'і.

У Беларусі сучаснае пяцібор'е развіваецца з 1950-х гадоў. У 1955 годзе студэнты-энтузіясты Беларускага інстытута фізічнай культуры стварылі секцыю пры кафедры фехтавання. Нягледзячы на больш чым паўвекавую гісторыю і багатыя традыцыі, беларускае сучаснае пяцібор'е гучна заяўляе аб сабе толькі апошнія некалькі гадоў. «Звязда» знайшла пяць прычын, па якіх варта цікавіцца сучасным пяцібор'ем і любіць яго.

Прычына першая: спорт на мяжы чалавечых магчымасцяў

Адна з дысцыплін — фехтаванне. Для перамогі дастаткова адзін раз укалоць саперніка электрыфікаванай шпагай. Перамога ў фехтаванні дае магчымасць стартаваць у камбінаваным відзе, ці на мове пяціборцаў «камбайне», на шэсць секундаў раней. Наступны від праграмы — плаванне вольным стылем на 200 метраў. Цікавая матэматыка — перавага над сапернікам на адну секунду ў басейне дае перавагу на дзве секунды на старце камбінаванага віду.

Самы цікавы і захапляльны від пяцібор'я — канкур. Вярхом на кані спартсмен павінен пераадолець 12 перашкод і выканаць пяць скачкоў. Цяжкасці дабаўляе і тое, што на кожных спаборніцтвах спартсмены выступаюць на розных конях. Каб пазнаёміцца, у іх ёсць толькі 20 хвілін і пяць скачкоў падчас размінкі. Часта здараецца так, што пяціборац паспяхова спраўляецца з усімі дысцыплінамі, але канкур усё мяняе і не дае падняцца на п'едэстал. Настассі Пракапенцы на чэмпіянаце свету 2016 у Маскве папаўся конь Тандэм, капрызны, наравісты. На выступленні з ім спартсменка згубіла 47 секундаў. У выніку Настасся не змагла заваяваць медаль, а заняла толькі 18-е месца. Праблемы з чатырохногімі партнёрамі мае і чэмпіёнка свету 2019 Вольга Сілкіна. «Кожны конь — індывідуальнасць, часам 15 хвілін недастаткова, каб знайсці з ім кантакт. Мой трэнер сцвярджае, што прафесіянал справіцца з любым канём. Мабыць, я яшчэ не вельмі добры яздок, мне складана добра выступаць у канкуры. Адзіны плюс пандэміі і адмены спаборніцтваў — магчымасць больш працаваць з коньмі і трэніраваць сваю верхавую язду», — расказвае Вольга.

Кульмінацыя спаборніцтваў па сучасным пяцібор'і — бег на дыстанцыі 3200 метраў і стральба з адлегласці 10 метраў па чатыры серыі. У кожнай серыі стральбы спартсмен павінен паразіць мішэнь пяць разоў. «Камбайн» — гэта не проста крос, а гонка пераследавання, спартсмены стартуюць з адставаннем ад лідара, якое залежыць ад колькасці балаў за папярэднія дысцыпліны.

Сучасны пяціборац — гэта фізічна вынослівы і моцны чалавек, з імгненнай рэакцыяй і хуткасцю. Ён тонка адчувае прыроду і можа знайсці падыход нават да незнаёмай жывёлы. Спаборніцтвы па пяці розных дысцыплінах у адзін дзень загартавалі яго характар і прывучылі да вялікіх нагрузак.

Прычына другая: замежны трэнер, свае спартсмены

З 2016 года з беларускай нацыянальнай камандай працуе трэнер з сусветным імем — польскі спецыяліст Вальдэмар Дарыуш дэ Макай. Ён вывеў беларускую каманду ў лідары сусветнага пяцібор'я. На чэмпіянаце свету 2018 года ў агульнакамандным заліку беларусы былі другія, у 2019 — першыя. Польскі спецыяліст прызнаецца, што ў Беларусі ўжо адчувае сябе як дома: «Мне падабаецца, што недалёка да Варшавы, і я магу перыядычна ездзіць дадому. Я палюбіў Беларусь за гэтыя чатыры гады, з'ездзіў у Нясвіж, Мір, пазнаёміўся з іншымі славутасцямі. Але, акрамя прыгажосці, мне імпануе, што ў Беларусі шмат увагі ўдзяляецца развіццю спорту. Планавалася, што мой кантракт скончыцца ў лістападзе 2020 года, але хочацца паставіць прыгожую кропку ў нашым супрацоўніцтве на Алімпійскіх гульнях. Мы разам са спартсменамі ішлі да гэтага, і пакінуць іх зараз я не магу».

