Вы тут

Марына Літвінчук: Нашы дзеці будуць лепшыя, чым мы


Да старту Алімпійскіх гульняў у Токіа засталося менш за год. Увага да галоўных стартаў ужо пяцігодкі будзе каласальная. «Звязда» знаёміць сваіх чытачоў са спартсменамі, за якімі наступным летам, затаіўшы дыханне, будзе сачыць уся Беларусь і ўвесь свет.


Пералічваць усе дасягненні Марыны Літвінчук можна бясконца: бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа і Лондане, трохразовая пераможніца Еўрапейскіх гульняў, шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў веславанні на байдарках. І самае галоўнае — маладая мама і жонка алімпійскага чэмпіёна Артура Літвінчука. Свой неверагодны лёс дзяўчына з вёскі Сотнічы Гомельскай вобласці стварыла сама, дзякуючы бацькам і свайму характару.

— Марына, напэўна сённяшні ўнікальны перыяд для спорту даў магчымасць інакш паглядзець на многія рэчы?

— Канешне, нязвыкла столькі часу не выступаць, перанос Алімпійскіх гульняў увогуле нонсэнс, але дзякуючы гэтым абставінам я нарэшце змагла больш увагі ўдзяліць сям'і, сыну. Ужо прайшло шмат часу пасля адмены ўсіх спаборніцтваў, эмоцыі супакоіліся. Таму гэтая сітуацыя ўспрымаецца як звыклая. У мяне толькі скончыўся адпачынак, пачаўся трэніровачны збор. Таму ўжо не думаю аб тым, што магло б быць, а імкнуся да таго, што будзе.

— Як справы з лячэннем вашых плячэй?

— Перанос Алімпійскіх гульняў і іншых спаборніцтваў аказаўся дарэчы. Я занялася сваім здароўем, выправіла сваю вечную праблему з плячамі, прайшла курс лячэння ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры спорту. І зараз плечы мяне не турбуюць, падчас трэніровак няма ні болю, ні непрыемных адчуванняў. Увогуле плечы і спіна — слабае месца ў весляроў. Але ў веславанні на байдарках няма скрыўлення пазваночніка і, як след, асіметрыі цела.

— А адмена чэмпіянату Еўропы стала для вас дрэннай навіной?

— Калі б ён павінен быў прайсці ў ліпені ці жніўні, я б засмуцілася. Мы б мэтанакіравана рыхтаваліся, каб добра там выступіць. Аднак чэмпіянат быў запланаваны на кастрычнік. У гэты месяц мы ўжо пачынаем новы цыкл падрыхтоўкі і маем на мэце выдатна падрыхтавацца да галоўных стартаў ужо пяцігодкі — Алімпійскіх гульняў у Токіа.

— Дзіўна было выступаць на чэмпіянаце Беларусі без гледачоў на трыбунах?

— Нашы спаборніцтвы ўвогуле не могуць пахваліцца вялікай колькасцю аматараў на трыбунах. За выключэннем Еўрапейскіх гульняў 2019 года, калі за выступленнямі сачыла шмат людзей, што было вельмі прыемна. Калі едзеш па воднай дарожцы, не чуваць, што адбываецца на беразе. Таму я не звяртаю ўвагі на трыбуны, для мяне гэта не вельмі важна.

— Марына, вы ўжо выступалі на вяслярным канале ў Токіа, дзе будуць праходзіць алімпійскія спаборніцтвы. Якое ўражанне ад яго засталося?

— У цэлым мне спадабалася. Адзіны мінус — у акваторыі шмат рыб, якія выскокваюць і пападаюць пад вясло. Мне спадабалася, што амаль не адчуваецца хваля. Японцы адказныя і ўважлівыя людзі, і я ўпэўнена, што яны выправяць усе нюансы і ўсё будзе добра. На тых тэставых спаборніцтвах да Алімпійскіх гульняў я заваявала тры залатыя медалі. Таму магу сказаць, што гэта шчаслівы канал. Дай божа, каб ён быў такім жа і ў наступным годзе.

— Марына, лічыцца, што калі муж і жонка займаюцца агульнай справай, гэта можа нанесці шкоду адносінам. Але ваш муж Артур — алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарцы. Атрымліваецца, такое меркаванне — стэрэатып?