Пакуль у нацыянальнай камандзе па сучасным пяцібор'і з легіянераў толькі трэнер. Федэрацыя сучаснага пяцібор'я верыць у сілы беларускіх атлетаў і запрашаць замежных спартсменаў не плануе.

Прычына трэцяя: жаночы твар беларускага пяцібор'я

Парадокс, але ў відзе спорту, дзе патрабуецца вялікая фізічная сіла і вынослівасць, найлепшыя вынікі паказваюць жанчыны. Настасся Пракапенка — чэмпіёнка свету 2018, чэмпіёнка Еўропы 2017, найлепшая спартсменка-пяціборка 2018 года па меркаванні Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор'я. Дзякуючы ёй ў Беларусі ёсць алімпійскі медаль у сучасным пяцібор'і, які даказвае, што спартыўная справядлівасць заўсёды пераможа. На Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне Настасся стала чацвёртай, саступіўшы ўкраінцы Вікторыі Церашчук. Але праз 10 гадоў у допінг-пробе ўкраінскай спартсменкі знайшлі забаронены прэпарат, а бронзавы медаль Пекінскай алімпіяды знайшоў сваю беларускую гераіню. На чэмпіянаце свету 2019 года Вольга Сілкіна прымусіла ўсіх слухаць беларускі гімн. У тым жа годзе на чэмпіянаце Еўропы бронзавым прызёрам стала Ірына Прасянцова.

Найлепшыя мужчынскія дасягненні на міжнародным узроўні паказвае Ілья Палазкоў. У 2015 годзе разам з Кацярынай Арол заваяваў бронзу этапу Кубка свету ў змешанай эстафеце, перамог на Кубку Крамля разам з Настассяй Пракапенкай у 2018 годзе. Чэмпіянат свету 2017 года адзначыўся бронзай Ільі Палазкова і Паўла Ціханава ў мужчынскай эстафеце. Беларус Іван Хамцоў — бронзавы прызёр юніёрскага чэмпіянату свету 2018 года.

«У хлопцаў ёсць усе даныя, каб паказваць высокія вынікі: рост, сіла. Магчыма, не хапае жадання. Дзяўчаты прагныя да перамог, на кожнай трэніроўцы яны працуюць не шкадуючы сябе. Каб так працавалі і хлопцы, мы б з кожнага чэмпіянату свету прывозілі россып медалёў», — адзначае Вальдэмар Дарыуш дэ Макай.

Прычына чацвёртая: міжнародныя спаборніцтвы ў Мінску

Амаль кожны год Беларусь прымае міжнародныя спаборніцтвы па сучасным пяцібор'і. У 2013 годзе — чэмпіянат Еўропы сярод юнакоў, 2014-м — чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў, 2015-м — фінал Кубка свету, 2017-м — чэмпіянат Еўропы. І гэта толькі самыя значныя турніры.

Фінал Кубка свету 2015 года быў адзначаны найвышэйшай ацэнкай Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор'я. А кантынентальны форум 2017 года стаў знакавым для Настассі Пракапенкі. На дамашнім турніры яна заваявала сваё першае еўрапейскае «золата» і сабрала поўны камплект узнагарод чэмпіянату Еўропы. У жаночай эстафеце дуэт Кацярыны Арол і Таццяны Халдобы заваяваў бронзавы медаль.