— Абсалютны стэрэатып, ці спартсменаў гэта проста не датычыцца. Ніхто не зразумее спартсмена так, як іншы спартсмен. Мой муж скончыў кар'еру ў 2013 годзе. Але ён заўсёды мяне падтрымлівае, прысутнічае на маіх трэніроўках. Калі з намі на спаборніцтвы ездзіць сын, Артур поўнасцю бярэ на сябе клопат аб дзіцяці. Мой муж выйграў галоўныя старты ў свеце і ў жыцці кожнага спартсмена. І ён як ніхто іншы ведае, якая гэта каласальная праца і як штораз трэба пераадольваць самога сябе. Яго падказкі, цярпенне даюць мне дадатковыя сілы, адкрываюць вочы на многія рэчы. Часам ён лепш бачыць, дзе мне трэба прыкласці больш намаганняў, а дзе варта крыху спыніцца і прыслухацца да свайго арганізма.

— Ваш сын, гледзячы на прыклад бацькоў, праяўляе цікаўнасць до лодак?

— Эльдар — сапраўдны фанат лодак, вёслаў, вады, і яго інтарэс толькі расце. Калі ён разам са мной на зборах, заўсёды першы залазіць у экіпаж, дапамагае мне насіць вясло. Я не ведаю, ці працягне ён дынастыю весляроў на байдарках. Я была б не супраць, але падтрымаю любыя яго жаданні. На мой погляд, нашы дзеці павінны быць лепшыя за нас.

— Марына, часта спартсменкі, якія сталі мамамі, завяршаюць спартыўную кар'еру. Вы сталі выключэннем з гэтага правіла. Як вам удаецца сумяшчаць спорт і мацярынства?

— Спорт — мая любімая работа, і я пакуль павінна добра яе выконваць. Канешне, цяжка на ўсё знаходзіць час. Але пры жаданні ўсё магчыма. Увогуле, нараджэнне сына мяне вельмі змяніла. Я стала, мабыць, больш мудрай, і адназначна больш стрыманай. Стаўшы маці, я зразумела, што ёсць жыццё даражэйшае за маё і што ёсць чалавек, якому я патрэбна як ніхто іншы. Раней у канцы дня я магла думаць аб сваіх трэніроўках, выступленнях, зараз пасля працоўнага дня мяне хвалююць толькі сямейныя пытанні. З нараджэннем дзіцяці ў маёй душы прачнуліся пачуцці, якія апісаць і зразумець можа толькі маці.

— А які ваш галоўны прынцып як маці?

— Я не буду вельмі арыгінальная. Мне хочацца данесці да свайго сына і замацаваць у яго свядомасці, што галоўнае багацце — тое, што ўнутры чалавека, а не грошы і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці.

— Вы актыўна ведзяце сваю старонку ў інстаграме, не было думак завесці свой блог, прысвечаны, напрыклад, веславанню?

— Былі такія думкі. Веславанню на байдарках і каноэ патрэбна больш папулярызацыі. У нас вельмі цікавы і захапляльны спорт, і я хачу, каб як мага больш людзей аб ім ведалі. І, канешне, я павінна зрабіць свой унёсак у гэта, мне ёсць што расказаць. Але каб якасна весці блог, трэба шмат часу і сіл. А я пакуль засяроджана на сваіх выступленнях і выніках, таму часу на гэта няма. Трэба пачакаць.

— Марына, у адным са сваіх інтэрв'ю вы адзначалі, што супрацоўнічаеце з псіхолагам. Псіхалагічная падрыхтоўка для вас вельмі важная?

— Не з псіхолагам, а з псіхатэрапеўтам. Спорт багаты на эмоцыі, і можна прывесці безліч прыкладаў, калі яны перашкаджалі спартсмену з ідэальнай фізічнай формай добра выступіць. Мне спакайней і прасцей з чалавекам, які дапаможа разабрацца з тым, што ў маёй галаве. Праўда, мяне крыху абурае, што мы дзелім свайго псіхатэрапеўта з прадстаўнікамі іншага віду спорту. Хацелася б, каб ён пастаянна быў побач. Але і так мы можам у любы момант патэлефанаваць і абмеркаваць пэўныя пытанні.

— З Вольгай Худзенкай, з якой часцей за ўсё перамагаеце, вы ўжо сталі сяброўкамі ці застаяцеся калегамі?

— Мне здаецца, мы ўжо больш сяброўкі, чым калегі. Усё ж столькі гадоў разам выступаем і робім агульную справу. Для агульнага поспеху, на маю думку, трэба мець не толькі адзіную мэту, але і супадаць па жыццёвых каштоўнасцях, поглядах на свет. І з Вольгай менавіта так і атрымліваецца.

— Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Уладзімір Шантровіч неяк адзначаў, што весляры павінны на трэніроўках мучыць сябе, каб, выходзячы з лодкі, падаць. Вы сапраўды так працуеце?

— А як інакш? Мы сапраўды на трэніроўках выціскаем з сябе ўсе сілы, у любым спорце трэба так працаваць. Інакш немагчыма дасягнуць выніку і перамагчы. Але, стоячы на п'едэстале і слухаючы гімн сваёй краіны, разумееш, што ўсё было правільна і ты зрабіў усё магчымае.

— Той жа Уладзімір Шантаровіч параўноўвае весляроў з байцамі. Тое, што ў спорце вы баец, вы даўно паказалі. А ў жыцці баец?

— Усе прафесійныя спартсмены ў жыцці байцы. Па-першае, спорт так выхоўвае, ён развівае ўсе байцоўскія рысы характару. Кожны спартсмен змагаецца за тое, каб яго ведалі як моцнага, рашучага чалавека. Па-другое, мы абараняем і гонар краіны. Дзякуючы спартыўным дасягненням, увесь свет бачыць сцяг і чуе гімн краіны. А без байцоўскага характару гэтага дасягнуць вельмі цяжка.

— Марына, вы калі-небудзь лічылі, колькі дакладна ў вас медалёў?

— Раней, калі яшчэ быў жывы тата, мама налічыла 200 розных узнагарод. Але бацька недзе прачытаў, што лічыць медалі — дрэнная прыкмета, і мама перастала. Я нават і не магу ўявіць, колькі іх дакладна, калекцыя вельмі вялікая. Большасць медалёў захоўваецца ў мамы, частка — у Нацыянальным алімпійскім камітэце. А алімпійскія медалі і ўзнагароды Еўрапейскіх гульняў — у мяне.

— Вы згодны з тым, што жаночую байдарку-двойку можна лічыць своеасаблівым брэндам беларускага спорту?

— Мне здаецца, такія катэгорыі, як «брэнд» больш важныя для журналістаў, кіраўнікоў. Мы з дзяўчатамі проста робім сваю работу, не думаючы, брэнд гэта ці не. Шчыра прызнацца, асабіста мне хочацца большай вядомасці для веславання на байдарках і каноэ, каб усе лепш ведалі, хто такія беларускія дзяўчаты. Мы для гэтага стараемся не толькі ў байдарцы-двойцы, але і ў чацвёрцы. Пакуль там, мабыць, нам не хапае ўдачы. Спадзяюся, гэта яшчэ чакае нас у будучыні.

— Марына, якім эпізодам у сваёй кар'еры вы ганарыцеся больш за усё?

— За 21 год маёй кар'еры было столькі ўсяго, што вылучыць нешта адно не магу. Даражу і ганаруся ўсім, што ў мяне было. Я нічога не хацела б у жыцці змяніць, хіба што накіраванасць ветру падчас гонак. Мае перамогі і паражэнні зрабілі мяне такой, якая ёсць. І я ўдзячная лёсу, што мая спартыўная кар'ера была насычана рознымі момантамі.

— Вы ніколі не думалі, што ваша любоў да веславання звязана з тым, што ваш знак задыяка — рыбы?

— Маё імя Марына ў перакладзе азначае «марская» і, мне здаецца, нешта ў гэтым ёсць. І знак задыяка, і імя не проста так супалі і трошкі змаглі паўплываць на мой лёс. Тата не прагадаў і прыняў правільнае рашэнне, калі адправіў дванаццацігадовую дачку паспрабаваць свае сілы ў веславанні.

— У чым сакрэт матывацыі Марыны Літвінчук?

— Я шчыра ўпэўнена, што толькі руплівая праца дапаможа дасягнуць высокіх вынікаў. Мяне матывуюць людзі, якія пераўзыходзяць, якія мацнейшыя за мяне. Мая матывацыя — гэта жаданне кожны дзень станавіцца лепей.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».