У 2021 годзе беларускіх арганізатараў чакае сур'езнае выпрабаванне, а аматараў — свята сучаснага пяцібор'я. Налета Мінск прыме чэмпіянат свету. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў і пасля адмены чэмпіянату 2020 года гэта турнір мусіць стаць падзеяй сапраўды грандыёзнай.

«Нам пашанцавала, што перад алімпіядай спартсмены выступяць у сябе дома. Па-першае, ім не прыйдзецца нікуды ехаць, спраўляцца з акліматызацыяй. Па-другое, дома і сцены дапамагаюць. Нездарма Настасся Пракапенка ўзяла золата менавіта на дамашнім чэмпіянаце Еўропы. Веру, што нам дапамогуць нашы сцены і аматары. Беларускія арганізатары даўно даказалі, што яны прафесіяналы сваёй справы, і, я ўпэўнены, гэта будзе выдатны чэмпіянат свету», — адзначыў Вальдэмар Дарыуш дэ Макай.

Задаволена і тым, што чэмпіянат пройдзе дома, і Вольга Сілкіна. Чэмпіянат свету 2020 у Мексіцы адменены, таму Вольга засталася чэмпіёнкай свету на два гады без лішніх намаганняў: «Спадзяюся, і на трэці год застануся чэмпіёнкай свету, але за гэта ўжо прыйдзецца змагацца. Я не перажывала, што сёлета адмянілі чэмпіянат свету. Гэта мусіў быць не самы важны старт, алімпійская ліцэнзія ў мяне ўжо ёсць. Тым больш што добра выступіць там наўрад ці атрымалася б. Мексіка — гэта ўзвышша, а мой арганізм заўсёды вельмі цяжка пераносіць перапады вышыні».

У сакавіку Мінск наведаў старшыня Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор'я доктар Клаус Шораман. Ён выказаў упэўненасць, што сусветны форум у беларускай сталіцы пройдзе на высокім узроўні. Прыме сусветны форум нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама».

Прычына пятая: алімпійскія перспектывы

У беларускіх пяціборцаў ужо ёсць дзве ліцэнзіі на Алімпійскія гульні ў Токіа. Заваявалі іх Вольга Сілкіна і Ірына Прасянцова. Алімпійскую пуцёўку амаль заваявала і Настасся Пракапенка, на чэмпіянаце свету яна стала чацвёртай. Трэнер нацыянальнай зборнай упэўнены, што ў яе яшчэ ёсць час атрымаць ліцэнзію. Але наяўнасць ліцэнзіі не гарантуе стапрацэнтнага пападання на Алімпіяду. Кожная краіна можа прадставіць толькі дзвюх спартсменак на алімпійскія старты.

Ёсць шанц выступіць у Токіа і ў мужчын. Перанос Алімпійскіх гульняў даў ім магчымасць падняцца ў рэйтынгу і атрымаць ліцэнзіі. Галоўнае — адабрацца ў фінал Кубка свету і добра выступіць на чэмпіянаце свету 2021.

«Калі б зараз у мяне не было алімпійскай ліцэнзіі, я б перажывала, а так мне неяк спакайней. План-мінімум выкананы. Але крыху напружанне прысутнічае. Я пастаянна думаю, што павінна працаваць больш, лепш сябе праяўляць і адначасова баюся ператрэніравацца. Не ўяўляю, што будзе, калі да Алімпіяды застанецца месяц ці тыдзень. Да пераносу Алімпійскіх гульняў я аднеслася спакойна. Мяне больш хвалюе, што пасля Токіа я хачу на яшчэ адну Алімпіяду, а час ідзе», — падзялілася Вольга Сілкіна.

За пяцібор'ем можна назіраць, як глядзець цікавы серыял ці чытаць захапляльную кнігу. Героі розных узростаў з розных гарадоў пераадольваюць розныя выпрабаванні. У адзін дзень яны могуць стаць самымі шчаслівымі і няшчаснымі людзьмі. І ўсё гэта можна адчуць разам з імі, не выходзячы на арэну для фехтавання, і стадыён для бегу, не плаваючы ў басейне, не страляючы па мішэнях і не пераадольваючы перашкоды на кані.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.